Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Рабочая паездка ў Іўеўскі раён Гродзенскай вобласці

21 жніўня 2019 года
Прэзідэнт аб загатоўцы кармоў
глядзіце таксама: відэа
21 жніўня 2019 года
Прэзідэнт аб загатоўцы кармоў
Наведванне прадпрыемства "ЛідаТэхмаш"
глядзіце таксама: відэа
21 жніўня 2019 года
Наведванне прадпрыемства "ЛідаТэхмаш"
Прэзідэнт аб садзейнічанні прыватнаму бізнесу ў развіцці дрэваапрацоўкі
Наведванне Іўеўскага цэнтра культуры
глядзіце таксама: відэа
21 жніўня 2019 года
Наведванне Іўеўскага цэнтра культуры
Размова з жыхарамі Іўя
глядзіце таксама: відэа
21 жніўня 2019 года
Размова з жыхарамі Іўя
Рабочая паездка ў Іўеўскі раён Гродзенскай вобласці
глядзіце таксама: фота
21 жніўня 2019 года
Рабочая паездка ў Іўеўскі раён Гродзенскай вобласці 25 фота

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 жніўня наведаў з рабочай паездкай Іўеўскі раён Гродзенскай вобласці.

Кіраўнік дзяржавы традыцыйна пацікавіўся ходам уборачнай кампаніі - збожжавых, уключаючы кукурузу, разлікамі на ўраджай па іншых відах сельгаскультур. "9 млн т збожжа (ураджаю, уключаючы кукурузу і рапс. - Заўвага) - гэта ніжняя ваша мяжа", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым ён звярнуў увагу, што трэба дзейнічаць разумна, асабліва з улікам уборкі кукурузы, якая з'яўляецца важнай кармавой культурай. Недзе ў залежнасці ад мясцовых патрэбнасцей лепш закласці зялёную масу кукурузы на сілас, а недзе - нарыхтаваць зерне. "Ніякага націску быць не павінна. Людзі павінны на месцах вызначыцца з улікам патрэбнасці вобласці. Глядзіце па тактыцы", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ўраджай добры і па іншых сельгаскультурах - бульбе, цукровых бураках, і трэба рыхтавацца да іх уборкі.

На гэты час аграрыі ўжо ўбралі 92% плошчаў збожжавых і зернебабовых культур без уліку кукурузы. Намалочана больш за 6,1 млн т збожжа.

Ураджай бульбы чакаецца на ўзроўні больш як 1 млн т толькі ў грамадскім сектары, а агульны ўраджай ва ўсіх катэгорыях гаспадарак - амаль 7 млн т. "Гэта значыць, прыватнікі, фермеры збіраюць бульбы значна больш, чым мы ў традыцыйных калгасах і саўгасах. Што ж, будзем радавацца, што прыватнік пачаў вырошчваць", - заўважыў беларускі лідар.

Нядрэнны ўраджай чакаецца і па астатніх сельгаскультурах: рапсе, лёне, цукровых бураках, кукурузе і іншых.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на ўборку саломы, з чым пакуль ёсць пэўныя праблемы. "Гэта вельмі сур'ёзнае цяпер пытанне", - сказаў ён.

Прэзідэнту таксама далажылі аб ходзе ўборачнай у Гродзенскай вобласці, выбудоўванні кармавога балансу, сацыяльна-эканамічным развіцці Іўеўскага раёна.

Аляксандр Лукашэнка цікавіўся, якая плошча сельгасугоддзяў у раёне. Размова ішла ў тым ліку аб пустуючых або пакуль неапрацаваных землях. Губернатар вобласці Уладзімір Краўцоў растлумачыў, што яшчэ ў савецкія часы на землях у раёне праводзілі меліярацыю, уклалі шмат грошай, але эфекту месцамі няма. "Каналы ёсць меліярацыйныя. У іх вады няма, а на полі - вада", - адзначыў ён.

"Значыць, трэба вярнуцца да гэтага пытання. Таму што вялікія плошчы, але яны проста пустуюць. Поле па краях убралі, нават травы, а ў цэнтры не могуць улезці. Таму трэба меліяратарам паставіць задачу. Няхай яны вывучаць тут сітуацыю. Меліярацыя павінна ўжо ў бягучым годзе зрабіць пэўныя вывады, каб у наступным годзе неяк табе ў гэтым дапамагчы", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.



"Такая ўзаранасць і добрыя палі, хмызняком некаторыя зарастаюць. Ёсць не толькі меліяраваныя палі, якія падтоплены ўжо вадой. Ёсць палі, якія можна апрацоўваць, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Вялікія палі. Па 40-70 га некаторыя - на падлёце (перасякаеш мяжу Мінскай вобласці, недзе ў раёне Валожына і гэтак далей). Трэба паглядзець. Там шмат палёў".

Прэзідэнт таксама акцэнтаваў увагу на важнасці выканання намечаных планаў і гаспадарскага стаўлення да работы: "Калі ёсць план (як некалі ў нас было, і за яго шкуру здымалі) хочаш не хочаш - круціся, але давай малако, мяса. Цяпер мы крыху гэта аслабілі, слухаем кіраўнікоў гаспадарак, уваходзім у становішча, як ім цяжка. Уваходзіць у становішча трэба, але ёсць план - выконвай. Не падабаецца слова план савецкае - прагноз. Але гэты прагноз жалезабетонны. Пакладзіце гэта на стол - і ўсе размовы аб рынку. А што датычыцца меліярацыі, мы дапаможам".

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў бліжэйшы час вывучыць сітуацыю ў сферы першаснай перапрацоўкі лёну.

Як адзначыў губернатар Гродзенскай вобласці Уладзімір Краўцоў, у бягучым годзе ўраджай лёну добры, асабліва ў параўнанні з мінулым годам, ураджайнасць амаль у два разы вышэйшая. "У вобласці ёсць два новыя сучасныя заводы. Яны мадэрнізаваны - у Карэлічах і аграгарадку Дварэц у Дзятлаўскім раёне. Яны здольны ў трохзменным рэжыме працаваць", - расказаў ён.

"Давайце дамовімся. Мне трэба наведаць Карэлічы. Мы паглядзім і па Дзятлаве (ільнозаводы), і там разабрацца асобна па гэтай культуры. Цяпер цалкам завершаць у Беларусі церабленне лёну. Мне заплануйце на той тыдзень (гэта праз тыдзень недзе будзе) Карэлічы і Дзятлава. Два льнозаводы. Каб я пабываў там, і мы пагаворым аб першаснай перапрацоўцы лёну", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што прыехаў у Іўеўскі раён, паколькі вельмі перажывае за "вялікую памылку Гродзенскай вобласці, калі ўсе губернатары тапталіся на захадзе", - больш увагі ўдзялялі развіццю менавіта Гродна і заходніх раёнаў вобласці. Апошнія гады, праўда, удалося надаць імпульс развіццю рэгіёна вакол Астраўца дзякуючы будаўніцтву БелАЭС. Але Іўеўскаму раёну і некаторым іншым удзялялася менш увагі.

"Гэтым самым я хачу паказаць, пачынаючы з Іўя, што ўскраіны любой губерні - таксама раёны, якія павінны развівацца належным чынам", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
 
Прэзідэнт адзначыў, што ў краіне ўжо заняліся развіццём, і ён асабіста пабываў на паўднёвым усходзе Магілёўскай вобласці, на ўсходзе Гомельскай вобласці - у Веткаўскім раёне, дзе на працягу многіх гадоў займаліся аднаўленнем і развіццём чарнобыльскіх раёнаў.

"А вось такія раёны ў абласцях, як Іўеўскі або Глуск Магілёўскай вобласці (я таксама хачу туды паехаць), або Капыль у Мінскай вобласці (таксама туды паеду)... Цяпер я прайдуся па гэтых раёнах, якія не валаўтваральныя, якія недзе там... Але там жа нашы людзі жывуць. Таму асаблівасць гэтай паездкі ў тым, што я хачу цяпер наведаць аддаленыя раённыя цэнтры ў кожнай вобласці", - адзначыў Прэзідэнт.


Прэзідэнт у ходзе паездкі азнаёміўся таксама з работай прыватнага вытворцы сельгастэхнікі ТАА "ЛідаТэхмаш".

Прэзідэнту падрабязна расказалі аб вытворчай дзейнасці і перспектывах развіцця прадпрыемства, тэхналагічных працэсах, спектры выпускаемай прадукцыі.

Прадпрыемства "ЛідаТэхмаш" уваходзіць у склад вытворчага таварыства з абмежаванай адказнасцю "Тэхмаш". Яно спецыялізуецца на вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі: глебаапрацоўчыя машыны, часткі глебаапрацоўчых машын, уборачныя машыны. У бягучым годзе тут асвоілі выпуск агрэгата камбінаванага глебаапрацоўчага АКП-6, капустаўборачнага камбайна МКК-2. Па заказе ўзбекскіх партнёраў распрацаваны і ўкаранёны ў вытворчасць культыватар - раслінахарчавальнік бавоўнавы КХМ-4. Выпускаемая тэхніка ў тым ліку прызначана для экалагізіраванага і арганічнага земляробства, а многія прымяняемыя тэхнічныя рашэнні не маюць аналагаў не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.

За першае паўгоддзе на прадпрыемстве выраблена прадукцыі ў фактычных адпускных цэнах больш як на Br7,6 млн. Гэта на 43% больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Рэнтабельнасць продажаў склала 13,5%. Экспарт прадукцыі перасягнуў $3 млн. Яна пастаўляецца ў Расію, Казахстан, Арменію, Украіну, Узбекістан. На прадпрыемстве працуюць больш як 130 чалавек, сярэдняя зарплата за месяц складае Br1024.

Кіраўніцтва кампаніі і спецыялісты папрасілі падтрымкі ў вырашэнні шэрага пытанняў. Па-першае, у частцы правядзення выпрабаванняў тэхнікі. Яна часта выпускаецца невялікімі серыямі, а таму расходы на выпрабаванні кожнага агрэгата паасобку даволі значныя. Разам з тым тэхніка мае і значны экспартны патэнцыял, а таму агучана просьба аб падтрымцы ў частцы арганізацыі выставачнай дзейнасці, еўрапейскай сертыфікацыі, садзейнічання экспарту і прасоўванню прадукцыі праз ужо існуючыя гандлёвыя дамы дзяржаўных прамысловых прадпрыемстваў.

Аляксандр Лукашэнка паабяцаў аказаць садзейнічанне ў вырашэнні гэтых пытанняў і нават прапанаваў сваю падсобную гаспадарку для правядзення выпрабаванняў новых агрэгатаў. "Гарантыю даю, што будуць рабіць усё, як вы скажаце. Але і будуць відаць усе вашы недахопы", - сказаў ён. Не выключана і магчымасць стварэння асобнага выпрабавальнага цэнтра на базе Гродзенскай вобласці.

Прэзідэнт таксама прапанаваў падумаць у далейшым над магчымасцю кааперацыі з дзяржпрадпрыемствамі для патрэб пашырэння вытворчасці. Не будаваць новыя пляцоўкі, а ўзяць нейкія ўжо існуючыя і развіваць іх. А дзяржава аказала б у гэтым пытанні пэўную падтрымку.

У час наведвання прадпрыемства Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб даручэннях па змяншэнні выкарыстання ў краіне пластыку. "Трэба спыніць усялякія аднаразовыя поліэтыленавыя пакеты. Пачынаць з малога. Трэба ўсё гэта прыбіраць. Засмечваем глебу і тэрыторыю так, што хутка квітнеючая, зялёная і сінявокая Беларусь ператворыцца ў звалку", - падкрэсліў беларускі лідар.

Размова на гэту тэму зайшла ў час наведвання ў Іўеўскім раёне прыватнага прадпрыемства па вытворчасці сельгастэхнікі. Аднак у структуры бізнесу ёсць яшчэ і фірма па вытворчасці вокнаў і дзвярэй. У прыватнасці, Прэзідэнту прадэманстравалі шклопакеты з драўлянымі рамамі, была адзначана экалагічнасць такога рашэння. Прадукцыя крыху даражэйшая ў параўнанні з аналагічнымі пластыкавымі вокнамі, аднак у шэрагу еўрапейскіх краін ужо ёсць добрыя прыклады падтрымкі гэтага напрамку на дзяржаўным узроўні.

Была агучана просьба і ў Беларусі стварыць умовы для больш актыўнага развіцця вытворчасці вокнаў з драўлянымі рамамі. "Гэта праблема мне знаёма. Першае - трэба палічыць. Ён (кіраўнік кампаніі. - Заўвага) гаворыць, што яму на 30% даражэй. Але гэта ён сказаў. Мы яго таксама павінны падціснуць. Так, каб і ён крыху адчуваў канкурэнцыю, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Да 1 студзеня на гэта пытанне трэба даць адказ. Пажадана, каб ён быў станоўчы".



Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на той факт, што такая вытворчасць вокнаў магчыма выключна на мясцовай сыравіне, а пытанне развіцця дрэваапрацоўкі якраз знаходзіцца ў цэнтры ўвагі. У гэтым плане, акрамя асноўнай вытворчасці, Прэзідэнт паабяцаў падтрымку кіраўніку кампаніі - гендырэктару ВТАА "Тэхмаш" у развіцці вытворчасці паліўных пелет. "Мы дамовіліся. Падбіраеш завод, дзе зручная лагістыка і лес ёсць. І рынак будзе. Я хачу паглядзець, як прыватнік з пачатку да канца гэта зробіць. І я табе забяспечу падтрымку", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка паабяцаў аказаць садзейнічанне ў вырашэнні гэтых пытанняў і нават прапанаваў сваю падсобную гаспадарку для правядзення выпрабаванняў новых агрэгатаў.

Прэзідэнт азнаёміўся і з прадукцыяй іншай прыватнай фірмы, якая на гэтай жа пляцоўцы наладзіла вытворчасць драўляных кузаўкоў для агародніны, фруктаў, ягад і грыбоў.

Ёсць нядрэнныя перспектывы для развіцця бізнесу, патэнцыяльны попыт, асабліва з улікам планаў па адмове ад пластыкавай тары, але патрэбна дадатковая сыравіна. З боку бізнесу ёсць гатоўнасць набываць яе, але параўнальна невялікімі аб'ёмамі, што бывае цяжка. "Трэба вырашыць гэта пытанне ў маштабах вобласці. Гэта наша сыравіна, - даручыў Аляксандр Лукашэнка. - Можа, не толькі для іх. Яны ж па цэнах пытанне не ставяць. Яны самі возьмуць гэты лес у лясгасаў".

Прэзідэнт таксама прапанаваў кіраўніку фірмы падтрымку ў пашырэнні бізнесу, у тым ліку ў іншых рэгіёнах. "Калі будуць прапановы, мы падтрымаем", - запэўніў ён.

"Вельмі шмат неперапрацаванага лесу. Трэба матываваць людзей займацца дрэваапрацоўкай. Актыўней там, дзе ў нас ёсць сыравіна, прыцягваць людзей. Не проста "вы там, іпэшнікі, стварайце штосьці". Трэба ім дапамагаць. І адштурхоўвацца ад іх", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У якасці прыкладу выгаднасці гэтага напрамку ён прывёў развіццё ў краіне вытворчасцей паліўных пелет. "Галоўнае - ёсць рынак. Бяруць з рукамі і нагамі. Гэта мы яшчэ такія: нам давай прыродны газ, які будзе каштаваць заўтра больш, чым сёння, давай нам нафту, дызельнае паліва, бензін або электрычнасць (яна таксама нятанная). А гэта (драўняныя рэсурсы. - Заўвага) пад нагамі прападае. Гэта экалагічна чыстае паліва".

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся таксама з арганізацыяй работы і структурай Іўеўскага цэнтра культуры, а затым яму паказалі фрагмент дзіцячага спектакля "Ніхто не паверыць" па матывах казкі Яна Экхальма. Спектакль быў пастаўлены ўзорным тэатральным калектывам Іўеўскай дзіцячай школы мастацтваў. Прэзідэнт таксама паглядзеў выступленне народнага ансамбля музыкі "Чабарок". Калектыў, які складаецца з 11 чалавек, быў створаны ў 1988 годзе.



"Малайцы! Спяваеце не проста добра, а вельмі!" - падзяліўся ўражаннямі Аляксандр Лукашэнка. Маладым тэатралам жа Прэзідэнт параіў паступаць у Акадэмію мастацтваў. Усім артыстам ад імя Кіраўніка дзяржавы быў падораны шакалад "Прэзідэнт".

Затым Аляксандр Лукашэнка наведаў Цэнтр рамёстваў і выстаўку майстроў народнай творчасці. Адным з галоўных напрамкаў работы цэнтра з'яўляецца захаванне традыцыйнай культуры: саломапляценне, аплікацыі саломкай, вышыўкі, адраджэння беларускай лялькі, выцінанкі, ткацтва паясоў.

Прэзідэнт падкрэсліў, што неабходна захоўваць народную творчасць і берагчы традыцыйную культуру Беларусі. Свае навыкі і ўменні старэйшыя павінны перадаваць новаму пакаленню, адзначыў ён. "Галоўнае, каб перадалі моладзі. Я вельмі падтрымліваю гэта", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўніку дзяржавы ў Цэнтры рамёстваў падарылі саламяны "капялюш" - традыцыйны беларускі капялюш, зроблены народным майстрам з аграгарадка Лелюкі Верай Чурэйна. "Падышоў!" - ацаніў падарунак Прэзідэнт і ў сваю чаргу ўручыў майстрам свой любімы шакалад.

На завяршэнне рабочай паездкі ў Іўеўскі раён Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з жыхарамі райцэнтра і падзяліўся з імі ўражаннямі ад горада.

"Я чакаў горшага, але вельмі рады, што ў вас тут вельмі добра. Але галоўнае, каб вы жылі мірна. Я часта людзям кажу: не рвіцеся куды-нібудзь, не чакаюць нас там. Час цяпер такі, што адарвешся ад сваёй зямлі, прызямліцца няма дзе. Таму беражыце сябе, беражыце сваіх дзетак. Мы будзем старацца дапамагаць вам, - запэўніў Аляксандр Лукашэнка. - У вас ёсць дзе працаваць, трэба толькі, каб было жаданне. Ніхто нічога не прынясе і не дасць, трэба сваімі ручкамі ўсё зарабіць. І не мне вам гаварыць: вы людзі працавітыя".

Прэзідэнт расказаў, што ў час паездкі ў Гродзенскую вобласць хацеў наведаць менавіта Іўе, як яго не адгаворваў губернатар, каб паглядзець, як развіваюцца раёны на ўскраіне вобласці. Бо ім, як правіла, удзяляецца не так шмат увагі. "Шчыра скажу, вы мяне прыемна здзівілі. Я думаў, прыеду цяпер у Іўе, а там якая-небудзь глухая вёска або заняпалы горад, - прызнаўся Кіраўнік дзяржавы. - Калі прыехаў на гэты курорт, я губернатару кажу: "Ты наогул малайчына!". І гэта ж не зробіш да прыезду".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, многія замежныя грамадзяне, прыязджаючы ў Беларусь, здзіўляюцца яе прыродзе і кажуць, што нібыта трапілі ў рай. "Я другі раз на апошнім тыдні трапляю ў рай: першы раз у Старых Дарогах - самы лясны наш раён. Я даўно-даўно там быў. Прыехаў, думаю: цікава, як яно. Слухайце, як на курорце людзі жывуць: вакол лясны масіў, людзі задаволены", - адзначыў Прэзідэнт. Ён дадаў, што ў рэгіёнах хапае праблем, але калі ў людзей ёсць магчымасць спакойна жыць, тады ў іх усё атрымліваецца. "Дзякуй вам за тое, што вы моцныя людзі. Я цяпер магу быць спакойны, што губернатар працуе не толькі ў Гродне і побач, але і на ўскраінах", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

У мінулым годзе ў Іўі прайшлі рэгіянальныя "Дажынкі". У час падрыхтоўкі да свята горад быў значна абноўлены. Менавіта для таго, каб прывесці ў парадак невялікія населеныя пункты, гэты фестываль вырашылі праводзіць у розных раёнах, звярнуў увагу Прэзідэнт. "Паўсюль не пабываеш, але я стараюся ў дзяржаўным маштабе адзначыць асабліва ў бягучым годзе гэта свята і людзей. Вы бачыце: год быў няпросты - спачатку засушыла, потым заліло і ўбіраць было цяжка. Але тым не менш сяляне змагаюцца, і за гэта ім таксама трэба падзякаваць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў адну з асаблівасцей Іўя - тут пражывае вялікая колькасць мусульман. Прэзідэнт канстатаваў, што ў Беларусі прадстаўнікі ўсіх рэлігій жывуць у міры. "Вы іх ні ў якім разе не крыўдзіце, у мяне з імі асаблівыя адносіны, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Заўсёды з намі супрацоўнічаюць, нас падтрымліваюць усюды. Таму я быў вельмі рады, калі мне старшыня райвыканкама сказаў, што абсалютна мірна жывуць, дапамагаюць адзін аднаму".

Успомніў Аляксандр Лукашэнка аб адметнасці горада: тут у вялікай колькасці вырошчваюць памідоры і нават праводзяць свята, арганізуючы "таматныя бітвы". Прэзідэнт паабяцаў, што прыедзе на фестываль.


Тэгі: Паездкі
© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь