Бел
Галоўная   /  Падзеі

Прыняцце кадравых рашэнняў

12 верасня 2019 года
Прыняцце кадравых рашэнняў: назначэнне дыпламатаў
глядзіце таксама: відэа
12 верасня 2019 года
Прыняцце кадравых рашэнняў: назначэнне дыпламатаў
Прыняцце кадравых рашэнняў: мясцовая вертыкаль улады
глядзіце таксама: відэа
12 верасня 2019 года
Прыняцце кадравых рашэнняў: мясцовая вертыкаль улады
Прыняцце кадравых рашэнняў: назначэнне кіраўнікоў прадпрыемстваў

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 верасня разгледзеў кадравыя пытанні.

Кіраўнік дзяржавы назначыў:

Цярэнцьева Сяргея Леанідавіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Арабскай Рэспубліцы Егіпет і па сумяшчальніцтве ў Рэспубліцы Судан, Мултанаце Аман, Пастаянным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры Лізе арабскіх дзяржаў;

Вараб'ёва Яўгена Сямёнавіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Дзяржаве Ізраіль;

Аўсянку Мікалая Леанідавіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом у Рэспубліцы Эквадор і па сумяшчальніцтве ў Рэспубліцы Калумбія, Рэспубліцы Нікарагуа і Рэспубліцы Панама;

Рыбака Віктара Васільевіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Турэцкай Рэспубліцы і па сумяшчальніцтве ў Рэспубліцы Ірак;

Бяскостага Вячаслава Васільевіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Туркменістане.

Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:

Гапоніка Анатоля Генрыкавіча - старшынёй Буда-Кашалёўскага райвыканкама;

Касінскага Сяргея Міхайлавіча - старшынёй Лельчыцкага райвыканкама;

Ложачніка Сяргея Васільевіча - старшынёй Лідскага райвыканкама;

Садоўскага Аляксея Валянцінавіча - старшынёй Шчучынскага райвыканкама;

Жайловіча Андрэя Леанідавіча - старшынёй Салігорскага райвыканкама;

Максімчыкава Пятра Аляксандравіча - генеральным дырэктарам адкрытага акцыянернага таварыства "Гомельшкло";

Авакава Сяргея Мірзоевіча - генеральным дырэктарам адкрытага акцыянернага таварыства "Планар".

Назначаючы паслоў за мяжой, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на важнасць амаладжэння кадраў і прыцягнення на адказныя пасады перспектыўных кіраўнікоў.

"Павінна прыходзіць новае пакаленне людзей. Мы некалі пойдзем. Не так далёка гэты час. А прыйсці павінны людзі, якія павінны захаваць краіну. Вось і паслы павінны быць такімі людзьмі. Каб не атрымалася, як тады ў нас (у першыя гады пасля развалу СССР. - Заўвага) - у МЗС заходзіш, а там незразумела хто працуе і незразумела з якой галавой і якія мазгі куды павернуты. Трэба было яшчэ з дапамогай спецслужбаў адлоўліваць іх. Незразумела на каго працавалі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Трэба, каб знешнепалітычнае ведамства было моцным і перспектыўнымі былі людзі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся меркаваннем Міністра замежных спраў аб прафесійных і асабістых якасцях назначаемых паслоў. Уладзімір Макей запэўніў, што ў знешнепалітычным ведамстве ў цэлым сфарміраваны добры працаздольны калектыў, а ўсе з прадстаўленых кандыдатур на пасадзе паслоў маюць неабходны вопыт і прафесійныя кампетэнцыі. "Добрыя, перспектыўныя паслы. Думаю, яны справяцца", - сказаў Міністр.

Былі адзначаны перспектывы развіцця адносін з краінамі, куды атрымалі назначэнне дыпламаты. Так, у Эквадоры прадаўжаецца рэалізацыя шэрага праектаў з удзелам Беларусі. Інтарэс ёсць і да ўзаемадзеяння з іншымі краінамі рэгіёна, уключаючы Калумбію.

Важным напрамкам з'яўляецца далейшае развіццё супрацоўніцтва з Егіптам і Суданам. "У Егіпце мы ўжо маем добрыя карані, аснова закладзена. У Судане таксама трэба пакрыху па некалькі праектаў (дабаўляць. - Заўвага). Так, як у Эквадоры. Ніхто не гаворыць, што там трэба разгортваць (як гіганцкая краіна) гандаль з імі. Але 2-3 праекты дабаўляць трэба", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Назначаючы Вячаслава Бяскостага паслом у Туркменістане, Прэзідэнт выказаўся за нармалізацыю адносін з гэтай краінай: "З Туркменістанам у нас заўсёды былі бліскучыя, добрыя адносіны. І тыя праблемы, якія сёння існуюць (а яны існуюць і будуць існаваць заўсёды, з любымі дзяржавамі), - трэба сустрэцца са службовымі асобамі, якія займаліся там будаўніцтвам, перш за ўсё Гарлыкскага камбіната, трэба выходзіць з гэтай сітуацыі дастойна. Гэта ж нядобра, што мы з дружалюбным народам пачынаем у судах весці разборкі".

"І потым, што добрага ў тым, што сёння гэты камбінат прастойвае. Даўно ўжо можна было здабываць калійную соль, прадаваць і атрымаць вялізныя даходы. Паўтара мільярда ў год яны лёгка могуць мець даходу. Рынак побач. Таму трэба з Мясніковічам перагаварыць - ён займаецца гэтай праблемай грунтоўна, перагаварыць з тымі, хто будаваў яго (Гарлыкскі горна-абагачальны камбінат. - Заўвага), удакладніць яшчэ раз, якія праблемы і як мы іх будзем вырашаць. Гэта асноўнае пытанне, якое ўстанаўлівае нармальныя адносіны. Думаю, гэтым трэба заняцца", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Было адзначана, што ў любым выпадку ніхто з іншых патэнцыяльных партнёраў не прапануе Туркменістану такіх умоў, як беларускі бок. "Думаю, проста трэба аднавіць гэту размову, не націскаючы адзін на аднаго. Калі ўжо не атрымаецца, тады будзем ісці адпаведным шляхам", - дадаў Прэзідэнт.

Ён пацікавіўся, наколькі Вячаслаў Бяскосты ведае Туркменістан і існуючую праблематыку. Міністр замежных спраў Уладзімір Макей у сувязі з гэтым растлумачыў, што дыпламат курыраваў гэты напрамак на пасадзе намесніка начальніка ўпраўлення краін СНД у МЗС. Да гэтага ён працяглы час працаваў у Нігерыі, дзе таксама станоўча сябе зарэкамендаваў.

Аляксандр Лукашэнка таксама ўпамянуў аб жаданні папярэдняга пасла Беларусі ў Турцыі Андрэя Савіных вылучыць сваю кандыдатуру на маючых адбыцца парламенцкіх выбарах. "Савіных вырашыў паўдзельнічаць у выбарах. Вядома, гэта добра падрыхтаваны чалавек. Дыпламаты павінны быць у парламенце. Тым больш арганізоўваць трэба будзе дыпламатычную работу. А калі не выберуць, мы бачым яго дзе-небудзь?" - пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы ў Міністра замежных спраў Уладзіміра Макея.

Міністр у сваю чаргу адзначыў, што для яго рашэнне Андрэя Савіных ісці на выбары ў парламент было даволі нечаканым: "Гэта яго ініцыятыўная прапанова. Я сказаў: калі ласка, ваша воля. Але я яго бачыў на пасадзе аднаго з вядучых галоўных упраўленняў МЗС".

"Калі выберуць, гэта будзе не горш. У парламенце патрэбны чалавек, з якім МЗС павінна пастаянна быць у кантакце. У нас жа там і камісія ёсць (профільная. - Заўвага)", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.



Узгадняючы назначэнне кіраўнікоў мясцовых органаў улады, Прэзідэнт акцэнтаваў іх увагу на галоўных напрамках іх дзейнасці - ад сферы сельскай гаспадаркі да выплаты заработных плат на прадпрыемствах. Усе патрабаванні застаюцца нязменнымі, падкрэсліў ён.

"Трэба дастойна завяршыць уборку ўраджаю, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Хацелася б, каб у будучым годзе (а мы пачалі ўжо здаваць экзамен), тыя, хто зарабіў добрыя грошы, атрымалі іх. Трэба, каб зарплата расла, дынаміка тут павінна быць". Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што гэта не павінна быць "дармаплата" - грошы павінны быць зароблены.

"Раёны, у якія вы ідзяце, нядрэнныя, там можна працаваць. Людзі вы абсалютна ўсе перспектыўныя. Вельмі хацелася б, каб гэта новае пакаленне, якое вы прадстаўляеце, прыжылося, і мы з узроўню старшыні райвыканкама атрымалі канкурэнцыю на пасадах міністраў, губернатараў, членаў урада. Я як Прэзідэнт не магу спакойна пайсці і жыць, не прывёўшы ва ўладу новае пакаленне", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

"У палітыцы, я ўжо сказаў, мы пачалі здаваць экзамен. Сённяшняя перадвыбарная вакханалія, інакш яе не назавеш, перад парламенцкімі выбарамі сведчыць аб тым, што гэта проста рэпетыцыя прэзідэнцкіх выбараў. Нам пастараюцца не дазволіць спакойна прайсці гэтыя перыяды. А мы павінны правесці так, як належыць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - У краіне кіруемай, у нашай краіне, для сябе мы павінны правесці гэтыя выбары. І калі мы вызначыліся, што мы будзем дзейнічаць гэтак, гэтак і гэтак, тактыка такая, мы павінны яе прытрымлівацца".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што калі ў час парламенцкай кампаніі будуць крытыкаваць і наносіць удары па нейкіх людзях, то гэта будуць удары з далёкім прыцэлам - па Прэзідэнце. "Так і адбываецца цяпер. Іншым разам б'юць незаслужана, непрыстойна, несумленна, прыцэльваючыся ў Прэзідэнта. Я да гэтага гатовы. Хачу, каб вы былі напагатове і ведалі, што мы не можам дазволіць расхістаць краіну. Каму гэта хочацца зрабіць, вы ведаеце", - адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што сёння ўсе пытанні - эканоміка ў рэгіёнах, заработная плата ў працоўных калектывах, кадры і жыццё людзей у цэлым - на плячах мясцовых органаў улады. "Трэба дапамагчы - гаварыце", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Размаўляючы з новымі кіраўнікамі ААТ "Гомельшкло" і ААТ "Планар", Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся станам спраў на прадпрыемствах, колькасцю супрацоўнікаў і перспектывамі развіцця вытворчасцей.

Паводле слоў новага кіраўніка "Планара" Сяргея Авакава, прадпрыемства вырабляе канкурэнтаздольную прадукцыю: "У мінулым годзе адна з нашых установак нават была прызнана лепшай у свеце. Яна абышла амерыканскую і японскую ўстаноўкі. І мы паставілі яе на адно з перадавых прадпрыемстваў на Тайвані".

"Прадпрыемствы ўсе вашы працуюць, людзі працуюць, не ў вымушаных водпусках? Зарплату атрымліваюць? - пацікавіўся Прэзідэнт. Кіраўніку дзяржавы адказалі, што холдынг працуе стабільна, зарплата складае амаль Br1,5 тыс.

Прадпрыемства "Гомельшкло" Аляксандр Лукашэнка назваў асаблівым у сваім лёсе, як і "Планар". На заводзе працуюць амаль 2 тыс. чалавек, магутнасці загружаны практычна на 100%, прадукцыя паспяхова рэалізуецца на рынках. Прэзідэнт папярэдзіў, што калі будзе наведваць Гомель, то абавязкова заедзе на гэта прадпрыемства.

"Мы яго выцягвалі за вушы. Прадпрыемства вырабляе добрую прадуцыю, але ў мяне былі пытанні (інфармавалі адпаведныя людзі) па непаладках з бытавой сеткай. Скідак ніякіх не будзе, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Вы ведаеце прадпрыемства, рабіце ўсё, каб яно працавала дастойна. Вам адступаць няма куды, кажу вам па-мужчынску".

Аляксандр Лукашэнка перасцярог кіраўнікоў прадпрыемстваў ад супрацоўніцтва з пасрэднікамі: "Ніколі не слухайце нікога, хто б да вас ні прыйшоў і ні сказаў, што ён ад імя Прэзідэнта. Ад імя Прэзідэнта толькі Прэзідэнт гаворыць. Усіх гэтых шарлатанаў на парог не пускайце - займайцеся рэалізацыяй прадукцыі самі. А то атрымліваецца: вырабіць якасна можам, а прадаць - за паўцаны. А жуллё рознае - пасрэднікі - па кішэнях раскладвае палову грашовых сродкаў. Гэтага не будзе!"


Тэгі: Кадры
© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь