Рабочая паездка ў Аршанскі раён

  • 25

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе большай аддачы і эфектыўнасці ў ільняной галіне. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 30 лістапада ў час наведвання Аршанскага льнокамбіната.

Як далажылі Прэзідэнту на прадпрыемстве, у свеце цяпер ёсць толькі некалькі краін, якія вырошчваюць лён. Гэта ў асноўным еўрапейскія дзяржавы. Першы радок рэйтынгу займае Францыя, Беларусь знаходзіцца прыкладна на другой-трэцяй пазіцыі. "Гэта добра, што на рынку ўсё менш дзяржаў. Таму трэба вырошчваць свой лён, каб не закупляць. Гэта галіна на працягу трох гадоў павінна быць мінімум у два разы больш эфектыўнай. І мы гэта можам зрабіць, калі б у нас Урад працаваў як належыць", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі аб мадэрнізацыі льнокамбіната, вынікам якой стаў рост экспарту, пашырэнне геаграфіі паставак, павелічэнне выручкі і заработнай платы. Прадпрыемства забяспечвае своечасовыя разлікі па ўзятых на сябе крэдытных абавязацельствах.

Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што і непасрэдна сельгасвытворцы павінны адчуваць рост эфектыўнасці і атрымліваць прыбытак. У гэтым плане льнокамбінат ужо на працягу некалькіх гадоў паэтапна павышае закупачныя цэны на сыравіну і гатовы на новыя істотныя крокі, каб зацікавіць вяскоўцаў.

Аляксандр Лукашэнка наведаў некалькі цэхаў прадпрыемства, дзе азнаёміўся з сучасным тэхналагічным абсталяваннем па вытворчасці тканін і новымі ўзорамі льняной прадукцыі, паразмаўляў з супрацоўнікамі камбіната. Кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі не толькі тканіны, але і гатовае адзенне для дзяцей і дарослых, у тым ліку джынсавае, шторы, пасцельныя рэчы, гігіенічныя вырабы медыцынскага прызначэння, камуфляжныя тканіны і многае іншае, аж да некаторых відаў паперы. Прэзідэнт даў шэраг канкрэтных даручэнняў па далейшым развіцці вытворчасці, асваенні і пашырэнні новых відаў прадукцыі. "Гэта глыбокая перапрацоўка, дабаўленая вартасць, дадатковыя грошы і занятасць, адыход ад імпарту, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Што нам перашкаджае забяспечыць свае бальніцы і іншае, прадаваць сваё? Нічога не перашкаджае".

"Мала таго, што гэта палітычная культура (для Беларусі, паколькі яна ёсць на гербе краіны. - Заўвага), у свеце лёну не хапае. Значыць, рынак будзе. Чым далей, тым больш. Ну і калі мы пачалі гэтым займацца і ўклалі вялікія грошы ў вытворчасць і перапрацоўку, трэба далей, паглыбляючы гэту перапрацоўку, атрымаць і касметалагічныя тавары, і для медыцыны... Трэба паглыбляцца", - даручыў беларускі лідар.

Азнаёміўшыся з вытворчасцю, Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях развіцця льнаводства і перапрацоўкі лёну. Мерапрыемства сабрало самае шырокае кола ўдзельнікаў: ад вучоных і дырэктараў ільнозаводаў да міністраў і кіраўніцтва Урада.

Прэзідэнт адзначыў, што рашэнне аб развіцці ў краіне льняной галіны было прынята даўно, і сёння позна ўжо спрачацца, ці правільным яно аказалася. "Я лічыў, лічу, а цяпер і вы пераканаліся ў тым, што мы зрабілі правільна", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым, паводле яго слоў, работа да гэтага часу наладжана неэфектыўна. "Любіць трэба сваю краіну. І любоў павінна выяўляцца не ў балбатні і словах, а ў справах", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён заўважыў, што людзі цэняць ільняную прадукцыю, попыт на яе толькі расце. "А для нас, чарнобыльскай рэспублікі, Украіны і Расіі гэта наогул "лякарства". Ільняныя тканіны - гэта паратунак для нас. Свет даўно зразумеў, асабліва Еўропа: лёну быць. А колькасць вытворцаў змяншаецца. Дык правільна мы зрабілі, што калісьці заняліся мадэрнізацыяй вытворчасці, асабліва на гэтым ільнокамбінаце - гэта наша гісторыя? Абсалютна правільна. І жыццё гэта пацвердзіла", - заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, лён - гэта адзіны штогод выпускаемы від сыравіны для тэкстыльнай прамысловасці. Сёння беларускія прадпрыемствы выпускаюць спецыялізаваную тэхніку для яго вырошчвання і ўборкі, а заводы асвойваюць і развіваюць новыя напрамкі выкарыстання льновалакна, кастрыцы і льнасемя. "Цяпер у нас аднаўляецца такая, здавалася, страчаная пазіцыя, як вытворчасць ільнянога алею. Некалькі гадоў таму мы яго поўнасцю імпартавалі", - заўважыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў краіне яшчэ некалькі гадоў таму вызначыліся з тэхналогіяй вырошчвання, аптымальнымі тэрмінамі сяўбы і ўборкі лёну, з падыходамі да работы Аршанскага льнокамбіната і тэхнічнага перааснашчэння льнозаводаў і льнасеяльных арганізацый. "Але сітуацыя ў ільногаліне не радасная. Так, трэба сказаць, што нейкі маленькі-маленькі прырост ёсць, дынаміка ў патрэбным напрамку. Не толькі таму, што рынак сёння дапамог нам, попыт пайшоў, але яшчэ і таму, што неяк заварушыліся, у гаспадарках пачалі больш увагі ўдзяляць лёну. Але гэта ж слёзы", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнта насцярожвае, што на нарадах з году ў год узнімаюцца адны і тыя ж пытанні: "Праблемы ёсць як у вытворцаў лёну, так і ў яго перапрацоўшчыкаў, аднак эфектыўных рашэнняў не прапануюць ні губернатары, ні Урад".

Аляксандр Лукашэнка паставіў пытанне, чаму па-ранейшаму не выконваюцца тэхналагічныя рэгламенты па падборы глеб і іх апрацоўцы, што перашкаджае сеяць лён і паднімаць ільнотрасту ў агратэхнічныя тэрміны і чаму для закладкі таварных пасеваў выкарыстоўваецца няякаснае насенне. "Гэта пытанні сельскай гаспадаркі, сельгаспрадпрыемстваў", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама пацікавіўся, якая ў краіне праведзена работа па стварэнні машын для ўсяго тэхналагічнага цыкла, чаму ў ільнасеяльных арганізацый да гэтага часу няма неабходнай тэхнікі для вырошчвання і ўборкі лёну. "Што перашкаджае поўнай загрузцы вытворчых магутнасцей нашых ільнозаводаў? Чаму яны працуюць неэфектыўна, а іх мадэрнізацыя звялася да банальнай замены зношаных вузлоў і агрэгатаў? У чым прычына адсутнасці якаснага льновалакна ў неабходным аб'ёме і невыканання дзяржзаказу?" - узняў шэраг праблемных пытанняў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што Расія і Кітай, якія купляюць ільновалакно ў Беларусі, вырабляюць тавары, якія карыстаюцца большым попытам у параўнанні з беларускімі. "Дзе тэхналогіі, спецыялісты, якія павінны прасоўваць айчынную льняную прадукцыю?" - пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт канстатаваў, што ў развіццё Аршанскага льнокамбіната з 2007 года ўкладзена $212 млн. Што ў такім выпадку стрымлівае нармальнае развіццё прадпрыемства, спытаў ён. "Сёння мы вызначыліся: 30-35% яны могуць дабавіць, у іх магутнасцей хапае", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Сёння наша задача - аб'ектыўна вызначыць праблемныя пытанні з тым, каб вывесці нарэшце льняную галіну на эфектыўны ўзровень работы. Таму мне патрэбны аргументаваныя, шчырыя і сумленныя адказы на ўсе пытанні. Не спрабуйце, падтуліўшы хвост, бойка далажыць, які гераізм вы ажыццявілі ў гэтай галіне", - папярэдзіў беларускі лідар.

На нарадзе было адзначана, што, нягледзячы на рэкамендацыі вучоных і правядзенне вучэбных мерапрыемстваў, пакуль не ўсюды ў краіне ўдаецца вырошчваць і апрацоўваць лён па тэхналогіі. Прэзідэнт адрасаваў пытанне Намесніку Прэм'ер-міністра Міхаілу Русаму, чаму склалася такая сітуацыя. "Гэта недагляд. Даціснем да кожнага гектара", - адказаў віцэ-прэм'ер.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што калі ў будучым годзе кіраўніцтва АПК і Нацыянальнай акадэміі навук разам не забяспечаць выкананне тэхналогій вырошчвання лёну, то будуць прыняты самыя жорсткія меры. Практычная работа на месцах - зона адказнасці губернатараў.

Адначасова Кіраўнік дзяржавы адзначыў, каб усіх кіраўнікоў, якія забяспечваюць высокія вынікі пры вырошчванні лёну і іншых важных культур, не забывалі заахвочваць і падтрымліваць. "І не толькі ордэн, а і да ордэна яшчэ нешта трэба", - сказаў ён.

У час абмеркавання прагучала прапанова эксперыментальна закупляць імпартнае насенне лёну добрых селекцый і спрабаваць іх раянаваць у беларускіх умовах. Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым нагадаў, што раней вучоныя запэўнівалі яго: беларускія сарты лепшыя за замежныя. Прадстаўнікі навуковай сферы пацвердзілі сваю пазіцыю і на нарадзе. Прэзідэнт у сувязі з гэтым даручыў губернатарам правесці эксперымент у рэгіёнах, каб на спецыяльна адведзеных палях побач былі пасеяны замежны і некалькі беларускіх сартоў. "І калі мы паедзем глядзець лён, мы паедзем на гэта поле. Але пры выкананні ўсіх тэхналогій", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што губернатары, у адрозненне ад вучоных, у гэтым плане людзі нейтральныя. "Вам трэба ведаць - што лепш", - адзначыў ён.

На нарадзе была таксама ўзнята праблема імпарту запасных частак для тэхнікі. Аляксандр Лукашэнка даручыў арганізаваць на айчынных прамысловых прадпрыемствах выпуск усёй наменклатуры неабходных запчастак для рамонту тэхнікі.

"Ніякага імпарту. Мы машынабудаўнічая краіна, вырабляем вельмі складаныя машыны. Ужо цяпер збярыце заказы, дапусцім, з ільнокамбіната. Аж да стварэння цэхаў па імпартазамяшчэнні ў той жа Оршы. Усё мы павінны рабіць у сябе. Паколькі будуць вазіць з-за мяжы, - сказаў Прэзідэнт. - А чаму возяць - таму што там адкаты. Там так званыя камісійныя - 8-15%. На днях вы пачуеце яшчэ адну эпапею. Ужо далажылі мне. Некалькі дзясяткаў кіраўнікоў папалі на гэтым самым імпарце. Пасрэдніцтва і гэтак далей і да таго падобнае. Спяшацца не будзем, але я ўжо бачу. Таму што там ужо затрыманы людзі з доказамі злачынства".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што вытворчасць тых ці іншых дэталей, якія цяпер закупляюцца за мяжой, можна даручыць айчынным прадпрыемствам: "Гомсельмаш" церпіць - не ўсе магутнасці заняты, МТЗ - ідзі рабі. Ніякага імпарту па рамонце і запчастках".

Ён дадаў, што гэта датычыцца не толькі патрэбнасцей ільняной галіны, але і іншых напрамкаў. "Гэта праблема праецыруецца на іншыя прадпрыемствы. Усё, што датычыцца запасных частак да тэхнікі - сеялак, арфаў, прэсаў і іншае", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама паставіў задачу адносна больш шырокага выкарыстання айчынных тканін на швейных прадпрыемствах, у тым ліку камвольных і льняных. "Усе тканіны з мадэрнізаваных прадпрыемстваў. Вывучыце рынкі. Разумна падыдзіце, але свае тканіны павінны быць задзейнічаны швейнымі прадпрыемствамі. Гэта таксама важнейшае пытанне. У адваротным выпадку, дзеля чаго мы гэта ўсё задумалі", - падкрэсліў ён.

Аб выяўленых хібах і недахопах пры вырошчванні лёну, якія адмоўна паўплывалі на вынікі работы галіны ў цэлым, расказаў Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў. Напрыклад, паводле яго слоў, на прадпрыемствах не сочаць за эфектыўным выкарыстаннем аўтамабільнай тэхнікі: яе сумарны непрадукцыйны прабег па краіне складае дзясяткі тысяч кіламетраў.

"Гэта важнейшая сёння тэма. Вы ведаеце, колькі каштуе паліва, а ганяеце туды-сюды гэту тэхніку. Вось ваша эканомія", - сказаў губернатарам Аляксандр Лукашэнка.

На думку Кіраўніка дзяржавы, у вытворчасці льновалакна можна было б дабіцца значна большых вынікаў, калі б кіраўніцтва рэгіёнаў удзяляла гэтай сферы належную ўвагу. "Так, дрэнна, але ўсё ж такі, як кіраўнік нашага прадпрыемства тут сказаў, у яго ёсць добрая дынаміка. Гэта выратоўвае Русага ад той катастрофы, якую пацярпелі яго калегі на чале з Кабяковым. Але, Міхаіл Іванавіч, не дай бог вы з Зайцам (Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц. - Заўвага) не вырашыце гэту праблему ў 2019 годзе", - папярэдзіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама даручыў за наступны год канчаткова вызначыцца, колькі ў краіне павінна быць ільнозаводаў, зыходзячы з пасяўных плошчаў. "Яны павінны быць даведзены раз і назаўсёды да розуму. Але самыя лепшыя заводы, якія даюць лепшае льновалакно, павінны быць загружаны на 100%. Усім астатнім - па рэшткавым прынцыпе", - сказаў ён.

Віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы на нарадзе прызнаў, што выказаная крытыка наконт адсутнасці дастатковай колькасці айчыннай сыравіны і прэтэнзіі да яе якасці справядлівыя. Разам з тым распрацаваны доўгатэрміновы механізм выдзялення зямельных плошчаў для вырошчвання лёну-даўгунцу, прыняты неабходныя кадравыя рашэнні, вызначаны сыравінныя зоны для вырошчвання лёну і комплекс машын. Сваё слова сказала і навука - атрыманы новыя раянаваныя высокаэфектыўныя сарты. Практыка асобных гаспадарак і льнозаводаў паказвае, што толькі дакладнае выкананне тэхналагічных працэсаў на ўсіх этапах дазваляе гарантавана разлічваць на высокі вынік у цэлым па краіне, нават нягледзячы на ўмовы надвор'я.

Падрабязна ў час мерапрыемства разглядалася і пытанне навуковага забеспячэння ў ільнаводстве. Усе рашэнні наконт гэтага прыняты ўжо, і шмат у чым справа за канкрэтнымі кіраўнікамі і выканаўцамі на месцах. Тое ж самае датычыцца работы льнонасенстанцый у абласцях. "Калі Шарстнёву (старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў. - Заўвага) патрэбна адна льнонасенстанцыя і адзін цэнтр па падрыхтоўцы насення, зрабіце адзін і не распыляйцеся. Калі ў Магілёўскай вобласці патрэбна пяць - зрабіце пяць, а не 25. Усё павінна быць сканцэнтравана", - запатрабаваў беларускі лідар.

Кіраўніку дзяржавы было даложана аб стварэнні айчынных машын для перапрацоўкі лёну. На парадку дня ў тым ліку кааперацыя з вядомым бельгійскім вытворцам такой тэхнікі. Аднак тэхнічныя рэсурсы не заўсёды выкарыстоўваюцца эфектыўна і па-гаспадарску. "Уся неабходная тэхніка з улікам двухзменнай і трохзменнай работы ёсць. Проста яна выкарыстоўваецца бязладна. Трэба аднавіць тое, што пад плотам сёння кінута, і працаваць трэба", - заўважыў Прэзідэнт.

Закраналіся ў Оршы і тэмы закупачных цэн на льновалакно, анансавання, забеспячэння захаванасці ўраджаю льнотрасты і атрыманай з яе сыравіны. Аляксандр Лукашэнка прывёў шэраг канкрэтных прыкладаў безгаспадарчага падыходу з боку асобных кіраўнікоў.

У цэлым размова ідзе аб паглыбленай перапрацоўцы льняной сыравіны, атрыманні шырокага спектра новай запатрабаванай у Беларусі і за мяжой прадукцыі. "Па імпарце завозім, а са сваіх тканін - "Камволя" і льнокамбіната - не шыем", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Яму, у прыватнасці, падрабязна далажылі аб сітуацыі на камвольным камбінаце ў пытанні развіцця вытворчасці і некаторых цяжкасцях з прасоўваннем тканін на замежныя рынкі. Прэзідэнт у сувязі з гэтым даў неабходныя даручэнні.

Як далажыў віцэ-прэм'ер Ігар Ляшэнка, Аршанскім ільнокамбінатам выканана даручэнне па мадэрнізацыі з выхадам вытворчасці на тэхнічны ўзровень, які адпавядае сусветным аналагам. Закуплена высокапрадукцыйнае тэхналагічнае абсталяванне вядучых сусветных вытворцаў, істотна абноўлены асартымент, арганізавана вытворчасць прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю. Далейшая рэалізацыя бізнес-плана шмат у чым залежыць ад аб'ёмаў і якасці прадукцыі, якія змогуць забяспечыць аграрыі. Аднак нават пры цяперашніх умовах работы стабільна праглядаюцца разлікі па пазыках і перспектывы развіцця прадпрыемства.

На заканчэнне Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць таго, што адпаведныя пытанні яшчэ раз былі абмеркаваны на гэтым узроўні. Былі расстаўлены акцэнты адносна далейшага развіцця ў краіне льнаводчай галіны, а таксама далейшай перапрацоўкі і рэалізацыі прадукцыі з лёну. "Рыса падведзена, і ратуе вас толькі тое, што, па-першае, ёсць дынаміка крыху станоўчая, перш за ўсё дзякуючы Аршанскаму льнокамбінату: ён пачаў больш якасна, эфектыўна працаваць і крэдыты гасіць, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Ну і год быў не лепшы (па ўмовах надвор'я. - Заўвага). Гэта вас ратуе. Усё. Адступаць няма куды".

Акрамя функцыянавання Аршанскага льнокамбіната на нарадзе былі абмеркаваны і пытанні далейшага якаснага развіцця як горада, так і раёна ў цэлым. Прэзідэнт цікавіўся сітуацыяй на канкрэтных прадпрыемствах, ходам выканання ранейшых даручэнняў, рэалізацыяй шэрага прамысловых праектаў у сферы імпартазамяшчэння. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Орша - гэта толькі ўзор таго, як неабходна развіваць такія вялікія для Беларусі населеныя пункты.

Кіраўнік дзяржавы патрабуе да канца 2020 года завяршыць асноўныя мерапрыемствы па навядзенні парадку на прадпрыемствах і наданні новага імпульсу ў сацыяльна-эканамічным развіцці горада і раёна. Хоць, зразумела, што і ў наступныя гады прадоўжыцца рэалізацыя перспектыўных праектаў. "Гэта такі маяк, дзе мы адпрацоўваем гэтыя тэхналогіі. Да канца 2020 года мы павінны забыць пра Оршу ў добрым сэнсе слова. У новую пяцігодку цягнуць ні ў якім разе нельга", - сказаў ён.