Бел
Галоўная   /  Падзеі

Прыняцце кадравых рашэнняў

26 снежня 2019 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26 снежня разгледзеў кадравыя пытанні.

Кіраўнік дзяржавы назначыў:

Цярэнцьева Сяргея Леанідавіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Алжырскай Народнай Дэмакратычнай Рэспубліцы па сумяшчальніцтве;

Даўгаполаву Марыну Іванаўну - пастаянным паўнамоцным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры статутных і іншых органах Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:

Часнака Ігара Мікалаевіча - першым намеснікам старшыні Гомельскага аблвыканкама;

Пранюка Віктара Францавіча - намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама;

Марковіча Ігара Іванавіча - старшынёй Полацкага райвыканкама;

Шылава Васіля Мікалаевіча - старшынёй Верхнядзвінскага райвыканкама;

Лындзіна Алега Міхайлавіча - старшынёй Талачынскага райвыканкама;

Дылюка Сяргея Віктаравіча - старшынёй Нараўлянскага райвыканкама;

Шатуева Генадзя Мікалаевіча - старшынёй Карэліцкага райвыканкама;

Гершгорына Уладзіслава Уладзіміравіча - старшынёй Ашмянскага райвыканкама;

Гарбачэўскага Аляксандра Вячаслававіча - старшынёй Касцюковіцкага райвыканкама;

Шацкага Сяргея Мікалаевіча - старшынёй Крычаўскага райвыканкама;

Сівакова Аляксандра Іванавіча - кіраўніком адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля;

Салаўёва Пятра Аляксандравіча - кіраўніком адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Магілёва;

Бубена Анатоля Анатольевіча - старшынёй Беларускага дзяржаўнага канцэрна харчовай прамысловасці "Белдзяржхарчпрам";

Шустава Ігара Паўлавіча - генеральным дырэктарам ААТ "Мінск Крышталь" - кіруючая кампанія холдынга "Мінск Крышталь Груп";

Пірштука Баляслава Казіміравіча - першым намеснікам Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя;

Гунько Сяргея Марцінавіча - першым намеснікам Міністра прамысловасці;

Філіпавай Наталлі Мікалаеўны - намеснікам Міністра юстыцыі;

Андрэева Андрэя Уладзіміравіча - генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у Шанхаі (Кітайская Народная Рэспубліка);

Цылько Аксаны Мікалаеўны - старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці;

Комлача Дзмітрыя Іванавіча - генеральным дырэктарам РУП "Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі";

Хрола Вячаслава Васільевіча - членам Віцебскага аблвыканкама.

Прэзідэнт выказаў словы ўдзячнасці ў адрас тых, хто меў дачыненне да апошніх палітычных падзей у краіне, асабліва выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. "Я ўдзяляю вельмі вялікую ўвагу гэтаму факту, таму што гэта паказчык эфектыўнасці работы нашых органаў улады, у цэлым вертыкалі ўлады. Гэта паказчык нашай работы, стойкасці і мужнасці тых людзей, якія былі задзейнічаны ў гэтых выбарах, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Але, як я ўжо не раз гаварыў, расслабляцца нам ні ў якім выпадку нельга. Гэта была рэпетыцыя. Асноўнае дзейства нас чакае наперадзе".

"Гэта будзе складаны, вельмі няпросты год. І калі мы дастойна пройдзем яго, значыць мы на нешта здольныя. Я не хачу сказаць, што гэта будзе надзвычайная праверка нашых здольнасцей і магчымасцей. Хто яго ведае, як будуць складвацца абставіны ў будучым. Мы маладая суверэнная незалежная дзяржава, таму выклікаў сёння шмат. І што нас чакае наперадзе, сёння не скажа ніхто. Таму мы заўсёды павінны быць напагатове, працаваць максімальна, да чаго я вас і заклікаю", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы папрасіў кіраўнікоў сур'ёзна працаваць з людзьмі. Ён адзначыў, што, вядома, часам ёсць тыя, хто нечага патрабуе ад дзяржавы, чым яна наогул не павінна займацца. "Але гэта нармальна. Таму трэба мець цярпенне, трэба ісці да людзей і працаваць з людзьмі. Без падтрымкі людзей мы не вырашым ні адно пытанне ў будучым", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што галоўная пагроза, калі яна ёсць, можа зыходзіць толькі са сферы эканомікі. "А эканоміка залежыць ад нас - кіраўнікоў. Будзем эфектыўна кіраваць працэсамі - краіна не абваліцца. І мы можам вырашыць любую праблему ў Беларусі. Таму я вас вельмі прашу заняцца пытаннямі эканомікі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што ў першую чаргу ў сферы ўвагі кіраўнікоў - пытанні ў сельскай гаспадарцы і прамысловасці.

"Мы выкарабкаліся ў мінулым годзе пасля неўраджайнасці некалькіх гадоў. Выйшлі на нейкі ўзровень. Добра, што не дапусцілі спаду сельскагаспадарчай вытворчасці. За гэта дзякуй усім вяскоўцам. Тым не менш расслабляцца нельга. Вы бачыце, якое надвор'е цяпер. Гэта негатыўна паўплывае на азімыя культуры. Таму трэба быць гатовымі своечасова падкарміць азімыя, каб атрымаць адпаведны ўраджай", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.


"Таму - людзі, эканоміка і прафесіяналізм - па ўсіх напрамках, якія будуць уваходзіць у сферу вашай дзейнасці", - падагульніў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама паведаміў, што ў бліжэйшы час будзе прынята канчатковае рашэнне па развіцці Віцебскай вобласці. "У Віцебскай вобласці пасля свят мы сустрэнемся. Як я і абяцаў, прымем канчаткова рашэнне па развіцці Віцебшчыны. Упэўнены, ва ўсіх абласцях гэты вопыт будзе запатрабаваны. Звярніце на гэта сур'ёзную ўвагу", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў важнасць работы са стратнымі прадпрыемствамі: "Ваша зона адказнасці - старшыні райвыканкамаў - перш за ўсё ў сферы дзейнасці і інтарэсаў стратных прадпрыемстваў. Гэта 2-3 прадпрыемствы ў раёне. За іх адказваюць персанальна старшыня райвыканкама і яго намеснікі".

На заканчэнне Кіраўнік дзяржавы пажадаў поспехаў і павіншаваў узгодненых да назначэння кіраўнікоў з надыходзячым Новым годам і папрасіў перадаць жыхарам у іх раёнах самыя добрыя пажаданні. Ён таксама адзначыў, што лічыць пасады старшынь райвыканкамаў не толькі адказнымі, але і аднымі з найбольш цікавых. "Акрамя кіраўніка прадпрыемства і старшыні райвыканкама я ў краіне больш цікавых пасад не бачу", - сказаў Прэзідэнт.

Звяртаючыся да Анатоля Бубена, які ўзначаліць "Белдзяржхарчпрам", Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, наколькі добра ён ведае гэту сферу дзейнасці.

Новы кіраўнік канцэрна расказаў, што працуе ў гэтай сістэме з 1999 года: сваю кар'еру ён пачынаў з Гродзенскага лікёра-гарэлачнага завода. "Ведаю кіруючы склад, чым займаецца гэта структура. Пры мне змяніліся чатыры старшыні канцэрна, - адзначыў ён. - З задавальненнем хацеў бы вярнуцца ў гэту вытворчую сферу".

Былы старшыня "Белдзяржхарчпрама" Аляксандр Забела нядаўна пакінуў сваю пасаду з-за карупцыі ў холдынгу "Мінск Крышталь Груп". Кіраўнік дзяржавы ахарактарызаваў яго як добрага спецыяліста, але падкрэсліў недапушчальнасць такой работы. На мінскі "Крышталь" у якасці генеральнага дырэктара будзе накіраваны першы намеснік старшыні канцэрна Ігар Шустаў.

"Ніякага даравання за карупцыю службовых асоб і іх начальнікаў не будзе. Гэта сігнал нашым кіраўнікам. Калі твой падначалены - жулік, то ў мяне ўзнікаюць адразу пытанні да кіраўніка", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Экс-кіраўніку "Белдзяржхарчпрама" ён паабяцаў знайсці моцны раён, каб той даказаў свае кіруючыя якасці. "Страціць, вядома, яго нельга, але і даравання не будзе ні аднаму міністру, ні аднаму кіраўніку за яго падначаленых, асабліва ў сферы карупцыі", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

У сферы вытворчасці моцных алкагольных напіткаў набліжаецца няпросты час, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, магчыма, зменіцца структура кіравання гэтай галіной у плане вытворчасці і продажу. "Але, калі на гэта пойдзем, мы павінны захаваць лепшыя якасці нашай старой сістэмы. Дзяржава ні ў якім разе не можа пайсці з гэтай сферы: не дай бог, аслабім кантроль - людзей пачнуць спойваць няякаснай гарэлкай, і яны пачнуць гінуць, як у некаторых суседніх дзяржавах", - перакананы Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што ў краіне неабходна трымаць на кантролі вытворчасць алкагольных напіткаў і тытуню, кантраляваць продажы на рыначных умовах. У той жа час дзяржава павінна несці адказнасць за якасць прадукцыі.

Тэгі: Кадры
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь