Рабочая паездка ў Гомельскую вобласць

  • 9

Развіццё дрэваапрацоўчай галіны ў Беларусі мае вялікія перспектывы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 11 красавіка ў час рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна і ходзе вясенне-палявых работ. Прэзідэнт звярнуў увагу, што Гомельская вобласць у гэтым годзе павінна паказаць высокую культуру земляробства. "Некаторыя фермы апрацаваны так, што прыемна паглядзець. Значыць, умееце. Трэба ўсюды так зрабіць", - даручыў ён.

Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на неабходнасць эфектыўнага вядзення сельскагаспадарчай вытворчасці і падтрымання высокага ўзроўню тэхналагічнай дысцыпліны.

Асобна Кіраўнік дзяржавы закрануў тэму эканомнага і беражлівага стаўлення да рэсурсаў, адзначыўшы існуючыя факты нерацыянальнага расходавання паліва і крадзяжу, што недапушчальна. "Давядзіце да ўсіх: эканомія павінна быць вельмі жорсткай. Мы бачым, дзе крадуць, як з бакаў зліваюць, як прадаюць на дарогах і гэтак далей. Не дай бог, мы выявім гэта - адкажуць губернатары і ўсе па вертыкалі ўніз, - заявіў ён. - Навядзіце парадак, дысцыпліну - вы сэканоміце 25% паліва. Пара ўжо не хадзіць да Прэзідэнта за палівам".

Аляксандр Лукашэнка таксама азнаёміўся з арганізацыяй сяўбы кукурузы на зерне ў саўгасе "Выток".

Як расказалі Кіраўніку дзяржавы, па стане на 11 красавіка ў краіне пасеяна 718 тыс. га яравых культур, што складае амаль 30% ад плануемага. Пры гэтым у Гомельскай вобласці гэты паказчык складае 40,5%.

У час рабочай паездкі Аляксандр Лукашэнка наведаў ААТ "Рэчыцадрэў". Кіраўніку дзяржавы далажылі аб выкананні яго даручэнняў аб рэканструкцыі, мадэрнізацыі і развіцці базавых дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, вытворча-эканамічным стане і перспектывах развіцця ААТ "Рэчыцадрэў". Затым Прэзідэнт азнаёміўся з сучаснымі тэхналагічнымі працэсамі вытворчасці ДСП і мэблі, а таксама з выстаўкай вырабленай на прадпрыемстве прадукцыі.

Старшыня праўлення Банка развіцця Беларусі Сяргей Румас праінфармаваў, што ў краіне праводзіцца сур'ёзная работа па паляпшэнні фінансавага становішча праблемных прадпрыемстваў. "У гэтым годзе жалезная задача для ўсіх - вывесці холдынг на рэнтабельную работу. Практычна толькі на адным прадпрыемстве можа быць ніжэй, але мы сёння разбіраемся, шукаем дадатковыя магчымасці", - сказаў ён.

У час сустрэчы з працоўным калектывам ААТ "Рэчыцадрэў" Аляксандр Лукашэнка сказаў, што развіццё дрэваапрацоўчай галіны ў Беларусі мае вялікія перспектывы. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў свой час ім было прынята рашэнне аб мадэрнізацыі гэтых прадпрыемстваў. Аднак некаторыя паставіліся да гэтага неадназначна. "Я зразумеў, чаму крытыкуюць і хто крытыкуе - тыя, хто не хочуць, каб у краіне было лепш, і зыходзяць з прынцыпу "чым горш, тым лепш для іх", - растлумачыў ён.

Мадэрнізацыя праходзіла нялёгка, узнікалі пэўныя праблемы, але яе практычна ўдалося завяршыць. На думку Прэзідэнта, калі б раней не пайшлі на гэты крок, такія прадпрыемствы сёння ўжо не існавалі б. "Яны памерлі б на рынку, ніхто не купляў бы прадукцыю. Дзякуй богу, што ў свой час прынялі рашэнне аб мадэрнізацыі, зыходзячы з таго, што ў нашай краіне ёсць сыравіна", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Было адзначана, што ў хуткім часе ў Светлагорску адкрыецца вытворчасць беленай цэлюлозы, павялічаць свае магутнасці існуючыя прадпрыемствы - усё гэта дасць магчымасць істотна нарасціць перапрацоўку драўніны ў краіне да 20 млн кубаметраў у год. Пры гэтым рэсурсы рэспублікі - 30-32 млн кубаметраў. "Не перапрацуем - перастаіць лес. Вы лепш за мяне ведаеце, што такое лес, які перастаяў, што з яго будзе. У лепшым выпадку дровы, можа, на шчэпкі нешта выберуць. Трэба перапрацоўваць нават не 20, як мы з наступнага года будзем, а 30-35", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Закранаючы развіццё эканомікі Беларусі ў цэлым, Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз нагадаў кіраўніцтву прадпрыемства і членам Урада аб сваім патрабаванні выйсці да канца года на сярэдні ўзровень заработнай платы па краіне Br1 тыс. "Br1 тыс. - гэта той мінімум, які мы павінны дапамагчы людзям зарабіць. А далей варушыцеся самі. Вядома, мы будзем падштурхоўваць - і кіраўнікі, і Урад", - сказаў Прэзідэнт.

Узнімаліся таксама пытанні працаўладкавання. У Рэчыцы, напрыклад, налічваецца некалькі соцень беспрацоўных - менш як 1% ад працаздольных грамадзян. "Але і ім трэба прапанаваць работу па кваліфікацыі, - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. - Многія хочуць працаваць, вялікія грошы мець, а ў школе нават двойкі не атрымлівалі. Жыццё змянілася. Вы можаце крытыкаваць мяне як хочаце. Будуць у вас іншыя прэзідэнты, і, калі яны захочуць утрымаць краіну, будуць праводзіць такую ж палітыку. Не можам мы сабе дазволіць, калі ў краіне 350 тыс., як яны называюць сябе - "дармаедаў", нічога не робяць. Хіба гэта нармальна?"

Паводле яго слоў, сярод гэтых людзей - вялікая колькасць патэнцыяльных правапарушальнікаў, якія гатовы пайсці на злачынствы, каб здабыць сродкі на пражыванне.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што не супраць крытыкі, аднак перш грамадзянам трэба падумаць пра будучыню краіны. "Крытыкаваць - крытыкуйце, толькі падумайце, да чаго мы ідзём. Кожны сёння павінен працаваць, - заявіў ён. - Час няпросты, але мы ўжо бачым святло ў канцы тунэля".

Прэзідэнт таксама закрануў тэму цэнаўтварэння, падкрэсліўшы, што дзяржава вырашыць пытанні завышаных цэн. "Ва ўрадзе пачалі ўжо варушыцца. Рыначнікі там з'явіліся: адпусцілі цэны на ўсё, што папала, і атрымалі іх рост", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

У Аляксандра Лукашэнкі спыталі і аб тым, як будуць развівацца рэгіёны ў далейшым. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў свой час ім было даручана аднавіць і прывесці ў парадак будаўнічыя і абслуговыя арганізацыі на месцах. Гэта работа будзе прадоўжана. "Напэўна, трэба па ўсіх раённых цэнтрах праехаць, тады, можа, хутчэй навядзём парадак", - сказаў Прэзідэнт.

Што датычыцца навядзення знешняга парадку ў гарадах, тут многае залежыць ад арганізаванасці і ўдзелу ў гэтым грамадзян. "У Рэчыцы жыве 70 тыс. Што мы горад у парадак не прывядзём? Кожную вясну не вычысцім, не вымыем?" - задаў рытарычнае пытанне Кіраўнік дзяржавы. - Справа за людзьмі".

Каб разняволіць у рэгіёнах і краіне ў цэлым прадпрымальніцкую ініцыятыву, дзяржава ў хуткім часе прыме канкрэтныя захады. Аляксандр Лукашэнка раскрыў работнікам прадпрыемства некаторыя сакрэты. "У бліжэйшы час мы прымем рэвалюцыйныя рашэнні па прадпрымальніцтве, бізнесе - па разняволенні бізнесу (і такога вялікага, як на "Рэчыцадрэве", і маленькага, і індывідуальных прадпрымальнікаў), - падкрэсліў Прэзідэнт. - Прыйшоў - заяву пакінуў, што хочаш займацца гэтай справай, у падатковай інспекцыі зарэгістраваўся і пайшоў працаваць. Пажарныя, санстанцыя - усё да мінімуму будзе скарочана".

Пры гэтым галоўным для кіраўніка любога рангу застанецца адказнасць за людзей у калектыве, за іх жыццё. Гэта значыць, умовы вядзення бізнесу будуць лібералізаваны, але разам са зніжэннем розных патрабаванняў адказнасць за жыццё людзей застанецца ў прыярытэце.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў бліжэйшы час адпаведны нарматыўна-прававы акт, які датычыцца прадпрымальніцкай дзейнасці, ляжа яму на стол. "Мы поўнасцю разняволім бізнес-ініцыятыву - ідзіце займайцеся справай, зарабляйце. Мы стварылі для гэтага ўмовы. А што не стварылі - створым у бліжэйшы час", - заявіў ён.

У Кіраўніка дзяржавы таксама цікавіліся не толькі пытаннямі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, але і яго меркаваннем па актуальных міжнародных праблемах. У прыватнасці, як ён ставіцца да нядаўніх ракетных удараў ЗША па сірыйскіх ваенных аб'ектах. "Я калі аб гэтым даведаўся, вельмі шкадаваў. Вырашаць унутрыпалітычныя пытанні за кошт агрэсіўнай знешняй палітыкі - гэта не той шлях, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Сёння Амерыка ў адзіночку і нават са сваімі бліжэйшымі натаўскімі саюзнікамі не зможа кіраваць усім светам. Трэба абмежаваць апетыты і займацца тым, дзе вельмі вялікія твае інтарэсы. А яны - у Паўночнай Амерыцы перш за ўсё".

Разам з тым Кіраўнік дзяржавы прапанаваў зірнуць на гэту праблему шырэй. Дональд Трамп быў выбраны народам Прэзідэнтам ЗША, аднак палітычная эліта краіны і парламент спрабуюць процістаяць яму. У гэтых умовах амерыканскі лідар стараецца выконваць дадзеныя грамадзянам у час перадвыбарнай кампаніі абяцанні, але рэалізацыю гэтых ініцыятыў усяляк спыняюць. "Яму трэба даказваць, што ён можа кіраваць краінай. А там перашкаджаюць, не даюць - і прайграўшыя, і некаторыя багатыя", - звярнуў увагу Прэзідэнт. І тады, каб вырашыць унутрыпалітычныя пытанні і спадабацца людзям, націскаюць на кнопку, адзначыў ён.

З іншага боку, ёсць факты газавай атакі на мірных грамадзян у Сірыі (калі яны праўдзівыя), дадаў Аляксандр Лукашэнка. Хоць інфармацыя аб гэтым здарэнні вельмі супярэчлівая, яно стала фармальнай прычынай ракетных удараў ЗША. Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што перш чым рабіць такія сур'ёзныя дзеянні, неабходна грунтоўна разабрацца ў сітуацыі.

У прыклад Прэзідэнт прывёў знешнюю палітыку Кітая. Гэта магутная дзяржава, якая мае сучаснае ўзбраенне, не ўвязваецца ў міжнародныя канфлікты - краіна працуе над развіццём сваёй эканомікі і сёння з'яўляецца сусветным лідарам па многіх пазіцыях.

Што датычыцца процістаяння Расіі і Амерыкі, Аляксандр Лукашэнка лічыць, што гэтыя дзве ядзерныя імперыі не дойдуць на адкрытага сутыкнення. У адваротным выпадку свет чакае катастрофа, таму што ў гэту вайну ўвяжуцца і астатнія краіны, якія маюць ядзерную зброю. "Свет падышоў да вельмі небяспечнай мяжы, ніколі яшчэ гэтага не было, - заўважыў беларускі лідар. - Трэба астудзіцца, галовы ў рукі ўзяць, і нам (перш за ўсё кіраўнікам дзяржаў) сесці і абмеркаваць, у якім свеце мы хочам жыць. А свет павінен быць такім, якім яго бачаць твае выбаршчыкі, гэта значыць вы. А вы хочаце жыць у міры - гэта галоўнае. Нікому з вас тут вайна не патрэбна, і мне таксама. Мы сваё шчасце павінны здабываць праведным шляхам і працай".

Работнікі прадпрыемства пацікавіліся меркаваннем Аляксандра Лукашэнкі адносна эфектыўнасці ўвядзення Беларуссю пяцідзённага бязвізавага рэжыму для грамадзян 80 краін, а таксама крокаў у адказ у сувязі з гэтым ад іншых дзяржаў. "Гэта пастаянная задача міністра замежных спраў і гэтага ведамства, каб беларусы мелі магчымасць прыязджаць у тыя краіны, якія нас цікавяць, асабліва суседнія. Ва Украіну, Расію, Казахстан мы ездзім без праблем. Ёсць Еўропа, Шэнген - яны спрабуюць сябе абараніць. Мы і з імі стараемся дамовіцца, вядзём перагаворы і ў плане турызму", - канстатаваў Прэзідэнт.

Ён растлумачыў, што новаўвядзенні з пяцідзённым бязвізавым рэжымам уезду ў Беларусь звязаны з жаданнем адкрыць краіну свету. Неабходна, каб як мага больш замежных гасцей прыязджалі, а значыць, прывозілі ў дзяржаву валюту.