Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь разгледзеў кадравыя пытанні

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15 снежня разгледзеў кадравыя пытанні.

Кіраўнік дзяржавы назначыў:

  • Карпенку Ігара Васільевіча - Міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь;
  • Малашку Валерыя Анатольевіча - Міністрам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь;
  • Курлыпу Аляксандра Міхайлавіча - намеснікам Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь;
  • Кухарава Уладзіміра Яўгенавіча - намеснікам Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь;
  • Герасімава Васіля Мікалаевіча - памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - галоўным інспектарам па Брэсцкай вобласці;
  • Ісачанку Анатоля Міхайлавіча - памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - галоўным інспектарам па Мінскай вобласці;
  • Купчыну Алену Мікалаеўну - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Аўстрыйскай Рэспубліцы, Пастаянным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры міжнародных арганізацыях у Вене, Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Харватыя па сумяшчальніцтве;
  • Падгурскага Івана Мікалаевіча - першым намеснікам Міністра ўнутраных спраў - начальнікам крымінальнай міліцыі;
  • Гошына Уладзіміра Анатольевіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Лаоскай Народна-Дэмакратычнай Рэспубліцы, Рэспубліцы Саюз М'янма і Каралеўстве Тайланд па сумяшчальніцтве;
  • Куптэля Дзмітрыя Георгіевіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Аб'яднанай Рэспубліцы Танзанія па сумяшчальніцтве;
  • Латушку Паўла Паўлавіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Княстве Манака па сумяшчальніцтве, Пастаянным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры Сусветнай турысцкай арганізацыі па сумяшчальніцтве.

Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:

  • Канюшкі Андрэя Васільевіча - намеснікам старшыні Гомельскага аблвыканкама;
  • Паўлечка Алены Фёдараўны - старшынёй Мазырскага райвыканкама;
  • Аслюка Ігара Святаслававіча - старшынёй Чачэрскага райвыканкама;
  • Краўчанкі Алега Іванавіча - намеснікам Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь;
  • Гаўрычэнкі Мікалая Іванавіча - рэктарам установы адукацыі "Віцебская ордэна "Знак Пашаны" дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны";
  • Ярашэнкі Аляксандра Рыгоравіча - кіраўніком дзяржаўнай установы "Адміністрацыя Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка "Індустрыяльны парк "Вялікі камень";
  • Сушчынскага Вадзіма Валянцінавіча - пракурорам Віцебскай вобласці;
  • Корзуна Віктара Канстанцінавіча - пракурорам Гродзенскай вобласці;
  • Карлюкевіча Аляксандра Мікалаевіча - намеснікам Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь;
  • Старавойтава Мікалая Міхайлавіча - намеснікам Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь;
  • Сухарукава Паўла Якаўлевіча - дырэктарам - галоўным рэдактарам рэдакцыйна-выдавецкай установы "Выдавецкі дом "Звязда".

Звяртаючыся да Ігара Карпенкі, які назначаны Міністрам адукацыі, Кіраўнік дзяржавы сказаў: "Вас не трэба пераконваць у ідэйнай накіраванасці нашай дзяржавы. І Вас не трэба пераконваць у тым, якая наогул у нас павінна быць адукацыя", - сказаў Прэзідэнт.

"Вы - чалавек прагрэсіўны. І Вы цудоўна ведаеце хібы нашай савецкай адукацыі, непасрэдна ведаеце лепшыя школы краіны і іх недахопы. У Вас вялікі вопыт работы ў сацыяльнай сферы, перш за ўсё ў адукацыі. Гэта галоўныя фактары, якія схілілі мяне да таго, што менавіта Карпенка павінен сёння ўзначаліць гэты напрамак", - растлумачыў сваё кадравае рашэнне Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што перад Ігарам Карпенкам стаіць шмат задач па развіцці сферы адукацыі і вырашэнні розных праблемных пытанняў. У тым ліку размова ідзе аб далейшай рэалізацыі вызначанай канцэпцыі, удасканаленні вучэбных праграм. "На жаль, мае ўстаноўкі не ў поўным аб'ёме рэалізаваны ў адукацыі. І вам гэта ўсё трэба будзе рэалізаваць", - адзначыў ён.

Выбар на карысць Валерыя Малашкі пры назначэнні яго Міністрам працы і сацыяльнай абароны зроблены ў тым ліку таму, што ён у большай ступені бачыць тыя ці іншыя праблемы і недахопы на нізавым узроўні, штодзень з імі працуе. "Гэта міністэрства павінна ўзначаліць сур'ёзнае ўдасканаленне ўсіх напрамкаў дзейнасці. У нас самая вялікая праблема тут - незадаволенасць людзей па пэўных пытаннях", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт у прыватнасці звярнуў увагу на такія пытанні, як узровень заработнай платы, удасканаленне пенсійнай сістэмы і іншыя сацыяльныя рашэнні. "Усё павінна быць прапрацавана ў вас. І ўсё, што мы там будзем прапрацоўваць, павінна быць заземлена", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Асобныя даручэнні дадзены кіраўніцтву КДК. "Хачу публічна вам сказаць, што я пакуль не атрымаў той аддачы, на якую спадзяваўся ад Камітэта дзяржкантролю. Спроба дагадзіць - вы пачынаеце гэтым займацца. І гэта не толькі маё меркаванне. Гэта самае страшнае для КДК. Вы адна з вострых прылад Прэзідэнта у рабоце. Іншага такога эканамічнага кантрольнага падраздзялення ў мяне няма і не трэба. І тут вы павінны быць чыстымі, сумленнымі, вы нікому не павінны перашкаджаць працаваць. Недзе, можа, нават ціха збоку працаваць, каб бізнес і работнікі вытворчасці не крыўдзіліся", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Камітэт дзяржаўнага кантролю павінен быць эфектыўна дзеючай структурай, - падкрэсліў беларускі лідар. - Я ўсё часцей чую, што і бюракратызм нас заядае, вельмі шмат празмерных хаджэнняў па прадпрыемствах. І КДК павінен з Адміністрацыяй Прэзідэнта гэта бачыць".

Канкрэтныя задачы пастаўлены і перад новымі кіраўнікамі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Яны датычацца развіцця прадпрыемстваў, вызначэння стратэгіі па асобных напрамках у сельскай гаспадарцы.

У звязцы з кіраўнікамі рэгіёнаў павінны працаваць і памочнікі Прэзідэнта - галоўныя інспектары па абласцях. "Ваша задача - бачыць усё, што адбываецца ў рэгіёне. І вы актыўна павінны ўмешвацца ў работу кадраў. Не прама. Праз губернатара - падказваць, дапамагаць, ні ў якім выпадку не падмяняючы губернатараў. Але і ні ў якім выпадку не падыгрываючы губернатарам, - сказаў Прэзідэнт. - Так, вы павінны працаваць на пазітыў, у адной звязцы з губернатарам. Але ў вас свая работа, свой напрамак".

Асаблівы акцэнт Аляксандр Лукашэнка зрабіў на неабходнасці развіцця індустрыяльнага парка "Вялікі камень", адміністрацыю якога ўзначаліць Аляксандр Ярашэнка, які раней займаў пасаду намесніка міністра эканомікі.
"Вельмі хачу, каб вы разгарнулі там нармальную работу. Я разумею, што ўсё ж такі намеснікам міністра вядучага міністэрства вы ідзяце на канкрэтнае прадпрыемства. Але прадпрыемства важнейшае. Для мяне гэта значна важней, чым работа ваша ў якасці намесніка", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Парк "Вялікі камень" - гэта найвышэйшыя тэхналогіі. Нам склады там не патрэбны. Там павінны працаваць высокага ўзроўню прадпрыемствы з любой краіны", - дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама чакае прапаноў адносна функцый кіраўніка адміністрацыі парка, каб пры неабходнасці ўнесці адпаведныя карэкціроўкі ў нарматыўныя дакументы.

У час прыняцця кадравых рашэнняў размова таксама вялася аб важнасці далейшай работы па дэбюракратызацыі, устараненні залішняга націску на вытворчасць і бізнес. "Мы ў бліжэйшы час прымем вельмі сур'ёзныя рашэнні. Мы ўжо дамовіліся ў Адміністрацыі Прэзідэнта (кіраўніцтва будзе ў бліжэйшы час сфарміравана), што вернемся да пытанняў дэбюракратызацыі і лішніх праверак на месцах", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што, як яму дакладваюць, пры цяперашніх нормах і патрабаваннях, напрыклад, у галіне санітарыі, пажарнага нагляду, часам цяжка пачаць бізнес. "Таму, хутчэй за ўсё, мы прымем рашэнне: на ўсім паставіць крыж і ўвесці толькі тыя нормы па гэтых напрамках - санітарных, пажарных, якія патрэбны", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Адначасова, паводле слоў Прэзідэнта, прадугледжваецца па адпаведных напрамках павысіць адказнасць кіраўнікоў суб'ектаў гаспадарання.

Пры назначэнні на дыпламатычныя пасады Кіраўнік дзяржавы закрануў тэматыку развіцця адносін Беларусі з ЗША. "Мы сваю пазіцыю заявілі - гэта імперыя, вядучая краіна ў свеце, і мы павінны з імі мець добрыя адносіны. Але бегчы наперадзе паравоза і абяцаць тое, што мы ніколі не зробім, ні ў якім разе нельга, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Напрамак выбудоўвання з імі адносін вызначаны. Трэба па гэтым шляху ісці".

"Больш, чым мы, адкрыта і сумленна, ад душы, ніхто Трампа не падтрымліваў, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Мы шчыра і сумленна займалі пэўную пазіцыю і ад яе не адышлі".

Прымаючы кадравыя рашэнні, Прэзідэнт Беларусі асабліва падкрэсліў тую ўвагу, якая ўдзяляецца падбору кіруючых кадраў. Усе кандыдатуры падрабязна абмяркоўваліся і разглядаліся на прадмет як прафесійных, так і асабістых якасцей.