Прыняцце кадравых рашэнняў

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 студзеня разгледзеў кадравыя пытанні.

Кіраўнік дзяржавы назначыў:

Андрэя Раўкова - Дзяржаўным сакратаром Савета Бяспекі;

Віктара Хрэніна - Міністрам абароны;

Аляксандра Вальфовіча - начальнікам Генеральнага штаба Узброеных Сіл.

"Я ўчора прыняў рашэнне аб назначэнні вас у сакратарыят Савета Бяспекі Дзяржаўным сакратаром. Зразумела, вызваліліся пасады, і я палічыў з гэтым не цягнуць. Мы людзі ваенныя, час няпросты. Гэта не значыць, што заўтра вайна і нам з некім давядзецца ваяваць - ні ў якім выпадку. Але ваенная арганізацыя не дапускае нявызначанасці", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, назначаючы Андрэя Раўкова, які да гэтага часу займаў пасаду Міністра абароны.

Прэзідэнт адзначыў, што дзяржсакратарыят Савета Бяспекі - гэта орган, які дапамагае яму працаваць з сілавым блокам. А паколькі армія - ключавы элемент сілавога блока і яе кіраўніком заўсёды назначаецца вельмі вопытны чалавек, было прынята рашэнне перавесці Андрэя Раўкова ў Савет Бяспекі. "Добра, што ў нас яшчэ і Кіраўнік Адміністрацыі (Ігар Сергяенка. - Заўвага) - чалавек вельмі блізкі да гэтых пытанняў, разумее і разбіраецца. Думаю, што мне крыху лягчэй будзе ў гэтым плане. Тым не менш Дзяржсакратар у выніку існуючай практыкі валодае вельмі вялікімі паўнамоцтвамі, у яго вялікі дыяпазон самастойнасці", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб назначэнні Віктара Хрэніна і Аляксандра Вальфовіча, Прэзідэнт адзначыў, што кандыдаты на пасады Міністра абароны і начальніка Генштаба разглядаліся некалькі месяцаў. Кіраўнік дзяржавы растлумачыў назначэнні: "Нам вельмі важна цяпер падняць значнасць войскаў. І  Хрэнін, і Вальфовіч - гэта людзі аднаго калібру, людзі падрыхтаваныя. Я ўважліва вывучаў іх біяграфіі: яны паралельна прайшлі той жа шлях. Я заўсёды скрупулёзна гляджу, ці былі "на зямлі". Яны і ўзводамі камандавалі, і ротны вопыт, і батальёна. Інакш кажучы яны ведаюць жыццё арміі не па чутках. Гэта вельмі важна. Я думаю, што яны знойдуць узаемаразуменне. Інакш і быць не можа ў беларускай арміі. Калі разумення няма, значыць, і людзей там не павінна быць такіх".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Аляксандр Вальфовіч ужо мае цудоўны вопыт работы ў Генеральным штабе, пра яго адзываюцца як пра вельмі добрага практыка. "Я палічыў неабходным не вырываць яго адтуль, таму што пасада начальніка Генштаба вельмі важная, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Я, вядома, не гатовы для таго, каб рэфармаваць армію такім чынам, каб міністр абароны нейкімі прадстаўніцкімі функцыямі валодаў, а начальнік штаба быў фактычна кіраўніком арміі. Я думаю, што адзінаначалле для нас нармальна: у нас кампактная, не такая вялікая і не малая армія. Нам не трэба ламаць тут структуру кіравання, але агульную мову трэба знаходзіць".

Прэзідэнт дадаў, што перад назначэннем кандыдатаў вывучаліся і адмоўныя заключэнні па іх. Аднак усіх ён ахарактарызаваў як людзей падрыхтаваных і адданых Беларусі, "якія не ўяўляюць свайго жыцця без гэтага кавалка зямлі". "Думаю, у нас агульныя мэты. Перад намі стаяць агульныя задачы, і мы павінны будзем іх вырашаць", - рэзюмаваў ён.