Рабочая паездка ў Брэсцкую вобласць

  • 16

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 сакавіка зрабіў рабочую паездку ў Брэсцкую вобласць. Кіраўнік дзяржавы наведаў Баранавіцкі раён, дзе сустрэўся з актывам раёна і горада Баранавічы.

На сустрэчы Прэзідэнт падкрэсліў, што Баранавічы адыгрываюць важную ролю ў транспартнай інфраструктуры Беларусі.

"Баранавічы - горад асаблівы. Трэба мець на ўвазе, што ён знаходзіцца на скрыжаванні ўсіх дарог і шляхоў, у тым ліку галоўнай нашай магістралі, якая ідзе з Кітая на захад Еўропы. Сёння ўжо так трэба гаварыць. І гэты напрамак - па чыгунцы, паветраным транспартам і аўтамабільным - будзе толькі ўзмацняцца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што Баранавіцкі раён - адзін з буйнейшых у Брэсцкай вобласці, таму да яго асаблівая ўвага. У мінулым годзе тут выраслі аб'ёмы прамысловай вытворчасці, экспарт тавараў і паслуг, прамыя замежныя інвестыцыі. Пры гэтым узровень беспрацоўя захоўваецца адносна нізкім.

У бягучым годзе, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы, у раёне трэба будзе мабілізаваць усе рэсурсы, каб дасягнуць новага ўзроўню развіцця эканомікі і сацыяльнай сферы. Для гэтага, на яго думку, усё ёсць. "Трэба значна павялічыць вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі, палепшыць фінансавыя паказчыкі прадпрыемстваў (гэта самае галоўнае) і вельмі важна стварыць новыя рабочыя месцы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт спытаў, што неабходна зрабіць для ўстойлівага росту эканомікі горада і раёна, якія ёсць рэзервы для істотнага павышэння сацыяльных стандартаў жыцця ў раённым цэнтры і сельскай мясцовасці. "Калі ёсць праблемы, то патрэбны прадуманыя, канкрэтныя прапановы па іх вырашэнні. Людзі чакаюць ад нас своечасовага вырашэння надзённых пытанняў, прынцыповасці, адкрытасці, шчырасці і асабліва справядлівасці", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ўважліва азнаёміўся са зваротамі грамадзян, якія паступілі ў час "Вялікай размовы з Прэзідэнтам". "Я іх пачуў, я прачытаў усё, добрае і гадасці, на ўсіх форумах, у сацыяльных сетках, у афіцыйных, апазіцыйных і іншых сродках масавай інфармацыі. Я ўсіх пачуў", - адзначыў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што да свайго прыезду ў Брэсцкі рэгіён ён даручыў правесці сацыялагічныя даследаванні, якія паказалі, што людзей больш за ўсё хвалюе рост цэн.

"Я на гэта звяртаю асаблівую ўвагу. Я даручыў Кіраўніку Адміністрацыі неадкладна ўзяць на кантроль пытанні росту цэн і заработнай платы", - заявіў беларускі лідар.

"Цэны, выплата зарплат, рабочыя месцы і памер заработнай платы і пенсій", - пералічыў Прэзідэнт пытанні, якія даручана трымаць на кантролі.

Ён звярнуў увагу: мала таго, што не заўсёды ёсць магчымасць плаціць вялікую зарплату, якая ў цэлым задавальняла б работнікаў, але часам не заўсёды яна выплачваецца ў тэрмін. Дарэчы, у Брэсцкай вобласці па стане на 1 сакавіка апошняй абазначанай праблемы няма.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што як зарплаты, так і пенсіі ў першую чаргу залежаць ад эканамічнага развіцця і эфектыўнай работы прадпрыемстваў. Неабходны ініцыятыва і намаганні на месцах. "Вырабіў тавар - прадаў - плаці зарплату. Ніхто не перашкаджае. Я ж у вас не адбіраю. Але калі нехта думае, што мы будзем плаціць заработную плату тым, хто сёння "шалтай-балтай" працуе і зарабляе там Br600-700, як пішуць, а мы будзем даплачваць да Br1100, то вы павінны разумець, за кошт каго. Мы што, павінны адабраць у некага грошы, хто больш зарабляе, і аддаць тым, хто менш? Гэта няправільна!" - заявіў ён.

Прэзідэнт даручыў да 1 верасня 2020 года выйсці на сярэднюю зарплату ў Баранавіцкім рэгіёне ў памеры Br1 тыс. "На працягу двух гадоў у Баранавіцкім рэгіёне вышэй за Br1 тыс. павінны быць зарплаты. А дакладней - да 1 верасня будучага года", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым ён папярэдзіў, што размова ідзе аб устойлівым узроўні заработнай платы, а не аб росце ў нейкі канкрэтны месяц, пасля чаго адбываецца істотнае падзенне. "Па зарплатах устойліва да 1 верасня будучага года вы павінны мець Br1 тыс. Таму што ўклад Баранавіч і вашага рэгіёна ў цэлым у скарбонку росту сярэдняй зарплаты вобласці і нават краіны значны", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў параўнанні з Аршанскім раёнам, аднаўленнем і развіццём якога цяпер актыўна займаюцца, у Баранавічах сітуацыя значна лепшая. "У вас няма гэтай катастрофы, але адсюль не меншая праблема, таму што прамысловасць тут, напэўна, разы ў тры больш маштабная, чым у Оршы. Мы з кіраўнікамі яшчэ не раз сустрэнемся. Я спецыяльна папрасіў сабраць актыў, каб кіраўнікі дакладна ўяўлялі, чаго я патрабую ад вас і што хачу бачыць у Баранавіцкім рэгіёне. Гэтак жа будзе і па іншых такіх буйных гарадах", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Галоўнае - гэта прадпрыемствы: сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, прамысловасці, транспарту... Мы павінны мець на кожным прадпрыемстве план развіцця, асновай якога з'яўляецца мадэрнізацыя і ўдасканаленне ўсіх працэсаў і выхад на больш высокі ўзровень", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт звярнуў увагу і на кадры, засяродзіўшы ўвагу на адказнасці кіраўнікоў на месцах. "Трэба пад напружаннем трымаць кожнага кіраўніка. Вы павінны іх увесь час трымаць у форме. Яны павінны адчуваць сваю адказнасць за даручаны ўчастак", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Адначасова Прэзідэнт запэўніў, што тым, хто аб'ектыўна трапіў у складаную сітуацыю, будзе аказана падтрымка. "Калі я сапраўды ўбачу, што вы ў складаную сітуацыю трапілі, мы, вядома ж, вам дапаможам у гэтым плане. Але калі гэта расхлябанасць і непарадак, калі нехта на месцах - кіраўнікі і калектыў - не варушыцца, вы не разлічвайце, калі ласка, на тое, што Прэзідэнт у некага забярэ, а вам нешта дасць", - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.

Аналагічна падтрымка і фінансаванне будзе выдзяляцца на перспектыўныя праекты. "Калі вы вырашылі адкрыць супервытворчасць, якая заўтра акупіцца, і ёсць у вас праект - добра, я гатовы падтрымліваць. Прапануйце гэтыя праекты будучыні", - запэўніў ён.

Прэзідэнт адзначыў, што свет глядзіць сёння на Беларусь, і многія краіны разлічваюць на яе падтрымку. "Варта сказаць слова - і адразу пайшла хваля, пачынаючы з Мінска, на Усход, на Захад. Усе разглядаюць нас і так і сяк. Гэта зразумела, таму што Беларусь стала эпіцэнтрам нашага рэгіёна па прычыне таго, што мы з вамі, сціснуўшы зубы, вытрымалі ўсе нападкі, выцерпелі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Увесь свет сёння глядзіць на Беларусь, пачынаючы з тых краін, якія знаходзяцца ў нашым рэгіёне - Нарвегія, Швецыя, Фінляндыя, заканчваючы далёкай дугой, афрыканскай".

"Усе ведаюць пра Беларусь, і многія разлічваюць на тое, што Беларусь і тэхналагічна, і "мазгамі" зможа аказаць ім адпаведную падтрымку. Мы не супраць, але гэта каштуе грошай, за гэта трэба плаціць. На гэтым мы павінны зарабляць. Але зарабляць мы можам, толькі з'яднаўшыся ўсе разам і дзейнічаючы ў вызначаным напрамку. Пры гэтым не трэба зацягваць паясы, ужо назацягваліся, хопіць. Не трэба людзей палохаць, трэба проста працаваць, забяспечваючы сябе і сваю сям'ю, свой рэгіён і сваю дзяржаву, у якой нам з вамі жыць", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што, калі Беларусь набыла незалежнасць, у яе не было вялікіх рэсурсаў, сфарміраваных органаў улады. "Мы атрымалі незалежнасць, нам было няпроста. Нас сёння папракаць няма ў чым. Мы тады вымушаны былі, не абапіраючыся ні на каго, ствараць сваю незалежную, суверэнную дзяржаву. Мы гэта з вамі зрабілі. Нашаму пакаленню ёсць што сказаць тым, хто ідзе на змену нам", - падкрэсліў ён.

Гаворачы аб праведзеных у рэгіёне напярэдадні рабочай паездкі даследаваннях на эканамічную і палітычную тэматыку, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што падрабязна азнаёміўся з іх вынікамі. "Яны маюць пакуль закрыты характар. Я не скажу, што я не задаволены", - сказаў ён.

"Я чую не толькі тыя 80 % насельніцтва Брэсцкай вобласці і, у прыватнасці, Баранавіч, якія ўвогуле станоўча ставяцца да Прэзідэнта, але і тыя 20%, якія не вызначыліся яшчэ да гэтага часу ў стаўленні да Лукашэнкі або не падтрымліваюць Прэзідэнта. Я вас не дзялю, усе вы мае людзі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Даручана трымаць на кантролі кожнае пытанне, якое абазначана грамадзянамі. "Нічога тут адрознага ад нядаўняй "Вялікай размовы" (ад тэматыкі праблемных пытанняў, што паступілі. - Заўвага) няма. У гэтым рэчышчы людзі звяртаюцца і да мяне, і да ўлад. Але ўвогуле сітуацыяй я задаволены - тым, як ацэньваюць людзі тут уладу. І не толькі Прэзідэнта, але і ўсю вертыкаль. І губернатара, і аблвыканкам больш за палову ацэньвае станоўча, што рэдка бывае. І кіраўніцтва Баранавіцкага раёна і Баранавіч палова прыкладна станоўча ацэньвае. Гэта ўжо добра, таму што вы твар у твар з людзьмі", - адзначыў Прэзідэнт.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, перш за ўсё стаіць задача развіць эканоміку рэгіёнаў і на гэтай аснове вырашаць сацыяльныя пытанні, скараціўшы да мінімуму разрыў ва ўзроўні жыцця насельніцтва, сацыяльна-эканамічнага развіцця тэрыторый.

"Таму для таго, каб тут дзеці вашы і ўнукі жылі, трэба стварыць умовы. Умовы не горшыя, чым у лепшых месцах нашай Беларусі. І перад намі стаіць задача перш за ўсё развіць эканоміку рэгіёнаў, каб былі рабочыя месцы і была зарплата для людзей", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Людзі павінны жадаць і мець магчымасць жыць усюды ў Беларусі, у тым ліку ў Баранавічах", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Адзіная небяспека нашаму развіццю - ніякая не ідэалогія, ніякія не сродкі масавай інфармацыі, ні "перадавыя", ні традыцыйныя, ні інтэрнэт, самая вялікая небяспека - у нас саміх. Калі мы будзем на належным узроўні падтрымліваць наша эканамічнае развіццё, калі мы кожны год, кожную пяцігодку хаця б пакрыху будзем рухацца наперад і прыбаўляць, наша краіна заўсёды будзе стабільнай і ніхто нас нікуды не паверне - не зможа. Таму галоўнае - эканоміка", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яго прыезд у Баранавічы - гэта прадаўжэнне работы па развіцці рэгіёнаў, якая пачалася ў Аршанскім раёне. "Вельмі важна было ўсе гэтыя ідэі, якія я прапаноўваў, адпрацаваць на той зямлі, якую добра ведаеш, а потым гэты вопыт перакласці на такія гарады", - растлумачыў Прэзідэнт.

"У Оршы быў цяжкі вопыт. Там мы страцілі практычна палову Урада. Не хацелася б, каб гэта здарылася і ў Брэсцкай вобласці. Выбачайце, што я вымушаны аб гэтым гаварыць, але мяне ведаеце: калі я прыехаў да вас, мы з вамі дамовіліся, мною прынята рашэнне - вы павінны яго выконваць. Я ўбаку стаяць не буду", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу на вялікі эканамічны патэнцыял у сельскагаспадарчай галіне. "Лён вырабляем, малако... Сёння няма такой на нафце рэнтабельнасці. На беларускай нафце, якую мы крыху прадаём, - самая добрая лёгкая нафта - мы там не маем такой рэнтабельнасці. Таму можна жыць і працаваць. І некаторыя фермерскія гаспадаркі, якія ў нас займаюцца бульбай, цыбуляй і іншымі агародніннымі культурамі (і не толькі агародніннымі), маюць добрыя заработкі і добрую рэнтабельнасць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"На зямлі, вядома, мільярдэрам і, можа, нават мільянерам не станеш, але калі добра працаваць, можна нармальна жыць", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што трэба аналізаваць рынкі і арыентавацца на тыя віды прадукцыі, якія найбольш запатрабаваны. Акрамя таго, у сувязі з кліматычнымі змяненнямі, што адбываюцца ў Беларусі,  з'яўляецца магчымасць вырошчваць і некаторыя нетрадыцыйныя культуры. "Таму думайце, перш чым развіваць сельскую гаспадарку, якія віды прадукцыі, які тавар вы хочаце вырабіць і дзе вы прадасце гэты тавар", - дадаў Прэзідэнт.

"Мы вырабім больш мяса і малака - не пытанне. Але трэба разумець, што мы з ім будзем рабіць. У той сітуацыі, калі старэйшы брат перад намі дзверы зачыніць адны, другія, у Еўрапейскі саюз... нас не вельмі вітаюць там, таму што ў іх свайго дабра гэтага хапае - малака і мяса, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Таму мы вымушаны ісці туды - на далёкую дугу. Добра, што з Кітаем добрыя адносіны. Таму, вырабляючы нейкі тавар, трэба разумець, што мы з ім будзем рабіць".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў той жа Брэсцкай вобласці і Баранавіцкім раёне шмат незапатрабаваных зямель - уздоўж рэк, вакол населеных пунктаў. "Хапае, як у народзе кажуць, і бардачка, што недапушчальна. І за гэтыя два гады трэба прывесці ў парадак!" - запатрабаваў ён.

Разам з тым паўстае пытанне, што рабіць на гэтых землях. Напрыклад, вакол рэк, дзе глеба пераўвільготнена. "А што, у нас не хапае культур, якія трэба высаджваць і высяваць на пераўвільготненых глебах? Хапае!" - канстатаваў беларускі лідар.

Аналагічна і ў іншых месцах у залежнасці ад тыпу глеб і ўмоў трэба вызначыць, як менавіта вяртаць землі ў севазварот, што на іх вырошчваць. "Не хачу нахрапам ісці, але клімат у краіне змяніўся. Асабліва ў вас і ў Гомельскай вобласці. Ужо да Мінска такі клімат, які некалі быў у раёне Кіева і ніжэй. Я вясковы чалавек, нямала пражыў, назіраю за змяненнямі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым ён нагадаў аб дамоўленасці з Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам аб садзейнічанні ў развіцці ў Беларусі садаводства з выкарыстаннем таджыкскага вопыту і сартоў. У тым ліку вырошчвання вінаграду, які ў зімовы перыяд у Таджыкістане вытрымлівае маразы і да мінус 25 градусаў. "10 гектараў у Гомелі, 10 гектараў у Брэсце высадзілі, прывезлі на самалётах гэту лазу, каб імпартазамяшчэннем займацца. Мы ў сябе яго ўжо можам вырасціць. Гэта адзін з напрамкаў. Гэта мае эксперыменты. Я не кажу пра нейкія кавуны, пра традыцыйныя нашы культуры - вырошчванне бульбы, прычым самых сучасных сартоў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт лічыць, што ў сельгасвытворчасці неабходна выходзіць на новы ўзровень і вырабляць тое, што можа здзівіць людзей. "А бульба і іншыя культуры могуць здзівіць, калі яны вырашчаны па зялёнай тэхналогіі. Тут мы можам узяць традыцыйна добрыя грошы. А пашыраць вытворчасць у аб'ёмах трэба за кошт нетрадыцыйных для нас культур", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Таксама ён адзначыў, што ў першую чаргу важны не паказчыкі і аб'ёмы вытворчасці ў той ці іншай сферы, а эфектыўнасць вытворчасці і канчатковы вынік у выглядзе рэнтабельнасці.

Гэта дыктуюць сучасныя патрабаванні жыцця, умовы на знешніх рынках, якія дынамічна мяняюцца. "Мне паказчыкі не патрэбны. Мне патрэбны грошы. І не мне, а вам", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, напрыклад, няма сэнсу дакладваць аб гераізме ў ходзе пасяўной кампаніі. "Пасеем. Гэта не пытанне. Мы сёння сабраліся гаварыць аб перспектывах", - сказаў Прэзідэнт.

"Нельга хадзіць па наезджанай каляіне. Неабходна кожны дзень сядзець і думаць, чым будзем заўтра займацца", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што патрэбна дыверсіфікацыя не толькі экспарту або імпарту, але павінна быць і дыверсіфікацыя вытворчасці.

Адначасова Кіраўнік дзяржавы чарговы раз папярэдзіў аб недапушчальнасці карупцыі і ў гэтым плане выкараненні рознага пасрэдніцтва. "Пачынайце працаваць разам з Камітэтам дзяржкантролю і людзьмі з цяжкімі пагонамі. Паслабленняў тут не будзе", - заявіў Аляксандр Лукашэнка. Паводле слоў Прэзідэнта, задачы па навядзенні парадку ў гэтай сферы пастаўлены і перад кіраўніцтвам Адміністрацыі Прэзідэнта.

Аляксандр Лукашэнка таксама зрабіў шэраг заяў адносна таго, якія ў краіне на сучасным этапе патрэбны замежныя інвестыцыі.

"Мінуў той час, калі мы кідаліся на любыя замежныя інвестыцыі. Адна справа, калі прыходзіць да цябе інвестар і працуе ў тых жа ўмовах, што працуюць "Атлант", БелАЗ, МАЗ і гэтак далей. Калі ён прыйшоў, уклаў грошы, плаціць падаткі, зарплату... Зусім іншае, калі ён прыходзіць, патрабуе пэўных ільгот і нічога, акрамя зарплаты людзям, не плаціць. Напэўна, ужо такіх інвестараў асабліва за руку цягнуць не трэба. За выключэннем, калі гэта найноўшыя тэхналогіі, якіх у нас няма", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

"Нам патрэбны інвестыцыі, якія будуць на карысць нашым людзям і нашай дзяржаве ў выглядзе дабаўленай вартасці, якая застанецца ў нас, каб быў прыбытак, былі падаткі, каб прадпрыемства развівалася. Не проста кідацца на нейкую капейку. Ён (інвестар. - Заўвага) прывязе, размесціць вытворчасць і ўсё, што тут атрымае, вывезе, не заплаціўшы ні капейкі падаткаў. Таму інвестыцыі ад інвестыцый адрозніваюцца", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, Прэзідэнт даручыў удзяліць у Беларусі ўвагу абнаўленню садоў, частка з якіх ужо старыя і не ўрадлівыя. "Старыя сады - трэба даць каманду губернатарам і строга запатрабаваць. Трэба павыкарчоўваць гэта старое. Самыя добрыя ўрадлівыя землі занялі, а ў выніку - чорт нагу зломіць. Няма ўжо там ніякіх садоў і няма там ніякага яблыка - таго, якое было ў савецкі час", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі селекцыянерамі і практыкамі ў сельскай гаспадарцы напрацаваны цудоўныя тэхналогіі ў сферы садаводства, у прыватнасці вырошчванні яблыкаў. "І сарты, і раянаваныя, і сваіх хапае, і з палякамі працавалі. І ў рэгіёнах краіны шмат такіх садоў пасаджана. Таму трэба абнаўляць сады або на гэтым месцы ствараць вытворчасць якіх-небудзь новых фруктаў. Або проста ў севазварот запускаць гэтыя землі па 50-100 га", - даручыў беларускі лідар.

У час сустрэчы Прэзідэнт закрануў таксама пытанне перапрацоўкі смецця. "Я сам некалі, абдумваючы гэта пытанне, прыйшоў да адназначнай высновы: калі б мы больш дбайна падыходзілі да гэтых рэсурсаў, мы на 50% былі б багацейшыя. Гэта значыць, мы сябе абядняем напалову. Аўчынка варта вырабу, і гэтым трэба займацца, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - За смеццеперапрацоўку ва ўсіх краінах змагаюцца, таму што гэта сартаванне - рэнтабельная вытворчасць".

Прэзідэнт прывёў у прыклад Швейцарыю: "Яны ж не вырабляюць шкло, як мы, традыцыйным спосабам. Яны бяруць і з бою шклатары вырабляюць усё шкло".

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця гатовы падтрымліваць Беларусь у пытаннях перапрацоўкі другаснай сыравіны, і краіна будзе рухацца ў гэтым напрамку. "Ён гатовы нам даць крэдытаў, і нямала, пад мізэрны працэнт менавіта для дарог, для вады, для ачысткі ад прымесей жалеза і перапрацоўкі смецця. Добра, што да нас яны пайшлі, і нам трэба гэтым займацца", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт сарыентаваў вертыкаль улады на эфектыўную работу ў перадвыбарныя гады. "Трэба старацца заваёўваць давер людзей. Тым больш у гэтыя два гады, калі мы будзем здаваць экзамен. Людзей крыўдзіць ні ў якім разе нельга, але і ўводзіць у зман іх таксама нельга. Трэба зрабіць тое, што застанецца назаўсёды", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ніхто не ўтойвае той факт, што ў наступныя два гады - напярэдадні прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў - будзе весціся напружаная работа, дадаў Аляксандр Лукашэнка. "Але будзем працаваць так, каб гэта засталося і пасля перадвыбарнай кампаніі, каб нас людзі не папракнулі ў тым, што мы напярэдадні нейкіх палітычных падзей, перш за ўсё выбараў, нешта такое зрабілі, каб падсаладзіць людзям жыццё, а потым пра іх забудзем. Гэтага ніколі не было і не будзе! У нас іншая палітыка", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт дадаў, што такія сустрэчы з актывамі рэгіёнаў у далейшым стануць традыцыйнымі. "Мы будзем удзяляць сур'ёзную ўвагу развіццю раёнаў, малых і сярэдніх гарадоў. І перш за ўсё гэта будзе звязана з неабходнасцю забяспечыць раўнамернае размеркаванне прадукцыйных сіл у краіне", - сказаў ён.

Беларускі лідар адзначыў, што перад яго прыездам Баранавічы прывялі ў парадак. Адзін з жыхароў нават выказаўся ў сродках масавай інфармацыі за тое, каб Прэзідэнт прыязджаў да іх як мага часцей, тады ў горадзе заўсёды будзе парадак.

"Горад прывялі ў парадак, нешта пафарбавалі, адрамантавалі. Гэта зразумела. З-за асаблівасцей майго характару я не цярплю, калі хто-небудзь у госці прыязджае і ў доме не прыбрана. Гэта элементарна. Таму тыя, якія пакутуюць і крытычна ставяцца, няхай не пакутуюць. Яны таксама, калі госць прыязджае, прыбіраюць, падмятаюць, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - А тыя, хто заклікае мяне прыязджаць сюды хаця б адзін раз у год (тады тут навядуць парадак), памыляюцца. Пасля майго прыезду вы самі будзеце наводзіць парадак, будзеце ўтрымліваць горад у такой жа чысціні, якую я ўбачыў сёння, а вы бачыце ўжо некалькі дзён".

"Горад у парадку, але я вельмі баюся, што вы траціце на гэта лішнія грошы. Ні ў якім разе нельга траціць грошы на гэта - людзі самі павінны прыбіраць. Так, калі вуліцу, асфальт падрамантаваць і іншае - які чалавек гэта будзе рабіць? Гэта ўжо мы, дзяржава, павінны адказваць, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Нам людзей папракаць няма за што. Калі мы арганізуем, нашы людзі адгукаюцца з задавальненнем. Беларусы - гэта ўсё ж такі акуратны народ. Яны ганарацца чысцінёй свайго горада, сваёй вёскі, але трэба арганізаваць, трэба папрасіць іх. Трэба іх прыцягнуць да гэтага".

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў таксама на працягу двух гадоў прывесці ў парадак дарогі ў Баранавічах і раёне. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што па гэтым пытанні паступалі скаргі ад мясцовага насельніцтва. "Прывядзіце ў парадак дарогі. Па-гаспадарску", - даручыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў пытанні дарожнага будаўніцтва пакуль яшчэ шмат галавацяпства, у тым ліку ў прымяняемых нормах, у плане выканання тэхналогіі ўкладкі пакрыцця. "Людзі правільна абураюцца. Пазаўчора зрабілі дарогу - яна развалілася. Гэта не толькі настрой людзей, гэта іх матэрыяльны дабрабыт - амаль у кожнага ёсць аўтамабіль. Яны ўклалі туды (у набыццё аўтамабіля. - Заўвага) немалыя грошы і хочуць па нармальных дарогах праехаць", - звярнуў увагу беларускі лідар.

"Дарожнікі да гэтага часу "асвойваюць" выдзеленыя сродкі. Увядзіце жалезабетонную практыку: пабудаваў дарогу, будынак і іншае - гарантыйны тэрмін. Калі нешта здарылася - ідзі і рабі за свой кошт. У нас усюды з гэтым праблема. А за два гады дарогі ў горадзе і за межамі горада прывядзіце ў парадак", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён даручыў КДК узяць гэта пытанне на кантроль.

Прэзідэнт закрануў таксама тэму жыллёвага будаўніцтва і адзначыў, што не лічыць неабходным развіваць яго ў рэгіёнах шляхам узвядзення дамоў вялікай паверхавасці і арыентуе ў тым ліку на актыўнае асваенне тэрыторый у прылеглых да буйных гарадоў населеных пунктах. Размова на мерапрыемстве ішла сярод іншага аб тым, каб выходзіць на пэўныя аб'ёмы жыллёвага будаўніцтва і вырашаць пытанне за кошт вышыннасці жылля.

"Не разганяйцеся на завоблачныя вышыні. Не трэба больш за 10-11 паверхаў дамы будаваць у Баранавічах. Па-першае, ніхто ж, напэўна, з начальнікаў не жыве вышэй за 10-ы паверх. А калі і жыве, то гэта рэдкі чалавек. Я да таго, што не вельмі прыемна людзям жыць там - за аблокамі. Не трэба гэтыя "хмарачосы" будаваць у Беларусі. У нас месца хапае. Будуйце камфортнае жыллё", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў кіраўніцтву Брэсцкай вобласці аб даручэнні па будаўніцтве жылля з абмежаваным прыбыткам у памеры 5%.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што такое жыллё будзе больш даступным для насельніцтва. "Мы эксперымент у Мінску правялі. І я ўчора ўжо Кіраўніку Адміністрацыі паставіў задачу па двух напрамках - пасрэдніках (устараненне неабгрунтаванага пасрэдніцтва. - Заўвага) і па будаўніцтве жылля з 5-працэнтнай рэнтабельнасцю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Правядзіце гэты эксперымент і мне далажыце. Даручыце будтрэсту № 8 пабудаваць гэта жыллё (ААТ "Будаўнічы трэст № 8" г.Брэст. - Заўвага). Ён атрымае грошы і яшчэ ў бюджэт нешта дасць", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка не выключыў, што на месцах не вельмі актыўна ідуць на абмежаванне рэнтабельнасці жылля ў тым ліку па прычыне магчымых карупцыйных інтарэсаў. "Таму што там сваты, кумы, дзеці і палюбоўніцы задзейнічаны ў гэтым жыллі, і ў кішэнь раскладваюць сабе грошы. Што, не так? Праверце", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама падтрымаў ідэю аб развіцці пасёлкаў-спадарожнікаў. "Калі ў вас ёсць побач (такія населеныя пункты. - Заўвага), сувязь добрая - аўтамабільная, аўтобусная, трэба там развіваць будаўніцтва. За 200 тыс. Баранавічы выходзіць не павінны, паколькі вы проста ператворыце горад у мурашнік, і ўжо вам будзе нязручна жыць, не кажучы аб вашых дзецях і ўнуках. Таму акуратна і асцярожна трэба да гэтага падыходзіць. Зыходзьце ў планаванні будаўніцтва менавіта з гэтага", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што мае намер яшчэ раз наведаць Баранавічы ў пачатку другога паўгоддзя. "Я папрашу запланаваць мой візіт у Баранавічы ў пачатку другога паўгоддзя, каб мы бачылі, як пройдзе паўгода, і ў другім паўгоддзі паслухалі ўжо канкрэтна кіраўнікоў. А да гэтага вызначыцеся ва Урадзе і вобласці, якім чынам вы праверыце ўсе суб'екты гаспадарання, прадпрыемствы і прыватнай формы ўласнасці, і дзяржаўнай (для мяне яны ўсе аднолькавыя, а самае галоўнае - там працуюць нашы людзі) на прадмет таго, што кожнае прадпрыемства павінна мець свой план развіцця", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што на ўсіх прадпрыемствах трэба правесці рэвізію, пабываць на іх і паглязець на іх жыццяздольнасць. "Тое, чым мы пачынаем займацца ў Баранавічах, гэта не жарт. Я сказаў, што ў Оршы мы страцілі палавіну ўрада, не гавару ўжо аб кіраўніках ніжэй. Думаю, што вы разумныя людзі і зробіце з гэтага адпаведныя высновы, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Я гатовы працаваць з любым губернатарам, з любым кіраўніком, але павінен быць вынік. А з кіраўнікамі мы асобна сустрэнемся".

Прэзідэнт канстатаваў, што прамысловасць Баранавіцкага раёна ў некалькі разоў больш маштабная за Аршанскі. За гэты рэгіён таксама возьмуцца сур'ёзна. "Таму мы яшчэ з кіраўнікамі не адзін раз сустрэнемся. Я спецыяльна папрасіў сабраць актыў, каб ён добра ўяўляў, што я патрабую ад вас і што хачу бачыць у Баранавіцкім рэгіёне (так будзе і па іншых). Таму рыхтуйцеся, кіраўнікі. Галоўнае, гэта прадпрыемствы - сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, прамысловасці, транспарту і гэтак далей. Мы павінны мець на кожным прадпрыемстве план развіцця, асновай якога з'яўляецца мадэрнізацыя і ўдасканаленне ўсіх працэсаў і выхад на больш высокі ўзровень", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што на стратных прадпрыемствах, няхай яны і невялікія, таксама працуюць людзі, таму трэба падумаць і пра іх. "Калі яны стратныя, уяўляеце, якая ў іх зарплата і якія даходы ў гэтага прадпрыемства? У Баранавічах 30% прадпрыемстваў стратныя. Гэта што, парадак? Вось гэтага не павінна быць рэальна, а не толькі па бухгалтэрыі", - папярэдзіў ён.

Аляксандр Лукашэнка даручыў на працягу двух гадоў прывесці ў парадак рэгіёны, дзе павінна быць забяспечана паскоранае сацыяльна-эканамічнае развіццё. У гэтым пераліку 11 гарадоў Беларусі, у тым ліку Орша і Баранавічы з тэрыторыямі вакол іх.

На сустрэчы прысутнічалі і вышэйшыя службовыя асобы, кіраўніцтва рэгіёна. "Накшталт Оршы вызначаеце групы і пачынайце дзейнічаць. Праводзьце рэвізіі, бярыце скаргі людзей. Два гады - 11 рэгіёнаў такіх, як Баранавічы і Орша, павінны быць прыведзены ў парадак. Там павінны быць усе людзі заняты, дысцыпліна жалезная і нармальная зарплата. Калі нехта працаваць не хоча, пакажыце яму як і прымусьце", - сказаў Прэзідэнт.

На нарадзе аб сітуацыі ў рэгіёне і прымаемых мерах па сацыяльна-эканамічным развіцці падрабязна далажылі як губернатар Анатоль Ліс, так і кіраўнікі мясцовай вертыкалі ўлады ў Баранавічах і Баранавіцкім раёне. Сваю ацэнку стану спраў па канкрэтных напрамках выказаў Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч, які курыруе Брэсцкую вобласць. Аб недапрацоўках і недаглядах гаспадарчай дзейнасці, фактах злоўжывання праінфармаваў удзельнікаў мерапрыемства Старшыня Камітэта дзяржкантролю Леанід Анфімаў.

Аляксандр Лукашэнка пасля сустрэчы з актывам Баранавіч і Баранавіцкага раёна паразмаўляў з мясцовымі жыхарамі. Заўважыўшы на вуліцах прэзідэнцкі картэж, гараджане сабраліся ля будынка гарвыканкама ў чаканні Кіраўніка дзяржавы. Выйшаўшы з будынка, Аляксандр Лукашэнка накіраваўся да іх.

Пасля размовы на вольныя тэмы перайшлі да больш сур'ёзных пытанняў. У першую чаргу жыхары Баранавіч спыталі, чаму растуць цэны на некаторыя прадукты, напрыклад, мяса курыцы. Прэзідэнт падкрэсліў, што з неабгрунтаваным ростам цэн у краіне будуць змагацца.

"Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю прапануе адрадзіць народны кантроль. Прафсаюзам я даручаў, каб яны глядзелі за цэнамі і інфармавалі мяне. Мы паглядзім, хто тут цяпер пачынае сваволіць з гэтымі цэнамі. Таму што няма падстаў для іх росту. Гэта ўжо залазяць у кішэні", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

У той жа час ён растлумачыў, што часам прадпрыемствы вымушаны ўзнімаць цэны на сваю прадукцыю, і тады яна даражэе ў магазінах. "Вы не думайце, што павысілася цана на халадзільнік, і гэта я забраў гэтыя грошы. Не, гэтыя грошы "Атлант", які вырабляе, і атрымаў. Не скажу, што ў іх усё добра, але яны стараюцца, - прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка. - Мы кантралюем і глядзім. Дзесьці аб'ектыўна выраслі цэны".

Пажылыя грамадзяне пацікавіліся, ці будуць расці пенсіі. Прэзідэнт адзначыў, што хоць і крыху, але пенсіі павышаюцца. "Калі б наша эканоміка працавала магутней, было б больш, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - У нас пенсіянеры беларускія: кажуць, што грошай не хапае, а дзецям нешта ў кулачок, у кішэнь пакладуць. Вы іх прымушайце працаваць".

Прагучала ад гараджан просьба павышаць не толькі пенсіі, але і зарплаты. Аляксандр Лукашэнка адказаў, што гэта пытанне таксама абмяркоўвалася сёння на нарадзе. "Мы дамовіліся, што за гэты і наступны год у Баранавічах і ў раёне ў цэлым сярэдняя зарплата павінна быць за тысячу рублёў стабільна. Мне паабяцалі - да першага верасня будучага года. Адразу не рванём, вось такі ў нас арыенцір", - дадаў Прэзідэнт.

Сярод гараджан была і жыхарка Ганцавіч, яна папрасіла Аляксандра Лукашэнку прыехаць з візітам і ў яе населены пункт. Прэзідэнт са шкадаваннем заўважыў, што ўжо даўно не быў у гэтым горадзе. "Я абавязкова ў Ганцавічы прыеду", - паабяцаў ён.

Прэзідэнт у час рабочай паездкі таксама агледзеў лыжаролерную трасу ў аграгарадку Мір. Гэты аб'ект не выпадкова ўключаны ў план паездкі Кіраўніка дзяржавы. У мінулым годзе ў адным з рэпартажаў на беларускім тэлебачанні расказалі аб праблемах з экіпіроўкай у аддзяленні біятлона СДЮШАР Баранавіцкага раёна. Трэнер Вячаслаў Бобуш нават паказаў журналістам дзіравыя лыжныя чаравікі, у якіх даводзіцца займацца дзецям.

Прэзідэнт убачыў гэты сюжэт і даручыў вырашыць пытанні з экіпіроўкай. Сёння ён прыехаў у аграгарадок Мір, каб праверыць, як выканана яго даручэнне, і паназіраць за трэніроўкай маладых біятланістаў.

Кіраўніку дзяржавы паказалі, дзе займаюцца дзеці і які інвентар, у тым ліку беларускай вытворчасці, ёсць у іх на ўзбраенні. Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз акцэнтаваў увагу на выпуску якасных айчынных чаравікаў, лыж і лыжных палак.

Пад раздзявалкі і памяшканні для захоўвання рыштунку на базу прывезлі некалькі чыгуначных вагонаў. "Гэта разумнае прымяненне", - адзначыў незвычайнае рашэнне Прэзідэнт.

Закранаючы падрыхтоўку маладых спартсменаў, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што трэнераў трэба заахвочваць за адбор і падрыхтоўку таленавітых дзяцей. Аляксандру Лукашэнку расказалі, што гэта работа ўжо наладжана. Нават на ўзроўні райвыканкама трэнерам выдзяляецца Br200 за падрыхтоўку першаразраднікаў і яшчэ Br1 тыс, калі спартсмен пераходзіць у вышэйшае звяно падрыхтоўкі.

"Тысяча - гэта мала. Ты заўсёды ў дзіцяці ўбачыш будучага чэмпіёна. І калі ён такога падрыхтаваў і аддае, то гэта не тысяча рублёў", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы, паназіраўшы за трэніроўкамі юных біятланістаў і азнаёміўшыся з добраўпарадкаваннем лыжаролернай трасы, паставіў задачу да мая арганізаваць тут стрэльбішча, а да зімы закупіць тэхніку для падрыхтоўкі трасы. Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў і з самімі дзецьмі, пацікавіўшыся, ці сочаць яны за спаборніцтвамі па біятлоне і як ацэньваюць выступленне беларускіх спартсменаў. "Месца тут добрае, каб трэніравацца. Зімой прыеду да вас, прабяжымся", - сказаў Прэзідэнт.

Міністру спорту ён даў даручэнне наладзіць зручную інфраструктуру, пачынаючы ад такіх невялікіх трэніровачных баз і заканчваючы вялікімі арэнамі. "Гэта ўласнасць, за якую ты адказваеш. Усё ж такі ў краіне створана база па многіх відах спорту, і трэба трымаць гэта ў кулаку, каб дырэктары працавалі як належыць, а не так, як у Палацы спорту", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.