Бел
Галоўная   /  Падзеі

Рабочая паездка ў Аршанскі раён

4 лістапада 2018 года
Рабочая паездка ў Аршанскі раён
глядзіце таксама: відэа
4 лістапада 2018 года
Рабочая паездка ў Аршанскі раён
Размова з жыхарамі Балбасава: пра фактар міру ў знешняй палітыцы
глядзіце таксама: відэа
4 лістапада 2018 года
Размова з жыхарамі Балбасава: пра фактар міру ў знешняй палітыцы
Размова з жыхарамі Балбасава: пра новыя перспектывы ў Аршанскім раёне
Рабочая паездка ў Аршанскі раён
глядзіце таксама: фота
4 лістапада 2018 года
Рабочая паездка ў Аршанскі раён
19 фота

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звяртае ўвагу на ролю грамадзян у падтрыманні парадку і развіцці населеных пунктаў. Аб гэтым ён заявіў 4 лістапада, наведваючы гарадскі пасёлак Балбасава ў Аршанскім раёне.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з добраўпарадкаваннем і сацыяльным развіццём Балбасава. Размаўляючы з мясцовымі жыхарамі, ён расказаў, што ў Беларусі паэтапна займаліся навядзеннем парадку ў краіне, пачынаючы ад сталіцы і заканчваючы аграгарадкамі. Аднак некалькі ўбаку засталіся невялікія пасёлкі, накшталт Балбасава. "Чысціню, парадак мы навялі, але гэта давядзецца вам самім падтрымліваць", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць далейшага азелянення населенага пункта, развіцця паркавых тэрыторый і ў цэлым стварэння найбольш камфортных умоў для жыцця людзей. Пасёлкі, як Балбасава або Копысь, - гэта ўзор, па якім у бліжэйшыя некалькі гадоў прывядуць у парадак такія населеныя пункты па ўсёй краіне.

Прэзідэнт заклікаў удзельнічаць у гэтым працэсе і саміх грамадзян у меру сіл і магчымасцей. "Трэба варушыцца. Не трэба спадзявацца толькі на дзяржаву. Яна сваю ролю адыграе, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Там, дзе дзяржава павінна зрабіць, дзе вы не можаце, там з дзяржавы трэба патрабаваць".

Ён таксама падкрэсліў, што не з'яўляецца прыхільнікам выключна рыначнага падыходу і дзяржава прадоўжыць адыгрываць неабходную ролю ў развіцці тэрыторый - іх добраўпарадкаванні, стварэнні новых рабочых месцаў. "Гэта прыгажосць будзе запатрабавана людзьмі толькі тады, калі ім будзе дзе працаваць. Таму трэба яшчэ і ствараць рабочыя месцы", - адзначыў Прэзідэнт. - Для надання імпульсу эканамічнаму развіццю цяпер каля Балбасава разгорнута будаўніцтва, аднаўляецца аэрапорт, каля якога размесціцца буйны прамыслова-лагістычны цэнтр. "Тут цудоўная лагістыка - міжнародная аўтамабільная траса, чыгуначны вузел, будзе паветраная гавань", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заклікаў па-гаспадарску падыходзіць да выкарыстання пустуючых будынкаў і памяшканняў, паколькі некаторыя з іх можна не зносіць, а пераабсталяваць пад іншыя мэты, у тым ліку развіццё бізнесу, стварэнне арганізацый для абслугоўвання насельніцтва.

"Гэты пасёлак для мяне - сімвал нашай непарыўнай дружбы з расіянамі. Тут шмат працавала (у часы СССР. - Заўвага), большасць рускіх людзей. Беларусы, рускія, украінцы... Розныя нацыі жылі і некалі эксплуатавалі гэты аэрадром. Гэта быў адзін са стратэгічных ваенных аэрадромаў. І няхай гэты адноўлены пасёлак будзе сімвалам нашай непарушнай дружбы славянскіх народаў, перш за ўсё расіян і беларусаў. Гэта як помнік", - сказаў Прэзідэнт.

"Мы пакрыху будзем вам дапамагаць там, дзе павінна падставіць сваё плячо дзяржава. А гавораць, што дзяржава - гэта мы (народ, людзі. - Заўвага). Дык давайце мы і будзем мацаваць гэту дзяржаву, - заклікаў Аляксандр Лукашэнка. - Усё цяпер за вамі. І сваё жыццё наладжваць нам. Ніхто збоку не прыйдзе і не дапаможа. Наадварот, будуць, зайздросцячы, недзе прытарможваць".

У час размовы з жыхарамі Балбасава Кіраўнік дзяржавы закрануў і дэмаграфічнае пытанне, выказаўшы пажаданне, каб у сем'ях было не менш як тры дзіцяці: "Нам вельмі патрэбны людзі. Для таго, каб была Беларусь. Беларусь - суверэнная і незалежная, - гэта перш за ўсё людзі".



Аляксандр Лукашэнка прайшоў па цэнтральнай вуліцы гарадскога пасёлка, азнаёміўшыся з добраўпарадкаваннем населенага пункта. Сярод іншага заменена і адрамантавана дарожнае палатно, адрамантаваны сацыяльныя аб'екты, фасады дамоў і дваровыя тэрыторыі, уладкаваны сучасныя дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі, вырашана пытанне з забеспячэннем насельніцтва якаснай пітной вадой за кошт будаўніцтва станцыі па ачыстцы вады ад прымесей жалеза, удзелена ўвага азеляненню тэрыторыі.

Уздоўж шляху Кіраўніка дзяржавы сабраліся мясцовыя жыхары, многія з якіх не толькі дзякавалі за пазітыўныя змяненні, якія адбыліся, але і выказвалі пажаданні па далейшым развіцці населенага пункта. Адзін з такіх напрамкаў датычыцца гандлёвага абслугоўвання. Прэзідэнт асабіста ацаніў асартымент у двух прадуктовых магазінах, адзін з якіх дзяржаўны, а другі прыватны. Было адзначана, што ў цэлым і той, і другі карыстаюцца попытам у пакупнікоў, а цэны на тыя ці іншыя тавары могуць адрознівацца, аднак у сярэднім знаходзяцца прыкладна на аднолькавым узроўні.

У час наведвання прыватнага прадуктовага магазіна Прэзідэнт падкрэсліў, што пры правядзенні больш гібкай цэнавай палітыкі неабходна выраўноўваць умовы працы дзяржаўных і прыватных гандлёвых арганізацый. "Значыць, стварайце ўмовы, каб яны маглі працаваць на роўных - прыватныя магазіны і дзяржаўныя. Людзям жа галоўнае, каб якасны быў прадукт і танны", - заўважыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў з асцярожнасцю падыходзіць да пытання будаўніцтва ў гэтай мясцовасці буйных сеткавых магазінаў, каб не загубіць невялікія магазіны крокавай даступнасці. "Я б вам не рэкамендаваў будаваць тут сеткавыя магазіны, паколькі яны загубяць маленькія. У нас 11 такіх, можна сказаць, крокавай даступнасці. Яны канкурыруюць паміж сабой. А калі цяпер сюды сеткавы магазін пусцім, у яго ёсць магчымасць напалову знізіць цэны, і ён загубіць гэтыя (невялікія магазіны. - Заўвага), а потым узніме цэны. Праўда, гэтыя жарты ў нас недапушчальныя. Я іх усіх папярэдзіў. Глядзіце, вельмі акуратна з гэтым. Тут я не хачу вам рэкамендаваць забараняць ці не, але такія магазінчыкі губіць нельга", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

У працэсе размовы з мясцовымі жыхарамі было ўзнята і пытанне паляпшэння абслугоўвання пры гандлі прамысловымі таварамі. Кіраўнік дзяржавы распарадзіўся на працягу года разгледзець варыянты і вырашыць гэта пытанне.

Прэзідэнт падрабязна цікавіўся выкарыстаннем тых ці іншых аб'ектаў у гарадскім пасёлку, даючы неабходныя даручэнні або парады.

Аляксандр Лукашэнка наведаў у Балбасаве і абноўлены Дом культуры, азнаёміўся з работай гэтай установы, дзе створаны магчымасці не толькі па эстэтычных напрамках, такіх як танцы і спевы, але і для заняткаў фітнесам, абсталявана трэнажорная зала. Кіраўнік дзяржавы пагутарыў з наведвальнікамі Дома культуры, сярод якіх было нямала зусім юных жыхароў пасёлка, з задавальненнем паслухаў песні ў выкананні мясцовых калектываў. І дзеці, і дарослыя атрымалі ад беларускага лідара салодкія падарункі - для іх былі спецыяльна прызапашаны пліткі шакаладу "Прэзідэнт".

Пасля агляду добраўпарадкаванага пасёлка і размовы з мясцовымі жыхарамі Аляксандр Лукашэнка асабіста азнаёміўся з ходам будаўніцтва ў Балбасаве мультымадальнага прамыслова-лагістычнага комплексу.

У час размовы з жыхарамі Балбасава Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў гістарычнае значэнне свята Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, якое штогод адзначаецца ў краіне.

"Мы гэта свята Кастрычніцкай рэвалюцыі пакінулі выхадным днём. Вядома, гэта крыху іншы падыход. Многія бачаць гэту далёкую рэвалюцыю на адлегласці - прайшло больш за сотню гадоў. Але гэта наша гісторыя. Яе не перакрэсліш, яе не перапішаш. Той, хто спрабаваў, перапісваючы, кінуць камень у мінулае, атрымліваў гэты камень у сучасным. Мы пакінулі гэта свята. Але, зразумела, час ідзе, і яго (свята. - Заўвага) трэба было напоўніць нейкім іншым сэнсам", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.



Да гэтага дня было прынята падносіць народу падарункі ў розных сферах. "Мы гэту добрую традыцыю пакінулі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле слоў Прэзідэнта, вышэй за сярэдняе па выніках стаў сельскагаспадарчы год, у прамысловасці ёсць пэўныя падарункі, у сацыяльнай сферы. У іх ліку і знакавая будоўля ў Жыткавіцкім раёне, дзе гэтымі днямі адкрыюць адноўлены мост праз Прыпяць. У сваю чаргу ў гарадскім пасёлку Балбасава і Аршанскім раёне ў цэлым была разгорнута адна з сацыяльных будоўляў, у ходзе якой асноўная ўвага была ўдзелена добраўпарадкаванню і навядзенню парадку. Паралельна рэалізуюцца меры па эканамічным развіцці гэтых тэрыторый, стварэнні новых рабочых месцаў. "Сёе-тое зрабілі, і нямала. Усё астатняе - за вамі, і за гэта з вас будзе самае строгае запатрабаванне, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Многія з вашых дзяцей будуць жыць тут. Сацыяльная сфера - культура, спорт, школы. Але самае галоўнае - гэта рабочыя месцы".

У ходзе размовы з мясцовымі жыхарамі Прэзідэнт адзначыў выключна міралюбівую палітыку беларускай дзяржавы і народа.

"Мы - мірныя людзі, не хочам вайны. Мы не багатыя, але нікога не просім. Мы самі сваё шчасце заробім. Калі будзем варушыцца, мы ўсё зробім самі. Я ўжо сказаў, што лепш дзясяткі і сотні гадоў перагавораў, чым адзін дзень вайны. Не дай бог. Я ведаю па гэтых гарачых кропках. Для гэтага (мірнага і шчаслівага жыцця. - Заўвага) мы павінны быць як адінае цэлае, бачыць свае мэты, жыць так, як лічым патрэбным", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Нам чужога не трэба. У нас сярэдняя па еўрапейскіх мерках дзяржава. Мы ў самым цэнтры Еўропы і гэтым даражым", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, звярнуў увагу на транзітнае значэнне Беларусі, якая са сваёй транспартнай інфраструктурай пры цяперашняй сітуацыі ў рэгіёне аказалася вельмі запатрабаванай для перавалкі тых ці іншых грузаў. Аднак гэта спараджае і дадатковыя рызыкі. "Выступаючы перад прадстаўнікамі Захаду на Мюнхенскай канферэнцыі (сустрэча ў Мінску асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. - Заўвага), я ім гаварыў: цаніце Беларусь, не трэба супраць нас санкцыі ўводзіць. І нарката, і бандытызм, і ядзерныя элементы, і незаконная міграцыя - усё праз нас ідзе на Захад. Мы іх ловім, адлоўліваем за ўласны кошт", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Сёння нарэшце яны зразумелі, у чым цана гэтага кавалка зямлі ў цэнтры Еўропы. Не толькі яны. Амерыканцы вельмі далёка - таксама ацанілі. Я ўжо не гавару пра старэйшага брата (размова пра Расію. - Заўвага)", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца беларускай знешнепалітычнай лініі, Прэзідэнт падкрэсліў, што яна ідзе ад жыцця: "Я нічога не прыдумаў. З суседзямі трэба жыць добра, чаго нам з імі сварыцца". У сувязі з гэтым ён згадаў аб прапановах пабудаваць у Польшчы амерыканскую ваенную базу. "Я Міністру замежных спраў сказаў - ён выступаў у нас у Мінску: мы з вамі ваяваць не збіраемся. Таму не трэба ствараць лішнія базы. У адваротным выпадку мы з расіянамі павінны будзем адказваць. Значыць, мы будзем вымушаны нешта размяшчаць, каб вам процідзейнічаць", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Пасля агляду добраўпарадкаванага пасёлка і размовы з мясцовымі жыхарамі Аляксандр Лукашэнка асабіста азнаёміўся з ходам будаўніцтва ў Балбасаве мультымадальнага прамыслова-лагістычнага комплексу.


Тэгі: Паездкі
© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь