Прыняцце кадравых рашэнняў

  • 1

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 14 верасня разгледзеў кадравыя пытанні.

Кіраўнік дзяржавы назначыў:

Худыку Андрэя Паўлавіча - Міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя;

Калесніка Валерыя Георгіевіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Інданезія і па сумяшчальніцтве ў Малайзіі, Рэспубліцы Сінгапур і Рэспубліцы Філіпіны;

Алейніка Сяргея Фёдаравіча - Пастаянным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры Міжнароднай марской арганізацыі па сумяшчальніцтве;

Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:

Гарбачова Андрэя Аляксеевіча - старшынёй Буда-Кашалёўскага райвыканкама;

Байковай Веранікі Анатольеўны - старшынёй Лоеўскага райвыканкама;

Палуянава Віктара Васільевіча - старшынёй Акцябрскага райвыканкама;

Алейнікава Дзмітрыя Вадзімавіча - старшынёй Светлагорскага райвыканкама;

Дзенгалёва Генадзя Іванавіча - старшынёй Барысаўскага райвыканкама;

Карповіча Мікалая Мікалаевіча - старшынёй Старадарожскага райвыканкама;

Казлова Віталя Мікалаевіча - старшынёй Чэрвеньскага райвыканкама;

Бачкова Дзмітрыя Уладзіміравіча - старшынёй Крычаўскага райвыканкама;

Матусевіча Дзмітрыя Феафанавіча - намеснікам Міністра эканомікі;

Шчарбакова Сяргея Сяргеевіча - намеснікам Старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях;

Бабыра Ігара Міхайлавіча - генеральным дырэктарам ААТ "Гродна Азот";

Астрэйкі Аляксандра Вячаслававіча - членам Брэсцкага аблвыканкама;

Мурашкіна Аляксандра Андрэевіча - членам Брэсцкага аблвыканкама.

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу, што патрабаванні да кіраўнікоў выканкамаў раённага ўзроўню пастаянна ўзрастаюць і адначасова з гэтым яны атрымліваюць усё больш шырокія правы. Прыклад таго - уборачная кампанія гэтага года.

"Адзінае, па-народнаму скажу, - вы не павінны працаваць з губернатарамі і з іншымі па прынцыпе "ён - начальнік, а вы - дурань". Гэтага быць не павінна. Вы фактычна людзі, назначаемыя Прэзідэнтам. Ніхто не можа вас ні адхіліць ад пасады, ні нейкімі іншымі пытаннямі займацца без дазволу Прэзідэнта. Гэта значыць вы маеце салідныя індульгенцыі, саліднае прыкрыццё з боку Прэзідэнта, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Але, вядома, і запатрабаванне з вас будзе асаблівае. Умейце гэту магчымасць выкарыстаць для таго, каб недзе запярэчыць, выказаць сваё меркаванне, калі вы бачыце, што трэба так, а не інакш зрабіць".

"Вы павінны быць не маўклівымі выканаўцамі, хоць выканальніцкая дысцыпліна вельмі важна. Вы кіраўнікі важнейшых звёнаў нашай дзяржавы. Ад таго, як будзеце працаваць вы, будзе залежаць узровень дысцыпліны і дабрабыту нашай дзяржавы", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён дадаў, што менавіта кіраўнікі раёнаў знаходзяцца на пярэднім краі, непасрэдна ўзаемадзейнічаюць з грамадзянамі на месцах і з'яўляюцца галоўнымі прадстаўнікамі Прэзідэнта ў тым ці іншым раёне. "Я вас прашу, каб вы, разумеючы гэта, дастойна дзейнічалі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Не сячыце з-за пляча. Час заўсёды няпросты. Але цяпер тым больш, калі трэба вызначаць, з кім працаваць. Я прыхільнік таго, каб вы заўсёды далі шанц чалавеку, калі ён хоча працаваць. Не - значыць, не зацягвайце час. Падбірайце сабе людзей, з якімі вы можаце рэалізоўваць задачы, што стаяць перад вамі", - параіў Прэзідэнт.

Разам з тым ён яшчэ раз падкрэсліў неабходнасць быць вельмі акуратнымі ў вырашэнні пытанняў, якія закранаюць жыцці і лёсы людзей. "Усе мы сёння начальнікі, а заўтра - простыя людзі. Сто працэнтаў - ад вас да Прэзідэнта - усе мы некалі будзем простымі людзьмі. Трэба разумець і паважаць людзей, з якімі мы працуем. Але дысцыпліна і запатрабаванне - гэта пытанне нумар адзін. Таму што гэтага ў нас у краіне якраз не хапае", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён запатрабаваў ад кіраўніцтва раёнаў у першую чаргу вырашэння сацыяльных пытанняў у частцы занятасці, павышэння ўзроўню зарплат і забеспячэння справядлівага цэнаўтварэння.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ніхто не адмяняў патрабаванне дэкрэта № 3, які ў народзе назвалі "дэкрэтам аб дармаедах". "Гэта будзе ваш дакумент. Вы на месцы павінны вызначыць, хто ў вас не працуе, а павінен працаваць, і прымусіць іх усіх працаваць. У гэтым будзе асноўная сутнасць дакумента. Не з Мінска трэба кіраваць гэтымі працэсамі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Вы павінны з імі (тымі, каго датычацца нормы дэкрэта) разабрацца. Вось і ўсё вырашэнне пытання. Тады яны не будуць хадзіць і крычаць "гвалт". Некаму трэба дапамагчы, некага трэба за руку прывесці на работу, кагосьці перапрафіляваць, навучыць новым спецыяльнасцям, а кагосьці проста нахіліць, - адзначыў беларускі лідар. - Вы ведаеце, што гэта за беспрацоўныя, што гэта за кантынгент, я таксама ведаю, помню яшчэ з савецкіх часоў. Таму занятасць - пытанне вельмі важнае. Людзям трэба прапаноўваць работу, ствараць рабочыя месцы".

Прэзідэнт нагадаў аб задачы па павелічэнні сярэдняй заработнай платы да Br1 тыс. "Калі мы гэтага ўзроўню дасягнём, мы можам спакойна любому чалавеку з 10 мільёнаў сказаць: мы вам дапамаглі, каб вы маглі паесці і сям'ю накарміць, ну а далей ужо напружвайцеся і працуйце самі. Мы, вядома, не будзем убаку, будзем дапамагаць, падтрымліваць. Але гэта важнейшае пытанне", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на неабходнасці кантролю сітуацыі ў сферы цэнаўтварэння. "Вы павінны бачыць - няхай гэта людзі будуць вас інфармаваць, кантралёры вашы, падключыце прафсаюзы (яны вельмі эфектыўна гэта робяць). Яны вам падкажуць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Вы папярэдзьце ўсіх, хто ў вас займаецца продажамі, а потым, атрымаўшы інфармацыю, праверце і зніміце камусьці галаву, калі ён неабгрунтавана задзірае цэны", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

У цэлым Прэзідэнт параіў акуратна падысці да гэтага пытання. "Зрабіце так, каб прадпрыемствы не згарнулі сваю работу. Але ў той жа час вы павінны бачыць, што ў нас сёння няма падстаў для росту цэн. Наадварот, інфляцыя  скарачаецца. Хаця б застацца на гэтым узроўні, які мы маем. Гэта таксама ваша пытанне", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Гэта тое, што хвалюе нашых людзей - заработная плата, цэнаўтварэнне і работа. Але галоўнае - гэта работа - даць чалавеку магчымасць працаваць і зарабіць", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што кіраўніку раёна проста неабходны інструментарый у выглядзе дапаможных арганізацый, дзякуючы якім яны змогуць эфектыўна ажыццяўляць тыя ці іншыя рашэнні. "Я не бачу раёна без "Сельгастэхнікі" (магутная рамонтная база), "Сельгасхіміі", "Райагразабеспячэння" (які забяспечваў запчасткамі і іншымі паслугамі) і нафтабазы. Калі недзе не аднавілі, трэба тэрмінова завяршыць гэтыя працэсы. Мы будзем удзяляць гэтаму сур'ёзную ўвагу, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - І потым, што за старшыня райвыканкама, калі ў яго няма невялікай кампаніі, якая можа ажыццявіць якую-небудзь будоўлю? Гэта будаўнічыя ПМК. Яны ў нас ужо былі. І мы іх практычна ва ўсіх раёнах аднавілі. А вось як яны працуюць - гэта пытанне".

"Гэта значыць вы - гаспадары. У вас павінен быць пад рукамі інструмент, якім вы, кіруючы, зможаце вырашаць пытанні ў сваім раёне і, можа, аказваць паслугі і ў іншых раёнах, зарабляючы нейкую капейку", - дадаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама асобна пракаменціраваў сітуацыю ў большасці раёнаў, кіраўнікоў якіх ён узгадніў на адпаведныя пасады.

"Трэба пачынаць працаваць сістэмна, акуратна. Можа, не ўсіх вас адразу ўспрымуць у раёне. Набярыцеся цярпення, не трэба хадзіць напралом. У нас людзі талковыя, разумныя, і, калі яны будуць бачыць, што добры кіраўнік, яны заўсёды зразумеюць і падтрымаюць. Я жадаю вам усялякіх поспехаў", - даў наказ Кіраўнік дзяржавы.

Назначаючы Андрэя Худыку Міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу новага міністра на выяўленні новых залежаў карысных выкапняў. "Былому міністру была пастаўлена вельмі сур'ёзная задача па прыродных рэсурсах. Што мы ведаем пра нашу краіну? Тое, што на паверхні, мы гэта бачым. А вось што там - пад зямлёй - не ўсё. Таму ваша задача - разабрацца, што там, пад зямлёй. І перш за ўсё тое, што нам вельмі неабходна сёння. Разумееце, аб чым ідзе размова", - сказаў Прэзідэнт.

Другая важная задача - ахова навакольнага асяроддзя. "Маё стаўленне да прыроды вы ведаеце. Яно вельмі паважлівае, і я патрабую няўхільнага выканання сваіх рашэнняў па ахове прыроды", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён канстатаваў, што ў параўнанні з шэрагам краін, у тым ліку суседніх, у гэтым пытанні ў Беларусі наведзены парадак. "Таму што строгае стаўленне да парушальнікаў. Але ўсё больш і больш мяне інфармуюць, што ў нас з'явілася нямала праблем, звязаных з той сферай, якая кантралюецца інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету. Вельмі непрыгожыя факты прасочваюцца. Але вы ведаеце, якія мы меры прымаем. Гэта будуць самыя строгія меры", - заявіў Прэзідэнт.

"Прырода - гэта дар божы, мы яго павінны захаваць і ў яшчэ лепшым стане перадаць сваім дзецям і ўнукам, - сказаў беларускі лідар. - Таму займіцеся сур'ёзна, як вы гэта ўмееце рабіць. Займіцеся навядзеннем парадку і дайце вынік па рэсурсах і абароне нашай прыроды. Усе гэтыя кар'еры, жывёлагадоўчыя фермы...".

Прэзідэнт таксама раскрытыкаваў якасць прагнозаў надвор'я, якія знаходзяцца ў веданні дэпартамента па гідраметэаралогіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. "Іх прагнозы часам не тое што чытаць... Часам, прачытаўшы, хочацца, каб наогул нічога там не прагназавалі. Там больш за тысячу чалавек. Займіцеся гэтай структурай і навучыцеся працаваць у структуры - зусім невялікая - у нашай арміі ёсць (у ВПС і войсках ППА) - на трое сутак інфармацыя па гадзінах, і ні разу не памыляліся", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"І калі я чытаю вашу інфармацыю, а я кожны дзень яе атрымліваю, у мяне жаданне проста разагнаць гэту арганізацыю. Калі не ўмееце працаваць, звяжыцеся з ваеннымі ўжо, навучыцеся ў іх працаваць", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Пры назначэнні новага пасла Беларусі ў Інданезіі і па сумяшчальніцтве ў Малайзіі, Сінгапуры і Філіпінах, Прэзідэнт падкрэсліў перспектыўнасць развіцця супрацоўніцтва з адпаведным рэгіёнам. "У плане кантролю я гатовы пабываць там. Хацелася б, каб вы з міністрам не выглядалі там бледна і не спасылаліся, што нейкія іншыя міністры ва ўрадзе не выканалі дамоўленасці Прэзідэнта, якія кантралююцца Міністэрствам замежных спраў. У кожнага ёсць свае задачы - і ў міністра, і ў пасла. Трэба дзейнічаць. Вярніцеся да нашых дамоўленасцей, да новых напрацовак па гэтых краінах. Тым больш вы прадстаўляеце краіну на ўсім Далёкім Усходзе: і ў Інданезіі, і ў Сінгапуры, і ў Малайзіі, і на Філіпінах", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў час яго візіту ў Інданезію і Сінгапур у 2013 годзе бакі вызначылі шэраг напрамкаў супрацоўніцтва. "У мяне такое ўражанне, што ўсё, відаць, так і засталося. І міністр ні разу мне не далажыў, што ў нас ёсць нейкія праблемы з выкананнем тых дамоўленасцей, - заўважыў ён. - Калі вы "пахавалі" дамоўленасці на ўзроўні Прэзідэнта, я ўяўляю, што з дамоўленасцямі на ўзроўні Прэм'ер-міністра, міністраў. Ніякіх турыстычных паездак, галоўная наша задача - канкрэтныя дамоўленасці. Яны павінны рэалізоўвацца. Асабліва ў такіх вялікіх дзяржавах, як Расія, Кітай, Пакістан, Індыя і ў тым ліку Інданезія. Вельмі вялікая краіна, якая мае патрэбу ва ўсім. Тое, што мы прапануем, ім вельмі неабходна".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Індыі і Інданезіі добра развіта гарнарудная прамысловасць, беларускі бок раней ужо заключыў кантракты на пастаўку туды самазвалаў БелАЗ. "Як можна падняць індустрыю краіны без аўтамабільнага транспарту? У нас ёсць МАЗ, і яны гатовы ўзяць нашы тэхналогіі, ствараць сумесныя прадпрыемствы і падтрымліваць іх. Доследныя ўзоры нашых камбайнаў ужо ў Індыі сябе зарэкамендавалі. Ім трэба ўбіраць збожжа - давайце будзем пастаўляць камбайны, сумесныя прадпрыемствы ствараць, пачынаючы ад зборкі да вытворчасці, большай лакалізацыі", - акрэсліў кола задач Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама прапанаваў падумаць аб адкрыцці кампактных дыпламатычных прадстаўніцтваў у краінах рэгіёна: "Не можам мы адкрыць - і не трэба - вялікае пасольства на Філіпінах або ў Малайзіі, але, калі ў нас ёсць цікавасць, няхай там будзе пасол і памочнік, няхай яны здымуць 10-12 метраў. Але ўжо бірка, якая вісіць у яго на грудзях, што ён пасол, адкрывае дзверы для ўсіх. Не трэба ствараць пасольствы, як мы прывыклі, па 15 дыпламатаў, а потым жонак працаўладкоўваць бухгалтарамі і прыбіральшчыцамі. Два чалавекі - пасол і памочнік, але якія ведаюць мову".

Аляксандр Лукашэнка даручыў кіраўніцтву Адміністрацыі Прэзідэнта пракантраляваць, як МЗС аптымізавала работу пасольстваў. "А так у нас раскідана, і не зразумела, хто там сядзіць. Калі пачынаем правяраць, дзівішся: людзі ад нашых вялікіх заводаў і кампаній з'яўляюцца прадстаўнікамі там, а нічога не робяць, сядзяць, атрымліваючы даволі вялікія грошы. Хто іх кантралюе? Ды ніхто. Пасол там - галава ўсяму, ён павінен усіх бачыць, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - І аптымізаваць такім чынам, каб расходы былі меншыя. Гэта задача ставілася, трэба праверыць, як яна выканана".