Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Прыняцце кадравых рашэнняў

28 верасня 2017 года

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 28 верасня разгледзеў кадравыя пытанні.

Кіраўнік дзяржавы назначыў:

Бондара Юрыя Паўлавіча - Міністрам культуры Беларусі;

Карлюкевіча Аляксандра Мікалаевіча - Міністрам інфармацыі Беларусі;

Яўсеева Ігара Уладзіміравіча - памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - інспектарам па Мінскай вобласці;

Субоціна Аляксандра Міхайлавіча - памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - інспектарам па Віцебскай вобласці;

Караля Андрэя Дзмітрыевіча - рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:

Харытончыка Сяргея Васільевіча - рэктарам Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта;

Дука Дзяніса Уладзіміравіча - рэктарам Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова;

Кіркора Максіма Аляксандравіча - рэктарам Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання.

Назначаючы Аляксандра Карлюкевіча, Прэзідэнт папярэдзіў яго: "Права на памылку ў вас няма. Горш працаваць у Міністэрстве інфармацыі мы не павінны. Калі там ёсць нейкія недахопы, гэта і ваша віна: вы не радавым чалавекам там былі, а працавалі намеснікам".

Вопыт і веды папярэдняга кіраўніка ведамства Ліліі Ананіч будуць запатрабаваны ў іншай сферы, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. "Мы не можам ёй прад'явіць нейкія надзвычайныя прэтэнзіі і адхіліць ад пасады. Мы павінны дакладна разумець, што яна будзе працаваць на іншым участку. Вы мне потым даложыце, куды прапануеце яе працаўладкаваць", - даручыў Аляксандр Лукашэнка Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Наталлі Качанавай.

Асобна ён спыніўся на дзейнасці Міністэрства культуры, заўважыўшы, што ў ведамстве заўсёды складваецца няпростая абстаноўка, паколькі ў ім працуюць творчыя людзі. "Там заўсёды шмат розных плётак, абгавораў, разважанняў - такое жыццё. Тым не менш мы павінны працаваць такім чынам, каб гэтых размоў было менш, а людзі былі нацэлены на канкрэтную работу. Трэба паставіць сябе такім чынам, каб усё было сумленна і справядліва, кожны займаўся сваёй справай, а не хадзіў і плакаўся, як яму цяжка, або скардзіўся на калегу", - паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт упэўнены, што сапраўдных работнікаў у Міністэрстве культуры, якія жадаюць працаваць, пераважная большасць. "Усіх тых, хто перашкаджае працаваць, трэба проста пазбавіць усялякага ўплыву на творчае асяроддзе і творчых работнікаў. Таму, як вы разумееце, права на памылку няма. Чакаць год-два, пакуль вы ўвойдзеце ў пасаду, радыкальна зменіце сітуацыю, часу няма", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.



Закранаючы дзейнасць сваіх памочнікаў у абласцях, Прэзідэнт звярнуў увагу на той факт, што іх функцыі часам пераклікаюцца з дзейнасцю губернатараў. "Трэба ўсё ж такі ў некаторай ступені, як бы складана ні было, размежаваць, нейкую мяжу правесці паміж інспектарам па кадрах - прадстаўніком Прэзідэнта і губернатарам, які з'яўляецца першай асобай у вобласці. У кожнага свае функцыі, хоць яны пастаянна перасякаюцца. Думаю, памочнікі за гэты час выпрацавалі некаторы стыль сваё работы, трэба, каб яны адказвалі за сваё перш за ўсё. Гэты нюанс трэба мець на ўвазе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што назначэнне чалавека ў пагонах - Ігара Яўсеева - на пасаду памочніка Прэзідэнта ў некаторай ступені эксперымент. "Думаю, тут памылкі не будзе. Паглядзім, як складзецца лёс генерала на гэтай цывільнай пасадзе, хоць цяжка сказаць, што яна цывільная: яна часам важнейшая і яшчэ больш ваенная, чым у некаторых людзей у пагонах", - заявіў ён.

Звяртаючыся да Аляксандра Субоціна, які да гэтага моманту займаў пасаду намесніка Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, Аляксандр Лукашэнка заўважыў: "Вы ведаеце сельскую гаспадарку. Прытым ведаеце не толькі з пункту гледжання "нізоў", вы вучоны чалавек. Там работы вельмі шмат, і перш за ўсё нам трэба раз і назаўсёды рассячы гэты гордзіеў вузел са структурай пасеваў: мы да гэтага часу не можам там убраць пару тысяч гектараў збожжавых. Якія гэта ўжо збожжавыя ў кастрычніку, вы цудоўна разумееце. Значыць, трэба сеяць там, дзе магчыма, і тое, што там можна ўбраць і атрымаць эфектыўнасць".

Прымаючы рашэнні аб назначэнні і ўзгадненні кіраўнікоў ВНУ, Кіраўнік дзяржавы адзначыў асаблівую ролю рэктараў і значнасць гэтай пасады. "Як толькі вы выйдзеце за парог гэтага кабінета, вы - людзі Прэзідэнта. Вы ажыццяўляеце яго палітыку. У адваротным выпадку не трэба згаджацца і ісці на гэтыя пасады. Маю палітыку вы ведаеце: калі я недзе буду гаварыць не так і не буду мець рацыю, вы мне скажыце адразу. Рашэнне прынята, прамаўчалі - выконвайце. Гэта датычыцца ўсіх, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Што датычыцца рэктараў, гэта асаблівыя людзі. Гэта людзі, якія куюць будучыню, эліту нашай краіны".

Прэзідэнт падкрэсліў, што без высакакласных спецыялістаў, якіх рыхтуюць у ВНУ, не можа развівацца ні адна дзяржава. "Таму я ўдзяляю асаблівую ўвагу рабоце з рэктарскім складам. Мне перш за ўсё патрэбны парадак. У ВНУ павінен быць парадак", - сказаў ён.

"Я заўсёды рэктарам зайздрошчу. Лічу, што гэта самая цудоўная пасада для чалавека. Ты і выкладчык, і ў той жа час кіраўнік гэтых выкладчыкаў. Як трапіў у ВНУ, з таго часу лічу, што рэктар - гэта вяршыня ўсяго. У мяне такое меркаванне склалася. Таму цаніце гэту пасаду і адпавядайце ёй па самых высокіх стандартах", - даў наказ Аляксандр Лукашэнка.

Асобна Прэзідэнт спыніўся на рабоце са студэнтамі. Ён адзначыў, што не супраць "вальнадумства" сярод студэнцтва, але абавязкова разам з патрыятычным выхаваннем. "Студэнты - вальнадумцы. Мы самі такімі былі. Не ведаю, як вы, а я дакладна. Таму не трэба ў іх гэту жылку і струнку душыць", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Але іх трэба выхоўваць патрыётамі нашай краіны, каб не атрымалася так, што мы трацім тут грошы на іх выхаванне, а заўтра яны працуюць невядома дзе і толку ад гэтага краіне няма", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы закрануў кожную навучальную ўстанову, даў неабходныя даручэнні.

"У БДУ - я абсалютна згодны і з урадам, і з Адміністрацыяй Прэзідэнта - трэба навесці парадак. Я вельмі спадзяюся, што ў вас там атрымаецца", - звярнуўся Прэзідэнт да новага рэктара.



Ён падкрэсліў, што Андрэй Кароль фактычна з'яўляецца даверанай асобай Прэзідэнта, але назначэнне звязана не з гэтым. Гаворачы аб персаналіі новага рэктара, Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што раней не згадзіўся яго накіроўваць на адну з прапануемых у той момант "чыноўніцкіх" пасад у дзяржапараце. "Ён яшчэ нам на больш важным участку павінен паслужыць, і народу, і дзяржаве, падрыхтаваўшы добрыя кадры. Гэта вядучая ВНУ, - адзначыў беларускі лідар. - Вельмі спадзяюся, што БДУ па сваім змесце будзе адпавядаць чаканням людзей, якія туды паступаюць. Таму што яны лічаць, што БДУ - гэта верх усяго. Гэта сапраўды так. Але змест у нас крыху не адпавядае. І вы з гэтым хутка сутыкняцеся".

"Трэба яго ўзнімаць на прыступку вышэй, чым ёсць на самай справе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён паабяцаў, што абавязкова наведае ВНУ ў наступным годзе, каб у тым ліку абмеркаваць шляхі вырашэння праблем, якія ўбачыць Андрэй Кароль, працуючы на новай пасадзе.

Што датычыцца БНТУ, Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта таксама адзін з важнейшых універсітэтаў краіны. "Без яго ніякія інжынеры ў краіне немагчымы. І трэба сказаць, што інжынеры, якія навучаліся ў вас, славу нашай дзяржаве прынеслі", - адзначыў ён.

Гаворачы пра сваю альма-матар - Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова - Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што выкладчыкі ВНУ аказалі на яго значны ўплыў, а яго стасункі з імі прадаўжаліся і ў прэзідэнцкія гады. "Гэта выключныя былі людзі. І даволі свабодалюбівыя людзі, з якімі я сябраваў, калі ўжо быў Прэзідэнтам, наведваючы ўніверсітэт. Мы з імі асабіста сустракаліся, яны на мяне паўплывалі значна. Яны мелі свой пункт гледжання, слушна яго выказвалі", - расказаў беларускі лідар.

"Так склалася, што Прэзідэнт там некалі вучыўся. Таму вам давядзецца адпавядаць гэтаму статусу. Гэта добрая навучальная ўстанова, кампактная, не раздутая", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Тое ж самае і Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання. Я яго, праўда, збоку заўсёды назіраў. Яшчэ больш кампактны, але вельмі важны для нас універсітэт", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама папярэдзіў новых рэктараў аб недапушчальнасці якіх-небудзь карупцыйных праяў у іх рабоце. "Ніякіх сяброў у плане таго, што "я табе зраблю, ты - мне" і гэтак далей, і да таго падобнае. Гэта бяда, трагедыя будзе ў вашым жыцці. Гэта адзінае, ад чаго я не змагу вас абараніць. Нікога не змагу абараніць. Нават сваіх сыноў. Таму будзьце вельмі акуратныя і асцярожныя, будзьце справядлівыя", - падкрэсліў ён.
Тэгі: Кадры
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь