Прыняцце кадравых рашэнняў
- 1
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19 жніўня разгледзеў кадравыя пытанні.
Кіраўнік дзяржавы назначыў:
Кунцэвіча Андрэя Міхайлавіча - Намеснікам Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:
Захарэнкі Васіля Аляксеевіча - старшынёй Бялыніцкага райвыканкама;
Сцяпанава Мікалая Уладзіміравіча - старшынёй Дрыбінскага райвыканкама;
Яфімчыкава Аляксандра Аляксеевіча - старшынёй Чавускага райвыканкама;
Вежнаўца Івана Валер'евіча - Першым намеснікам Міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю;
Канстанціновіч Аксаны Валер'еўны - Намеснікам Міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю;
Малашкі Валерыя Анатольевіча - намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама.
Назначаючы Андрэя Кунцэвіча Намеснікам Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, Аляксандр Лукашэнка актуалізаваў задачы, якія стаяць сёння перад ідэалагічнай вертыкаллю.
На пасадзе Намесніка Кіраўніка Адміністрацыі Андрэй Кунцэвіч будзе курыраваць сферы ідэалогіі і работы СМІ. У сувязі з гэтым быў падкрэслены яго значны вопыт па такіх напрамках, уключаючы прафесійную адукацыю.
"Павінен сказаць, што з карабля на баль. Часу для разварушвання няма. Таму што перадвыбарная кампанія - гэта і вялікая ідэалагічная работа. А вам давядзецца займацца перш за ўсё комплексам ідэалагічнай работы, пачынаючы ад журналістыкі і заканчваючы, скажу прама, лекцыямі ў ВНУ, - адзначыў Прэзідэнт. - Гэта самае слабае месца нашых дзяржаўных служачых - сустракацца з моладдзю, расказваць ім аб той палітыцы, якая праводзіцца ў дзяржаве. Таму што наша моладзь, якая сядзіць у інтэрнэце, не заўсёды прачытае аб гэтай палітыцы. А калі і прачытае, то часта ўсё навыварат перавернута".
"Інтэрнэт - гэта таксама будзе сфера ў нейкай ступені вашай адказнасці. І не з пункта гледжання ўсё закрыць і забараніць. А выкласці пазіцыю ўлады, пазіцыю Прэзідэнта. Пакуль больш за ўсё гэтым займаецца Прэзідэнт. Ён і будзе займацца гэтымі пытаннямі, але і некаторыя службовыя асобы, у тым ліку вы, а таксама Кіраўнік Адміністрацыі. Перш за ўсё вы ўдваіх павінны будзеце гэтым займацца - працаваць з людзьмі", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка, зыходзячы са свайго вопыту, адзначыў, што гэта вельмі шматпланавая работа: "Я ў свой час займаўся пытаннямі ідэалогіі. Можна сказаць яшчэ з юнацкіх часоў - са студэнцкай лаўкі. Я ведаю, наколькі гэта складаная і шматпланавая, цяжкая работа. І я часта гавару, што сапраўднымі ўладарамі чалавечых душ і сэрцаў не становяцца. Імі нараджаюцца. Таму калі ў вас ёсць гэтыя задаткі, якія можна, вядома, у жыцці з цягам часу развіваць, вы справіцеся з гэтай работай".
Звяртаючыся да Кіраўніка Адміністрацыі Наталлі Качанавай, Прэзідэнт падкрэсліў, што ў яе няма права на памылку ў гэтай кадравай прапанове. "Гэта вельмі затратна - памыляцца на сваіх намесніках - намесніках Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, - сказаў ён. - Мяне пераконваюць у тым, што вы (Андрэй Кунцэвіч. - Заўвага) зможаце. Прафесія ваша - журналістыка - гэтаму садзейнічае. Калі вы да гэтага часу прафесійна гэтым займаліся, значыць, у вас павінна атрымацца".
Даючы наказ новаму Намесніку Кіраўніка Адміністрацыі, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што яму давядзецца многім займацца як самастойна, так і разам з Кіраўніком Адміністрацыі, Прэзідэнтам ставіць тыя ці іншыя задачы. "Я ўбаку не буду. Але работа складаная. І вы павінны адчуваць тыя месцы, дзе мы недапрацоўваем. Я ўжо назваў адзін з такіх напрамкаў - работа ў інтэрнэце. Але іх нямала", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама даў параду: перш чым ісці і гаварыць з людзьмі на якую-небудзь тэму і даваць інструкцыі, спачатку дасканала самому разабрацца ў пытанні. "Часта, асабліва калі чалавек новы прыходзіць, ён пачынае семінары праводзіць, інструктаваць некага. А тыя, хто прыехаў на семінар або канферэнцыю, сядзяць і думаюць: ну што ты мне расказваеш, сам гэтага нічога не разумееш. Таму вам трэба вельмі акуратна падыходзіць да такіх рэчаў. Трэба спачатку ўнікнуць, разабрацца, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - У адваротным выпадку вы будзеце паўтараць памылкі папярэдніх начальнікаў, якія займаліся не толькі ідэалагічнымі пытаннямі, але іншымі".
"Калі назначаны на вялікую пасаду, ты не павінен думаць, што ўжо бога за бараду ўзяў і можаш сёння ісці вяшчаць, а людзі, якія сядзяць перад табой, слухаюць, разумеюць і абавязкова павінны рабіць так, як ты скажаш. Вось гэтых памылак трэба абавязкова пазбягаць", - дадаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў шэраг пераваг Андрэя Кунцэвіча ў тым плане, што ён працаваў з людзьмі на нізавым узроўні, добра ведае запатрабаванні грамадства і грамадзян. Акрамя таго, працуючы намеснікам кіраўніка рэгіёна, валодае галоўнымі пытаннямі.
Часта даручэнні датычыліся будучых парламенцкіх выбараў у частцы іх ідэалагічнага забеспячэння: "Не ўмешваючыся ў кампетэнцыю Цэнтральнай выбарчай камісіі і іншых органаў улады, вы павінны займацца сваёй справай. Адміністрацыі Прэзідэнта даручана дапамагчы ЦВК (там усяго некалькі чалавек) правесці гэту электаральную кампанію. Вы сябе павінны там знайсці. Забяспечыць ідэалогію гэтай кампаніі".
"Асноўныя напрамкі мною вызначаны. Іх трэба рэалізаваць. І так па ўсіх пытаннях, аж да ўборачнай кампаніі. Некалі гэта абкамы партыі і ЦК прама вызначалі як ідэалагічнае забеспячэнне ўборачнай кампаніі. Мы так сёння не гаворым. Тым не менш ва ўборачнай кампаніі месца Адміністрацыі Прэзідэнта павінна быць. Па ўсіх пытаннях. Я гэта адкрыта гавару, не ўтойваючы, таму што вельмі вялікую ўвагу лічу неабходным удзяляць рабоце з людзьмі. Яе па-рознаму можна называць. Я называю па-старому - ідэалагічная работа. Праўда, гэты ўжо тэрмін пачалі выгаворваць усюды. Нават тыя, якія раней мяне крытыкавалі не толькі ўнутры краіны, але і за яе межамі", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы сказаў, што ў гэтых раёнах ёсць некалькі стратных гаспадарак - з імі неабходна працаваць у першую чаргу. Гэтыя арганізацыі павінны пераймаць вопыт паспяховых сельгаспрадпрыемстваў, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Стратныя гаспадаркі - ваша сфера адказнасці, і туды трэба кінуць усе намаганні, каб іх вывесці на адпаведны ўзровень", - паставіў задачу Прэзідэнт.
Яшчэ адзін важны напрамак дзейнасці - работа з прадпрыемствамі, якія яшчэ ў савецкія гады мелі вялікае значэнне для кожнага раёна. Сельгастэхніка, ПМК - Кіраўнік дзяржавы настойліва рэкамендаваў звярнуць увагу на адраджэнне гэтых арганізацый. Паводле яго слоў, у іх ёсць патэнцыял, бо гаспадаркі трэба забяспечваць запчасткамі і палівам, прадпрыемствы маюць патрэбу ў новых вытворчых памяшканнях, а насельніцтва - у жыллі.
"Сельгастэхніка павінна аказваць усе інжынерныя паслугі для насельніцтва раёна і вёскі. Сякеру падвастрыць, касу накляпаць, падрамантаваць машыну, электразварка, газазварка - гэта ўсё было сканцэнтравана ў сельгастэхніцы, цяпер райаграсэрвісе. Некалькі гадоў таму ўсё кінулі - гэта не трэба, цяпер адраджаем", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Будаўнічыя ж арганізацыі ў раёнах могуць канкурыраваць з абласнымі і нават рэспубліканскімі прадпрыемствамі, адзначыў Прэзідэнт. Таму ПМК трэба адраджаць нават у невялікіх раёнах, лічыць ён.
"Як у гаспадароў, у вас павінны быць пад рукамі такія прадпрыемствы. У некага яшчэ льнозавод, малаказавод, яшчэ нейкія перапрацоўчыя прадпрыемствы, можа, камбікормавы завод. Выбудоўвайце жыццё ў раёнах. А ў гэтых раёнах ёсць чым займацца, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Вы новыя людзі, прыехалі і вам трэба вывучыць раён, вычленіць з вялікай колькасці праблем тыя, якія трэба вырашыць у бягучым годзе і якія будзеце вырашаць у перспектыве".
На развіццё, у прыватнасці, Бялыніцкага раёна Прэзідэнт звяртаў увагу яшчэ ў ліпені мінулага года ў час рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць. "Па Бялыніцкім раёне мы дамовіліся, што да канца 2020 года ўсё павінна быць зроблена. Ніякай шалёнай дапамогі не будзе", - падкрэсліў тады Аляксандр Лукашэнка. Сацыяльна-эканамічныя паказчыкі ў той час у раёне ўпалі, за што Кіраўнік дзяржавы строга раскрытыкаваў работу раённай і абласной улады, а таксама членаў урада, адказных за вобласць. Разам з тым Прэзідэнт адзначыў вопыт калгаса "Радзіма", дзе створана паспяховая вытворчасць дзякуючы інавацыйным падыходам да работы і гаспадарчаму стаўленню да справы, і заклікаў арыентавацца на гэту гаспадарку.
Кіраўнік дзяржавы таксама арыентаваў мясцовую вертыкаль падтрымліваць насельніцтва і пастаянна сустракацца з грамадзянамі, выконваць дадзеныя ім абяцанні. "У нас нармальныя людзі: калі іх папрасіць, яны абавязкова адгукнуцца. Але толькі не трэба падманваць. Калі ты што-небудзь папрасіў і паабяцаў - абавязкова зрабі. Не можаш зрабіць сёння, скажы, што зробіш заўтра. Акуратна працуйце з людзьмі, падтрымлівайце іх. Калі ёсць нейкая несправядлівасць, абавязкова адрэагуйце. Або самі вырашыце, або, калі не можаце на сваім, абласным узроўні вырашыць, неадкладна пазваніце Кіраўніку Адміністрацыі - мы зоймемся гэтым", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
На яго думку, самае страшнае ў рабоце органаў улады - несправядлівае стаўленне да людзей. "Людзі ўсё могуць дараваць, але несправядлівасць ніколі не даруюць. У аснове работы ўлады павінна быць справядлівае стаўленне да людзей і справядлівае вырашэнне пытанняў", - перакананы Прэзідэнт.
"Вы прыйшлі ў такі час, калі трэба здаваць экзамен. Можа, нават не за сябе, а за іншых. Праз тры месяцы людзі забудуць, што вы навічкі, што, калі ёсць нейкія недахопы, яны не вашы. Гэта ўсё праз тры месяцы будзе ваша - і добрае, і дрэннае. І экзамен гэты вам давядзецца здаваць нават без падрыхтоўкі", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.