Прыём напярэдадні старога Новага года

  • 16

Беларускаму народу пад сілу пераадолець усе цяжкасці. Аб гэтым заявіў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 11 студзеня на прыёме ад імя Прэзідэнта Беларусі напярэдадні старога Новага года.

"Галоўнае - не збаўляць скорасць і не адхіляцца ад выбранага намі шляху, - сказаў Прэзідэнт. - Нас шмат, але Беларусь у нас адна. І гэта простая ісціна ляжыць у аснове дзяржаўнага суверэнітэту і незалежнасці краіны".

"Сёння мы параўноўваем свет вакол нас з акіянам, які бясконца апошнім часам штарміць. Беларусь у ім хоць і не самы вялікі, можа, і невялікі, але даволі моцны карабель, які мы павінны захаваць", - адзначыў ён.

Яшчэ літаральна ўчора беларусы падводзілі вынікі адыходзячага года, а сёння ўжо 2020-ы пачынае разбег, акунаючы ў водаварот падзей, спраў, фактаў і меркаванняў. "Ён будзе па-свойму асаблівым і стане такім, абсалютна такім, якім мы яго з вамі зробім. Трэба толькі, як і раней, шанаваць і берагчы тое, што маем, захоўваць і развіваць лепшае, распрацоўваць і ствараць самае перадавое. У адваротным выпадку адстанем. А з'яднанасць, наша любоў да Радзімы шматразова прымножаць нашы сілы для новых дасягненняў", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Прыём напярэдадні старога Новага года стаў добрай традыцыяй, у яе ёсць свая гісторыя. "Мы заўсёды ўспамінаем, што першапачаткова гэта была сустрэча з журналістамі. Але з часам кола гасцей нашага святочнага вечара станавілася большым. Нязменным заставалася адно: запрашэнне на навагодні прыём - гэта своеасаблівы падарунак для тых, хто ў мінулым годзе быў на вышыні прафесійнага поспеху, хто шчыра адданы краіне і нашаму народу", - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы.

На прыёме сабраліся настаўнікі і ўрачы, дзеячы культуры і мастацтва, вучоныя і дзяржаўныя служачыя, прадстаўнікі сілавога блока і грамадскіх арганізацый, журналісты, спартсмены. "Прыемна бачыць знаёмыя твары. Хачу прывітаць і тых, хто ўпершыню запрошаны на гэта свята. Рады ў цёплай і нефармальнай абстаноўцы яшчэ раз павіншаваць усіх з Новым годам, з Раством, падзякаваць за асабістыя дасягненні, якія ўжо сталі нашай агульнай гісторыяй", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да запрошаных на прыём, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што іх аўтарытэт і высокія вынікі з'яўляюцца яркім прыкладам для ўсяго грамадства. "Менавіта вам, аднадумцам з цвёрдай дзяржаўнай пазіцыяй і разуменнем глабальных працэсаў развіцця сучаснага свету, давядзецца стаць сапраўднымі лідарамі меркаванняў", - перакананы Прэзідэнт.

"Кожны з вас павінен адстойваць нацыянальныя інтарэсы, у тым ліку ў інфармацыйнай прасторы. Гэта задача дзяржаўнага маштабу. І вам яе вырашаць, проціпастаўляючы свае глыбокія веды, мудрасць, аналітычны розум прымітыўным меркаванням і часам адкрытым спекуляцыям", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы шчыра пажадаў тым, хто сабраўся, заўсёды быць акружанымі цеплынёй і любоўю, каб выдатны настрой і душэўны ўздым суправаджалі ва ўсіх справах і пачынаннях. Прэзідэнт таксама выказаў упэўненасць, што дасягненні калег, якія ўдастоены заслужаных узнагарод, натхняць усіх на новыя здзяйсненні ў імя міру і працвітання Беларусі.

"Упэўнены, што ўсе прысутныя ў гэтай зале заслугоўваюць высокіх дзяржаўных узнагарод. Прадстаўляйце іх да ўзнагароджання, я не пярэчу. Але гэта сімвал, гэта знак. Трэба, каб такіх узнагароджаных людзей тут было больш", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы ўручыў ордэн Пашаны Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Леаніду Анфімаву, кіраўніку Брэсцкага аблвыканкама Анатолю Лісу і мэру Мінска Анатолю Сіваку. Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджана артыстка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Валянціна Гарцуева.

Дыплом аб прысваенні ганаровага звання "Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь" уручаны артыстцы Купалаўскага тэатра Юліі Шпілеўскай.

Падзяку Прэзідэнта атрымалі аглядальнік тэлеканала СТБ Юлія Бяшанава, вядучая АНТ Вольга Курышка, намеснік дырэктара дырэкцыі інфармацыйнага і грамадска-палітычнага вяшчання Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Надзея Лысенка.

Высокія ўзнагароды таксама былі ўручаны аглядальніку Выдавецкага дома "Беларусь сёння" Андрэю Мукавозчыку, рэдактару аддзела газеты "Звязда" Вользе Мядзведзевай, карэспандэнту Агенцтва тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі Алене Насачовай, намесніку генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце БЕЛТА Сяргею Адзярыху.