Рабочая паездка ў Ельскі раён Гомельскай вобласці

  • 17

Беларусь зрабіла правільна, пайшоўшы па шляху рэабілітацыі тэрыторый, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Аб гэтым 26 красавіка заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання Ельскага раёна Гомельскай вобласці.

Рабочая паездка Прэзідэнта пачалася з наведвання сельгаспрадпрыемства "Дабрынь", дзе яму далажылі аб вытворча-эканамічным развіцці рэгіёна, завяршальным этапе вясенніх палявых работ, мерапрыемствах па стварэнні трывалай кармавой базы для забеспячэння інтэнсіўнага развіцця жывёлагадоўлі.

У час аднаго з дакладаў было закранута пытанне аб больш пашыраным выкарыстанні "зялёных тэхналогій" у сельгасвытворчасці. "Выходзіць (на добрыя паказчыкі ўраджайнасці) трэба толькі за кошт арганікі, - адзначыў Прэзідэнт. - Да гэтага трэба прывыкаць. Азотныя ўгнаенні трэба ўносіць акуратна. Я вас рыхтую ўжо да "зялёных тэхналогій". Людзі плацяць вялікія грошы за чыстыя прадукты. У нас, дзякуй богу, няма гэтай перадазіроўкі. Трэба на гэтым і спыніцца".

Абмяркоўвалася таксама развіццё льнаводчай галіны. У выніку існуючай на знешніх рынках добрай кан'юнктуры цэн на льновалакно, льновырабляючыя арганізацыі ў першую чаргу зацікаўлены ў экспарце прадукцыі. Разам з тым не да канца загружаны магутнасці айчыннай перапрацоўкі. Урад у гэтай сітуацыі прапануе вырашыць праблему дадатковым рэгуляваннем цэн на ўнутраным рынку.
Аляксандр Лукашэнка даручыў віцэ-прэм'еру Міхаілу Русаму вырашыць пытанне з недахопам паставак сыравіны на Аршанскі льнокамбінат, не адмаўляючыся пры гэтым і ад экспарту. "Калі продаж на экспарт выгадны, то гэтым трэба скарыстацца. Пасейце больш лёну і прадайце", - даручыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў неабходнасць рацыянальнага расходавання сродкаў у сельскай гаспадарцы і строгага захавання ўсіх тэхналагічных ланцужкоў вытворчасці прадукцыі. Нараканні Кіраўнік дзяржавы выказаў і наконт нядбайнага ўтрымання і захоўвання тэхнікі, што пакуль мае месца ў шэрагу гаспадарак.

У цэлым Аляксандр Лукашэнка даручыў да 1 мая ў асноўным завяршыць пасяўныя работы ў сельгасарганізацыях. "Але ўсё трэба рабіць вельмі якасна", - дадаў ён.

Сярод тэм рэгіянальнага развіцця асобна можна вылучыць даручэнне Кіраўніка дзяржавы вярнуцца да прапрацоўкі пытання аб магчымасці будаўніцтва чыгуначнай веткі для дастаўкі шчэбеню з Глушкавіцкага радовішча ў Лельчыцкім раёне. У выпадку рэалізацыі гэта патанніць транспартныя расходы, створыць дадатковыя рабочыя месцы.

У час наведвання аграгарадка Дабрынь Прэзідэнт даручыў у бліжэйшыя гады прывесці ў ідэальны стан раённыя цэнтры і аграгарадкі. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што аграгарадкі павінны выконваць ролю цэнтраў жыцця ў вёсцы. Разам з тым неабходна ўдзяляць увагу стварэнню належных умоў для жыцця і ў вялікіх вёсках. Гаворачы пра малыя, так званыя неперспектыўныя, населеныя пункты, Прэзідэнт адзначыў, што для мясцовых жыхароў, тым не менш, павінен прадастаўляцца хаця б мінімальна неабходны набор паслуг.

Прэзідэнту далажылі аб развіцці сацыяльнай інфраструктуры аграгарадка, стварэнні ўмоў для адукацыі, заняткаў спортам, правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з работай дзіцячага сада, Дома культуры і спартыўнага комплексу.

Асаблівую ўвагу Кіраўнік дзяржавы ўдзяліў пытанню гандлю ў вёсцы, наведаў мясцовы магазін. Тут абмяркоўвалася работа арганізацый Белкаапсаюза, новыя падыходы ў гандлёвым абслугоўванні сельскага насельніцтва.

У час размовы з мясцовымі жыхарамі была ўзнята тэма выкарыстання лішку электраэнергіі, які ўтворыцца ў Беларусі пасля запуску будуемай АЭС. "Суседзі наўрад ці змогуць купіць у нас гэту электраэнергію. У Расіі таксама лішак, ва Украіне электраэнергіі хапае. У Еўропе свая электраэнергія. Значыць, гэта тавар, ідзе канкурэнцыя. Яе прадаць будзе цяжка", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Таму сёння трэба рыхтавацца да таго, каб замест газу, нафты выкарыстоўваць электрычнасць".

Прэзідэнт лічыць неабходным ужо цяпер пры ўводзе ў строй новых аб'ектаў, жылля прадугледжваць больш шырокае выкарыстанне электраэнергіі.

У Ельску Аляксандр Лукашэнка прысутнічаў на фінальным канцэрце творчага марафону "Адраджэнне", прысвечанага 30-й гадавіне катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У сваім выступленні Прэзідэнт падкрэсліў, што беларускі народ праявіў сапраўдны гераізм, пераадольваючы наступствы катастрофы, якая стала агульным болем для Беларусі, Украіны і Расіі. "Думаю, менавіта ў гэты памятны дзень з гомельскай зямлі як ніколі актуальна прагучыць заклік да аб'яднання намаганняў дзеля таго, каб на змену "чорнай былі" для нашых народаў прыйшло шчаслівае заўтра, каб спынілася тая вакханалія, якая сёння прыпынена, але не ліквідавана на ўсходзе Украіны", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што беларускія рэгіёны, якія зведалі радыяцыйнае забруджванне, дзякуючы прыкладзеным намаганням удалося ператварыць у зоны дзелавой актыўнасці. "Тут рэалізуюцца важныя інвестыцыйныя праекты, усё больш упэўнена становіцца на ногі прадпрымальніцтва", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Дэмаграфічная сітуацыя ў чарнобыльскіх раёнах таксама стала лепшай, нараджальнасць няўхільна расце, а смяротнасць зніжаецца.

Вельмі важна, на думку Прэзідэнта, і тое, што не забыта духоўная сфера. У старажытных самабытных гарадах і вёсках беражліва захоўваюцца культурныя традыцыі, унікальныя абрады і народныя рамёствы.

"Цяпер мы ўжо ставім задачу не проста адрадзіць абпаленыя Чарнобылем рэгіёны, а забяспечыць іх далейшае паўнацэннае развіццё. Пры гэтым не маем намеру адступаць ад той палітыкі, што праводзілі да гэтага часу ў адносінах да людзей, якія пражываюць на гэтых тэрыторыях. У мінулай пяцігодцы мной было прынята рашэнне аб перадачы ўсіх "чарнобыльскіх" грошай на месцы ў распараджэнне мясцовых органаў улады і людзей", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт дадаў, што такое ж рашэнне прынята і на бягучую пяцігодку, каб улада на месцах разам з народам сама думала, куды ўкладваць гэтыя сродкі: у газіфікацыю, будаўніцтва дарог або добраўпарадкаванне.

Аляксандру Лукашэнку ў час канцэрта ўручылі 30-метровы неглюбскі ручнік-абярэг "Кола жыцця" ў гонар гадавіны на Чарнобыльскай АЭС. Унікальны ручнік быў створаны ткачыхамі з вёскі Неглюбка Гомельскай вобласці і сімвалізуе 30 гадоў, якія мінулі з дня аварыі. Кіраўніка дзяржавы папрасілі захоўваць ручнік у Палацы Незалежнасці, каб ён аберагаў краіну ад войнаў і катастроф.

У час рабочай паездкі Прэзідэнт таксама адказаў на пытанні журналістаў. Адно з пытанняў, зразумела, датычылася намаганняў па пераадоленні наступстваў катастрофы на ЧАЭС, аб выніках якіх можна меркаваць і на прыкладзе Ельскага раёна.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што калі стаў Прэзідэнтам Беларусі, перад ім стаяў сур'ёзны выбар, што рабіць адносна пацярпелых тэрыторый. "Людзі былі напалоханы. Але я ўсім сэрцам і душой разумеў, што гэта - наша зямля і яе трэба адраджаць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы зрабілі нямала і прынялі правільнае рашэнне, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - За пяцігодку, якая пачалася, пры ўсіх праблемах і складанасцях, мы канчаткова вырашым усе пытанні, звязаныя з поўднем нашай краіны, каб гэтыя землі забылі трагедыю, што адбылася".

Прадстаўнікоў СМІ таксама цікавіла пяцігадовая праграма, якая рыхтуецца да Усебеларускага народнага сходу, наколькі яна будзе рэалістычнай з улікам цяперашняй эканамічнай сітуацыі. "Праграма будзе абсалютна рэалістычнай. Мы будзем планаваць, зыходзячы з нашых магчымасцей. У тым, што мы можам значна дабавіць, няма ніякіх сумненняў. Залог гэтага - мадэрнізацыя, якую мы правялі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што з улікам хвалепадобнага развіцця сусветнай эканомікі на змену крызісным з'явам абавязкова прыйдзе рост. "Гэта яшчэ больш узмоцніць нашы магчымасці. Таму што павінны даць аддачу мадэрнізаваныя прадпрыемствы, а іх вялікая колькасць. І мы не спыняемся. Пры ўсіх складанасцях галоўная наша задача - мадэрнізацыя і абнаўленне вытворчасці на інавацыйнай аснове", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Праграма для таго і робіцца, каб быць рэалістычнай і паказаць шляхі выхаду з існуючага становішча і напрамкі руху наперад", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Адно з пытанняў датычылася меркавання Кіраўніка дзяржавы ў сувязі з нядаўнім абнародаваннем "панамскага архіва", у выніку чаго ў шэрагу краін адбыліся карупцыйныя скандалы. "Гэта толькі спроба падступіцца да выкрыцця карупцыйных дзеянняў гэтай сусветнай мафіі, на чале якой палітыкі, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Гаварыць аб тым, што гэта магутная антыкарупцыйная хваля, не трэба".

Журналісты таксама спыталі ў Прэзідэнта аб яго чаканнях ад маючай адбыцца Алімпіяды ў Бразіліі ў частцы перспектыў беларускіх атлетаў. Кіраўнік дзяржавы, аднак, не стаў даваць канкрэтных ацэнак і рабіць прагнозы: "Бліжэй да Алімпіяды мы на гэта паглядзім і правядзём адпаведнае мерапрыемства. Як Прэзідэнт НАК я абавязаны буду правесці гэты агляд".

Разам з тым, Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што прафесійны спорт у свеце даўно стаў палітыкай і часткай фармакалогіі. "Цяпер я з вялікай насцярожанасцю, але надзеяй чакаю Алімпійскіх гульняў. Але будзе вельмі цяжка. Спорт стаў палітыкай. Цяпер цяжка змагацца з вядучымі краінамі свету. Таму што чыстага спорту вельмі мала", - заявіў ён.

"Я катэгарычна за тое, каб спорт быў чыстым. Таму што ў такім спорце нам лягчэй будзе перамагчы. А спаборнічаць з тымі, хто навучыўся абыходзіць допінгавыя рэчы, нам вельмі складана. Цяпер спорт - гэта ўжо не той чысты спорт, якога нам хацелася б", - дадаў Прэзідэнт.