Бел
Галоўная   /  Падзеі

Рабочая паездка ў Гомельскую вобласць

27 красавіка 2018 года
Наведванне ААТ "Тураўскі малочны камбінат"
глядзіце таксама: відэа
27 красавіка 2018 года
Наведванне ААТ "Тураўскі малочны камбінат"
Азнаямленне з работай пераправы цераз Прыпяць і рэканструкцыяй моста
Рабочая паездка ў Гомельскую вобласць
глядзіце таксама: фота
27 красавіка 2018 года
Рабочая паездка ў Гомельскую вобласць
28 фота

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 красавіка ў час рабочай паездкі ў Жыткавіцкі раён Гомельскай вобласці азнаёміўся з ходам работ па рэканструкцыі аварыйнага аўтамабільнага моста праз раку Прыпяць, а таксама наведаў ААТ "Тураўскі малочны камбінат", дзе абмяркоўваліся пытанні развіцця ў краіне малаперапрацоўчай галіны і пашырэння геаграфіі экспартных паставак.

Нягледзячы на рознае тэматычнае напаўненне аб'ектаў, выбраных Кіраўніком дзяржавы для наведвання, менавіта ў Жыткавіцкім раёне іх узаемасувязь цяпер найбольш відавочная. Мост звязвае разам эканоміку ўсяго раёна, дазваляючы, напрыклад, работнікам з Жыткавіч прыехаць на свае рабочыя месцы па іншы бок Прыпяці, у тым ліку на малочны камбінат. З іншага боку, і для саміх прадпрыемстваў мост - ключавое звяно ў пытаннях транспартнай лагістыкі пры пастаўках тавару і падвозе сыравіны. Адсюль і павышаная ўвага да існуючай сітуацыі з боку Прэзідэнта.

"Калі важнасць гэтага моста высокая, значыць, мост трэба рабіць добры. Тут нам паскупіцца нельга. Пашкадуем мільён-другі і атрымаем ці то вузкі, ці то яшчэ нешта... Таму трэба рабіць капітальны трывалы мост. І па шырыні дастатковы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандру Лукашэнку далажылі аб тым, што цяпер арганізавана пераправа цераз раку пасажыраў і грузаў, у прыватнасці аб рабоце парома і пантоннага моста. Паром у асноўным задзейнічаны на транспарціроўцы цяжкага транспарту вагой больш як 20 т, а астатнія аўтамабілі прапускаюцца па пантоннай пераправе. За час работы ёю ўжо скарысталіся больш як 50 тыс. адзінак тэхнікі.

Што датычыцца рэканструкцыі моста, Прэзідэнту падрабязна расказалі аб праекце і аб тым, як плануецца праводзіць узрыўныя работы пры дэмантажы цэнтральнага аварыйнага пралёта. Адзначана, што калі цяперашні мост выкананы ў жалезабетоне, то новы пралёт, які вырабіць адзін з самых вядомых у Расіі мостабудаўнікоў ЗАТ "Варонежстальмост", будзе з металу. Гэта дасць магчымасць не толькі забяспечыць трываласць і надзейнасць канструкцыі, але і ў некалькі разоў знізіць агульную вагу моста. Плануецца, што новы металічны пралёт паставяць у ліпені 2018 года.

Прэзідэнту далажылі, што, папярэдне, агульны кошт работ па рэканструкцыі моста складзе каля Br44 млн.

Акрамя аварыйнага моста цераз Прыпяць у Жыткавіцкім раёне ў Беларусі яшчэ чатыры ідэнтычныя масты, але ёсць і каля 20 падобных, інфармавалі Кіраўніка дзяржавы. Многія з іх таксама патрабуюць абслугоўвання або рэканструкцыі. У сувязі з гэтым было ўзнята пытанне арганізацыі адпаведнай работы на перспектыву. Як далажылі Аляксандру Лукашэнку, у Магілёўскай вобласці ёсць прыватнае прадпрыемства, якое здольна вырабляць неабходныя металаканструкцыі. "Калі мы гэта можам рабіць - трэба вам паглядзець, абмеркаваць са спецыялістамі і праекціроўшчыкамі, палічыць цэны і рабіць у сябе. Калі 20 - значыць 20 (мастоў). І трэба вызначыцца з чарговасцю", - адзначыў беларускі лідар.

Паводле слоў спецыялістаў, пры рэканструкцыі мастоў у першую чаргу будуць старацца захаваць іх існуючы выгляд пры ўмове забеспячэння бяспекі эксплуатацыі і адэкватнай даўгавечнасці. А замена жалезабетонных канструкцый на металічныя будзе там, дзе гэта сапраўды неабходна.

"Мы з вамі дамовіліся: гэты мост (у Жыткавіцкім раёне) мы павінны здаць да Дня Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Як у нас прынята - падарунак народу трэба. Усе работы трэба выканаць. І другі момант, што датычыцца перспектывы, вы даследуеце астатнія такія масты і ўносьце прапановы па чарговасці іх або замены, або рэканструкцыі", - падагульніў Прэзідэнт.

"Наступны мост - гэта гомельскі. Стаўце задачу, каб гэты завод пачаў выраб гомельскага моста", - дадаў ён.

Акрамя таго, абмяркоўваліся пытанні развіцця транспартнага і транзітнага патэнцыялу Беларусі, прадаўжэння будаўніцтва і рэканструкцыі аўтадарог, фінансавання гэтых дарог, у тым ліку з прыцягненнем знешніх крыніц. Была закранута і тэма будаўніцтва другой узлётна-пасадачнай паласы ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. Кіраўніка дзяржавы запэўнілі, што да 7 лістапада бягучага года ўсе работы па яе будаўніцтве і ўладкаванні будуць завершаны. Звернута таксама ўвага на ўсё большы пасажырапаток праз аэрапорт, у выніку чаго ў перспектыве можа спатрэбіцца будаўніцтва новых тэрміналаў.

У час наведвання Тураўскага малочнага камбіната Прэзідэнту далажылі аб выкананні даручэнняў па павелічэнні магутнасці перапрацоўкі малака, выпуску прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю па найноўшых тэхналогіях у Беларусі ў цэлым, а таксама ў Гомельскай вобласці і на камбінаце ў прыватнасці.

Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі аб рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па запуску другой вытворчай магутнасці, вытворча-тэхнічных характарыстыках, фінансава-эканамічным стане і перспектывах развіцця прадпрыемства. Было адзначана, што Тураўскі малочны камбінат - адна з самых паспяховым вытворчасцей у рэгіёне. Тут выпускаюць шырокую лінейку запатрабаванай у краіне і за мяжой прадукцыі, пастаянна развіваюць вытворчасць і забяспечваюць дастойныя ўмовы працы для работнікаў.

Акрамя таго, камбінат змог за некалькі месяцаў значна нарасціць аб'ёмы ўласнай сыравіннай базы за кошт умацавання дысцыпліны ў гаспадарках, правільнага размеркавання рэсурсаў і падбору кармоў. Прэзідэнт звярнуў увагу, што менавіта таму пастаянна патрабуе забяспечваць парадак на сельскагаспадарчых прадпрыемствах. "Дысцыпліна і парадак - гэта наш паратунак. І 25% скарачэння затрат у сельскай гаспадарцы - гэта мізэр, які мы павінны зрабіць", - падкрэсліў ён.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, менавіта на такія прадпрыемствы, як Тураўскі малочны камбінат, неабходна перш за ўсё накіроўваць сыравіну для яе далейшай перапрацоўкі. Такім чынам яны будуць загружаны яшчэ больш, а значыць, дзяржбюджэт атрымае дадатковыя паступленні ў выглядзе падаткаў. "Вось якая павінна быць палітыка, а не тое, што мы трымаемся за гэтыя заводы, якія працуюць горш, дваццаць з нечым гадоў навейшай гісторыі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт даручыў прааналізаваць усе малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы па трох крытэрыях: якую зарплату яны плацяць работнікам, па якім кошце закупляюць сыравіну і якія плацяць адлічэнні ў бюджэт. Адстаючыя вытворчасці трэба або закрыць, або мадэрнізаваць, каб яны давалі глыбокую перапрацоўку прадукцыі.

Як расказалі Аляксандру Лукашэнку, з-за вялікай крэдытнай нагрузкі Тураўскаму малочнаму камбінату дазволена выплачваць падатак на прыбытак на меншай стаўцы. У сувязі з гэтым мясцовым уладам не зусім выгадна пастаўляць сюды сыравіну ў вялікіх аб'ёмах. Прэзідэнт адзначыў, што пакуль не гатовы рабіць якія-небудзь высновы па гэтым пытанні. Ён даручыў дэталёва вывучыць сітуацыю і далажыць яму, як яе можна вырашыць. "Вы палічыце і мне далажыце: калі нехта губіць сыравіну на дрэнных перапрацоўчых прадпрыемствах, сядзе ў турму, а Урад выганю", - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым, адзначаны і станоўчы вопыт. Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, як прадпрыемства садзейнічае вырашэнню жыллёвага пытання сваіх работнікаў. Камбінат за свае сродкі будуе жыллё, а работнікі затым на працягу некалькіх гадоў паступова пакрываюць гэтыя расходы са сваёй зарплаты. Пры гэтым сумы штомесячных плацяжоў цалкам пад'ёмныя. Акрамя таго, такім чынам вырашаецца пытанне замацавання спецыялістаў на камбінаце.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў вывучыць гэты вопыт і перспектывы яго прымянення на іншых прадпрыемствах у розных галінах. "Гэта добры прыклад", - падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы таксама наведаў некалькі цэхаў камбіната, азнаёміўся з сучаснымі тэхналагічнымі працэсамі перапрацоўкі малака, вырабляемай і перспектыўнай прадукцыяй.

Тэгі: Паездкі
© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь