Рабочая паездка ў Гомельскую вобласць

  • 17

Дзяржава і ў далейшым будзе ўкладваць сродкі ў развіццё інфраструктуры і сацыяльных аб'ектаў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 17 чэрвеня ў час рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць.

На чыгуначным вакзале ў Гомелі Прэзідэнт прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця рэгулярнага руху паяздоў на электрычнай цязе па напрамку Гомель - Мінск - Гомель. Кіраўніку дзяржавы далажылі аб праводзімай рабоце і планах па электрыфікацыі чыгуначных участкаў, што значна павышае эфектыўнасць грузавых і пасажырскіх перавозак, скарачае патрэбнасць у паліўных рэсурсах і зніжае адмоўнае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе.

Тут жа размова ішла аб рэканструкцыі і ўзвядзенні рэспубліканскіх аўтадарог аж да 2019 года. Усяго ў 2017-2019 гадах плануецца рэканструяваць і пабудаваць 616,7 км рэспубліканскіх аўтадарог. У іх ліку траса М6 Мінск - Гродна - мяжа Польшчы. Конкурс на выкананне работ выйграў беларускі падрадчык. Калі рэканструкцыя гэтай дарогі пакуль у планах, то новая сучасная траса Мінск - Гомель ужо завершана, аб чым далажылі Прэзідэнту. Яе афіцыйнае адкрыццё плануецца прымеркаваць да Дня Незалежнасці.

"Мне вельмі прыемна з вамі сустрэцца. Я наогул вельмі паважліва стаўлюся да чыгуначнікаў, - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да работнікаў чыгункі. - Тут не людзі, а крэмень. Прыемна бачыць, што моладзь ідзе працаваць на чыгунку".

Прэзідэнт на прывакзальнай плошчы таксама цёпла пагутарыў з жыхарамі Гомеля, якія прыйшлі на мерапрыемства. "Дзе б я ні быў, што б ні рабіў, я заўсёды гавару - самае лепшае, што ў нас ёсць, гэта людзі", - сказаў ён.

У Гомелі Аляксандр Лукашэнка таксама наведаў будаўнічую пляцоўку аб'екта па рэканструкцыі дзіцячай абласной клінічнай бальніцы. "Мы дамовіліся, што гэта будзе самая сучасная бальніца. Гэта дзеці, і абсталяванне павінна быць адпаведным", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Асобныя даручэнні Аляксандр Лукашэнка даў адносна крыніц фінансавання будаўніцтва. Ён адзначыў, што ўдзельнічаць у гэтым павінны ўсе: і рэспубліканскі, і абласны, і гарадскі бюджэты, а таксама мецэнаты і бізнесмены. "Я гатовы сваю зарплату аддаваць. Трэба збіраць пакрыху, каб гэта была агульнанародная будоўля, а не спадзявацца толькі на рэспубліканскі бюджэт", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адным пунктам праграмы рабочай паездкі стала наведванне СП ААТ "Спартак". "Я абсалютна не шкадую аб тых рашэннях, якія некалі прыняў і вярнуў у рукі дзяржавы гэтыя прадпрыемствы, - заявіў Прэзідэнт. - Я зыходзіў не з нейкіх прыватнаўласніцкіх меркаванняў, а з дзяржаўных інтарэсаў. Гэтыя прадпрыемствы павінны належаць дзяржаве, а калі не належаць, то быць поўнасцю пад кантролем і кіравацца дзяржавай".

Аляксандру Лукашэнку далажылі аб вытворча-эканамічным, фінансавым стане і перспектывах развіцця прадпрыемства, а таксама аб рабоце кандытарскай галіны краіны ў цэлым. За мінулыя гады з моманту пераводу "Спартака" пад кантроль дзяржавы праведзена вялікая работа па рэканструкцыі і мадэрнізацыі прадпрыемства, павышэнні канкурэнтаздольнасці выпускаемай прадукцыі. Чакаецца, што ў бліжэйшыя 2-3 гады фабрыка выйдзе на ўзровень лепшых аналагічных вытворчасцей у Еўропе.

"Сёння я ўбачыў тое, што хацеў. Вы малайцы, ідзяце правільна. Вы вельмі шмат мадэрнізавалі і яшчэ будзеце прадаўжаць гэту мадэрнізацыю. Наколькі магчыма, мы будзем дапамагаць і за кошт дзяржавы, і абласнога бюджэту", - заявіў Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву фабрыкі.

Прэзідэнт падкрэсліў, што стабільная і эфектыўная работа такіх прадпрыемстваў, як "Спартак", у першую чаргу ўплывае на магчымасць фінансаваць праекты ў сацыяльнай сферы і развіццё інфраструктуры."Мы будзем займацца інвестыцыямі ў развіццё інфраструктуры і сацыяльных аб'ектаў. Лічу, што за гэту пяцігодку мы канчаткова рэканструюем усю медыцыну і адукацыю. Ахова здароўя і адукацыя - гэта галоўнае", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўніку дзяржавы таксама былі зададзены пытанні аб маючай адбыцца дэнамінацыі і цэнаўтварэнні.

"Росту цэн у сувязі з дэнамінацыяй не будзе. Гэта я вам гарантую, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Мы за гэта паадрываем галовы, калі нехта паспрабуе скарыстацца гэтым тэхнічным працэсам (гэта толькі тэхнічнае мерапрыемства)".

Дзяржава таксама захавае кантроль над цэнаўтварэннем, але без залішняга націску. У тым ліку з гэтай мэтай нядаўна падпісаны ўказ аб стварэнні Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. "Мы будзем кантраляваць цэны, як бы гэта каму-небудзь не падабалася з рыначнікаў. Мы не будзем пераціскаць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама падзяліўся сваім меркаваннем аб эфектыўнасці цэнтралізаванага тэсціравання, адзначыўшы дваякае стаўленне да такой формы экзамену. Відавочны плюс у тым, што дзякуючы існуючай сістэме ўдалося практычна поўнасцю выкараніць карупцыю і выключыць магчымасць паступлення за хабар. "Але не ўсе выдатнікі школы ў будучым становяцца лепшымі прафесіяналамі. Пры тэсціраванні мы не бачым чалавека, не бачым палёту думкі, яго разважанняў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы іншы бок працэсу.

"Думаю, нам не трэба цяпер ні ад чаго адмаўляцца. Мы прыйдзем да нармальнага працэсу. Калі мы пераканаемся, што тэсціраванне - гэта не тое - яно імгненна будзе адменена, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Няма таго моманту, каб я пачаў ламаць гэту сістэму. Мы будзем удасканальваць яе і дапаўняць такім чынам, каб не страціць здольных і перспектыўных дзяцей".

Прэзідэнт дадаў, што ў Беларусі ў ходзе цяперашняй уступнай кампаніі пастараліся вырашыць праблему нестыкоўкі школьнай праграмы з заданнямі цэнтралізаванага тэсціравання.

Не засталася ўбаку і спартыўная тэма, у прыватнасці, чэмпіянат Еўропы па футболе, які праходзіць у Францыі. "Адсочваю асноўныя матчы. Не балею ні за каго. За футбол. І спрабую зразумець, у якім напрамку цяпер развіваецца футбол, - сказаў Прэзідэнт. - Я гляджу футбол з гэтых пазіцый. Гляджу, што ж трэба для таго, каб у нас футбол развіваўся, і што трэба для падрыхтоўкі нацыянальнай каманды".