Бел
Галоўная   /  Падзеі

Прывітанне гасцям і ўдзельнікам канферэнцыі "Падзеі 1917 года ў гістарычных лёсах Беларусі"

1 снежня 2017 года
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне гасцям і ўдзельнікам канферэнцыі "Падзеі 1917 года ў гістарычных лёсах Беларусі".

"Падзеі 1917 года садзейнічалі імкненню беларусаў жыць у сваім доме. Ідэя самавызначэння Беларусі, якая ішла знізу, ад ініцыятывы народных мас, выявілася ў скліканні Першага Усебеларускага з'езда. Гэты народны сход прадэманстраваў важнейшыя каштоўнасці, значныя для нас да гэтага дня: свая дзяржава, яе сацыяльны характар і той факт, што толькі народ, яго воля, калектыўны розум і лідары могуць стаць сапраўднай крыніцай незалежнасці, - гаворыцца ў прывітанні. - Звяртаючыся на Усебеларускіх народных сходах да меркавання тых, хто сваёй працай стварае нашы багацці, бачым і другі ўрок гісторыі нашай дзяржаўнасці: толькі адзінства ўсіх нас, усяго нашага беларускага народа з'яўляецца гарантам выбару і захавання самастойнага шляху развіцця".

На Усебеларускім з'ездзе ў 1917 годзе выразна прагучала фундаментальная ідэя - стварэнне свайго ўніверсітэта. "Сёння мы яшчэ больш разумеем, што без адукацыі, без навукі мы не зможам умацаваць незалежнасць нашай дзяржавы. Бо асноўная яе мэта - стварэнне не толькі матэрыяльных, але і духоўных асноў для развіцця Чалавека", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы пажадаў удзельнікам канферэнцыі плённых дыскусій, здароўя, творчасці і новых дасягненняў на карысць нашай роднай Беларусі.
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь