Рабочая паездка ў Брэсцкую вобласць

  • 19

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў павысіць кадравую і выканальніцкую дысцыпліну на месцах. Адпаведныя задачы Кіраўнік дзяржавы паставіў 15 жніўня ў час рабочай паездкі ў Маларыцкі раён Брэсцкай вобласці.

У праграме рабочай паездкі Прэзідэнта першапачаткова значылася нарада аб сацыяльна-эканамічным развіцці Брэсцкай вобласці, аднак Аляксандр Лукашэнка ўнёс у яе нечаканыя карэктывы, прысвяціўшы першую палавіну дня наведванню прадпрыемстваў, вырашэнню канкрэтных праблем на месцах і размове з жыхарамі раённага цэнтра.

У першую чаргу Кіраўнік дзяржавы прыехаў у ААТ "Маларыцкая райаграпрамтэхніка". Дэталёва вывучыўшы стан спраў, Прэзідэнт даручыў аднавіць сістэму райаграсэрвісаў ва ўсіх раёнах краіны. "Ні ў якім разе нельга разбурыць тую інфраструктуру, якая некалі была створана. Мы іх павінны адрадзіць ва ўсіх раёнах. Трэба пашыраць сферу паслуг", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што такія абслуговыя арганізацыі арыентаваны не толькі на сельгаспрадпрыемствы, але і на ўвесь раён у цэлым, у тым ліку фермераў, асобных грамадзян. Перш за ўсё ў райаграсэрвісах неабходна дакладна вызначыцца з коштам тых ці іншых паслуг, каб цана была канкурэнтаздольная і прывабная для патэнцыяльных заказчыкаў. Акрамя таго, важна пашыраць іх пералік.

У час наведвання ААТ "Маларыцкая райаграпрамтэхніка" Аляксандр Лукашэнка выказаў немалую долю крытыкі наконт знешняга выгляду і ўтрымання вытворчых памяшканняў. Прыбыўшы на прадпрыемства, Кіраўнік дзяржавы ўбачыў у многім безгаспадарчы падыход да справы. "Да 1 студзеня тут павінен быць наведзены парадак!" - даручыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што некаторыя невыкарыстоўваемыя вытворчыя памяшканні выстаўляюцца на аўкцыён у пошуках прыватнага інвестара. Аднак пры гэтым не прыкладаюцца ніякія намаганні, каб самастойна задзейнічаць гэтыя плошчы пад нейкія новыя віды работ ці паслуг.

У Маларыцкім раёне Прэзідэнт таксама наведаў дзве фермы сельгаспрадпрыемства "Савушкіна", дзе назіраецца абсалютна іншая карціна з пункту гледжання гаспадарлівага падыходу і арганізацыі вытворчага працэсу. Прадпрыемства працуе з прыбыткам і ўстойліва развіваецца. "Тут няма нічога таго, чаго няма ў краіне, толькі ідэальны парадак і адказнасць. Тэхналагічная і кадравая дысцыпліна - гэта галоўнае", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Тут размова ішла не толькі аб рабоце гэтага паспяховага прадпрыемства, але і аб праблемных сельгасарганізацыях раёна, шляхах павышэння эфектыўнасці іх работы. Прэзідэнт падрабязна цікавіўся рознымі тэхналагічнымі працэсамі, па сутнасці, правёўшы на ферме выязную міні-нараду.

Падрабязнасці новага фармату рабочых паездак Аляксандр Лукашэнка раскрыў ужо на нарадзе ў Маларыцкім райвыканкаме: "Калі гаварыць аб нейкім маштабе, задуме маіх паездак за апошнія дні, то, шчыра кажучы, я хацеў бы больш пільна, уважліва вывучыць сітуацыю на месцах", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што падставай для правядзення нарад з выездам у рэгіёны служаць не нейкія надзвычайныя абставіны. "На кожным месцы мяне цікавіла тая ці іншая праблема, - сказаў Прэзідэнт. - Кантраляваць выкананне ключавых паказчыкаў эфектыўнасці работы, якія прапісаны ў "Матрыцы задач для вертыкалі ўлады", я буду пастаянна. Хачу проста папярэдзіць, нікога ні ў якім разе не запалохваючы: усе рашэнні, якія я прымаю тут на месцы, павінны няўхільна выконвацца, чаго б гэта ні каштавала - і ўраду, і губернатару, і кіраўнікам прадпрыемстваў".

Не менш важная падстава быць на месцах - кантроль за ходам праводзімых работ. Пры гэтым пытанне не толькі ва ўборачнай кампаніі, нягледзячы на яе важнасць. "Мы ўжо навучыліся ўбіраць. Усё, што трэба было ад дзяржавы, і нават больш таго, зроблена. Трэба глядзець глыбей, на тэхналогіі, - упэўнены Кіраўнік дзяржавы. - Я цудоўна разумею: усе ўсё адначасова не зробяць. Але да чаго імкнуцца, мы паказалі ўжо".

Прэзідэнт звярнуў увагу, што стыль і тактыка яго рабочых паездак мяняецца. "Я разумею, што кожны губернатар і старшыня райвыканкама знойдуць, што паказаць. Але калі я буду глядзець толькі на прыгожае, то ўсё, што за кадрам застанецца, можа не атрымаць свайго развіцця", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Губернатар, кіраўнікі раёна і канкрэтных прадпрыемстваў на нарадзе далажылі аб выніках і перспектывах сацыяльна-эканамічнага развіцця па даручаных ім напрамках. Аб недахопах і хібах у рабоце праінфармаваў Старшыня Камітэта дзяржкантролю Леанід Анфімаў.

"Усё залежыць ад людзей і ад кіраўніка. Калі кіраўнік не кіруе калектывам, толку не будзе, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Галоўнае - гэта эканоміка. Усе павінны на яе працаваць".

"Хачу папярэдзіць і міністра, і адказных урадавых чыноўнікаў: так, трэба часам прымаць нейкія рашучыя меры, але гэта не значыць, што мы не павінны раіцца на месцах са спецыялістамі. Трэба супастаўляць, узважваць, раіцца і з лепшымі, і з сярэднімі гаспадаркамі. І іх трэба бачыць. Таму вельмі акуратна. Ні ў якім разе нельга ламаць праз калена", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

У час нарады не раз звярталася ўвага на важнасць руплівага расходавання бюджэтных сродкаў, падтрымання высокай кадравай і выканальніцкай дысцыпліны. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, важна "перадаць напружанне ўніз" па ўсёй вертыкалі, пачынаючы ад губернатара да канкрэтных выканаўцаў і кіраўнікоў на месцах. "Любое невыкананне - гэта бардак, развал не толькі ўлады, але і дзяржавы. І мы роўненька скоцімся на ўкраінскі варыянт", - падкрэсліў беларускі лідар.

У плане папярэджання і рэагавання на магчымыя злоўжыванні або бяздзейнасць на месцах на дапамогу кіраўнікам павінны своечасова прыходзіць прадстаўнікі сілавых структур. "Міліцыя, КДБ, пракуроры - яны ўсе павінны вярцецца вакол кіраўніка і яму дапамагаць. Я хачу, каб гэта ўся краіна пачула, - заявіў Прэзідэнт. - Каб больш не было скаргаў, што на кагосьці "наехаў" міліцыянер, КДБ, на кагосьці пракурор "накаціў". Усе яны цудоўна разумеюць, што мы жывём ад таго ж калгаса і прамысловага прадпрыемства".

Завяршаючы нараду, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўзнятыя пытанні датычацца не толькі Маларыцкага раёна, але і ўсёй краіны ў цэлым. Задачы пастаўлены ў розных сферах і ўспрыняты кіруючай вертыкаллю. "Наколькі гэта магчыма, мабілізуйце свае калектывы, збярыцеся самі і наперад. Іншага нам не дадзена. Дзейнічайце!" - заклікаў Прэзідэнт.

Знаходзячыся ў Маларыце, Кіраўнік дзяржавы не раз спыняўся для размовы з мясцовымі жыхарамі. Пытанні ўзнімаліся самыя розныя: ад развіцця масавага спорту да цэнаўтварэння і сацыяльнай падтрымкі.

Акрамя таго, каля мясцовага спартыўнага комплексу, дзе прызямліўся прэзідэнцкі верталёт, зайшла размова аб развіцці спорту, у тым ліку дзіцяча-юнацкага. Аляксандр Лукашэнка даў шэраг канкрэтных даручэнняў у гэтай галіне. У іх ліку вырашэнне праблемных пытанняў з работай лядовай арэны ў Бярозе.

"Будзе вынік - атрымлівай дадаткова. Трэба даць магчымасць гуляць тым, хто хоча гуляць, а потым ужо плаціць грошы. А то прыйдуць да губернатара або Прэзідэнта: дай грошай. А вынік дзе?" - адзначыў Кіраўнік дзяржавы, гаворачы аб зарплатах спартсменаў.

Аналагічны падыход неабходны і адносна зарплат адміністрацыйнага складу ў шэрагу клубаў, якія трэба прывязаць выключна да фінансавага выніку.

Прэзідэнт выказаў і крытычную заўвагу наконт выступлення асобных беларускіх атлетаў на Алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанэйра. "Некаторыя паказваюць вынікі горшыя, чым да Алімпіяды пры адборы. Паўстае пытанне, чаго паехалі?" - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што ў Беларусі створаны ўсе ўмовы для таго, каб кожны меў магчымасць дастойнага заработку, аднак для гэтага неабходна прыкладаць намаганні. "У Беларусі толькі лянівы можа не зарабіць. Мы што, ваюем, вайна ў нас ідзе або яшчэ штосьці?.. Трэба проста крыху варушыцца", - сказаў Прэзідэнт, размаўляючы з жыхарамі райцэнтра.

Пры гэтым дзяржава заўсёды акажа падтрымку тым, каму яна сапраўды неабходна. "Дапамагаць мы будзем. Калі вы зробіце крок, мы зробім насустрач крок (я маю на ўвазе ўсю краіну). А калі вы будзеце, апусціўшы рукі, сядзець і глядзець, што нехта вам штосьці прынясе, то, ведаеце, дапамагаюць таму, хто сам гэтага хоча", - заявіў беларускі лідар.

Паводле слоў Прэзідэнта, вытворцы ў краіне пачынаюць выходзіць з той цяжкай сітуацыі, у якой яны апынуліся ў сувязі з сітуацыяй на знешніх рынках. "Нам складана, за год гэта не зробіш, але мы пачынаем узнімацца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Адначасова ён падкрэсліў недапушчальнасць цэнавага перакосу ў краіне. "Галоўнае, каб не было цэнавага перакосу: калі няма магчымасці ўзняць зарплату, каб цэны ў гэты час не раслі. Калі гэта ёсць - гэта вялікі недахоп. Цэны расці не павінны цяпер", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што адна з самых галоўных задач для дзяржавы - забяспечыць людзей работай. "Сваё шчасце трэба шукаць на сваёй зямлі, - упэўнены беларускі лідар. - Мы павінны зрабіць, каб і пасля нас людзі жылі нармальна і працавалі - гэта галоўная мая задача".