Рабочая паездка ў Магілёўскую вобласць

  • 19

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе неадкладна заняцца развіццём Бялыніцкага раёна і на прыкладзе СВК "Калгас "Радзіма" арганізаваць у рэгіёне эфектыўныя сельскагаспадарчыя вытворчасці. Адпаведныя даручэнні Кіраўнік дзяржавы даў 10 ліпеня ў час рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць.

Прэзідэнт канстатаваў, што сацыяльна-эканамічныя паказчыкі раёна ўпалі. За гэта ён вельмі строга раскрытыкаваў работу раённай і абласной улады, а таксама членаў Урада, адказных за вобласць.

"Па Бялыніцкім раёне мы дамовіліся: да канца 2020 года ўсё павінна быць зроблена. Ніякай шалёнай дапамогі не будзе", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

На думку Кіраўніка дзяржавы, раёну неабходна арыентавацца на вопыт калгаса "Радзіма", дзе створана паспяховая вытворчасць дзякуючы інавацыйным падыходам да работы і гаспадарчаму стаўленню да справы. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка папрасіў старшыню СВК Аляксандра Лапацентава, які ўжо больш як 35 гадоў узначальвае калгас, аказаць садзейнічанне старшыні райвыканкама ў развіцці раёна і арганізацыі прыбытковых вытворчасцей.

"У нечым мы дапаможам, але не разлічвайце, што сюды нехта нешта будзе ўвальваць: у нас дастаткова напрамкаў, дзе мы ўвальваць павінны і бачыць будучыню, перспектывы", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Аляксандру Лукашэнку далажылі аб нарыхтоўцы травяных кармоў і гатоўнасці да ўборкі ўраджаю ў краіне ў цэлым, Магілёўскай вобласці і Бялыніцкім раёне. Размова таксама ішла аб развіцці калгаса "Радзіма". У прыватнасці, Прэзідэнта праінфармавалі аб рабоце кааператыва па замацаванні кадраў у вёсцы, развіцці іх матывацыі ў эфектыўным гаспадаранні.

Кіраўнік дзяржавы наведаў канцэрт у аграгарадку Вішоў, дзе ўшаноўвалі работнікаў калгаса "Радзіма", і ўручыў Падзяку Прэзідэнта Беларусі працоўнаму калектыву СВК. У якасці каштоўнага падарунка супрацоўнікам прадпрыемства быў перададзены аўтамабіль Geely Atlas. Гэтых узнагарод працаўнікі калгаса ўдастоены за значны ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны і дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў.

Як расказаў Аляксандр Лукашэнка, падарунак падбіралі доўга. Калі прапанавалі ўручыць работнікам калгаса аўтамабіль, Прэзідэнт засумняваўся: старшыні ж кааператыва і так ёсць на чым ездзіць. "Сказалі, што вяселлі будуць вазіць на гэтым аўтамабілі і, калі нехта прыхварэе, у бальніцу, яшчэ куды-небудзь. Вось вам аўтамабіль, ездзіце на здароўе!" - павіншаваў калектыў з набыццём Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ў свеце няма працы больш самаадданай, чым праца аграрыяў. "Яна заўсёды была пад сілу толькі самым моцным людзям, якія шчыра любяць зямлю, вобразна кажучы - якія адчуваюць біццё яе сэрца", - сказаў ён.

Менавіта такія людзі працуюць на адным з лепшых прадпрыемстваў краіны - калгасе "Радзіма", перакананы Кіраўнік дзяржавы. "Яго гісторыя даўно стала паказальнай для ўсяго аграпрамысловага комплексу. Бачачы вашы дасягненні, не верыцца, што калісьці гаспадарка была стратнай. Але, пераадолеўшы нялёгкія часы, вы ператварылі яе ў высокаразвітую вытворчасць, сучасную і паспяховую. І я вам за гэта шчыра дзякую", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што вопыт калгаса "Радзіма" па стварэнні простых, але эфектыўных ферм распаўсюдзяць не толькі на раён, але і на ўсю краіну.

Прэзідэнт дадаў, што добрасумленнай працай супрацоўнікі калгаса дабіваюцца ўражальных вынікаў: не проста вырабляюць прадукцыю, але і зарабляюць вялікія грошы на яе рэалізацыі.

"Асабліва прыемна адзначыць, што большая частка вашага калектыву - гэта маладыя спецыялісты. Гэта самы наглядны паказчык дабрабыту і перспектыўнасці прадпрыемства", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Ён упэўнены, што немалая заслуга ў гэтым старшыні СВК Аляксандра Лапацентава. Атрымаўшы адукацыю ў гарадах, маладыя людзі вяртаюцца ў родны аграгарадок. "Гэта сведчыць не толькі аб высокім узроўні ўмоў працы і быту вяскоўцаў. Хутчэй, гэта адлюстраванне сапраўднага патрыятызму, і выхоўваецца ён на асабістым прыкладзе бацькоў. У вашым выпадку на прыкладзе пакалення, які стварыў на гэтай зямлі прыгожы і ўтульны куток, куды заўсёды хочацца вярнуцца. Такі працоўны подзвіг натхняе на новыя здзяйсненні, паколькі нельга здрадзіць справе, пачатай бацькамі", - перакананы Прэзідэнт.

Ён падзякаваў работнікам СВК за прафесіяналізм і вернасць лепшым традыцыям земляробства, умацаванне аўтарытэту і прэстыжу прафесіі аграрыя. "Сваёй працай вы забяспечваеце не толькі ўстойлівае развіццё вашага прадпрыемства, але і харчовую бяспеку краіны", - рэзюмаваў беларускі лідар.

У аграгарадку Вішоў Аляксандр Лукашэнка таксама азнаёміўся з экспазіцыяй музея сельскагаспадарчага кааператыва. Установа адкрылася ў 2014 годзе, і сёння ў ёй налічваецца каля тысячы экспанатаў. Тут Кіраўніку дзяржавы расказалі аб гісторыі вішоўскай зямлі, этапах станаўлення прадпрыемства і яго лепшых працаўніках. Прэзідэнту прадэманстравалі старажытныя сельскагаспадарчыя інструменты і прадметы быту, а таксама пачаставалі свежаспечаным хлебам і мёдам з мясцовага пчальніка.