Бел
Галоўная   /  Падзеі

Прыняцце кадравых рашэнняў

2 красавіка 2019 года
Прыняцце кадравых рашэнняў
глядзіце таксама: відэа
2 красавіка 2019 года
Прыняцце кадравых рашэнняў

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 2 красавіка разгледзеў кадравыя пытанні.

Кіраўнік дзяржавы назначыў Анатоля Хацько Міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання.

Прэзідэнт таксама ўзгадніў назначэнне Аляксандра Цітка на пасаду старшыні Шклоўскага раённага выканаўчага камітэта.

Гаворачы аб назначэнні Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што прыняў гэта кадравае рашэнне з улікам вопыту работы Анатоля Хацько ў сферы сельскай гаспадаркі і яго выдатных прафесійных ведаў у галіне жывёлагадоўлі. "Уся ваша біяграфія звязана з работай з жывёламі. Вы і адукацыю атрымалі ў гэтай сферы, і, як мне дакладваюць, на апошнім месцы работы ў вас нядрэнна справы ішлі. Таму, улічваючы ваш вопыт і тыя праблемы, якія ў нас ёсць у сельскай гаспадарцы, мною прынята рашэнне аб накіраванні вас кіраваць", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама абазначыў праблемныя пытанні, якія трэба будзе вырашаць новаму Міністру. "Вы не горш за мяне ведаеце, што ў раслінаводстве крыху прасцей, і мы хоць неяк працуем адносна таго, як гэта патрабуецца, - сказаў Прэзідэнт. - Што датычыцца жывёлагадоўлі, то гэта фінішная вытворчасць нашай сыравіны ў сельскай гаспадарцы (малака, мяса і гэтак далей), тут у нас праблем хапае. А калі жывёлагадоўля не ў парадку, то тады і раслінаводства не патрэбна". Кіраўнік дзяржавы арыентаваў новага кіраўніка міністэрства на эфектыўную работу па развіцці ў першую чаргу жывёлагадоўлі.

Аляксандр Ціток, кандыдатуру якога Прэзідэнт узгадніў на пасаду старшыні Шклоўскага райвыканкама, да гэтага часу працаваў начальнікам Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Раней, да пераходу ў структурную арганізацыю МНС, ён быў старшынёй Хойніцкага райвыканкама, працаваў таксама на кіруючых пасадах у Мазырскім райвыканкаме.

"Мне імпануе, што вы працавалі старшынёй райвыканкама. У вас ёсць вопыт ліквідацыі наступстваў пасля Чарнобыля, займаліся гэтымі пытаннямі ў маштабах рэспублікі ў апошнія гады. Ведаеце сітуацыю, абстаноўку, ведаеце сістэму кіравання на высокім узроўні. Спадзяюся, працуючы ў такой ваеннай, можна сказаць, арганізацыі (у структуры МНС. - Заўвага), набылі вопыт у плане дысцыпліны і парадку - у тым, чаго нам не хапае ў сельскай гаспадарцы, у прыватнасці ў Шклоўскім раёне", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Шклоўскі раён - адзін з вядучых не толькі ў Магілёўскай вобласці, але і краіне ў цэлым. "Гэта ў нейкай ступені эксперыментальная пляцоўка для развіцця сельскай гаспадаркі ў будучым. Такім і застанецца Шклоўскі раён. Там у плане арганізацыі раёна зроблена, на мой погляд, усё. Можа, паўкроку трэба будзе зрабіць, калі ў гэтым будзе неабходнасць, у плане аптымізацыі, арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці ў маштабах раёна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, адной з ключавых праблем у Магілёўскай вобласці і Шклоўскім раёне застаецца адсутнасць дысцыпліны. "Не хачу сказаць, што там кадры горшыя, чым дзе-небудзь, ні ў якім выпадку, там разумныя людзі, але адказнасці, дысцыпліны не хапала заўсёды. Таму там патрэбны чалавек акуратны, з халоднай галавой, але гарачым сэрцам і, самае галоўнае, чыстымі рукамі", - адзначыў беларускі лідар.

Разам з тым Кіраўнік дзяржавы перасцярог новага кіраўніка раёна ад прыняцця паспешных рашэнняў. "Перш чым нешта рабіць, трэба шмат разоў падумаць - прынцып любога кіраўніка. Я хачу, каб вы разабраліся ў кадрах Шклоўскага раёна і не спяшаючыся, калі гэта неабходна, прынялі адпаведныя рашэнні", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка зрабіў асаблівы акцэнт на недапушчальнасці спроб ашуканства ў рабоце кіраўнікоў любога ўзроўню: "Мне неабавязкова кудысьці ехаць, каб ведаць, што адбываецца ў той ці іншай гаспадарцы, на тым ці іншым заводзе. Мне дастаткова прааналізаваць табліцу паказчыкаў. Я ўсё гэта ў жыцці праходзіў, і вы як кіраўнік раёна, а цяпер - больш высокага ўзроўню, цудоўна гэта разумееце".

"Я не буду вас павучаць. Вы ўсе людзі вопытныя, ведаеце, куды ідзяце, што гэта вельмі адказная і вельмі цікавая работа, але на гэтай рабоце трэба вельмі шмат працаваць, іншага не дадзена. Проста рукамі вадзіць - не той час. Гэта ў Савецкім Саюзе, калі працавала махіна, сістэма, можна было паўдня пад кустом паляжаць, пакуль цябе райкам партыі не дастаў. А сёння - не. Трэба бегаць, імкнуцца выдаць вынік, без яго толку не будзе", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да новых кіраўніка Шклоўскага раёна і Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання.

Тэгі: Кадры
© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь