Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Прыняцце кадравых рашэнняў

15 студзеня 2019 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15 студзеня разгледзеў кадравыя пытанні.

Кіраўнік дзяржавы назначыў:

Аўраменку Аляксея Мікалаевіча - Міністрам транспарту і камунікацый;

Татарыцкага Валянціна Баляслававіча - Старшынёй Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі;

Лаўрыновіча Івана Антонавіча - памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - інспектарам па Гродзенскай вобласці;

Бараноўскага Валерыя Валер'евіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы;

Фісенку Ігара Валянцінавіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Французскай Рэспубліцы і па сумяшчальніцтве пастаянным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры ЮНЕСКА.

Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:

Дараховіча Аляксандра Вікенцьевіча - намеснікам старшыні Мінскага гарвыканкама;

Цурана Арцёма Мікалаевіча - намеснікам старшыні Мінскага гарвыканкама;

Барысюка Генадзя Іосіфавіча - намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкама;

Мілашэўскага Валянціна Станіслававіча - кіраўніком адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста;

Сілівончыка Паўла Аляксандравіча - старшынёй Веткаўскага райвыканкама;

Смірнова Руслана Іванавіча - старшынёй Нараўлянскага райвыканкама;

Сушко Віталя Аляксандравіча - старшынёй Рагачоўскага райвыканкама;

Бегунца Алега Паўлавіча - старшынёй Вілейскага райвыканкама;

Ломскага Аляксандра Зіноўевіча - старшынёй Нясвіжскага райвыканкама;

Ладыгі Анатоля Міхайлавіча - старшынёй Клецкага райвыканкама;

Каляды Віктара Міхайлавіча - старшынёй Пухавіцкага райвыканкама;

Заблоцкага Дзмітрыя Васільевіча - старшынёй Жодзінскага гарвыканкама;

Лусцянкова Міхаіла Яўгенавіча - рэктарам дзяржаўнай установы вышэйшай прафесійнай адукацыі "Беларуска-Расійскі ўніверсітэт";

Пярмінавай Алены Аляксандраўны - намеснікам Міністра эканомікі;

Шкодзіна Руслана Мікалаевіча - членам Віцебскага аблвыканкама.


Пры ўзгадненні назначэнняў новых кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў Прэзідэнт акцэнтаваў увагу, што найважнейшая задача мясцовай вертыкалі ўлады - палепшыць жыццё людзей.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што 2019 і 2020 гады для краіны будуць асаблівымі, насычанымі палітычнымі падзеямі. Паводле яго слоў, Беларусь "і злева, і справа, і на Захадзе, і на Усходзе, падвергнута сур'ёзнай рэвізіі на прадмет суверэнітэту і незалежнасці".

"Я пра гэта ўжо гаварыў. Мы павінны быць да гэтага гатовы. Але запомніце: ніхто нас не зрушыць з месца, калі мы будзем працаваць эфектыўна, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Беларусы заслужылі нармальнага жыцця. І мы абавязкова павінны, захаваўшы незалежнасць і суверэнітэт, палепшыць жыццё нашых людзей. У адваротным выпадку нікому гэты суверэнітэт не будзе патрэбны. Гэта найважнейшая задача для ўсіх".

Прэзідэнт адзначыў, што на працягу года пабывае ў розных абласцях краіны і азнаёміцца з работай мясцовых органаў улады па развіцці рэгіёнаў. Пры гэтым асаблівую ўвагу ён звярнуў на стан спраў у Брэсцкай і Гомельскай абласцях.

"Брэст адзначыць тысячагоддзе. Многае ў Брэсце зроблена, - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. - Брэст трэба, па-народнаму кажучы, дашліфаваць, каб у каралях Беларусі гэта была самая яркая жамчужына. Тым больш гэта заходнія вароты велізарнейшага Еўразійскага рэгіёна. І людзі, перасякаючы граніцу, павінны бачыць, што яны трапілі ў цудоўны, квітнеючы свет".

Развіццём Гомельскай вобласці Аляксандр Лукашэнка пакуль незадаволены. Работа кіраўніцтва гэтага рэгіёна трапіць пад рэвізію, звернуць увагу таксама і на Магілёўскую вобласць.

