Бел
Галоўная   /  Падзеі

Прыняцце кадравых рашэнняў

28 сакавіка 2019 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 сакавіка разгледзеў кадравыя пытанні.

Кіраўнік дзяржавы назначыў:

Лучанка Андрэя Іванавіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах і па сумяшчальніцтве ў Дзяржаве Кувейт, Каралеўстве Бахрэйн і Каралеўстве Саудаўская Аравія;

Дарошку Сяргея Іванавіча - начальнікам установы адукацыі "Акадэмія Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь";

Кубракова Івана Уладзіміравіча - начальнікам галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама;

Грыба Міхаіла Вячаслававіча - начальнікам упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама;

Ржавускага Андрэя Іосіфавіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Народнай Рэспубліцы Бангладэш і Федэратыўнай Дэмакратычнай Рэспубліцы Непал па сумяшчальніцтве.

Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:

Ласевіча Аляксандра Георгіевіча - старшынёй Лагойскага райвыканкама;

Масляка Сяргея Міхайлавіча - кіраўніком адміністрацыі Заводскага раёна г.Мінска;

Любатынскага Генадзя Іванавіча - кіраўніком адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г.Мінска;

Вараніцкага Валерыя Віктаравіча - кіраўніком адміністрацыі Партызанскага раёна г.Мінска;

Шкруднева Сяргея Анатольевіча - кіраўніком адміністрацыі Фрунзенскага раёна г.Мінска;

Новікава Аляксандра Аляксандравіча - генеральным дырэктарам ААТ "Гомсельмаш";

Ляхновіча Аляксея Аляксеевіча - першым намеснікам Міністра транспарту і камунікацый;

Іванова Андрэя Мікалаевіча - намеснікам Міністра транспарту і камунікацый;

Александровіч Наталлі Мікалаеўны - намеснікам Міністра транспарту і камунікацый;

Гарэліка Юрыя Уладзіміравіча - дырэктарам Дэпартамента знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства замежных спраў.

Пры ўзгадненні назначэнняў новых кіраўнікоў мясцовай вертыкалі ўлады Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што дысцыпліна і парадак павінны ляжаць у аснове ўсяго. У сувязі са з'яўленнем у Мінску адразу чатырох новых кіраўнікоў раённых адміністрацый Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на сітуацыі ў сталіцы, запатрабаваўшы захоўваць горад у ідэальным парадку. Асабліва напярэдадні буйных міжнародных спартыўных мерапрыемстваў. "Мінск ад гэтага павінен атрымаць і фінансавую, эканамічную выгаду. Але для гэтага трэба стварыць добрыя ўмовы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу і на дату 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, назваўшы гэта яшчэ больш важным мерапрыемствам.

"Ну і проста Мінск трэба зрабіць зручным добрым горадам для пражывання людзей. Дысцыпліна і парадак павінны ляжаць у аснове ўсяго. Ніякія разважанні аб рынку, аб тым, што ён адрэгулюе ўсё, што рыначная эканоміка - гэта паратунак для нас і гэтак далей і да таго падобнае... Усё гэта добра, я гэта не адмаўляю, але дысцыпліна і парадак павінны ляжаць у аснове ўсяго, - яшчэ раз падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Каб не было такіх разборак, як гэта адбылося нядаўна на Магілёўшчыне".

Паводле слоў Прэзідэнта, у беларускай сталіцы ўжо склаўся вельмі добры імідж. "Не толькі мінчане, але і прыезджыя добра адзываюцца аб Мінску. Гавораць аб тым, што прыемна пабываць у сталіцы Беларусі - чыстай, дагледжанай, прыбранай. Усё неабходнае для жыцця ёсць. Але на гэтым спыняцца нельга", - сказаў ён.


Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што запатрабаванне за сітуацыю ў сталіцы будзе не толькі са старшыні гарвыканкама, упаўнаважанага па горадзе Мінску, памочніка Прэзідэнта, але і перш за ўсё з кіраўнікоў раёнаў. "Вы - людзі, якія знаходзяцца на перадавой - твар у твар не з ворагам, а з нашымі мінчанамі. Яны хочуць зарабляць, сваю сям'ю ўтрымліваць і гадаваць дзяцей. Гэта значыць, элементарныя пытанні жыхароў Мінска, іх вырашэнне лягуць на вашы плечы", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

У тэме падтрымання парадку Прэзідэнт акцэнтаваў асаблівую ўвагу на рабоце з насельніцтвам. "Людзям трэба паказаць, расказаць, паставіць задачу, вечарам спытаць аб выніках. Іншага не дадзена. І крыўдаваць на тое, што ў нас людзі не тыя, не даводзіцца. Трэба працаваць з тымі, якія ёсць. Але трэба працаваць канкрэтна", - падкрэсліў беларускі лідар.

У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў захоўванне ў парадку гарадскіх тэрыторый, адзначыўшы, што гэта павінна рабіцца пры актыўным удзеле насельніцтва і працоўных калектываў. "Для таго каб трымаць Мінск у чысціні і парадку, грошай у бюджэце няма. Запомніце: гэта не бюджэтныя сродкі. Гэта работа ваша з лапатай, граблямі і мятлой, гэта работа вашых падначаленых, працоўных калектываў і ўсіх тых, хто перамяшчаецца па вуліцах і сядзіць у парку. І людзі на гэта адгукнуцца. Але ім трэба прапанаваць, паказаць, сказаць, што рабіць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"А хто не разумее - прымусіць. І для гэтага ў вас дастаткова паўнамоцтваў. Я ніколі вас не прыцягну да адказнасці за тое, што вы залішне патрабавальныя да сваіх падначаленых і іншых людзей. Толькі па-чалавечы, не здзекуючыся з людзей", - дадаў беларускі лідар.

"Яшчэ раз падкрэсліваю - патрабаванні будуць толькі нарастаць. Нічога асаблівага і нічога экстравагантнага, надзвычайнага вы не бачылі за гэтыя гады. Я як працаваў, такі стыль захаваў да гэтага часу, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Я ведаю, што такое карова, парадак у горадзе або ў вёсцы. Таму я і патрабую з вас, ведаючы ўсё гэта. Я ніколі не пагаджуся, каб у маёй краіне быў бардак. Тым больш на маіх вачах. Вы гэта павінны дакладна ўяўляць".

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што ў Беларусі створаны ўсе ўмовы для магчымасці спакойна працаваць і рэалізоўваць пастаўленыя задачы: "Ніхто над вамі не стаіць, ніякія бандыты, жулікі вас не разводзяць, ніхто вам не пагражае (няхай толькі паспрабуюць). Дык арганізоўвайце і дзейнічайце. Ідзіце на крок наперадзе. Тады ўсё будзе нармальна".

Закранаючы пытанні падтрымання парадку і дысцыпліны, Аляксандр Лукашэнка ўпамянуў і аб маючых адбыцца палітычных падзеях у Беларусі. "Я чакаю ад вас выніку. Я не гавару аб тых палітычных падзеях, ужо аб гэтым гаварыў. Але мы павінны паказаць за гэтыя два гады, хто ў доме гаспадар. І ў гэтым я жадаю вам поспеху", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў таксама свае жорсткія заявы ў час нядаўняй рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць і прынятыя пасля гэтага кадравыя рашэнні. "Я паглядзеў па слядах гэтых разборак у Магілёве. Некаторыя там пачалі зрушваць акцэнты. Ледзь ці Лукашэнка не з той нагі ўстаў, прыйшоў, разборкі ўчыніў, разагнаў усіх, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Магілёўшчына пляцецца ў хвасце развіцця ўсёй краіны. Ніякага руху наперад. І губернатар быў апошні раз у мінулым годзе папярэджаны, што па выніках года мы паглядзім на іх работу, і ў тым ліку на кіраўнікоў рэспубліканскага звяна".

"Я хачу, каб людзі разумелі, што пытанне не столькі ў тым, што там каровы брудныя. Гэта проста людзі не ведаюць, што тыя каровы абышліся краіне на вагу золата. Мы іх збіралі па ўсёй краіне, каб укамплектаваць малочнатаварныя комплексы. І гэтыя каровы не павінны каля 5 тыс. кг малака даваць у год (гэта таксама нядрэнны ўдой, але не для гэтых кароў)", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама скептычна паставіўся да некаторых разважанняў, што такое ўтрыманне жывёл, якое ён убачыў на ферме ў Магілёўскай вобласці, звычайная рэч. "Тэхналогія ўтрымання вельмі дрэнная. Бачыце, карове не загадаеш, дзе ёй легчы - у гнаявую жыжку або ў сухое месца, дзе свежая салома. Гэта няхай раскажуць тым, хто не бачыў кароў ніколі", - сказаў ён.


Прэзідэнт лічыць, што самая галоўная прычына ў выяўленай сітуацыі - безадказнасць, нягледзячы на тое, што на развіццё гаспадаркі было накіравана нямала сродкаў, прыкладзены значныя намаганні. "Звезлі туды самы пародзісты статак. Усё па тэхналогіі выбудавалі. Аказваецца, у іх саломы не хапіла. Але да гэтага часу ў валках на полі салома там валяецца. А большую палову зааралі, таму што не змаглі сабраць, не арганізавалі людзей. Вось і праблема".

"Людзі не навучыліся быць удзячнымі. А ім проста не сказалі, што гэта за кошт усёй краіны пабудавалі комплекс, што стварылі самыя лепшыя ўмовы для таго, каб атрымлівалі добрую зарплату, каб мелі работу", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама сказаў, што нельга апрыёры лічыць прыватную форму гаспадарання на зямлі больш эфектыўнай, чым дзяржаўную: "Звярніце ўвагу: гэта гаспадарка, якая ўчора належала прыватніку. Значыць, усе мы хварэем - і прыватнікі, і кааператыўныя прадпрыемствы, і дзяржаўныя - на адну хваробу. Не трэба маліцца на прыватніка і думаць, што ўсё яму з неба зваліцца і ён там парадак навядзе ідэальны. Павінна быць штодзённая карпатлівая работа".

"А ў такіх гаспадарках павінна быць жалезная дысцыпліна. Таму я даручыў Кіраўніку Адміністрацыі і Старшыні Камітэта дзяржкантролю перавесці на ваеннае становішча такія гаспадаркі. І я не баюся адкрыта аб гэтым гаварыць. Гэта я гавару для ўсіх вас, таму што вам давядзецца элементы такога кіравання выкарыстоўваць на месцах", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да кіраўнікоў раёнаў.

Узгадняючы назначэнне Аляксандра Ласевіча старшынёй Лагойскага райвыканкама, Прэзідэнт нагадаў, што раней даручаў прапрацаваць найбольш эфектыўную транспартную сувязь Мінска з гарадамі-спадарожнікамі. Гэта не толькі асабісты або грамадскі аўтатранспарт, але і чыгуначныя зносіны. "Старшыня Мінгарвыканкама такую задачу ўжо мае. Я яму аб гэтым сказаў. І ён як былы Міністр (транспарту і камунікацый. - Заўвага) гэтым займаўся. Ён павінен прапанаваць найбольш эфектыўную сувязь з такімі гарадамі-спадарожнікамі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Лагойскі раён мяне, шчыра кажучы, насцярожвае. Я даўно там не быў на зямлі, але пастаянна лятаю над раёнам і назіраю за тым, што там адбываецца. Вельмі зручны раён. Там можна жыць і працаваць. Фактычна горад-спадарожнік Мінска. Там мы будзем развіваць Мінск - у Лагойску, Смалявічах, Дзяржынску і іншых такіх гарадах. Няхай павольна, але працэс гэты пачаўся ўжо. Таму развіццё Лагойск павінен атрымаць і за кошт будучых жыхароў, якія, магчыма, будуць з яго прыязджаць на работу ў Мінск", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Разам з гэтым ён звярнуў увагу і на сферу сельскай гаспадаркі ў Лагойскім раёне. "Лагойск не павінен плесціся ў хвасце падзей у развіцці сельскай гаспадаркі, яна павінна развівацца не горш, чым у Мінскім раёне", - сказаў Прэзідэнт.

Узгадняючы Аляксандра Новікава на пасаду генеральнага дырэктара ААТ "Гомсельмаш", Прэзідэнт запатрабаваў навесці парадак на прадпрыемстве і істотна палепшыць якасць выпускаемай прадукцыі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што вельмі добра паінфармаваны аб сітуацыі, і яна выклікае трывогу. "Пасля наведвання "Гомсельмаша" я быў ініцыятарам, каб на гэта прадпрыемства пільна паглядзелі, паколькі атрымліваў сігналы адтуль. А калі паглядзелі - там праблем вельмі шмат", - адзначыў Прэзідэнт.

У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў ад новага кіраўніка разабрацца з кадравымі праблемамі, прыняць меры для прадухілення любых правапарушэнняў. "Вы вазьміце на кантроль, калі нехта вырашыў праблемы гэтыя завуаліраваць. Там жа некаторым наручнікі надзелі, а іншыя, якія павінны былі кантраляваць, сядзяць па дамах, зашыліся, накраўшы нямала, і думаюць, што да іх не дабяруцца", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што новы кіраўнік павінен у першую чаргу быць зацікаўлены ў тым, каб разабрацца з няпростай сітуацыяй і навесці парадак на прадпрыемстве. "Ён павінен быць зацікаўлены перш за ўсё, каб вывернуць усё навыварат. Ён гэта цудоўна разумее. Навошта яму браць на сябе гэтыя праблемы? З яго ж будзе запатрабаванне", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Было адзначана, што Аляксандр Новікаў мае дастатковы вопыт работы на "Гомсельмашы", ведае спецыфіку вытворчасці, таму што працяглы час быў галоўным інжынерам на гэтым прадпрыемстве. Таму Кіраўнік дзяржавы  чакае ад яго хуткіх і эфектыўных рашэнняў, асабліва адносна кадравых пытанняў. "Хто хоча - няхай працуе, хто не хоча - за плот. Іншага выбару ў нас няма, інакш мы загубім "Гомсельмаш". А гэта - брэнд нашай краіны. Без "Гомсельмаша" сёння - нікуды. Ніякая вёска, ніякая прамысловасць развівацца не можа", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Гомсельмаш" трэба паставіць на ногі. І галоўнае - гэта якасць. Так, нядрэнную тэхніку мы вырабляем. Але калі не будзем працаваць над якасцю, нас выпхнуць з рынку, і мы ўжо не будзем выхваляцца: цана-якасць, мы выйграём. Людзі купяць даражэйшую тэхніку, тую, якая будзе працаваць, заплаціўшы ў тры разы даражэй, чым за нашу. Таму нам трэба кожны дзень, кожную гадзіну працаваць над якасцю", - сказаў Прэзідэнт.

Пры назначэнні Андрэя Лучанка Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў ААЭ Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што прыярытэтнай задачай дыпламата ў гэтым рэгіёне з'яўляецца развіццё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

"Не скажу, што мы за гэты час выбудавалі з імі даволі трывалыя гандлёва-эканамічныя адносіны. Гэта самае галоўнае, чым мы павінны займацца, - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. - Палітыка, дыпламатыя, павага, дружба - усё гэта ў мяне з шэйхамі ёсць, і не толькі ў мяне. Поўны давер. Але рэгіён не просты, не бедны. І гандаль мы з ім павінны пашыраць. Гэта галоўная ваша задача там. Будуць эканоміка, фінансы і гандаль - будуць і дыпламатыя, і палітыка. Калі гэтага няма, нікому такая дыпламатыя і палітыка не патрэбны".


Праводзячы кадравыя перастаноўкі ў сістэме МУС, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што лічыць работу міліцыі ў краіне недастаткова эфектыўнай.

"Вы ведаеце, што міліцыя - гэта аснова ўсёй нашай грамадскай бяспекі, барацьбы з крыміналам. Калі эфектыўна працуеце, варушыцеся, будуць і вынікі, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Але, шчыра кажучы, я не магу сёння міліцыі паставіць па 10-бальнай шкале ацэнку 9 або 10, і нават 8 з нацяжкай. І я лішні раз у гэтым пераканаўся (гэта Міністра датычыцца і дзяржсакратара), будучы ў Магілёўскай вобласці".

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што вярнуўся да савецкай практыкі і даручаў міністру ўнутраных спраў прасачыць за навядзеннем парадку ў гаспадарках, перш за ўсё што датычыцца машынных двароў, утрымання тэхнікі. Неабходна было паглядзець, што знаходзіцца на балансе і які рэальны стан спраў, прымусіць да моманту пачатку палявых работ паставіць тэхніку на лінейку гатоўнасці. "І калі б маё даручэнне Міністру было выканана, то гэтага бардаку, які мы бачылі на адным з машынных двароў у другі дзень маёй паездкі па Магілёўскай вобласці, не было б. Там ніводнай адзінкі не было жывой, ператварылі ў могільнік", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

"Таму майце на ўвазе: парадак павінен быць ва ўсім. Не толькі на вуліцах, не толькі ў барацьбе з крыміналам. Але і дапамогу трэба аказаць па кантролі за захоўваннем тэхнікі, капітальных будынкаў і памяшканняў. Без міліцыі мы гэта не зробім. У савецкі час міліцыя была ўсюды. У іх да ўсяго была справа. Цяпер мы, відаць, у асобных месцах пальчаткі беленькія надзелі і ходзім", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да Сяргея Дарошкі, які назначаны начальнікам Акадэміі МУС Беларусі, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што і яго чакае напружаная работа: "Там адпачываць не давядзецца. Не думай, што трапіў туды і складзеш рукі, будзеш сядзець, як на пенсіі. І там мы паглядзім, якая будзе работа. Таму што ад цябе пачынаецца міліцыя".

"Спагнанне будзе з усіх. Мужыкі, самазаспакойвацца нельга. Вы бачыце, што адбываецца вакол, - сказаў Прэзідэнт. - Гэта ж шалёная трата грошай, калі мы нешта ствараем, а аддачы такой няма, на што разлічвалі. Гэта не толькі пытанне губернатараў і ўрада. Мы павінны гэта ўзяць пад кантроль - людзі ваенныя. Парадак не можа быць толькі на вуліцы, дзе людзі ходзяць. Парадак у цэлым у краіне павінен быць, і без міліцыі мы гэтага не зробім. Таму толькі наперад!"

Тэгі: Кадры
© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь