Рабочая паездка ў Гродзенскую вобласць

  • 7
Далейшы прыярытэт дзяржаўнай дапамогі аграрнай галіны будзе сканцэнтраваны на кропкавым фінансаванні перспектыўных праектаў. Аб гэтым заявіў 15 жніўня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі па Гродзенскай вобласці.

"Наступны год павінен стаць пераломным па рабоце з зямлёй", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт нагадаў, што ў краіне нямала зрабілі па прывядзенні ў парадак машынных двароў, збожжатакоў, малочнатаварных, жывёлагадоўчых комплексаў, а таксама ў сацыяльнай сферы. "Цяпер трэба ўзяцца за зямлю, за інфраструктуру, за тое, за што павінна адказваць дзяржава, і меліярацыя - перш за ўсё", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Меліярацыяй мы займаемся, але слаба. Трэба падвоіць, а, магчыма, і патроіць намаганні", - падкрэсліў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу на тое, што ў свеце з году ў год будзе ўзрастаць патрэбнасць у прадуктах харчавання. На яго думку, у Беларусі створана магутная вытворчая база, якая дасць магчымасць атрымліваць высокі ўраджай, але пад гэта трэба шукаць зямельныя рэсурсы.

"Не трэба нам весці меліярацыю тымі тэмпамі, якія ў нас сёння ёсць. Мы навучыліся гэта рабіць, стварылі ў сябе практычна ўсю меліярацыйную тэхніку, таму трэба ўзмацняць работу ў гэтым напрамку", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што чакае прапаноў ад віцэ-прэм'ера Міхаіла Русага і міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда Зайца.

Прэзідэнт лічыць, што сельская гаспадарка можа выйсці на самаакупнасць, і дзяржава прадоўжыць фінансаваць толькі перспектыўныя праекты.

"Настройвайцеся на работу ў сельскай гаспадарцы ўжо тымі сіламі, якія сёння ёсць. Шмат тэхнікі, людзі хочуць працаваць - працуйце! Таму што асноўныя сродкі дзяржава павінна будзе накіраваць на мерапрыемствы і праграмы, за якія яна, перш за ўсё, адказвае: дарогі, землі, меліярацыя і г.д. Гэта галоўнае для дзяржавы", - сказаў Прэзідэнт.

"Далей цягнуць на плячах сельскагаспадарчую вытворчасць - не трэба. Неабходна, каб сяляне самі зараблялі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу на тое, што сёння цэны на прадукцыю сельгасвытворчасці даволі высокія і на ёй можна добра зарабіць.

"Гэта не значыць, што мы кагосьці не падтрымаем. Калі трэба, калі мы бачым перспектыву, што, уклаўшы рубель, заўтра будзе аддача - мы ўкладзём", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што дзяржава будзе кропкава фінансаваць праекты, асабліва пад патрэбную прадукцыю. "Таму што ісці агульным фронтам, як рабілі, не трэба. Ужо з'явілася шмат дармаедаў, якія сядзяць і думаюць: дадуць. Нічога ніхто не дасць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што з борта верталёта параўнаў культуру земляробства ў розных рэгіёнах Беларусі, і Гродзенская вобласць тут выгадна вылучаецца.

Прэзідэнт заўважыў, што разлічвае на аграрыяў Гродзеншчыны ў аднаўленні пагалоўя свіней. "Мы чакаем ад вас свініну. Вы павінны тут унесці дастойны ўклад, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Вы азалаціцеся сёння на гэтым, таму што цэны пастаянна растуць, на свініну асабліва, і той, хто сёння мае свініну, мае магчымасць рэалізаваць яе, той будзе мець грошы".

Першым пунктам рабочай паездкі Прэзідэнта стаў камбікормавы комплекс ААТ "Агракамбінат "Скідзельскі". Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з сучаснымі тэхналагічнымі працэсамі перапрацоўкі алейнага семя рапсу, вытворчасці камбікармоў і прэміксаў. Кіраўніку дзяржавы было даложана аб выкананні даручэнняў па імпартазамяшчэнні ў камбікормавай прамысловасці. Як адзначыў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц, краіна поўнасцю забяспечыць сябе камбікармамі. Паводле яго слоў, адносна 2004 года, у Беларусі ў 1,4 раза павялічылі аб'ём вытворчасці камбікармоў, і ўсе патрэбы закрываюцца айчыннымі камбікармамі. Ён звярнуў увагу на тое, што за 7 месяцаў бягучага года за кошт уводу ў камбікармы замест сланечнікавага алею рапсавага эканомія валютных сродкаў склала $60 млн.

Кіраўніку дзяржавы далажылі таксама аб завяршальным этапе ўборкі збожжавых. У краіне ўжо намалочана звыш 9 млн т збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 39,5 ц/га. Паводле слоў Леаніда Зайца, праз 3-4 дні ўборка будзе завершана поўнасцю. Цяпер убіраецца збожжа ў паўночных раёнах Віцебскай вобласці. Дзе неабходна, ідзе перакідванне камбайнаў з гаспадаркі ў гаспадарку, з раёна ў раён.

Аляксандр Лукашэнка даў пазітыўную ацэнку ўборачнай кампаніі. "Мы сёння атрымалі 9 млн т збожжа. Гэта небывалы ўраджай, гэта тое, што нам трэба. Плюс яшчэ 1,5 млн т, як вы абяцаеце, зерня кукурузы - і мы цалкам пакрыем нашы патрэбнасці", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

У той жа час Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што з палёў павінна быць убрана ўсё збожжа. "А то вы ведаеце, як звычайна бывае ў вёсцы: 5% засталося і кінулі. А 5% - гэта тое, чаго нам часам не хапае. Гэта збожжа. Яго трэба цяпер, не расслабляючыся, убраць, дажаць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка цікавіўся таксама станам пасеваў, сітуацыяй з уборкай бульбы, агароднінных культур.

Закрануў Кіраўнік дзяржавы і пытанне экспарту беларускай прадукцыі.

Як далажылі Прэзідэнту, у Расіі адзначаецца на яе павышаны попыт. Паводле слоў міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда Зайца, толькі на пастаўках малочнай і мясной прадукцыі ў Расійскую Федэрацыю са жніўня па снежань можна атрымаць выручку ў аб'ёме $2,1 млрд. Міністр таксама паведаміў, што ў Расіі ўзняліся цэны на малочную прадукцыю. "Просяць нашы сыры, 82-працэнтнае масла", - сказаў Леанід Заяц.

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў чыноўнікаў аб недапушчальнасці агалення ўнутранага рынку з-за павышанага попыту на беларускую прадукцыю ў Расіі

"Трэба варушыцца, скарыстацца гэтым момантам і зарабіць грошы", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - "Але не агаліце ўласны рынак, каб насельніцтва атрымлівала столькі прадукцыі, колькі патрэбна"

"Трэба мець на ўвазе, што яны закрылі свой рынак, але мы не бралі абавязацельствы па ўнутраным рынку. Мы можам завозіць сабе прадукцыю з любой кропкі планеты. Трэба загружаць, перапрацоўваць і прадаваць, - сказаў Прэзідэнт. - Толькі трэба ўзгадняць з расіянамі, каб нас не папракалі, што мы ідзём уразрэз з іх палітыкай".

Потым Прэзідэнт наведаў СВК "Прагрэс-Верцялішкі". На прыкладзе гэтай перадавой гаспадаркі Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з тым, якія інтэнсіўныя сістэмы вытворчасці пладоў і ягад прымяняюцца ў сучасным садаводстве.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў краіне неабходна заняцца вытворчасцю плодаагародніннай прадукцыі, закрыўшы ў ёй унутраныя патрэбнасці, як у свой час была вырашана праблема з бульбай і буракамі. "Мы ж гэта ўсё можам зрабіць! - падкрэсліў Прэзідэнт. - Мы павінны адысці ад імпарту яблыкаў, пладоў наогул. Гэта мы можам атрымліваць самі". На яго думку, неабходна вызначыцца з тэхналогіямі, вывучыць вопыт іншых краін.

Як далажыў губернатар Гродзенскай вобласці Уладзімір Краўцоў, у вобласці яблыкі вырошчваюцца больш як на 4 тыс. га. Ураджайнасць тут вышэйшая, чым у цэлым па краіне. Паводле яго слоў, адзінай праблемай з'яўляецца няхватка сховішчаў.

Паводле слоў Леаніда Зайца, у Беларусі спажываецца 90 тыс. т яблыкаў, з іх палавіна - уласнай вытворчасці. У той жа час у краіне ёсць сховішчы, разлічаныя на 80 тыс. т гэтай прадукцыі.

Сад, закладзены ў СВК "Прагрэс-Верцялішкі", з'яўляецца адным з першых садоў прамысловага тыпу ў Беларусі. Тут культывуецца больш як 40 сартоў яблынь. У 2013 годзе было сабрана больш як 3 тыс. т яблыкаў, на захоўванне закладзена амаль 1,5 тыс.т позніх сартоў яблыкаў. Гаспадарка вырошчвае таксама буякі і садовыя суніцы. Для захоўвання яблыкаў у гаспадарцы пабудавана сховішча ўмяшчальнасцю 2,2 тыс. т у сезон. Яго галоўная асаблівасць - захоўванне яблыкаў у халадзільных камерах з рэгулюемым газавым асяроддзем. Яблыкі захоўваюцца з верасня да красавіка-мая, пры гэтым страты мінімальныя. У 2009 годзе тут была ўстаноўлена лінія, якая сартуе плады па вазе, дыяметры і інтэнсіўнасці афарбоўкі. Кіраўніку дзяржавы далажылі таксама аб развіцці падсобных промыслаў, стварэнні дадатковых рабочых месц, сацыяльным развіцці і добраўпарадкаванні сельскага населенага пункта.

Аляксандр Лукашэнка лічыць "Прагрэс-Верцялішкі" лепшай гаспадаркай у краіне. На яго думку, сюды трэба накіроўваць кіраўнікоў для пераймання вопыту паспяховага гаспадарання, а таксама на практыку студэнтаў навучальных устаноў сельскагаспадарчага профілю.