Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Прыняцце кадравых рашэнняў

3 сакавіка 2016 года
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 3 сакавіка прыняў шэраг кадравых рашэнняў.

Кіраўнік дзяржавы назначыў:

Іванова Алега Мікалаевіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Таджыкістан, Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Ісламскай Рэспубліцы Афганістан па сумяшчальніцтве.

Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Італьянскай Рэспубліцы, Пастаяннага прадстаўніка Рэспублікі Беларусь пры Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб'яднаных Нацый па сумяшчальніцтве Гур'янава Аляксандра Яўгенавіча Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Мальта па сумяшчальніцтве.

Прэзідэнт даў згоду на назначэнне:

Барысюка Генадзя Іосіфавіча - кіраўніком адміністрацыі Ленінскага раёна г.Брэста;

Ліневіча Анатоля Канстанцінавіча - старшынёй Капыльскага райвыканкама;

Вайнілкі Анатоля Мар'янавіча - старшынёй Мядзельскага райвыканкама;

Васілеўскага Дзмітрыя Уладзіміравіча - старшынёй Дрыбінскага райвыканкама;

Касмачова Міхаіла Міхайлавіча - старшынёй Чэрыкаўскага райвыканкама;

Дараховіча Аляксандра Вікенцьевіча - кіраўніком адміністрацыі Заводскага раёна г.Мінска;

Трушчанкі Юрыя Уладзіміравіча - кіраўніком адміністрацыі Савецкага раёна г.Мінска;

Шастакова Яўгена Андрэевіча - намеснікам Міністра замежных спраў;

Войтава Ігара Вітальевіча - рэктарам установы адукацыі "Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт";

Зяневіча Андрэя Алегавіча - рэктарам установы адукацыі "Беларуская дзяржаўная акадэмія сувязі";

Рабавай Ганны Мікалаеўны - намеснікам Міністра сувязі і інфарматызацыі;

Аўраменкі Аляксея Мікалаевіча - першым намеснікам Міністра транспарту і камунікацый;

Ляхновіча Аляксея Аляксеевіча - намеснікам Міністра транспарту і камунікацый;

Шылава Ігара Сяргеевіча - першым намеснікам Начальніка Беларускай чыгункі;

Арушаньянца Пятра Барысавіча - дырэктарам Дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь (на перыяд знаходжання дырэктара ў водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў);

Юрчанкі Мікалая Мікалаевіча - начальнікам дэпартамента абароннай прамысловасці і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы;

Сысоева Аляксандра Уладзіміравіча - кіраўніком спраў Віцебскага аблвыканкама;

Ашурыка Паўла Станіслававіча - членам Гродзенскага аблвыканкама.

Звяртаючыся да кіраўнікоў мясцовых органаў улады, Аляксандр Лукашэнка заклікаў іх цвяроза ацэньваць неабходнасць рэалізацыі на месцах тых ці іншых ініцыятыў. На думку Кіраўніка дзяржавы, перш чым штосьці рабіць, неабходна задаваць пытанне аб мэтазгоднасці і своечасовасці крокаў.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сам кіруецца такім жа прынцыпам пры прыняцці рашэнняў дзяржаўнага ўзроўню. На гэтай падставе, напрыклад, быў адкладзены разгляд пытання з перадачай Нацыянальнаму банку паўнамоцтваў па рэгуляванні страхавой дзейнасці і рынку каштоўных папер. Тэма атрымала шырокае абмеркаванне ў СМІ. Прэзідэнт звярнуў увагу, што існуючая ў Беларусі сістэма нармальна функцыянуе і не выклікае нараканняў з боку грамадзян. Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы не выключае, што ў перспектыве ў Беларусі з'явіцца неабходнасць надзяліць Нацбанк функцыямі мегарэгулятара. "Але сёння ў яго вельмі шмат праблем. Для Нацбанка найважнейшая задача - кошт рэсурсаў", - сказаў Прэзідэнт, дадаўшы, што перш неабходна адрэгуляваць усе праблемы ў грашова-крэдытнай палітыцы.

Прэзідэнт таксама заклікаў мясцовыя ўлады дзейнічаць у тым жа рэчышчы ў давераных ім рэгіёнах, у тым ліку і ў частцы стварэння новых рабочых месц. "Галоўнае, каб пытанне было вырашана па-гаспадарску", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Час, вядома, у нас няпросты, - канстатаваў Прэзідэнт. - Ну, што рабіць, час выбраў нас. Таму нам давядзецца ў гэты час жыць і справай займацца, выдаваць вынік".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў гэтых вельмі складаных умовах трэба паспяхова правесці ўсе веснавыя палявыя работы. "Перабольшваць праблему не раю вам. Проста трэба ўсюды мець сістэму і навесці парадак. Парадак павінен быць ва ўсім! Не трэба залішне заціскаць людзей, няхай працуюць, паказваюць сябе. Але тэхналагічную дысцыпліну ніхто не адмяняў. І гэта жалезна павінна быць, уся ваша работа павінна быць падпарадкавана гэтаму, і ўсе павінны круціцца вакол гэтых тэхналогій", - сказаў Прэзідэнт.

"Я не разумею, чаго не хапае? Угнаенні ёсць, насенне ёсць, - дадаў ён. - Усё ёсць. Тэхнікі, ужо вёска кажа, не трэба больш. Але патрэбны парадак".

Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу прадпрыемствам вырабіць у неабходным для вёскі аб'ёме ўгнаенні, каб не вывозіць валюту з краіны, закупляючы за межамі Беларусі тое, што можна вырабіць самім.

"Інакш кажучы, трэба заняцца вырашэннем элементарных пытанняў. Вырашыўшы іх, вы знойдзеце тыя 25 працэнтаў сабекошту, аб якіх я гаварыў. А ў сельскай гаспадарцы, я вам скажу, гэта не 25 працэнтаў сабекошту, мы там вялікія грошы можам знайсці", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

"І самае галоўнае - у нас усё ж такі ўлада строгая, вельмі строгая. Людзі гэта адчуваюць. Але гэта не азначае, што мы людзей павінны пастроіць, як у арміі, і строем або, не дай бог, статкам некуды вадзіць і забараняць: крок улева, крок управа, слова не скажы, рот зашый. Ні ў якім разе гэтага рабіць нельга, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Таму права чалавека сказаць тое, што ён думае, у патрэбным месцы: на сходзе, пры абмеркаванні з калегамі, вам адкрыта ў вочы - гэтага не трэба баяцца. Гэта плюс у нас будзе. Але калі прыйшоў на работу, там рот павінен быць, груба кажучы, зашыты, таму што там дыктат ажыццяўляе тэхналогія. Своечасова прыйшоў, зрабіў па тэхналогіі справу - ідзі. Бачыш нешта не так - папярэдзь кіраўнікоў сваіх, скажы, прапануй. Але вось гэта права чалавека гаварыць, абмяркоўваць, прапаноўваць - я вас прашу, вы помніце аб гэтым".

"Пераціскаць нельга. У нас людзі разумныя, яны разумеюць, як трэба жыць, як працаваць, і мы гэта ў людзях павінны падтрымліваць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што Беларусь займае выгаднае геапалітычнае становішча, знаходзячыся ў цэнтры Еўропы, аднак у той жа час яна адкрыта з усіх бакоў. "Падстройвацца нікому ні пад што не трэба, трэба мець на ўвазе перш за ўсё свае, нацыянальныя інтарэсы. Але трэба бачыць свет вакол, у якім напрамку ён рухаецца. І мы нікуды не дзенемся ад гэтага руху, недзе дашліфоўваючы, рэфармуючы, можа, удасканальваючы тую сістэму, якая ў нас створана", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, магчыма, у верасні ў Беларусі пройдуць парламенцкія выбары. На думку Прэзідэнта, Парламент павінен адыгрываць больш прыкметную ролю ў грамадстве, каб людзі бачылі работу тых, каго яны выбіраюць.

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз папрасіў кіраўнікоў мясцовай вертыкалі ўлады ўважліва ставіцца да кадраў, падбіраючы на адказныя ўчасткі работы прафесіяналаў, на якіх можна аперціся.

"І ў вас персанальная задача па ўказе, і не адна, але галоўная - стратныя гаспадаркі поўнасцю на вашых плячах. Таму думайце, як вы там паведзяце справу, хто будзе кіраваць гэтымі прадпрыемствамі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Звяртаючыся да Алега Іванова, назначанага паслом у Таджыкістане і Афганістане па сумяшчальніцтве, Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што ў адносінах Беларусі і Таджыкістана няма ніякіх праблем, у Беларусі моцныя пазіцыі ў гэтай краіне, вельмі добрыя адносіны з кіраўніцтвам Таджыкістана. "І яны да нас вельмі добра ставяцца. Таму з гэтай пляцоўкі мы можам супрацоўнічаць з дзяржавамі, якія знаходзяцца побач", - лічыць Кіраўнік беларускай дзяржавы, дадаўшы, што трэба таксама пашыраць супрацоўніцтва і з Таджыкістанам.

Што датычыцца Афганістана, то, на думку Прэзідэнта, гэта дзяржава з вялікімі магчымасцямі. "Там мы значна можам атрымаць для нашай краіны выгадныя прапановы і дывідэнды. Краіна вельмі багатая, яна развіваецца, насельніцтва нямала, вельмі выгадны ў стратэгічных адносінах рэгіён, ён кінуты не будзе. Таму трэба вельмі сур'ёзную ўвагу звяртаць на гэту краіну, вядома, не забываючы і Таджыкістан", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Узгадняючы назначэнне рэктараў ВНУ, Кіраўнік дзяржавы спыніўся на праблемах практычнага ўкаранення навуковых распрацовак. У іх ліку адзначаўся недастатковы ўзровень узаемадзеяння паміж работнікамі вытворчасці і вучонымі. Першыя часта неахвотна ідуць на змяненні тэхрэжымаў, якія вядуць да ўкаранення навацый. Другія праяўляюць у гэтым пытанні недастаткова настойлівасці і актыўнасці і не заўсёды ўлічваюць тэхнічныя магчымасці прадпрыемства. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што адказным па пытаннях укаранення навуковых дасягненняў з'яўляецца старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў. "Ён прыйшоў, даў заданне прамыслоўцам. І няхай толькі не зробяць, - сказаў Прэзідэнт. - А інакш як? Кіраўнік не хоча, вучоны не можа ці баіцца - і будзем цялёпкацца".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што НАН павінна вызначаць і прапаноўваць прадпрыемствам прарыўныя, выгадныя для дзяржавы тэхналогіі.
Тэгі: Кадры
© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь