Прыняцце кадравых рашэнняў

  • 1

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка прыняў кадравыя рашэнні.

Кіраўнік дзяржавы назначыў:

  • Шулейку Юрыя Вітольдавіча - памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - інспектарам па Гомельскай вобласці;
  • Астрэйку Аляксандра Вячаслававіча - начальнікам упраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама;
  • Кубракова Івана Уладзіміравіча - начальнікам упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама;
  • Міронава Максіма Аляксандравіча - начальнікам Дэпартамента забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці;
  • Эйсманта Івана Міхайлавіча - намеснікам старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь.

Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:

  • Пянькоўскага Леаніда Канстанцінавіча - старшынёй Аршанскага райвыканкама;
  • Чэпіка Сяргея Васільевіча - старшынёй Пастаўскага райвыканкама;
  • Быкава Уладзіміра Уладзіміравіча - старшынёй Расонскага райвыканкама;
  • Аўдошкі Уладзіміра Генадзьевіча - старшынёй Ушацкага райвыканкама;
  • Пляшко Леаніда Уладзіміравіча - старшынёй Чашніцкага райвыканкама;
  • Ламакі Дзмітрыя Міхайлавіча - старшынёй Шаркаўшчынскага райвыканкама;
  • Бандарэнкі Анатоля Уладзіміравіча - старшынёй Хойніцкага райвыканкама;
  • Студнева Аляксандра Віктаравіча - старшынёй Бабруйскага гарвыканкама;
  • Рэпкіна Сяргея Барысавіча - рэктарам установы адукацыі "Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры";
  • Вежнаўца Івана Валер'евіча - намеснікам міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю;
  • Паўлючэнка Наталлі Віктараўны - кіраўніком Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны;
  • Сізіна Сяргея Фёдаравіча - намеснікам начальніка Беларускай чыгункі;
  • Бусько Віталя Леанідавіча - дырэктарам арганізацыйнага дэпартамента Выканаўчага камітэта Садружнасці Незалежных Дзяржаў;
  • Няверава Аляксея Мікалаевіча - членам Гомельскага аблвыканкама;
  • Гурыновіча Уладзіміра Аляксандравіча - кіраўніком спраў Мінскага аблвыканкама;
  • Шышканава Максіма Міхайлавіча - членам Мінскага аблвыканкама.

Прымаючы рашэнні па кадравых пытаннях у адносінах да кіраўнікоў мясцовай вертыкалі ўлады, Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб неабходнасці выканання задач па павышэнні жыццёвага ўзроўню насельніцтва. "Асноўныя пытанні, пра якія мы пастаянна гаворым, - гэта пытанні сацыяльныя, якія пацягнуць за сабой эканоміку. Цэны, зарплата, занятасць. Вырашаючы гэтыя пытанні, мы нікуды не дзенемся ад мадэрнізацыі прадпрыемстваў, ад стварэння новых рабочых месц. Ну і, адпаведна, заработная плата, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Калі мы не вырашым у гэтым годзе праблему з узроўнем зарплаты, нам будзе немагчыма працаваць у будучым. Нас людзі наогул не зразумеюць".

"Ушчыльняйцеся, скарачайцеся, эканомце, але за кошт эканоміі, прадукцыйнасці працы мы павінны людзям даць нармальную зарплату. Дапамагчы ім зарабіць. Таму гэтыя тры пытанні пастаянна будуць на кантролі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама звярнуў асаблівую ўвагу на развіццё буйных рэгіянальных цэнтраў, такіх як Орша, Бабруйск, Барысаў або Баранавічы. У частцы развіцця Аршанскага раёна Прэзідэнтам ужо былі дадзены адпаведныя даручэнні, і ў бліжэйшы час гэтыя пытанні будуць разглядацца на выязной урадавай нарадзе. Аляксандр Лукашэнка назваў гэтыя і падобныя да іх па значнасці беларускія гарады з тэрыторыямі вакол іх рэгіёнамі, падкрэсліўшы тым самым важнасць комплекснага развіцця гэтых тэрыторый як з пункту гледжання вытворчай сферы, так і вырашэння сацыяльных пытанняў.

Аляксандр Лукашэнка таксама цікавіўся сітуацыяй у вёсцы, асабліва ў Віцебскай вобласці, у сувязі з умовамі надвор'я. Як далажылі Прэзідэнту, сітуацыя даволі складаная як па прычыне ападкаў, так і тэмпературы, што адмоўна ўплывае на тэмпы палявых работ. "Вядома, трэба аператыўна пасеяць, але не на шкоду якасці. Гэта датычыцца перш за ўсё Віцебскага рэгіёна. Але галоўнае не ў гэтым. Нам трэба мяняць севазварот, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Трэба пераходзіць на травы. Гэта маё цвёрдае перакананне. Трэба навучыцца рабіць добрыя кармы і атрымліваць ялавічыну. Вытворчасць якаснага малака вельмі рэнтабельная", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры вырашэнні кадравых пытанняў у адносінах да кіраўнікоў мясцовай вертыкалі ўлады размова зайшла і аб адукацыі. "Трэба нам мяняць графік работы школ. Раней за дзевяць гадзін урокі пачынаць не трэба", - сказаў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што некаторыя бацькі выступаюць супраць такога рашэння, але ў першую чаргу неабходна думаць аб здароўі дзяцей, аб тым, як яны засвойваюць у школе матэрыял.

"Трэба ў гэтым плане змяняць сітуацыю, асабліва ў вёсцы. Нават на аўтобусе 5-7 км вязуць дзетак. Ім жа трэба ў шэсць гадзін прачынацца. Гэта хіба нармальна? Дарослы чалавек у шэсць гадзін не можа прачнуцца", - прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка.

"Па адукацыі ў нас павінны быць сур'ёзныя зрухі. І да ўступных экзаменаў мы таксама нейкія змяненні ўнеслі, але трэба больш істотна да гэтага падыходзіць", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Асобна Прэзідэнт закрануў пытанні ідэалогіі. Ён падкрэсліў, што работа ў гэтай сферы не павінна зводзіцца толькі да таго, каб некуды прыйсці і прачытаць лекцыю. "Самая вялікая ідэалогія - гэта там, дзе ўзнімаецца дух людзей, дух народа. Я цяпер маю на ўвазе не звычайныя грамадскія масавыя мерапрыемствы, а спартыўныя", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што культурна-спартыўныя комплексы, пабудаваныя ў розных гарадах, у тым ліку ў Оршы, часам не ў поўнай меры задзейнічаны. На іх базе няма спартыўных каманд. Пры гэтым у рэспубліцы ёсць перспектыўныя трэнерскія кадры, якія гатовы ў рэгіёнах займацца развіццём тых ці іншых відаў спорту. "Трэба гэтых людзей запрашаць, забяспечыць жыллём. Там, дзе ёсць гэтыя каткі, трэба ствараць школы і каманды - асноўная, дубліруючы склад, школа для дзяцей і масавае катанне. Гэтыя аб'екты не павінны пуставаць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аб развіцці спартыўнай галіны размова ішла і пры ўзгадненні назначэння Сяргея Рэпкіна рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Кіраўнік дзяржавы адзначыў станоўчую тэндэнцыю, што ў краіне ўсё больш людзей пачынаюць займацца масавым спортам. "Але, на жаль, спорту высокіх дасягненняў менш стала. Вось у чым уся праблема, - сказаў ён. - Вы павінны ведаць, што мы пачынаем сур'ёзнае перафармаціраванне ўсёй сферы спорту. Мы не можам далей цярпець гэта".

Прэзідэнт таксама адзначыў важнасць правільнага падбору кадраў у спартыўнай сферы, якія жадаюць працаваць і дабівацца вынікаў. Кіраўнік дзяржавы лічыць ненармальнай сітуацыю, калі ў некаторых спартыўных федэрацыях пры адсутнасці дасягненняў функцыянеры атрымліваюць высокія зарплаты.

"Стаўку трэба рабіць на сваіх трэнераў, на сваіх спартсменаў, рыхтаваць іх трэба на месцах. А гэта ўжо ваша будучая работа", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Тэма падбору і амаладжэння кадраў была прадоўжана і пры назначэнні кіраўнікоў у сістэме органаў унутраных спраў. "Павінны ў кіраўніцтва ведамствамі, сферамі, галінамі прыходзіць новыя маладыя людзі. Таму што людзі старэйшага пакалення не вечныя. І калі мы хочам мець вынік ад таго ці іншага напрамку дзейнасці, сферы жыцця, павінны быць дзейныя людзі", - упэўнены беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэты падыход датычыцца ўсіх галін, вертыкаль улады гэта ці сфера спорту. "За гэты год мы добра ўзварушым дзеючы персанал і паглядзім. Хто можа працаваць, няхай працуе. Хто не можа, мы будзем запрашаць (на гэтыя пасады) людзей больш маладога пакалення, прафесійных, вопытных, якія ўжо выраслі за сваё свядомае жыццё пры незалежнасці нашай дзяржавы", - адзначыў Прэзідэнт.

"Ад гэтага нікуды не дзенешся. Таму мы запрашаем новае пакаленне да кіраўніцтва краінай ва ўсіх сферах. Асабліва ў сферы бяспекі, арміі і гэтак далей. Вы - людзі падрыхтаваныя, і тут патрэбны больш свежыя погляды на працэсы. Гэта зразумела", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы непасрэдна аб задачах перад кіраўнікамі, якія назначаюцца ў сістэме органаў унутраных спраў, Аляксандр Лукашэнка закрануў сферу аператыўна-вышуковай дзейнасці ў МУС. На думку Прэзідэнта, яе неабходна ўдасканальваць і ўзнімаць на больш высокі ўзровень. "Нам трэба ад участковага да самага вялікага начальніка ў дэпартаменце ўсё гэта аб'яднаць і стварыць новую больш стройную сістэму, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта - аснова. Без гэтага няма ніякай барацьбы са злачынцамі і злачыннасцю. Без гэтага не можа быць ніякай грамадскай бяспекі".