Рабочая паездка ў Бялыніцкі раён Магілёўскай вобласці

  • 1

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 7 ліпеня зрабіў рабочую паездку ў Бялыніцкі раён Магілёўскай вобласці. У ходзе паездкі Кіраўнік дзяржавы наведаў цэх па вытворчасці сыроў ААТ "Бабуліна крынка".

Кіраўніку дзяржавы было даложана аб сацыяльна-эканамічным развіцці Магілёўскай вобласці і выніках выканання даручэнняў Прэзідэнта па павелічэнні вытворчасці мяса-малочнай прадукцыі.

Па выніках даклада Аляксандр Лукашэнка даручыў у якасці эксперыменту прадаставіць вытворцам малака ў Магілёўскай вобласці права самастойна вызначацца з цаной і пакупнікамі сваёй прадукцыі.

"Давайце дамовімся: праз тыдзень у Магілёўскай вобласці ў якасці эксперыменту ўводзіцца свабоднае цэнаўтварэнне і доступ вытворцаў малака да спажыўцоў", - заявіў Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што гэта дасць магчымасць сельгаспрадпрыемствам свабодна і без дыктату з боку аблвыканкама вырашаць, якому перапрацоўшчыку і на якіх умовах прадаваць малако.

У сувязі з гэтым Прэзідэнт папярэдзіў аб недапушчальнасці стварэння глебы для карупцыі сярод кіраўніцтва сельгаспрадпрыемстваў - вытворцаў малака. "Гэта ваша задача - пракантраляваць, каб усё было сумленна", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да адказных чыноўнікаў. Прэзідэнт дадаў, што адпаведныя ўзаемаадносіны ў новых умовах паміж вытворцамі і перапрацоўшчыкамі малака павінны выбудоўвацца выключна на празрыстых рыначных умовах.

Аляксандр Лукашэнка таксама запатрабаваў узмацніць тэхналагічную дысцыпліну на сельгаспрадпрыемствах для павелічэння аб'ёмаў вытворчасці малака на ўжо існуючых магутнасцях.

Прэзідэнт нагадаў аб сваім даручэнні па стварэнні сістэмы падбору і расстаноўкі кіруючых кадраў на прадпрыемствах і арганізацыях з тым, каб забяспечыць іх пераемнасць і своечасовую замену. Прэзідэнт падкрэсліў, што адпаведныя працэсы павінны праходзіць без валакіты. У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы асабліва адзначыў ролю памочнікаў Прэзідэнта - галоўных інспектараў па абласцях Беларусі.

Кіраўніцтву Мінсельгасхарча, Ураду і старшыням аблвыканкамаў асобна даручана прыняць усе неабходныя меры, каб у першым квартале 2015 года як мінімум аднавіць той узровень вытворчасці свініны, які быў дасягнуты да ўспышкі афрыканскай чумы свіней у Беларусі.

Асобна Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на неабходнасці забяспечыць высокую рэзультатыўнасць уборкі збожжа новага ўраджаю: "Майце на ўвазе, што ў гэтым годзе ўборка будзе як ніколі "ваеннай". Збожжа вырасла цудоўнае, і яго трэба ўбраць да грама".

Прэзідэнту таксама было падрабязна даложана аб рабоце прамысловых прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці і, у прыватнасці, арганізацый цэментнай галіны. Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік прапанаваў стварыць дзяржаўнае вытворчае аб'яднанне "Беларускі цэментны завод", куды ўвойдуць аднайменнае прадпрыемства ў Касцюковічах з філіялам у Клімавічах па вытворчасці вапны і кармавога мелу, а таксама дзве вытворчыя пляцоўкі ў Крычаве. У якасці кіраўніка гэтага аб'яднання Пётр Руднік прапанаваў свайго першага намесніка Уладзіміра Кісялёва, які раней узначальваў Беларускі цэментны завод.

Кіраўнік дзяржавы адобрыў адпаведныя планы. "Добра, заўтра няхай пачынае", - сказаў Прэзідэнт.