Наведванне пагранзаставы "Дзівін" у Кобрынскім раёне

  • 14
  • 4:26

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 чэрвеня наведаў пагранзаставу "Дзівін" у Кобрынскім раёне, дзе азнаёміўся з мерамі па забеспячэнні пагранічнай бяспекі краіны і мерапрыемствамі па ахове дзяржграніцы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў вельмі развітую і сучасную інфраструктуру пагранзаставы, якая была ўведзена ў эксплуатацыю ў маі 2017 года. Там створаны ўсе ўмовы не толькі для нясення службы, але і для пражывання ваеннаслужачых разам з іх сем'ямі. Пры гэтым увесь комплекс, які ўключае адміністрацыйны будынак, непасрэдна пагранзаставу, шматкватэрны жылы дом, удалося пабудаваць даволі бюджэтна, у сціслыя тэрміны і з выкарыстаннем выключна айчынных будматэрыялаў.

Як далажылі Прэзідэнту, на ўкраінскім напрамку неабходна абсталяваць яшчэ шэсць такіх застаў. Аднак будаваць з нуля давядзецца не ўсюды - месцамі будуць мадэрнізаваны ўжо існуючыя будынкі. Практычна завершаны работы па стварэнні сучасных пагранзастаў на Прыбалтыйскім напрамку, аналагічна і адносна інфраструктуры на граніцы з Польшчай. "Засталася толькі граніца з Украінай. Дзе новыя дабудуем, дзе мадэрнізуем, і да 2024 года мы практычна поўнасцю інфраструктуру дабудуем. Нам толькі застанецца дзесьці кропкава будаваць жыллё", - далажыў Старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Анатоль Лапо.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся тым, як вядуцца работы па дэмаркацыі на граніцы з Украінай. Адпаведная работа вядзецца, і беларускі бок у поўным аб'ёме выконвае свае абавязацельствы па ўзгодненым плане.

Прэзідэнт звярнуў увагу і на чалавечыя аспекты, паколькі многія жыхары прыгранічча ва Украіне традыцыйна збіраюць дзікарослыя ягады ў Беларусі - на тэрыторыі Палескага лясгаса. "Галоўнае - не пакрыўдзіць людзей. Яны ж не вінаватыя, што краіна развалілася. Прывыклі яны туды хадзіць", - сказаў беларускі лідар. Кіраўніку дзяржавы далажылі, што адпаведныя пытанні ўрэгуляваны, штогод ажыццяўляецца сезонны пропуск для збору чарніц і журавін.

Асобна Кіраўнік дзяржавы закрануў сітуацыю на ўсходнім напрамку. Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, каб у дзеянні беларускіх службаў не было фармалізму, а работа вялася рэзультатыўна і эфектыўна. "Але нам нельга прыпадабняцца да расіян. Яны самі не разумеюць, чаго хочуць і што яны робяць на беларуска-расійскай граніцы. Няхай вызначаюцца. Вызначацца - нам не праблема адказаць. Мы гатовы ў любы момант адэкватна даць адказ. Калі яны хочуць закрыць граніцу - калі ласка. Закрыюць - мы ў адказ таксама павінны ўвесці кантроль на граніцы, - падкрэсліў беларускі лідар. - Гатовы з намі як з саюзнікамі, як з роднымі людзьмі ўзаемадзейнічаць... А граніцы - гэта перажытак мінулага, яны карысці мала даюць для стасункаў людзей, тым больш паміж рускімі і беларусамі. Але гэта іх (расійскага боку) права, гэта іх справа".

"Таму нам не трэба спяшацца. Мы павінны бачыць, што яны хочуць. Мы ведаем, дзе яны навыводзілі свае войскі, стварылі камендатуры і іншую інфраструктуру", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што гэта пытанне ў тым ліку будзе абмяркоўвацца ў час маючага адбыцца ў чэрвені Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. "Мы павінны дакладна дамовіцца аб адносінах паміж пагранічнікамі, - сказаў ён. - Не пагранічнікі ж гэта пытанне вырашаюць. Там хапае цэнтраў уплыву і ўздзеяння. Мы цяпер у працэсе вызначэння нашых сумесных паводзін на беларуска-расійскай граніцы. І спяшацца нам тут не трэба. Але тое, што адбываецца, мы павінны бачыць".

Гаворачы аб аптымізацыі ў Беларусі колькасці ваенных структур, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў іншы падыход для органаў пагранслужбы. "Можа, нам не трэба імкнуцца вельмі ўжо скарачацца ў пагранвойсках. Усё ж такі яны тут пастаянна ў баявой гатоўнасці. І абучэнне дай бог. І для будучага яны ўсё ж такі людзям даюць больш навыкаў, хаця б для звычайных мотастралкоў. Можа, нам недзе арміі крыху скараціцца на 2-3 тыс., пакінуўшы ім (пагранічнікам) гэту колькасць. Няхай яны будуць на кожнай заставе па 5-10 чалавек. Не лішнія, а каб больш свабодна служыць у якім-небудзь рэзерве", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, галоўная мэта заключаецца ў больш эфектыўнай падрыхтоўцы ваеннаслужачых. Акрамя таго, ёсць і іншыя плюсы. "Тут на заставе яны жывуць, як дома. Няма гэтай усялякай дзедаўшчыны, нестатутных адносін", - адзначыў ён.

"Мы ж сёння не ваюем - мы рыхтуем людзей, абучаем. Гэта вельмі вялікая работа, якую мы павінны правесці па пераразмеркаванні разам з арміяй асабовага складу органаў пагранслужбы, - заявіў Прэзідэнт. - Калі яны змогуць гэта зрабіць, і гэта для дзяржавы выгадна, і гэта будзе на перспектыву, значыць, мы пойдзем гэтым шляхам. Тут ваеннаслужачых абучаць лепш, чым у арміі. Сістэма іншая, і іх менш".

Да гэтага пытання і свайго даручэння вывучыць магчымасць адпаведных пераўтварэнняў Аляксандр Лукашэнка вяртаўся некалькі разоў у час наведвання пагранзаставы, у прыватнасці пры аглядзе выкарыстоўваемай тэхнікі і ўзбраення, дзе Прэзідэнту паказалі лёгкабраніраваны аўтамабіль, што паступіў нядаўна. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў цяперашніх умовах пры ўзнікненні ўзброенага сутыкнення перш за ўсё спатрэбяцца мабільныя падраздзяленні, а адпаведна і падрыхтаваныя ваенныя кадры.

Прэзідэнту прадэманстравалі і іншую сучасную тэхніку, узбраенне і сродкі, якія ёсць у распараджэнні пагранічнікаў. У іх ліку браніраваная разведвальна-дазорная машына, мабільны патрульны комплекс, снегабалотаходы, аўтажыр, беспілотныя авіяцыйныя комплексы, радыёметрычная лабараторыя і нават перасовачны стаматалагічны кабінет. Аляксандр Лукашэнка таксама асабіста апрабаваў магчымасці мабільнага тэлекамунікацыйнага вузла, звязаўшыся з аператыўным дзяжурным Генеральнага штаба.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з арганізацыяй нясення пагранічнай службы і ўмовамі быту пагранічнікаў.

У час наведвання пагранзаставы Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў назначэнне новага начальніка Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Беларусі. Гэту структуру ўзначаліць Юрый Церцель, які таксама прысутнічаў на мерапрыемстве ў якасці начальніка Асобнай службы актыўных мерапрыемстваў або так званага пагранічнага спецназа.

Апярэджваючы фармалізацыю ўжо абдуманага раней кадравага рашэння, Аляксандр Лукашэнка даручыў навесці ў дзяржінспекцыі жалезны парадак. "Гэта нядобра, што некаторыя ў прэзідэнцкай структуры чорт ведае чым займаліся. Галоўнае, каб ты пагаварыў з людзьмі, якія ў гэтым разбіраюцца, - сказаў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да Юрыя Церцеля. - А так я прыязджаю кудысьці на Прыпяць, пачынаюць скардзіцца, што ўсё жыццё жылі тут (мужык злавіў тры рыбіны, нясе на скавараду), а цяпер схапілі-скруцілі і пасадзілі. Гэта значыць, трэба ўлічваць інтарэсы насельніцтва, але так, каб разбою не было".

"Па-другое, выключыць ўсялякія падыходы начальнікаў і іншых. Я перш за ўсё на гэта разлічваю. А то калі раней там пракуроры з міліцыянерамі і іншымі чорт ведае чым займаліся, то цяпер яны ўжо іх абслугоўваюць самі - развозяць вось на такіх машынах. Таму ў інспекцыі трэба навесці жалезны ваенны парадак", - заявіў беларускі лідар.

Пры наведванні пагранзаставы Аляксандр Лукашэнка таксама цёпла паразмаўляў з пагранічнікамі і іх сем'ямі, пагаварыў з імі як пра асабістае, так і пра важныя дзяржаўныя і міжнародныя пытанні. Так супала, што якраз на прыезд Прэзідэнта выпаў дзень нараджэння жонкі начальніка пагранзаставы Сяргея Саўчука - Ксеніі. Кіраўнік дзяржавы асабіста яе павіншаваў, уручыў букет кветак і эксклюзіўны набор шакаладных цукерак.

Улічваючы тое, што Аляксандр Лукашэнка, які таксама служыў на граніцы, прыехаў на заставу ўсяго праз некалькі дзён пасля Дня пагранічніка і векавога юбілею пагранслужбы, усіх цікавіла, як ён сам штогод адзначае прафесійнае свята. "Я помню, што я быў пагранічнікам. Але, напэўна, больш ужо сыны ў мяне святкуюць гэты дзень (Дзень пагранічніка) - нейкія традыцыі і іншае. А ў мяне ўжо агульнае - вось традыцыя - прыехаў да вас; заўтра - у сваім атрадзе, у якім я пачынаў. І пытанні аснашчэння пагранічных войскаў. Гэта ўжо стала маёй традыцыяй і заняткам у гэтай часці", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што служба ў пагранвойсках назаўсёды застанецца важнай часткай яго жыцця. "Я так падумваю часта, што калі б я не трапіў у пагранічныя войскі і не служыў у іх, я не быў бы Прэзідэнтам. У маім жыцці было некалькі такіх момантаў, што, калі б я іх на сваім шляху не прайшоў, я не быў бы тым, кім ёсць цяпер", - сказаў Прэзідэнт.

"У пагранвойскі я пайшоў сам. Скончыў універсітэт у свой час, добра скончыў, я адзіны сын у маці, і з педадукацыяй тады не прызывалі ў войскі наогул. Але ў мяне ўсе мае стрыечныя браты былі пагранічнікамі. І той брат, з якім я вырас, я помню, як ён ішоў у пагранвойскі і вяртаўся - увесь у медалях і ордэнах. Вядома, гэта сфарміравала ў мяне жаданне служыць у пагранічных войсках", - падзяліўся ўражаннямі Аляксандр Лукашэнка.

Ён расказаў, што, калі скончыў ВНУ, на граніцы было ўсяго тры месцы, куды ён мог трапіць з вышэйшай адукацыяй: "Маглі ўзяць толькі трох чалавек - служыць на Кушцы, на Даманскім і Брэсцкім пагранічным атрадзе". "Ну, я - патрыёт - пасля падзей на Даманскім: так, я пайду, кажу, туды служыць. Думаў, калі я так цвёрда пастаўлю пытанне, то КДБ мяне туды адправіць (гэта тады былі войскі КДБ). Помню, маёр мне гаворыць: "У цябе хутка сын народзіцца (я ўжо жанаты быў), які Даманскі, ты ж не ведаеш, што там будзе". Я кажу: "Не, я настойваю: калі не на Даманскі, добра, пайду на Кушку". Ён гаворыць: "Не, пойдзеш у Брэсцкі пагранічны атрад - тут на месцы, бліжэй". Я прыкінуў, думаю, добра, а то наогул не возьмуць", - прадоўжыў Прэзідэнт.

"І вось, калі я прыйшоў у Брэсцкі пагранічны атрад, я зразумеў, што лепш бы я служыў на Даманскім. Гэта кашмарная была служба, і тузалі нас вельмі сур'ёзна, - расказаў Кіраўнік дзяржавы. - Вельмі сур'ёзна ставіліся да абароны дзяржаўнай граніцы. Атрад быў лепшы ў Савецкім Саюзе, але і служыць было вельмі цяжка".

Размова на сустрэчы ішла і аб магчымых ільготах пры паступленні ў ВНУ для тых, хто адслужыў тэрміновую службу. Такое пытанне задаў адзін з ваеннаслужачых.

"Ільготы заўсёды ўводзяцца тады і для тых, калі і ў кім дзяржава мае вострую патрэбу, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Што датычыцца вышэйшай адукацыі, нам вельмі хацелася б, каб і якасць, і, магчыма, крыху большай была колькасць паступаючых у вышэйшыя навучальныя ўстановы ваенных - пагранічнікі нам патрэбны добрыя, ваенныя. Таму мы ім і прадаставілі льготы. Калі заканчваеш службу і захочаш стаць афіцэрам-пагранічнікам, ты атрымаеш гэтыя льготы. Дзяржаве гэта вельмі важна. Але калі ты, дапусцім, захочаш стаць юрыстам ці эканамістам, у нас іх вялікая колькасць па гэтых спецыяльнасцях. Навошта нам яшчэ льгатаваць гэту катэгорыю?"

Гаворачы аб ільготах, Кіраўнік дзяржавы выказаўся за тое, каб захоўваць і нарошчваць спектр аказваемай падтрымкі для сем'яў з дзецьмі. У прыватнасці, ён заявіў, што ў Беларусі не плануецца скарачаць водпуск па доглядзе дзіцяці да трох гадоў, хоць нават у многіх развітых краінах свету на такі працяглы тэрмін ён не прадастаўляецца. "Пакуль мы гэта цягнем. Але астатнія льготы, а думаю, трэба прадастаўляць большыя, калі нараджаецца трэцяе дзіця. Вельмі вялікія. Кватэра... Чацвёртае - яшчэ большыя льготы. Пятае - беспрэцэдэнтная льгота. Я памаленьку гэта пачынаю ўжо рабіць", - заявіў Прэзідэнт.

Ён растлумачыў, што ў беларускіх сем'ях нараджаецца адно або два дзіцяці, а таму асноўны аб'ём падтрымкі неабходна накіраваць на тое, каб у сем'ях з'яўлялася больш дзяцей. "Таму мы будзем вельмі зацікаўліваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што ў Беларусі і так існуюць вялікія льготы для сем'яў з дзецьмі ў параўнанні з замежнымі краінамі. Разам з тым ён канстатаваў наяўнасць дэмаграфічнай праблемы ў краіне, а адпаведна неабходнасці захавання і развіцця практыкі прадастаўлення падтрымкі шматдзетных сем'яў.

Астатнія льготы з цягам часу будуць скарачацца і адпадуць. "Дапусцім, камунальныя паслугі. Вядома, гэта льгота па камуналцы калісьці адпадзе, калі мы ўзнімем вышэй заработную плату. Калі ў нас сярэдняя зарплата будзе каля $1 тыс., або Br2 тыс. Тады можна гаварыць пра поўную аплату камунальных паслуг", - прывёў прыклад беларускі лідар.

Прагучала пытанне і аб далейшай падтрымцы сацыяльных праграм. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сацыяльных праектаў і праграм шмат па розных напрамках, у тым ліку ў сферы жыллёвага будаўніцтва, развіцця населеных пунктаў у сельскай мясцовасці, аўтадарожнай сетцы мясцовага прызначэння, прадастаўляецца сямейны капітал. Дзейнічаюць праграмы і ў сферы адукацыі. "Вельмі шмат гэтых сацыяльных праграм. Палову бюджэту і ВУП, магчыма, нават больш, мы на гэта трацім, улічваючы ахову здароўя, адукацыю і іншыя напрамкі", - сказаў Прэзідэнт.

"Мы будуем сацыяльна арыентаваную дзяржаву. У нас не будуецца алігархічная дзяржава. Мы хацелі б, каб усе людзі, асабліва тыя, хто працуе, мелі нармальнае становішча ў грамадстве", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адказаў таксама на пытанне, што ён лічыць галоўнай пагрозай свету. "Асноўная пагроза, як я яе бачу, - сутыкненні інтарэсаў вялікіх дзяржаў. Паглядзіце, што адбываецца. Галоўнае сутыкненне - гэта ЗША з Кітаем. Кітайцы падняліся, яны выйшлі ў лідары па многіх напрамках. Зразумела, амерыканцы не хочуць страчваць лідзіруючае становішча і свой манапалізм у свеце. Па гэтай лініі адбываецца галоўнае сутыкненне, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Сутыкненне паміж Расіяй і Захадам, Расіяй і ЗША. Ёсць рознагалоссі паміж Індыяй і Кітаем, вельмі шмат праблем паміж Кітаем і В'етнамам па астравах Спратлі".

Прэзідэнт падкрэсліў, што гэтыя сутыкненні ў нечым праяўляюцца. Напрыклад, у сітуацыі ў Данбасе і Сірыі. "Гэта ўжо адкрытае процістаянне", - заўважыў ён.

Што датычыцца Сірыі, Аляксандр Лукашэнка дадаў, што там сутыкнуліся інтарэсы буйных дзяржаў. "Лоб у лоб стаяць на пазіцыях часам Расія, асабліва Іран і ЗША", - заявіў беларускі лідар.

"Гэтак жа і ва Украіне. Мне здаецца, што там, магчыма, і быў бы мір, калі б у гэтым процістаянні не былі зацікаўлены іншыя. Вы ведаеце хто", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ўпамянуў спрэчкі паміж ЗША і Еўрасаюзам адносна паставак сталі і алюмінію, адзначыў выкарыстанне санкцыйнай палітыкі ў вырашэнні тых ці іншых пытанняў. "А што такое санкцыя? Гэта страта грошай, напружанне ў грамадстве. Кожны абараняе свае эканамічныя інтарэсы. Я баюся, каб вось гэтыя гандлёвыя і інфармацыйныя войны не перараслі недзе ў гарачае сутыкненне, асабліва вялікіх дзяржаў, якія маюць пэўныя ядзерныя патэнцыялы. Вось тады будзе горача ўсім", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што малыя і сярэднія дзяржавы, якіх большасць, не павінны, як флюгеры, рухацца ў рэчышчы палітыкі буйных сусветных ігракоў. "Мы павінны праводзіць жорсткую палітыку і разам выступаць за свае інтарэсы", - лічыць беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы ўпамянуў і аб сітуацыі ва Украіне ў плане перспектыў развіцця геапалітычнай абстаноўкі ў рэгіёне. Паводле яго слоў, у гэтым пытанні ёсць некаторая нявызначанасць. "Калі Украіна будзе ў НАТА - іншая сітуацыя, калі не будзе ў НАТА, але там атрымаюць перавагу вельмі нацыяналістычныя тэндэнцыі з арыентацыяй "ваяваць з усімі", то гэта трэцяя сітуацыя - яшчэ больш складаная, - заўважыў ён. - Я часта расіянам гавару, якія баяцца, што Украіна стане натаўскай, што, можа, надыдзе час, калі мы будзем радавацца, што Украіна ў НАТА, а не стала нейкай бандыцкай дзяржавай, дзе будуць асобныя бандфарміраванні і групоўкі, - вось там нам мала не падасца: і Расіі, і Беларусі, і ўсім астатнім".

Плануецца, што Аляксандр Лукашэнка 2 чэрвеня прадоўжыць займацца пагранічнай тэматыкай. Ён наведае Брэсцкую пагранічную групу.