"Час выпрабаванняў і эксперыментаў даўно скончыўся, і гамяльчане не павінны адставаць у сваім развіцці ад іншых абласцей. Тым больш у сацыяльным плане мы для Гомельскай вобласці зрабілі больш, чым для любой іншай. Час "аддаваць даўгі". Людзі ў Гомельскай вобласці павінны жыць не горш, чым у Мінскай або Гродзенскай", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Задачы па сацыяльна-эканамічным развіцці сталіцы кіраўнік дзяржавы паставіў у снежні мінулага года на нарадзе з актывам Мінска, таму сёння не стаў дэталізаваць свае даручэнні.

"Свой пункт гледжання я выказаў. Мы вашу рэакцыю і мінчан адсочвалі. Людзі ў агульным плане, нават у дэталях падтрымліваюць вынікі нашай нарады. Пераканаўча прашу вас прытрымлівацца тых даручэнняў, якія былі мною выказаны. Нам трэба зрабіць Мінск абсалютна ўтульным горадам для таго, каб мінчане ганарыліся горадам-героем", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.


На абстаноўку ў сталіцы ў бягучым і наступным гадах будзе ўплываць правядзенне II Еўрапейскіх гульняў, прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў. Аднак гэтыя мерапрыемствы, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, не галоўнае. "Галоўнае - тая работа, якую мы павінны правесці ў гэтым годзе па ўладкаванні і добраўпарадкаванні нашага горада. Зрабіць гэта не фармальна, каб горад быў вельмі чыстым і акуратным", - заявіў ён.

Прэзідэнт дадаў, што таксама ўважліва сочыць за развіццём Мінскай вобласці. Паводле яго слоў, у рэгіёне пачалі абуджацца кадры, але пра работу губернатара пакуль штосьці сказаць складана, паколькі ён займае гэту пасаду не так шмат часу.

"Не хапае выканальнасці і дысцыпліны, "паваротлівасці". Калі ласка, актывізуйцеся, - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. - На тэрыторыі Мінскай вобласці ў вёсцы я сам жыву, таму для мяне няма ніякай цяжкасці паглядзець на работу не толькі Лагойскага, Дзяржынскага або Смалявіцкага раёнаў, але і далей".

Кіраўнік дзяржавы нагадаў кіраўнікам мясцовых органаў улады аб сур'ёзнай адказнасці за карупцыю. Гэта пытанне зноў набыло актуальнае гучанне пасля таго, як былі затрыманы кіраўнікі Пухавіцкага раёна і Жодзіна. Прэзідэнт падкрэсліў, што дзве службовыя асобы былі затрыманы за неаспрэчныя парушэнні.

"Пакуль на стол мне не пакладуць вычарпальныя факты, ніхто да вас дакрануцца не можа. Вы знаходзіцеся ў кадравым рэестры Прэзідэнта і, зразумела, пад абаронай Прэзідэнта. Але калі толькі я бачу канкрэтныя правапарушэнні, асабліва звязаныя з хабарам і іншымі праявамі карупцыі, значыць, памнажайце на два як мінімум", - папярэдзіў беларускі лідар.

Пры назначэнні Аляксея Аўраменкі Міністрам транспарту і камунікацый Кіраўнік дзяржавы адзначыў важнасць транспартнай сферы і звярнуў увагу, што пэўныя праблемы, якія неабходна вырашаць, ёсць у гэтым напрамку. "Нягледзячы на тое, што Анатоль Сівак (старшыня Мінгарвыканкама, а раней Міністр транспарту і камунікацый. - Заўвага) пайшоў на такую пасаду гарачую, вельмі важную для краіны, не трэба думаць, што ў вашым міністэрстве няма праблем. Міністэрства вельмі сур'ёзнае, вялікае і разнапланавае. Там усе віды транспарту. Пачынаючы ад паветранага і заканчваючы водным. Таму шмат праблем, якія трэба вырашаць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я ўжо гаварыў прадстаўнікам мясцовай вертыкалі, што ў нас два гады будуць няпростыя. І паколькі мы краіна транзітная, ад вас многае залежыць".

Асобна Прэзідэнт звярнуў увагу на водны транспарт, даручыўшы сур'ёзна заняцца гэтым напрамкам і вызначыцца, у якой частцы такі транспарт патрэбны ў Беларусі, а ў якой, наадварот, не патрэбны або вельмі затратны. "Трэба ўсе гэтыя пытанні праштудзіраваць і гэтак жа, як па Міністэрстве энергетыкі, прарэвізаваць Міністэрства транспарту. Паглядзець і на структуру, і на кадры, на ўсе пытанні", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Назначаючы Валянціна Татарыцкага Старшынёй Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, беларускі лідар падкрэсліў: "Роля гэтага камітэта будзе пастаянна ўзрастаць. Вы гэта самі адчуеце і ўбачыце. І хацелася б, каб вы былі прынцыповым чалавекам. І камітэт быў на адпаведным узроўні".


Звяртаючыся да Івана Лаўрыновіча, назначанага памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - інспектарам па Гродзенскай вобласці, які да гэтага часу кіраваў Лёзненскім райвыканкамам, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што добра ведае гэты раён і шмат чуў аб праведзенай там рабоце. "Вы чалавек вопытны. Гэта было маё рашэнне накіраваць вас у Гродзенскую вобласць. Вы разумееце, што гэта няпростая вобласць, высокаразвітая у сельскагаспадарчых адносінах. Наколькі я разумею, вы павінны быць добра знаёмы з Краўцовым (старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў. - Заўвага), і я спадзяюся, вы агульную мову знойдзеце там, дзе трэба. Але ў вас павінен быць свой, зыходзячы з вашага вопыту, погляд на кадры ў Гродзенскай вобласці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Назначаючы Валерыя Бараноўскага новым паслом Беларусі ў Літве, Прэзідэнт заявіў аб гатоўнасці беларускага боку выбудоўваць добрасуседскія адносіны з гэтай краінай, калі яна гэтага хоча. "Гэта справа Літвы. Хочуць з намі супрацоўнічаць, хочуць выбудоўваць добрасуседскія адносіны - калі ласка, мы адкрыты для гэтага. Не хочуць, - я думаю, у нас ёсць шмат варыянтаў. Абыдземся. Тым больш наша асноўнае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва знаходзіцца на поўдні, паўднёвым захадзе, паўднёвым усходзе", - адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ў гэтым плане заявіў аб неабходнасці па-сапраўднаму выбудоўваць лагістыку да Адэсы: "Порт Адэсы адкрыты для нас. І мы можам на тым напрамку выкарыстоўваць гэты порт". "Што датычыцца заходняга напрамку, дык у нас з Латвіяй добрыя адносіны, калі Літва не хоча будаваць адносіны, дэпалітызаваўшы іх, адысці ад гэтых незразумелых патрабаванняў па атамнай станцыі... Гэта проста нейкая бязглуздзіца. Навошта намотваць гэту атамную станцыю?!" - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларуская АЭС усе роўна будзе пабудавана, таму што гэта ў інтарэсах краіны. "Калі Літва хоча, каб гэта было і ў інтарэсах Літвы, давайце разам займацца атамнай станцыяй. Мы ж не крычалі гвалтам, калі былі праблемы ў іх на станцыі. Таму яшчэ Беларусь Літве вельмі спатрэбіцца. І тое, што цяпер там робяць палітыкі, я не думаю, што літоўскі народ іх падтрымлівае. Ніякай небяспекі для Літвы наша станцыя не ўяўляе. Мы ж самі чарнобыльская рэспубліка. Што, мы самі не разумеем, што станцыя павінна быць бяспечнай?" - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

У цэлым ён выказаўся за неабходнасць выбудоўваць з Літвой адносіны. "Гэта нашы людзі, нашы суседзі. Іх не выбіраюць. Бог нам прадвызначыў жыць разам. Таму трэба выбудоўваць з імі адносіны, і, я думаю, Валерый Валер'евіч цудоўна разумее, што там трэба рабіць і як выбудоўваць гэтыя адносіны", - адзначыў Прэзідэнт.

"Трэба рабіць усё празрыста, не прагінацца ні пад каго", - дадаў беларускі лідар.

Пры назначэнні Валерыя Бараноўскага Міністр замежных спраў Уладзімір Макей, які прысутнічаў на мерапрыемстве, звярнуў увагу, што раней той працаваў ужо на пасадзе саветніка-пасланніка ў Літве, ведае сітуацыю ў гэтай краіне і многіх людзей. Акрамя таго, новы пасол атрымаў значны вопыт, працуючы да гэтага часу на пасадзе начальніка ўпраўлення знешняй палітыкі Адміністрацыі Прэзідэнта.


Назначаючы Ігара Фісенку новым паслом Беларусі ў Францыі, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што наша краіна зацікаўлена ў пашырэнні кантактаў з Францыяй, перш за ўсё ў эканамічнай сферы. "Не скажу, што там вельмі высокі ўзровень нашага супрацоўніцтва, але ўсё ж такі Латушка (папярэдні пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка. - Заўвага) быў там прыкметны. Можа так сказаць. І ёсць нават канкрэтныя напрамкі ў эканоміцы. Нас цікавіць перш за ўсё эканоміка", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён пацікавіўся, ці зможа дабавіць новы пасол па гэтым напрамку. У адказ на гэта Міністр замежных спраў Уладзімір Макей ахарактарызаваў дыпламата як вельмі прафесійнага і стараннага чалавека, які мае вопыт работы за мяжой. У якасці прыкладу былі прыведзены паспяховыя вынікі папярэдняй работы Ігара Фісенкі на пасадзе начальніка галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС. "Перакананы, што ён зможа далей развіць той пазітыўны пачатак, які закладзены Латушкам", - сказаў Міністр.

Пры ўзгадненні назначэння Міхаіла Лусцянкова рэктарам Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Аляксандр Лукашэнка заявіў, што вузаўскія і школьныя праграмы трэба рэанімаваць і прывесці ў нармальны выгляд. "У нас часам ужо ў восьмым-дзявятым класе вывучаюць тое, што мы раней вывучалі ў ВНУ. Няўжо так жыццё паскорылася? Няўжо ўсіх іх матэматыкамі рыхтуем? Таму трэба вельмі сур'ёзна заняцца адукацыяй. Калі Міністр гэтага не зразумеў, значыць, ён не Міністр", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы спытаў, як наладжаны вучэбныя працэсы ў Беларуска-Расійскім універсітэце, колькі там навучаецца студэнтаў і ў чым асаблівасці адукацыйных праграм. Паводле слоў Міхаіла Лусцянкова, сёння ва ўніверсітэце лічацца звыш 4,8 тыс. беларускіх студэнтаў і каля 430 расійскіх. "У асноўным бакалаўрыят. Магістратура адкрыта нядаўна - шэсць на дзённым, шэсць на завочным", - удакладніў ён.

Прэзідэнт пацікавіўся, як адрозніваецца падрыхтоўка бакалаўраў і магістрантаў у Беларусі і Расіі. Міхаіл Лусцянкоў растлумачыў, што ў Расіі бакалаўрыят разглядаецца як першая ступень вышэйшай адукацыі, а магістратура стала другой. Такі падыход, на яго погляд, нерацыянальны, таму што затрачваецца больш часу на падрыхтоўку спецыяліста. "Першая ступень - чатыры гады. Там, па сутнасці, спецыяліст (бакалаўр) падрыхтаваны на ўзроўні тэхнікума, - дадаў ён. - У нас сістэма больш аптымальная. У нашай ВНУ, напрыклад, магістратура разглядаецца як падрыхтоўка кадраў вышэйшай кваліфікацыі".

Аляксандр Лукашэнка адобрыў гэты падыход і падкрэсліў, што менавіта па такім прынцыпе і павінны рыхтаваць магістрантаў у беларускіх ВНУ. "Глядзіце, каб ні ў якім разе мы не ўзялі вось гэты вопыт, які пераняла Расія, і цяпер не ведае, што з ім рабіць, - сказаў ён. - У магістратуру павінны ісці выключна людзі, якія будуць займацца навукай і выкладаннем. Усіх туды гуртам пасылаць не трэба. Добра, мы прысвоім званне бакалаўра пасля заканчэння ВНУ, каб дыпломы падыходзілі, але будзем лічыць, што гэта чалавек з вышэйшай адукацыяй".

Тэгі: Кадры
© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь