Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Рабочая паездка ў Брэст

6 верасня 2019 года
Выступленне на ўрачыстым мерапрыемстве ў гонар 1000-годдзя Брэста
Урачыстая цырымонія адкрыцця Заходняга абходу Брэста
глядзіце таксама: відэа
6 верасня 2019 года
Урачыстая цырымонія адкрыцця Заходняга абходу Брэста
Рабочая паездка ў Брэст
глядзіце таксама: фота
6 верасня 2019 года
Рабочая паездка ў Брэст
31 фота

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зрабіў 6 верасня рабочую паездку ў Брэст, дзе ў гэтыя дні праводзяцца асноўныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 1000-годдзя горада.

На верталётнай пляцоўцы Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў губернатара Брэсцкай вобласці Анатоля Ліса, ці паспелі да юбілею зрабіць усё, што планавалася. Кіраўнік рэгіёна запэўніў, што работы выкананы, многае зроблена ў частцы ўзвядзення сацыяльных аб'ектаў, завершана будаўніцтва важнай транспартнай развязкі - Заходняга абходу Брэста.

Прэзідэнт таксама заслухаў кароткі даклад аб ходзе палявых работ і сітуацыі ў сельскай гаспадарцы вобласці.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з праведзенай работай па падрыхтоўцы да святкавання 1000-годдзя горада, пацікавіўся сацыяльна-эканамічным развіццём рэгіёна, а затым прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Заходняга абходу Брэста. Сімвалічную стужку разам з Прэзідэнтам перарэзалі старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс, старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук і генеральны дырэктар ААТ "Будаўнічы трэст № 8" Павел Сацута. На цырымоніі адкрыцця таксама прысутнічалі прадстаўнікі працоўных калектываў дарожна-будаўнічых арганізацый, якія ўдзельнічалі ва ўзвядзенні развязкі.

"Гэта не проста дарога. Гэта здароўе жыхароў Брэста. Мы знімаем велізарныя патокі транспартных сродкаў з горада і накіроўваем іх у абход. Вы не толькі выканалі даручэнне, а стрымалі сваё слова - пабудавалі пуцеправод, які звязаў берагі ракі Мухавец, пагранпераходы "Варшаўскі мост" і "Казловічы", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што гэты ўнікальны аб'ект быў пабудаваны з апярэджаннем на два месяцы. "Малайцы! Значыць, умееце гэта рабіць. А рашэнне аб узвядзенні гэтага аб'екта было правільным, своечасовым. Калі сумленна, то мы спазніліся з будаўніцтвам гэтага аб'екта. Брэст з'яўляецца прыгранічным транзітным горадам, яго чыгуначны вузел - адным са звёнаў новага Шаўковага шляху", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на вялікае значэнне краіны для міжнароднага транзіту грузаў. "Брэст быў, ёсць і будзе транзітным горадам, але людзі ад гэтага пакутаваць не павінны. І вы зрабілі добры падарунак не толькі сабе, але і сваім землякам", - падкрэсліў ён.

Прэзідэнт выказаў перакананне, што Заходні абход Брэста не толькі знізіць нагрузку на цэнтр горада, пазбавіць яго жыхароў і гасцей ад пробак, але і стане важным аспектам у развіцці эканамічнага і турыстычнага патэнцыялу рэгіёна і ўсёй краіны.

Ён асабліва адзначыў, што развязку спраектавалі і пабудавалі брэсцкія спецыялісты. Гэта сведчыць аб наяўнасці ў краіне неабходных кампетэнцый, а паслугі беларускіх будаўнікоў запатрабаваны і за мяжой, у тым ліку ва Украіне. "Рэалізацыя праекта стала паказальным прыкладам эфектыўнага выкарыстання часу і рэсурсаў, умення ўлад працаваць з насельніцтвам. Вельмі добра, што вы нікога не пакрыўдзілі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Вы стварылі інфраструктурны аб'ект найвышэйшага ўзроўню ў сціслыя тэрміны і значна палепшылі жыццё брастаўчан. Не на словах, а на справе ўнеслі свой уклад у развіццё Беларусі - краіны для нашага жыцця, жыцця нашых дзяцей", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, развязка стала добрым падарункам да тысячагадовага юбілею горада. "Дзякуючы сваёй працы, імкненню зрабіць любімы горад прыгажэйшым, зручным і сучасным, вы ўвайшлі ў гісторыю яго другога тысячагоддзя", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў усім брастаўчанам працвітання і дабрабыту. Прэзідэнт таксама заклікаў не спыняцца на дасягнутым: "Яшчэ вельмі шмат работы. Мы зрабілі галоўнае - працаёмкія аб'екты. А далей трэба пакрыху - школьнікі, студэнты, вы таксама - на суботніках. Трэба добраўпарадкоўваць горад, азеляняць Брэст". Яшчэ адна задача - ствараць новыя рабочыя месцы і шукаць новыя аб'екты, дзе можна будзе прыкласці свае веды, уменні і вопыт.

Размаўляючы з працоўнымі калектывамі будаўнічых арганізацый, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Мая мэта заўсёды і ўсюды - мы павінны ўсё рабіць самі. І нават калі чагосьці некалі не рабілі - трэба навучыцца, тэхналогій дастаткова. Таму пакрыху будзем падштурхоўваць вас да таго, каб вы асвойвалі новыя тэхналогіі".

Прэзідэнт адзначыў, што канкурэнцыя ў будаўнічай сферы вельмі сур'ёзная, таму арганізацыям няпроста. "Не заўсёды і ў краіне хапае сродкаў, каб заняць будаўнікоў. Можа, трэба было даўно перапрафіляваць, недзе нешта закрыць, але мне шкада страціць будаўнікоў".

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, закрыць будаўнічыя прадпрыемствы вельмі лёгка, але потым зноў разгарнуць іх работу вельмі складана. "Я вас проста агітую на тое, каб мы захавалі будаўнічыя калектывы. І калі не такімі аб'ектамі загрузіць, не жыллём, то недзе, напэўна, крыху і перапрафілявацца, каб блізкія работы выконваць. Але абавязкова захаваць працоўныя калектывы", - падкрэсліў ён.

Калі ў Брэсце пачыналася будаўніцтва Заходняга абходу і іншых знакавых аб'ектаў, Прэзідэнт арыентаваў мясцовую ўладу прыцягваць да работы беларускія прадпрыемствы і кампаніі. З гэтай работай, заявіў Аляксандр Лукашэнка, яны справіліся на сусветным узроўні. "Вы пабудавалі такія будынкі! Некаторыя заганяюць шкляныя будынкі вышэй за аблокі, а вы зрабілі ўтульна, прыгожа", - адзначыў беларускі лідар.

У цэлым, лічыць Кіраўнік дзяржавы, беларускія будаўнікі - вялікія прафесіяналы, а калі якія-небудзь арганізацыі і будтрэсты кульгаюць, то ў гэтым вінаваты начальства і ўласнікі. "Не толькі я станоўча ацэньваю работу нашых спецыялістаў, але і ва ўсім свеце", - сказаў ён.



Прэзідэнт таксама падзяліўся сваімі ўражаннямі ад сённяшняга аблічча абласнога цэнтра. "Брэст стаў сучасным. Зусім іншы горад, нават граніца, дзе я служыў, зусім іншая стала - дагледжаная, прыгожая, - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да будаўнікоў. - Усё змянілася, абсалютна ўсё". У савецкія гады, паводле яго слоў, горадам можна было назваць толькі яго цэнтр і некаторыя раёны.

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што ў свой час яму было шкада, што Брэсту разам з Магілёвам удзялялася мала ўвагі. "У нас прыгожыя Гомель, Мінск - цэнтральныя гарады, Віцебск - там "Славянскі базар" заўсёды праходзіць. Полацк у нас добры горад, маленькі гарадок Тураў - мы падцягвалі гістарычныя мясціны. Шмат зрабілі ў вёсцы. Аграгарадкі, раённыя цэнтры, пасёлкі гарадскога тыпу - усё трэба было паднімаць і развіваць. Але, самае непрыемнае, Брэст і Магілёў адсталі больш за ўсё", - канстатаваў Прэзідэнт. Паводле яго слоў,тысячагадовы юбілей горада стаў удачнай падставай прывесці ў парадак і добраўпарадкаваць Брэст. "Вядома, вы зрабілі вельмі шмат. Я зверху гэта бачу: шмат разоў аблятаў, калі вы будавалі, чысцілі горад", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Затым Прэзідэнт наведаў урачыстае мерапрыемства ў цэнтры горада, прысвечанае пачатку святкавання юбілейнай даты. "Сёння мы разам адзначаем тысячагоддзе Брэста, аднаго са старажытнейшых беларускіх гарадоў, які па праву лічыцца скрыжаваннем часоў і народаў. Яго гісторыя - здабытак усёй нашай краіны, яго сучаснае аблічча - падстава для агульнага гонару", - заявіў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на фатаграфіі з космасу, зробленай беларусам Алегам Навіцкім, начны Брэст нагадвае вогненную птушку, якая распасцерла крылы. "Гэты здымак нібыта адлюстроўвае лёс нашага горада. Горада, які не жадаў пакарацца захопнікам і не раз згараў, на жаль, датла, але, як міфічны фенікс, адраджаўся з попелу, становячыся ячшэ прыгажэйшым і мацнейшым", - сказаў Прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу, што летапіс Брэста пачаўся з "Аповесці мінулых гадоў" і стаў гісторыяй характару народа, загартаванага ў барацьбе за права быць гаспадаром на сваёй зямлі, у родным горадзе, за які на працягу стагоддзяў змагаліся дзяржавы і народы. "Менавіта тут не раз вырашаўся лёс усёй Еўропы, прымаліся лёсавызначальныя вердыкты, здзяйсняліся подзвігі. Мы ніколі не забудзем, як у 1941-м самаадданая абарона Брэсцкай крэпасці сарвала планы хуткай перамогі фашысцкай Германіі. І сёння гераічная цытадэль стала сімвалам подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, месцам пакланення для неабыякавых людзей з усяго свету і перш за ўсё нашай той велізарнай Айчыны", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, Брэст быў піянерам у многіх прагрэсіўных пачынаннях: першым на беларускай тэрыторыі атрымаў Магдэбургскае права, тут пабудавалі першую друкарню, дзе была надрукавана Брэсцкая Біблія. Адсюль родам першы беларускі касманаўт Пётр Клімук і "белая маланка" - алімпійская чэмпіёнка Юлія Несцярэнка. На Брэстчыне нарадзілася нямала знакамітых вучоных, мастакоў, музыкантаў, палітыкаў, канстатаваў беларускі лідар. "Тут была створана першая свабодная эканамічная зона. Яна стала прыкладам партнёрскага ўзаемадзеяння бізнесу і дзяржавы. Прыкладам паспяховай работы перспектыўных прадпрыемстваў з высокай сацыяльнай адказнасцю", - дадаў Прэзідэнт.

Сёння, на яго думку, Брэсцкая крэпасць уяўляе сабой узор стабільнага развіцця: ад эфектыўнага земляробства да найвышэйшых тэхналогій. "Я нярэдка прыводжу ў прыклад нашы заходнія рэгіёны. З вялікім задавальненнем бываю тут, няхай і не так часта, як хацелася б", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што з Брэсцкай вобласцю ў яго звязаны асаблівыя ўспаміны - служба ў пагранічных войсках. "Служба, якая стала выдатнай школай жыцця, навучыла любіць і абараняць вас, мой народ, і абараняць нашу Радзіму", - падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што Брэст і сёння адкрывае вароты ў Беларусь - прыгожую, моцную, міралюбівую краіну, якая заўсёды сардэчна прымае гасцей. "Менавіта нам з вамі - сучаснаму пакаленню беларусаў - выпаў гонар святкаваць гэты вялікі юбілей. Мы рыхтаваліся да яго ўсёй краінай. І сёння горад сустракае свой міленіум абноўленым, яшчэ больш добраўпарадкаваным і прыгожым. Мы з вамі сёння зрабілі крок у другое тысячагоддзе, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Я звяртаюся да ўсіх, хто тут нарадзіўся, і ўсіх, для каго Брэст стаў другой радзімай. Вы сапраўды асаблівыя, у поўнай меры валодаеце нашымі нацыянальнымі рысамі: таленавітыя, добрасардэчныя, гасцінныя і, асабліва, працавітыя, але яшчэ больш прадпрымальныя і патрыятычныя".

"Вам ствараць гісторыю будучыні. У юбілейны год вы паказалі сваю сапраўдную любоў да роднага горада не на словах, а на справе. Яна ва ўтульнасці, прыгажосці, якую вы стварылі за апошнія тры гады, у шчырым імкненні ўнесці свой уклад у добраўпарадкаванне вуліц, паркаў, двароў", - звярнуўся Прэзідэнт да жыхароў абласнога цэнтра. Ён пажадаў ім захаваць унікальную атмасферу Брэста, імкненне да прагрэсу, уменне працаваць на карысць свайго горада і ўсёй Беларусі, а таксама перадаць гэтыя каштоўнасці сваім дзецям, навучыць іх гэтак жа любіць малую радзіму і зберагчы лепшыя традыцыі на многія стагоддзі наперад. "І няхай анёл-ахоўнік (помнік Тысячагоддзя Брэста. - Заўвага), якога вы падарылі гораду ў гонар такога цудоўнага юбілею, абараняе мінулае, сучаснае, будучае. Ахоўвае кожнага з нас", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

На ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным святкаванню 1000-годдзя Брэста, Аляксандр Лукашэнка падарыў жыхарам горада ўнікальны экзэмпляр Брэсцкай, або так званай Радзівілаўскай Бібліі. "У Год малой радзімы гэта вечна жывая кніга вяртаецца дадому. Нашы продкі лічылі, што горад, у якім выдавалася Біблія, знаходзіцца пад асобай аховай нябёс. Яго ніколі не змогуць знішчыць ні час, ні людзі. Падносячы вам гэты дар, я помню, што гэта стала магчымым дзякуючы вашым прадпрымальнікам, якія за ўласныя грошы набылі і прывезлі на радзіму гэты вялікі падарунак", - адзначыў Прэзідэнт.

Ад жыхароў Брэста Кіраўніку дзяржавы ўручылі мастацкую кампазіцыю ў выглядзе хрустальнай вазы з валошкамі. Вобраз твора ўзыходзіць да кветкавых арнаментальных матываў Слуцкіх паясоў і паэтычнага матыву Максіма Багдановіча, які называе валошку "Кветкай Радзімы". Хрустальная ваза выканана ў ручной тэхніцы з гравіроўкай.



Пасля ўдзелу ва ўрачыстым мерапрыемстве Аляксандр Лукашэнка наведаў мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой". Першапачаткова гэтага пункта не было ў праграме рабочай паездкі, аднак Прэзідэнт не мог сюды не заехаць і не аддаць даніну памяці героям. Кіраўнік дзяржавы ўсклаў кветкі да Вечнага агню. Тут жа на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці журналісты скарысталіся магчымасцю задаць Кіраўніку дзяржавы свае пытанні.

У Прэзідэнта, у прыватнасці, пацікавіліся яго пазіцыяй адносна будаўніцтва ў Брэсце акумулятарнага завода. Мясцовыя жыхары ўжо некалькі месяцаў занепакоены праблемамі, звязанымі з узвядзеннем і ўводам у эксплуатацыю гэтага аб'екта.

"Думаю, не буду вельмі арыгінальны ў сваім меркаванні: я ў гэтым выпадку на баку людзей. Тут з'явіліся ўжо і арыштаваныя, і затрыманыя, і крымінальныя справы, і іншае. На жаль, яны з'явіліся тады, калі ўся інфармацыя дайшла да Прэзідэнта", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, як толькі да яго паступіла інфармацыя аб праблемах, звязаных з будаўніцтвам акумулятарнага завода, гэту інфармацыю сталі дасканала пераправяраць. Не разабраўшыся ў сітуацыі, махаць мячом проста недапушчальна, падкрэсліў ён.

"Калі я пераправерыў інфармацыю, я ўбачыў, што тут людзі, якія перажываюць за экалогію, сваё жыццё, жыццё дзяцей, у асноўным маюць рацыю. І я ўбачыў правапарушэнні - з боку і асобных дзяржаўных служачых, і асобных дзялкоў, якія паабяцалі пабудаваць у цэлым патрэбны нам аб'ект", - расказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў Беларусі не было акумулятарнага завода, і праект у Брэсце быў добрым. Яго трэба было рэалізоўваць, аднак у адпаведнасці з усімі патрабаваннямі, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. "Але гэта таго не варта, каб даймаць людзей і гадзіць экалогію. Мы пачынаем вычышчаць, вымываць краіну, і на табе - лыжка дзёгцю. Таму я бачыў там крымінальныя справы і строга даручыў адпаведным службовым асобам заняцца гэтым пытаннем. Калі зразумелі, што Прэзідэнт трымае на кантролі, рукамі развялі і адправілі ў месцы не такія аддаленыя некалькі чалавек. Астатнія беглыя - шукаем. Дакладней, мы ведаем, дзе яны - прывязём дамоў, гэта не пытанне. І запатрабуем максімальна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт дадаў, што калі акумулятарны завод у Брэсце будуць уводзіць у строй, то ён павінен адпавядаць усім экалагічным стандартам. Паводле яго слоў, таксама неабходна прадаставіць права мясцоваму насельніцтву правесці экспертызу. "Толькі яны будуць вырашаць, ці быць гэтаму заводу і якім будзе гэты завод", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што на хвалі чарнобыльскай катастрофы ў Беларусі актывізаваліся вельмі нацыяналістычныя рухі. "І дзе яны цяпер? Гэтага нацыяналізму хапала ўсюды, гэта прывяло да развалу Савецкага Саюза і шмат-шмат бед прынесла народам, асабліва беларусам. Так і тут - ёсць праблема, і нехта хоча палітычна пагрэць рукі: ужо ўладу мяняць будуць, таму што завод дрэнны. Я хачу, каб мудрыя, адукаваныя, разумныя брастаўчане разумелі, што яны выкарыстоўваюць любую падставу для таго, каб прарвацца ва ўладу. Яшчэ параіў бы ім, хто выкарыстоўвае гэты выпадак, што яны будуць рабіць у гэтай уладзе. Цяперашняя ўлада разбярэцца, не з такімі праблемамі разбіраліся. Мы яе вырашым так, як трэба брастаўчанам", - падкрэсліў беларускі лідар.

Па просьбе журналістаў Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў розныя канспіралагічныя домыслы наконт прыезду ў Беларусь саветніка Прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джона Болтана, а таксама сваё рашэнне не ехаць у Польшчу на мерапрыемствы, прысвечаныя гадавіне пачатку Другой сусветнай вайны. Ён чарговы раз пацвердзіў курс на шматвектарнасць у развіцці супрацоўніцтва краіны з замежнымі партнёрамі.

"Я заўсёды і ўсюды, і мяне ў гэтым цяжка папракнуць, гаварыў і гавару, што мы прытрымліваемся ў знешняй палітыцы шматвектарнасці. Не я ж пасяліў беларусаў на гэтым кавалачку зямлі. Гасподзь нас тут пасяліў. Куды нам дзявяцца? Нас нідзе не чакаюць. Іншай зямлі нам ніхто не дасць. У рабы мы не пойдзем (мы пахадзілі ўжо, як я гавару, пад бізуном). Гэта наш кавалак зямлі. І ён у цэнтры Еўропы, на скрыжаванні ўсіх шляхоў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, зразумела, што за гэты кавалак зямлі сёння часам ідзе нябачная барацьба. "Усе хочуць уплываць. Але мой характар і мяне вы ўжо даўно ведаеце. Я не прымаю, калі пачынаюць празмерна ўплываць на шкоду нашаму народу. Гэта недапушчальна. Вось гэта галоўнае - шматвектарная палітыка. Мы павінны глядзець і на Усход, і на Захад. Дарэчы, Расіі нас няма чым папракнуць. У іх нават арол двухгаловы - ён і туды, і туды глядзіць. І нам ніхто не забароніць глядзець у розныя бакі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў транзітнае значэнне Беларусі і той факт, што для Расіі яна, можна сказаць, адзіная добрасуседская краіна, праз якую ажыццяўляюцца кантакты з краінамі Захаду. Акрамя таго, Беларусь знаходзіцца на гандлёвым шляху паміж Кітаем і Заходняй Еўропай. "Павялічыўся грузапаток па чыгунцы, аўтадарогах, і перш за ўсё за кошт КНР. Для нас добра. Яны вязуць туды тавар, кантэйнеры адтуль вяртаюцца, мы грузім свой тавар. І так дыверсіфікуем рынкі. Сі Цзіньпін (дзякуй яму, вельмі вялікі сябар нашага народа), кіраўніцтва Кітая адкрылі нам свае рынкі. Вось яна - каштоўнасць гэтага кавалачка зямлі", - растлумачыў ён.

"Болтан прыехаў. А чаму ён не мог прыехаць? Ён што, прыехаў у Беларусь перш за ўсё? Ды не, ён пабываў ужо і ў Сочы, і ў Маскве, і з маім сябрам, калегам Пуціным абдымаўся. Мы ж спакойна гэта ўспрымалі. Прыехаў і прыехаў. Трэба размаўляць. А тым больш нам - краіна, якая была столькі пад санкцыямі, яны нас нахілялі і ўлева, і ўправа. І самі прыехалі, прапанавалі сустрэцца. Думаю, правільна, мы павінны з імі наладжваць адносіны. Гэта ж імперыя. Самая моцная краіна", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што і Расія імкнецца ўстанавіць нармальныя адносіны з ЗША. "А чаму мы не павінны гэтага рабіць? І ніякіх тут рухаў на Захад, на Усход. Глядзець будзем і туды, і туды, і шукаць там, дзе выгадна. Гэтак жа, як любая дзяржава вядзе палітыку, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Па вялікім рахунку мяне ж кіраўніцтва Расіі ў гэтым не папракае. Гэта канспіралогія вакол так званых палітолагаў, сацыёлагаў, журналістаў асобных прыкормленых. Вось яны і пачынаюць там "бамбіць" з усіх бакоў. Зразумела, нехта заказвае. Я ведаю, хто".

"Супакоімся, пена сыдзе, трэскі гэтыя лёгкія ветрам знясе. А мы як жылі з расіянамі, так і будзем жыць. Нягледзячы нават на тую палітыку па вуглевадародах, тармажэнні нашых прадуктаў харчавання. Для чаго мы туды ідзём і пастаўляем тавар - каб грошы ў іх зарабіць і заплаціць за нафту і газ. Усё вельмі проста. І ні ў якім разе не трэба думаць, што тут нейкая глыбіня антырасійская або антызаходняя", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца паездкі ў Польшчу 1 верасня, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ён быў не супраць самога факту правесці памятныя мерапрыемствы ў сувязі з пачаткам Другой сусветнай вайны. Аналагічна таму, як і ў Брэсце заўсёды праходзіць жалобная цырымонія ў дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны. "Але мы яе не ўзносім да нейкіх палітычных нябёс. Гэтага не трэба рабіць. Я супраць палітызацыі гэтай падзеі, - сказаў ён. - Нашы людзі былі 1 верасня там. Так, Прэзідэнт туды не паехаў. Ды не я адзін не паехаў. І гэта не выпад супраць Захаду. Мы вельмі добра ставімся да польскага народа і будзем да яго так ставіцца. Таму што з гэтага, заходняга боку, як рускія, так і палякі тут у нас. Мы ў адной дзяржаве некалі жылі. У нас шмат палякаў жыве. Чаму мы павінны з імі сварыцца. Так, яны праводзяць часам тую палітыку, якая не падабаецца. Вы ведаеце маю рэакцыю на гэта. Я ім адкрыта гавару: глядзіце, мы адкажам".



"Гэтак жа, калі пачалі гэтыя ракеты размяшчаць розныя. Мы адказалі - стварылі свой комплекс "Паланэз". Яны заплакалі, што мы іх там нацэлілі... Я гавару: прымайце свае ракеты. Праўда, я даў каманду - на склад паклалі свае ракеты. Думаю, адказ будзе такім жа. Мы не хочам ні з кім ваяваць. Але мы не дазволім больш з нас здзекавацца. Нікому. Ні магутным дзяржавам, ні больш слабым", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Каменціруючы той факт, што на памятныя мерапрыемствы ў Польшчы не запрасілі Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта справа палякаў, ды і сам расійскі лідар, хутчэй за ўсё, не асабліва імкнуўся туды паехаць. "Я вельмі добра ведаю Пуціна. Ён асабліва і не рваўся туды ехаць. У нас ёсць святы, дзе мы шануем памяць загінулых. Ну, не запрасілі... Напэўна, не фармат. Камусьці, можа, не падабаецца. Але мне не падабаецца, што не запрасілі Прэзідэнта Расіі, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы ваявалі разам, і перш за ўсё беларусы, рускія. Уклад асноўны ў перамогу ўнеслі менавіта рускія людзі".

"Не трэба палітызаваць гэтыя пытанні. Яшчэ невядома, дзе мы апынёмся праз дзясятак-другі гадоў. Таму адзін аднаго даймаць гэтымі праблемамі не трэба. І ў той жа час, яшчэ раз падкрэсліваю, мы ж не былі супраць. Нашы людзі там (у Польшчы. - Заўвага) прысутнічалі на цырымоніі, наш пасол, дыпламаты былі. Не бачу тут ніякіх антызаходніх выпадаў", - сказаў беларускі лідар.

"Што датычыцца Расіі, мы адзін народ, я тысячу разоў гаварыў. Гэта ж нашы людзі, нашы браты. Мы з імі былі заўсёды разам, яны заўсёды падстаўлялі нам плячо. І тое, што ў нас сёння праблемы часам з Расіяй, дык гэта ж не з рускімі людзьмі і не з расіянамі. Яны бліскуча да нас ставяцца. Чаму мы павінны да іх ставіцца дрэнна, разварочвацца некуды, здраджваць ім? Як некаторыя кажуць. Гэтага ніколі не будзе. Нават без мяне гэтага не будзе. Беларусы не дазволяць здрадзіць нашаму старэйшаму брату. Але мы патрабуем ад старэйшага брата, каб гэта быў старэйшы брат. Каб яны не даймалі, не нахілялі нас, а ў цяжкую хвіліну падтрымалі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што цяпер бакі працуюць над праграмай па развіцці інтэграцыі: "На эканоміку выйшлі. І пачынаюць таргавацца - прыродны газ, нафта і іншае". "Мы ні ў кога нічога прасіць не будзем. Надакучыла ўжо гэтыя размовы весці, надакучыла слухаць", - адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. "Мы што, будавалі гэту станцыю? Не. Мы яе ўзрывалі? Не. А хто пацярпеў больш? Мы. Тады цэнтральная ўлада ў асобе Міхаіла Гарбачова ўзяла на сябе адказнасць за Беларусь. Іншым разам грошы ўкладвалі ў такую "дурніну", што і не трэба было ўкладваць. Але як разумелі, так і ратавалі Беларусь. Краіна развалілася. Хто правапераемнік... - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Яны заўсёды кажуць - улады Расіі: "Мы правапераемнікі Савецкага Саюза". І ў сувязі з гэтай правапераемнасцю мы перадалі туды бясплатна самае дарагое, што сёння стаіць на варце бяспекі Расіі, - ядзерную зброю, і наогул выбудоўвалі сваю палітыку (я заўсёды гавару: гэта адзіная наша Айчына). Я Пуціну гавару: "Гэта і мая Расія, гэта мая краіна". Таму што беларусы душу сваю ўклалі ў развіццё той краіны, у тым ліку і Расіі. Гэтак жа, як ленінградцы дапамагалі нам пасля вайны Мінск аднаўляць. Усё пераплецена, усё адзіна".

"Але Чарнобыль здарыўся. Правапераемнікі... Трэць насельніцтва (Беларусі. - Заўвага), мы там да гэтага часу драўніну не можам выкарыстоўваць, таму што высокае накапленне радыяцыі. Але ты хоць бы за гэта (мы не просім грошай, нічога) дапамажы - мільярдаў 10-15 кубаметраў газу па прымальных цэнах. Не бясплатна, не на страту Газпраму, пастаў у Беларусь. Людзі ж пацярпелі. І як правапераемнікі. Гэта я адзін факт прывёў", - дадаў Прэзідэнт. "І калі нам кажуць: ды вы тут гіры на нагах, за наш кошт жывяце... Калі такая палітыка, абыдземся", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён прывёў у прыклад дзеянні Расіі па будаўніцтве Паўднёвага і Паўночнага патокаў для транспарціроўкі прыроднага газу. "Ім надакучыла спрачацца з транзіцёрамі. Ён (Прэзідэнт Расіі. - Заўвага) горда ўклаў мільярды долараў, пабудаваў гэтыя патокі. Я яму сказаў: мы гэтак жа горда (калі вы нас будзеце нахіляць і да рыначнай цаны на нафту падвялі, мытную пошліну замянілі падатковым манеўрам) возьмем з рынку і іншую нафту. Але толькі ці трэба гэта Расіі, каб на іх рынак прыйшло 20-25 млн т чужой нафты - амерыканскай, Саудаўскай Аравіі, яшчэ чыёйсьці... Азербайджанская нафта - цераз Украіну ў нас на Мазыр прапрацаваны гэты маршрут", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

"Паўночны маршрут мы прапрацоўваем. Я сказаў адкрыта расійскім уладам. І цераз Польшчу, цераз Прыбалтыку. Напрацоўкі ёсць. Але калі мы цераз Польшчу пачнём пастаўляць нафту, то мы забяром дзве ніткі нафтаправода "Дружба", па якім на экспарт ідзе расійская нафта. Гэта трэба расіянам? Не. Ну дык давайце дагаворвацца па-чалавечы і будзем рабіць, як лепш. Вось гэта мае патрабаванні, - сказаў Прэзідэнт. - І не трэба гэта ўзносіць да нябёс і гаварыць, што Лукашэнка развярнуўся на Захад. Слухайце,  вось як мінімум мяне асабіста на Захадзе ніхто не чакае. Я ў гэтым на 100% перакананы. Не патрэбны там Лукашэнка. Ён наогул і ў Расіі не вельмі патрэбны. Проста народы ў нас братэрскія. Таму даводзіцца лічыцца".

Журналісты таксама спыталі ў Аляксандра Лукашэнкі пра яго чаканні ад лёгкаатлетычнага матчу Еўропа-ЗША, які адбудзецца ў Мінску 9-10 верасня, гатоўнасці Беларусі правесці іншыя маштабныя спартыўныя форумы. "Гэта ў сегменце (лёгкай атлетыкі. - Заўвага) больш ганарова, чым Еўрапейскія гульні", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што ў свой час прасіў кіраўніка Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый Себасцьяна Коэ даверыць Беларусі правядзенне гэтых спаборніцтваў. "Я яго папрасіў, потым думаю: не дадуць нам пры такой палітызацыі... А яны аддалі нам правядзенне гэтага матчу. Не кожнай краіне выпадае такі гонар. Любая краіна гатова прыняць такі матч - Еўропа-ЗША. Таму мы ганарымся тым, што нам дазволілі яго правесці", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што вельмі хацеў, каб гэты лёгкаатлетычны матч прайшоў у Беларусі. "Лёгкая атлетыка ў нас заўсёды была развіта. У нас добрыя традыцыі, і мне, вядома, хацелася, каб лёгкая атлетыка неяк развівалася. Гэты матч абавязкова падштурхне яе развіццё", - упэўнены ён.

"Вядома, нам цяжка спаборнічаць з гігантамі (вялікімі краінамі. - Заўвага), але, дапусцім, з украінцамі або расіянамі мы можам Алімпіяду правесці. Аб'екты пад Алімпійскія гульні ў нас гатовы. Цяпер Нацыянальны футбольны стадыён пабудуем і для водных відаў спорту, застанецца футбол. У Расіі ўся інфраструктура створана пад футбол. Можам з імі прыняць Алімпіяду. І тут у асноўным летнюю правесці - у Беларусі - з дапамогай расіян або ўкраінцаў. У іх ёсць аб'екты, якіх нам не хапае", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што краіне выгадна праводзіць вялікія спартыўныя спаборніцтвы: "Пакрыху мы таксама вучымся. І прымаць гасцей. Гэта не на страту, гэта твар краіны, імідж. Вядучыя каналы купілі правы на трансляцыю з гэтых гульняў (II Еўрапейскіх гульняў. - Заўвага)".

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што пры правядзенні II Еўрапейскіх гульняў летам бягучага года былі сэканомлены сродкі. "Нават не ўсё выкарысталі, што выдзялялі. Мы нічога не страцілі. Толькі ў плюс", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што дзякуючы правядзенню такіх спартыўных форумаў Беларусь імкнецца зарэкамендаваць сябе са станоўчага боку ў якасці краіны-гаспадыні, каб і ў будучым мець магчымасць прымаць такія або нават больш значныя спаборніцтвы. "Без гэтага не было б заўтра ні чэмпіянатаў свету, ні этапаў Кубка свету. Усе ўбачылі, што мы не проста можам іх правесці - мы можам абслужыць людзей, прыняць іх. Людзі з душой паставіліся да гэтага. Адкрытая душа нашых людзей. А следам тысячы, сотні тысяч людзей прыедуць у Беларусь. Гэта турызм, за які мы змагаемся. Мы закладваем добрую аснову для таго, каб да нас прыязджалі, нас любілі, нас паважалі. І каб нашы спартсмены нас радавалі", - рэзюмаваў беларускі лідар.


Тэгі: Паездкі
© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь