Прывітанне ўдзельнікам Міжнароднага форуму пераможцаў "Вялікая Перамога, здабытая адзінствам"

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам Міжнароднага форуму пераможцаў "Вялікая Перамога, здабытая адзінствам".

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сыны і дочкі беларускай зямлі заўсёды выказвалі свету адкрытасць, працавітасць і імкненне да добрасуседства, а ў цяжкія гады ваеннага ліхалецця стаялі насмерць, абараняючы рубяжы агульнай тады Айчыны - Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.

    "Наш свяшчэнны абавязак - зрабіць усё для захавання гістарычнай праўды, каб урокі Вялікай Айчыннай вайны ніколі не былі забыты, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - У страшным процістаянні з гітлераўскім фашызмам мы перамаглі таму, што былі разам. Узнялі з руін вялізную краіну, аднавілі яе ваенную і эканамічную моц, высокі ўзровень культуры".

    Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што і сёння нашы суверэнныя дзяржавы, наладзіўшы цеснае ўзаемадзеянне, аказваючы адна адной усямерную падтрымку, плённа супрацоўнічаючы ў самых розных сферах, змогуць пераадолець выклікі і пагрозы новага часу.