Бел
Галоўная   /  Падзеі

Прывітанне арганізатарам, удзельнікам і гасцям Армейскіх міжнародных гульняў "АРМІ-2017"

29 ліпеня 2017 года
Паважаныя ўдзельнікі Армейскіх міжнародных гульняў!

Вітаю вас і віншую з пачаткам традыцыйных спаборніцтваў, якія ўжо атрымалі нефармальную назву Ваеннай алімпіяды.

У такім саперніцтве глыбокі сэнс. Бо, пагадзіцеся, больш прывычна бачыць людзей са зброяй у руках на магутнай ваеннай тэхніцы на полі бою. Таму мірныя сустрэчы ваенных на трэніровачных пляцоўках - лепшы доказ даверу паміж дзяржавамі і іх ўзброенымі сіламі.

Сёння гэта асабліва актуальна. У свеце неспакойна. Міжнародны тэрарызм пагражае ўсім без выключэння дзяржавам. На жаль, і агульная абстаноўка ў сусветнай супольнасці вызначаецца напружанасцю. Таму ўсім міралюбным сілам трэба быць асабліва пільнымі, сабранымі і гатовымі да рэагавання на самыя нечаканыя выклікі і пагрозы. І выдатная боегатоўнасць, вывучка і аснашчанасць узброеных сіл, узаемаразуменне і ваеннае братэрства саюзнікаў і партнёраў з'яўляюцца самай надзейнай гарантыяй бяспекі нашых краін.

Армейскія гульні сабралі разам ваеннаслужачых з многіх дзяржаў. Гэта лепшыя з лепшых, хто па праву лічыцца элітай узброеных сіл. Кожны з вас прайшоў нялёгкі шлях адбору, вытрымаў сапраўды сур'ёзныя выпрабаванні. Як і ў спорце, менавіта дзякуючы сіле духу, выдатнай падрыхтоўцы і мэтанакіраванасці вы сёння тут. Вам выпаў высокі гонар прадстаўляць сваю краіну на міжнародных спаборніцтвах, дэманстраваць баявую вывучку, тактычнае майстэрства, уменне дзейнічаць дакладна і зладжана.

Ва ўсіх сферах цэніцца прафесійнае майстэрства. Але асабліва неабходна гэта якасць у высакароднай справе абароны Айчыны. Упэўнены, гэтыя гульні паслужаць вам добрай школай, дадуць магчымасць абмяняцца практычным вопытам і ваеннымі ведамі. А ў непрыяцеляў надоўга адаб'е жаданне разглядаць нас праз зброевы прыцэл.

Няхай і ў далейшым воіны нашых армій сустракаюцца менавіта на такіх спаборніцтвах, а іх геаграфія максімальна пашыраецца, далучаючы новыя краіны і кантыненты. Такія мерапрыемствы служаць вялікай мэце: падтрыманню міру і бяспекі.

Жадаю ўсім удзельнікам Армейскіх міжнародных гульняў поспехаў і высокіх рэзультатаў у спаборніцтвах. А роднай беларускай камандзе - вядома ж, яркіх і пераканаўчых перамог!
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь