Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне аб выдзяленні сродкаў для арганізацыі адпачынку ў Беларусі японскіх дзяцей, якія пацярпелі ад аварыі на АЭС "Фукусіма"

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 2 ліпеня падпісаў распараджэнне аб выдзяленні сродкаў для арганізацыі адпачынку ў Беларусі японскіх дзяцей, якія пацярпелі ад аварыі на АЭС "Фукусіма".

    Такая гуманітарная дапамога аказваецца Японіі з 2012 года, калі па запрашэнні Прэзідэнта Беларусі 10 японскіх падлеткаў з рэгіёнаў, што пацярпелі ад аварыі на АЭС "Фукусіма", у суправаджэнні двух дарослых адпачывалі і аздараўляліся ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры "Зубраня".

    Згодна з дамоўленасцямі з японскага боку ў Беларусі ў перыяд з 23 ліпеня па 9 жніўня пройдуць аздараўленне 32 дзіцяці з Японіі. Адпачынак японскіх дзяцей будзе арганізаваны ў "Зубраняці". У праграму адпачынку ўключаны адукацыйныя, аздараўленчыя і забаўляльныя мерапрыемствы. У час разнастайных экскурсій будзе арганізавана азнаямленне з гістарычнай і культурнай спадчынай Беларусі. Акрамя таго, дзеці з Японіі пройдуць розныя медыцынскія працэдуры.


    Запрашэнне японскіх дзяцей на адпачынак і аздараўленне ў Беларусь сведчыць аб гатоўнасці беларускай дзяржавы аказаць падтрымку і падзяліць бяду простых людзей, якія, як некалі і беларусы, пацярпелі ад тэхнагеннай катастрофы.