Прыняцце кадравых рашэнняў
- 1
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 сакавіка разгледзеў кадравыя пытанні.
Кіраўнік дзяржавы назначыў:
Кавальчука Сяргея Міхайлавіча - Міністрам спорту і турызму;
Марыніча Леаніда Адамавіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Узбекістан;
Кобеца Юрыя Віктаравіча - намеснікам Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь.
Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:
Альшэўскага Вадзіма Іванавіча - намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкама;
Атліванава Віктара Адамавіча - старшынёй Жыткавіцкага райвыканкама;
Сілівончыка Паўла Аляксандравіча - старшынёй Нараўлянскага райвыканкама;
Гваздзя Сяргея Аляксандравіча - старшынёй Калінкавіцкага райвыканкама;
Альшэўскага Дзяніса Аляксандравіча - старшынёй Зэльвенскага райвыканкама;
Хоміча Генадзя Баляслававіча - старшынёй Слонімскага райвыканкама;
Крупко Івана Іванавіча - старшынёй Мінскага райвыканкама;
Салаўя Генадзя Міхайлавіча - старшынёй Нясвіжскага райвыканкама;
Ломскага Аляксандра Зіноўевіча - старшынёй Клецкага райвыканкама;
Козела Анатоля Станіслававіча - старшынёй Крупскага райвыканкама;
Пархамовіча Руслана Віктаравіча - намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама;
Чачухі Сцяпана Уладзіміравіча - старшынёй Глускага райвыканкама;
Гатоўчыка Дзмітрыя Уладзіміравіча - старшынёй Дрыбінскага райвыканкама;
Молчана Андрэя Леанідавіча - дырэктарам Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму;
Барысенкі Алега Леанідавіча - генеральным дырэктарам ААТ "Гомельтранснафта Дружба";
Карачэўскага Уладзіміра Міхайлавіча - генеральным дырэктарам РУП "Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм";
Кавальчука Аляксандра Аляксандравіча - членам Мінскага аблвыканкама;
Шчарбачэні Ігара Уладзіміравіча - членам Магілёўскага аблвыканкама.
Узгадняючы на пасады новых кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яны павінны асаблівую ўвагу звяртаць на развіццё эканомікі рэгіёнаў.
"Не будзе вытворчасці, не будзе занятасці людзей, не будзе ніякай зарплаты. А нам патрэбны нармальныя зарплаты, - сказаў Прэзідэнт. - Вы думайце, як не проста захаваць вытворчасць, а каб яна была рэнтабельнай, каб пазбегнуць гэтых страт. Таму пастарайцеся аб'яднаць усё ў адзін кулак і атрымаць вынік. Эканоміка і яшчэ раз эканоміка - гэта важнейшае пытанне".
У прыклад Кіраўнік дзяржавы прывёў сітуацыю на сельскагаспадарчых прадпрыемствах. Паводле яго слоў, многія з іх да гэтага часу не развіваюцца так, як хацелася б. З іншага боку, у Беларусі ёсць вялікая колькасць паспяховых вытворчасцей. "Гэты год вызначальны, таму давайце арганізуем работу так, пачынаючы ад пасяўной кампаніі, каб кожны дзень прыбаўляць", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.
Асобную ўвагу Прэзідэнт звярнуў на работу з кадрамі, у тым ліку і на прыватных прадпрыемствах. "Так, няхай яны займаюцца вытворчасцю. Вы толькі кантралюйце заработную плату, каб яна была там адпаведнай, і правы чалавека павінны быць забяспечаны: перш за ўсё работа, зарплата, школа, сацыяльная сфера. Кадравае пытанне на тэрыторыі раёна - гэта ваша пытанне, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Ніякага паслаблення за кантролем кіраўнікоў прадпрыемстваў, якой бы ўласнасці яны не належалі - прыватнай ці дзяржаўнай".
Аляксандр Лукашэнка таксама папярэдзіў новых кіраўнікоў мясцовых органаў улады аб адказнасці за карупцыйныя злачынствы. "Беларусь - асаблівая краіна, тут прывыклі да сумленнасці, прыстойнасці і справядлівасці. І мы гэта заўсёды падтрымлівалі з моманту развалу Савецкага Саюза. Нашы людзі непрывычныя да таго, што нехта на іх вачах будзе абкрадаць іх і паводзіць сябе несумленна толькі таму, што ён на чале ўлады. Гэта недапушчальна, і я ад гэтай палітыкі ніколі не адыду", - заявіў беларускі лідар.
Прэзідэнт падрабязна пацікавіўся, як развіваюцца раёны, у якіх з'явяцца новыя кіраўнікі, якія праблемы існуюць у гэтых рэгіёнах і ці знойдзены шляхі іх вырашэння. Прэзідэнт даручыў разабрацца з праблемнымі прадпрыемствамі, пракантраляваць запуск новых аб'ектаў і навесці парадак у тых сферах, у якіх ёсць упушчэнні. Кіраўнік дзяржавы паабяцаў, што на працягу года наведае шэраг раёнаў і пракантралюе, як выконваюцца яго даручэнні.
"Помніце адно: уладу растапыранымі пальцамі ніхто не трымае. Улада павінна быць у адным кулаку. Як толькі мы недзе ўпусцім працэсы з-пад кантролю, мы атрымаем варыянт, як у нашых суседзяў. Таму ўлада ёсць улада, але ніякага самадурства. Глядзіце, каб на вас не крыўдзіліся людзі, і не рабіце таго, з-за чаго потым будзе сорамна не толькі вам, але і вашым дзецям", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.
Назначаючы Леаніда Марыніча Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ва Узбекістане, Прэзідэнт падкрэсліў: "Мы павінны быць абсалютна сумленнымі і адкрытымі ў гэтай краіне, паколькі да нас па-добраму ставяцца, і старацца дапамагчы ім там, дзе мы можам. Узбекістан для нас прыярытэтная краіна".
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што беларуска-ўзбекскія адносіны апошнім часам пачалі актыўна развівацца. "Асабліва з прыходам новага Прэзідэнта - гэта вельмі дасведчаны, таленавіты чалавек, разумны, які бачыць для сваёй краіны перспектыву", - адзначыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што не аднойчы сустракаўся з Шаўкатам Мірзіёевым. "Я бачу, наколькі ён хоча дабра сваёй краіне. Тое, што ён бачыць у нас добрых партнёраў, гэта добра для нас. Мы літаральна за кароткі прамежак часу нямала зрабілі. Таму мой візіт ва Узбекістан, канкрэтны час будзе агаворвацца, стане падвядзеннем некаторых вынікаў, і ўжо мы будзем гаварыць аб новым рыўку наперад у нашых адносінах", - заявіў Прэзідэнт.
На думку Кіраўніка дзяржавы, беларускія тэхналогіі і прадукцыя будуць запатрабаваны ва Узбекістане. "Мы павінны дапамагаць ім ва ўсім, гэта не чужыя нам людзі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён звярнуў увагу, што галоўная задача пасла - займацца развіццём гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, а не проста быць прадстаўніком і хадзіць на прыёмы. Накіроўваючы Леаніда Марыніча кіраўніком дыпмісіі ва Узбекістан, дзяржава разлічвае на яго вялікі вопыт і адказны падыход да работы.
"У такія краіны, як Расійская Федэрацыя, Украіна, Узбекістан, Казахстан, Прыбалтыка, туды, дзе добра ведаюць рускую мову, трэба накіроўваць моцных людзей, гаспадарнікаў, якія разумеюць, што нам сёння патрэбна. Трэба ў гэтых краінах, важнейшых для нас, запаўняць такія вакансіі менавіта моцнымі, дасведчанымі людзьмі. Гэта маё патрабаванне", - заявіў Прэзідэнт.
Як далажылі Аляксандру Лукашэнку, па выніках 2017 года тавараабарот паміж Беларуссю і Узбекістанам павялічыўся ў два разы, у студзені бягучага года - у 2,7 раза. Пры гэтым беларускі экспарт вырас амаль на чвэрць. Ва Узбекістане функцыянуе шэраг сумесных прадпрыемстваў, бакі маюць намер рэалізаваць яшчэ чатыры буйныя праекты.
Пры назначэнні Сяргея Кавальчука Міністрам спорту і турызму Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што на гэту пасаду назначаны талковы ваенны чалавек, таму што ў галіне неабходна навесці парадак. "Генерал не спрацаваў, таму бралі ніжэй, хоць не вельмі нізка", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што развіццю спартыўнай сферы ў краіне ўдзяляецца вялікая ўвага, паколькі перамога атлета - гэта своеасаблівая ідэалогія. "Пакуль у нас у спорце больш праблем, чым перамог і поспехаў. Думай, глядзі, з кім працаваць, выбудоўвай сістэму. Але галоўнае - там не хапае дысцыпліны. Трэнерскі склад працуе вельмі дрэнна, за выключэннем некаторых", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.
Каб стымуляваць трэнераў да больш плённай работы, вырашана павысіць ім зарплату. Але і нагрузка будзе адпаведнай, заўважыў Аляксандр Лукашэнка. "Зарплату трэба трэнерам павышаць, мы паціху пачалі ўжо ў асобных відах спорту гэта рабіць, і пройдземся па ўсіх відах, якія сёння функцыянуюць. Павысім зарплату, але ў кожнага трэнера павінен быць расклад, як у настаўніка ў школе або выкладчыка ў ВНУ", - запатрабаваў Прэзідэнт.
На думку Кіраўніка дзяржавы, важна займацца пашырэннем спорту ў масы. У прыклад ён прывёў спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне "Снежны снайпер", якія завяршыліся напярэдадні. Фінальны этап спаборніцтваў сабраў вялікую колькасць удзельнікаў, а для балельшчыкаў была падрыхтавана насычаная забаўляльная праграма. "Цяпер юнацкі чэмпіянат свету па біятлоне праходзіць - сорамна глядзець. Нуль чалавек на трыбунах, для каго гэтыя людзі выступаюць? У нас праводзілі гэты чэмпіянат - мора людзей было. Вядома, людзей трэба запрашаць", - перакананы беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка паставіў новаму Міністру задачу выбудаваць узаемаадносіны са спартыўнымі федэрацыямі, правільна загрузіць іх. Асаблівую ўвагу Прэзідэнт звярнуў на падрыхтоўку нарады па развіцці зімовых відаў спорту, якую ён мае намер правесці.