Бел
Галоўная   /  Падзеі

Рабочая паездка ў Аршанскі раён

13 жніўня 2018 года
Наведванне ААТ "Тэхніка сувязі"
глядзіце таксама: відэа
13 жніўня 2018 года
Наведванне ААТ "Тэхніка сувязі"
Наведванне Аршанскага інструментальнага завода
глядзіце таксама: відэа
13 жніўня 2018 года
Наведванне Аршанскага інструментальнага завода
Рабочая паездка ў Аршанскі раён
глядзіце таксама: фота
13 жніўня 2018 года
Рабочая паездка ў Аршанскі раён 20 фота

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка строга раскрытыкаваў якасць работы мясцовых органаў улады, кіраўніцтва галін і прадпрыемстваў па развіцці вытворчай сферы ў Аршанскім раёне.

Аб сваіх планах пабываць з рабочай паездкай у гэтым раёне Аляксандр Лукашэнка расказаў раней на нарадзе з членамі Урада і кіраўніцтвам рэгіёнаў, звярнуўшы ўвагу, што яго візіт стане "лакмусавай паперкай у рабоце Урада".

Асноўную ўвагу Кіраўнік дзяржавы ўдзяліў развіццю вытворчай сферы, у першую чаргу праблемных прадпрыемстваў. Аляксандр Лукашэнка за дзень наведаў чатыры арганізацыі, дзе падрабязна цікавіўся сітуацыяй не толькі ў кіраўніцтва і членаў Урада, але і радавых работнікаў - распытваў аб планах, зарплаце і ў цэлым атмасферы на вытворчасці.

Прэзідэнт, як правіла, не ішоў па загадзя падрыхтаваным маршруце, а асабіста аглядаў кожны метр тэрыторыі прадпрыемстваў, заглядваў туды, дзе нават напярэдадні прыезду Кіраўніка дзяржавы і не думалі наводзіць парадак. Але і там, дзе паспелі заняцца гэтымі пытаннямі, усё было зроблена саматужна, на скорую руку, а, значыць, няякасна. На такі стан спраў Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу адразу пасля прыезду на Аршанскі інструментальны завод. "Не любіце вы людзей, не любіце вы завод. Калі ўжо робіце тут нейкую паказуху, зрабіце бардзюр, але навошта ў траву класці асфальт. Гэта што, культура? Вось за гэта чыноўнікаў і ненавідзіць часам народ - за вашыя бязладнасць і непарадак", - сказаў ён.

У гэтым жа ключы размова ішла і пасля наведвання прадпрыемства. Прэзідэнт застаўся вельмі незадаволены ўбачаным. "Хутчэй за ўсё, міністра сюды накіруем да цябе працаваць. У яго выбар адзін: або турма, або сюды, - публічна аб гэтым кажу. Пакуль двойка з мінусам і да цябе прэтэнзій шмат. Ніколі не займайся ашуканствам. Ты - малады кіраўнік. Ты тут галоўны. Не дай бог, я перад новым годам прыеду і маё вока зачэпіцца за што-небудзь. Ты ведаеш, што будзе", - папярэдзіў Прэзідэнт, звяртаючыся да дырэктара завода Уладзіслава Бардзюкова.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, чаму так важна аднавіць эфектыўную работу завода. Гэта звязана з тым, што ў эканоміцы краіны шмат прадпрыемстваў апрацоўчай і перапрацоўчай накіраванасці, і на кожным ёсць патрэбнасць у тых ці іншых інструментах, пачынаючы ад буйных вытворчасцей, накшталт "Гомсельмаша", і заканчваючы невялікімі сельгаспрадпрыемствамі. "Я за яго не чапляўся б, калі б нам гэты прадукт не быў патрэбны, - падкрэсліў беларускі лідар. - Таму інструментальны завод трэба аднавіць на самым высокім узроўні, каб "Гомсельмаш", МТЗ, МАЗ і ўсе іншыя прадпрыемствы, нават нафтаперапрацоўкі і сельскай гаспадаркі, атрымалі добры інструмент. Вось чаму я чапляюся за гэты завод".

"Пакуль гэта ідыёцкае стаўленне да майго даручэння. Але я ведаю, што рабіць. Улады ў мяне хопіць. А міністра прамысловасці з заўтрашняга дня сюды, і няхай пачынае працаваць. На якой пасадзе - вызначым", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандру Лукашэнку ў час наведвання прадпрыемства далажылі аб фінансава-эканамічным стане завода, перспектывах развіцця і мерах па вывядзенні на ўстойлівую работу. Пэўныя намаганні ў гэтым напрамку прыкладзены і ёсць пазітыўныя зрухі, аднак Аляксандр Лукашэнка выказаўся са строгай крытыкай наконт таго, што ўсё робіцца вельмі марудна, з парушэннем абазначаных тэрмінаў і без гаспадарчага падыходу пры выкарыстанні маёмасці прадпрыемства і вытворчых памяшканняў. Большая частка з іх утрымліваецца ў  абсалютна непрыглядным выглядзе, месцамі працякае дах. "Хіба гэта рабочыя месцы?! Турма нейкая! Катаржныя людзі працуюць за $200 у месяц!" - абурыўся Кіраўнік дзяржавы ўмовамі працы рабочых.

Незадаволены Прэзідэнт і аператыўнасцю вырашэння пытанняў па закупцы новага абсталявання. Яно вельмі неабходна для выканання прадпрыемствам больш складаных, а адпаведна і больш прыбытковых заказаў, у той час як цяпер даводзіцца працаваць на станках, якім не адзін дзясятак гадоў. Кіраўніцтва прадпрыемства правяло шэраг працэдур па арганізацыі закупкі, аднак практычных вынікаў пакуль няма. У той жа час Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што тут жа ў Аршанскім раёне ёсць станказавод "Чырвоны барацьбіт", кіраўнік якога Аляксандр Шульгін таксама прысутнічаў на мерапрыемстве. Ён пацвердзіў здольнасць свайго прадпрыемства аператыўна паставіць большасць неабходнага абсталявання. "Вы ведалі строгае патрабаванне Прэзідэнта. Чаму не сказалі, што не патрэбны ніякі імпарт, ніякія конкурсы, у нас "Чырвоны барацьбіт" тут робіць?" - адрасаваў Аляксандр Лукашэнка пытанне адказным чыноўнікам.

Ён даручыў арганізаваць прамыя закупкі неабходнага абсталявання як у названага прадпрыемства, так і іншых айчынных вытворцаў, а па імпарце набыць толькі тое, што яны не змогуць паставіць. "З сённяшняга дня пачынай сюды пастаўку станкоў. Пад тую рэнтабельнасць, якая ў цябе ёсць. Забірайце гэтыя лоты і заказы і пачынайце па існуючых цэнах пастаўляць станкі", - распарадзіўся беларускі лідар, звяртаючыся да дырэктара "Чырвонага барацьбіта".

Прэзідэнт таксама запатрабаваў у сціслыя тэрміны навесці парадак як унутры невыкарыстоўваемых цэхаў, так і на тэрыторыі завода, адрамантаваць дах, падумаць, як эфектыўна выкарыстоўваць пакуль не задзейнічаныя ў вытворчасці памяшканні. Аляксандр Лукашэнка неаднаразова падкрэсліваў, што ўсё гэта неабходна рабіць якасна і па-гаспадарску, арыентуючыся на перспектыву і не займаючыся паказухай.

Размова аб гаспадарскім стаўленні да дзяржаўнай маёмасці ішла і ў час наведвання Прэзідэнтам ААТ "Оршааграпраммаш", якое ўваходзіць у холдынг "Бабруйскаграмаш".

Аляксандр Лукашэнка падрабязна азнаёміўся з работай прадпрыемства, пацікавіўся загрузкай яго магутнасцей і фінансава-эканамічнымі паказчыкамі. Кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі лінейку выпускаемай прадукцыі і расказалі аб перспектывах развіцця вытворчасці.

На заводзе папрасілі дапамагчы ў рэструктурызацыі даўгоў холдынга - падрыхтаваны ўжо адпаведны праект Указа. Аляксандр Лукашэнка даручыў кіраўніцтву Адміністрацыі Прэзідэнта разабрацца ў гэтым пытанні, далажыць у бліжэйшы час і ўнесці свае прапановы.

Асаблівую ўвагу Кіраўнік дзяржавы звярнуў на неабходнасць мэтавага выкарыстання вытворчых памяшканняў. Гэта пытанне было ўзнята пасля таго, як стала вядома, што адзін з будынкаў прададзены пад склад, хоць у ім можна было б арганізаваць дадатковую вытворчасць. "Я ўпэўнены, там ніхто нічога рабіць не будзе. Вось за агароджу выпхнулі памяшканне - і ўсё. Вярніцеся да гэтага пытання і разбярыцеся", - даручыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама наведаў Аршанскі мясакансервавы завод, дзе азнаёміўся з вытворчай базай прадпрыемства і тэхналагічнымі працэсамі. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, наколькі вялікі попыт на прадукцыю, і адзначыў неабходнасць пашырэння яе асартыменту.

Пабываўшы ў некалькіх цэхах, Прэзідэнт пакрытыкаваў тое, як утрымліваюцца памяшканні і выкарыстоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база. "Да 7 лістапада 2020 года тут гэтага быць не павінна. Трэба выдзеліць сродкі, арганізаваць новы забойны цэх, усё гэта знесці і зрабіць сучаснае прадпрыемства. Яно павінна быць як самыя лепшыя мясакамбінаты", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Строгая размова адбылася і на наступным прадпрыемстве - ААТ "Тэхніка сувязі" ў горадзе Барань Аршанскага раёна. Аляксандр Лукашэнка выказаў крытыку ў адрас шэрага кіраўнікоў высокага ўзроўню за недастатковыя намаганні па рэалізацыі дадзеных раней даручэнняў.

"Тэхніка сувязі" знаходзіцца ў веданні Дзяржкамваенпрама і ўваходзіць у склад холдынга "Геаінфармацыйныя сістэмы кіравання". Ставілася задача развіваць вытворчасць на існуючых плошчах, пашыраючы выпуск і наменклатуру запатрабаванай на рынку прадукцыі. Аднак па факце многія будынкі і памяшканні або не выкарыстоўваюцца, або выстаўлены на продаж, або плануюцца пад знос.

Кіраўніку дзяржавы ў цэлым далажылі аб планах па развіцці прадпрыемства, дадатнай дынаміцы - растуць аб'ёмы выпускаемай прадукцыі, ствараюцца новыя рабочыя месцы. Тым не менш Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу кіраўніцтва галіны, што яго даручэнні выконваюцца далёка не ў поўным аб'ёме, а заява аб тым, што астатніх вытворчых плошчаў дастаткова, - толькі тлумачэнне недастаткова эфектыўнай работы. "Калі нічога не рабіць, то дастаткова. А калі паставіць перад сабой мэту... бо першапачаткова задача ставілася, каб гэта ўсё было вамі асвоена і там вырабляўся прадукт, патрэбны для рынку, - сказаў Прэзідэнт. - А вы легкадумна падышлі: гэта, гэта і гэта пад бульдозер. А гэта - прададзім. Ну, што за завод будзе?! Я і без вас гэта зрабіў бы. Я бачу, вы наогул не думалі над вырашэннем той задачы, якая была пастаўлена".

"Навошта мне міністэрства і міністр такі (размова аб Дзяржкамваенпраме), які пад бульдозер будзе пускаць тое, што я яму сказаў асвоіць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка змяніў першапачаткова прапанаваны маршрут наведвання і асабіста агледзеў вытворчую тэрыторыю прадпрыемства. На паверку высветлілася, што ў многіх месцах не тое што не арганізавана вытворчасць, а нават не наведзены элементарны парадак. "Вось ваш твар, калі ўжо вы сюды прывялі паказаць нешта і паказалі... Ну так, вы не планавалі, што я зайду ў ваш "туалет". Вы ператварылі праз паверх гэта памяшканне ў туалет, дзе ніхто ніколі не прыбіраў. Мы сёння пакажам усяму народу, як вы працуеце", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

"Вы вырашылі са мной абысціся, не затрачваючы шмат сіл і сродкаў. Вось, цяпер пакажам: увайшлі, на ліфце падняліся, там нейкія платы стругаюць... У нас усё добра, - адзначыў Прэзідэнт. Гэта ж трэба дадумацца... Два гады аб адным і тым жа кажу. Прыехаў - "цуды". Пачынаючы ад Дзяржсакратара, Кіраўніка Адміністрацыі і Прэм'ер-міністра вы так працуеце".

У час рабочай паездкі таксама абмяркоўваліся сітуацыя з наяўнасцю працоўных рэсурсаў у Віцебскай вобласці, планы па развіцці малых населеных пунктаў і раённых цэнтраў, асабліва ў частцы вытворчай сферы. "Тое, што мы вуліцы падрамантуем і па прынцыпе Копысі ажыццявім добраўпарадкаванне, - гэта паўсправы. Галоўнае - заняць людзей, каб людзі там працавалі і заставаліся ў гэтых цудоўных мясцінах", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Губернатар Мікалай Шарстнёў адзначыў, што за многія гады па аб'ектыўных і суб'ектыўных прычынах па аб'ектыўных і суб'ектыўных прычынах у рэгіёне знізілася колькасць насельніцтва, адпаведна зменшылася і колькасць занятых у эканоміцы. Таму акцэнт у развіцці будзе рабіцца на тыя раёны, якія маюць асноўную працоўную сілу, сярод іх і Аршанскі. "Развіццё Аршанскага раёна сёння найбольш актуальнае пытанне не толькі для занятасці, але і напаўняльнасці бюджэту. Калі нам удасца, каб бюджэт Аршанскага раёна быў недатацыйным (а сума датацый дзесяці раёнаў складае суму датацый Аршанскага), то ў нас з'явяцца сродкі для развіцця іншых рэгіёнаў", - адзначыў кіраўнік вобласці.

У Віцебскай вобласці падрыхтавана спецыяльная праграма, якая прадугледжвае рэалізацыю інвестыцыйных праектаў у кожным раёне на агульную суму каля Br6,5 млрд. Як запэўніў губернатар, гэта не проста планы, па шэрагу інвестпраектаў пачалася ўжо работа. "У вобласці каля 21 тыс. не занятых у эканоміцы людзей. Прыкладна палавіну - 10 тыс. - мы зможам працаўладкаваць пры рэалізацыі гэтых праектаў. Мы вызначылі для сябе цэнтры эканамічнага росту", - расказаў Мікалай Шарстнёў. Прадугледжваецца развіццё сферы турызму, стварэнне новых прадпрыемстваў і вытворчасцей, развіццё перапрацоўкі мясцовых відаў сыравіны, а таксама сфер лесанарыхтоўкі і дрэваапрацоўкі, будаўніцтва транспартна-лагістычных цэнтраў. Будуць стварацца дадатковыя прывабныя ўмовы, каб моладзь не імкнулася выехаць з малых населеных пунктаў і раённых цэнтраў.

Гаворачы аб пытаннях занятасці, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць бачыць рэальную сітуацыю, у тым ліку з беспрацоўем, не арыентавацца толькі на лічбы афіцыйна зарэгістраванага, а, напрыклад, улічваць і выпадкі з вымушанай няпоўнай занятасцю. У цэлым Прэзідэнт патрабуе ад мясцовых улад не замоўчваць праблемы, а вырашаць іх.

Плануецца, што размова аб развіцці сацыяльнай і вытворчай сфер рэгіёна прадоўжыцца 14 жніўня на выязной нарадзе.

Тэгі: Паездкі
© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь