Прэзідэнт Беларусі прыняў даверчыя граматы

  • 10
Беларусь цалкам падтрымлівае раўнапраўнае супрацоўніцтва паміж краінамі, пазбаўленае націску і прымушэння. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 снежня, прымаючы даверчыя граматы паслоў 10 дзяржаў - Афганістана, Балгарыі, Егіпта, Конга, Мазамбіка, Пакістана, Партугаліі, Сірыі, Эквадора і Эстоніі.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што адыходзячы 2014 год стаў адным з самых складаных у сусветнай палітыцы за апошнія некалькі гадоў. "Некаторыя дзяржавы імкнуцца ўплываць не толькі на рэгіянальныя працэсы, але і спрабуюць змяніць глабальны баланс сіл", - заўважыў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, "вынік відавочны - рост напружанасці ў свеце, зніжэнне даверу да партнёраў, санкцыйнае процістаянне".

"Беларусь цалкам падтрымлівае раўнапраўнае супрацоўніцтва паміж краінамі, пазбаўленае націску і прымушэння, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Мы выступаем за адмену якіх бы там ні было санкцый. Паколькі яны ўплываюць непасрэдна на ўзровень жыцця людзей".

На думку Прэзідэнта, складанасць сучаснай сітуацыі, зніжэнне ролі міжнародных арганізацый у вырашэнні сусветных праблем павышаюць значнасць двухбаковых сувязей, дружбы і канструктыўнага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі.

"У гэтым плане наша краіна настроена на актыўную работу", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён выказаў надзею, што і дзейнасць дыпламатаў будзе садзейнічаць умацаванню ўзаемавыгадных сувязей паміж Беларуссю і краінамі, з якіх яны прыбылі. Як сказаў Аляксандр Лукашэнка, сёння на цырымоніі свае дзяржавы прадстаўляюць дыпламаты амаль з усяго свету.

"Цяпер мы адкрываем новую старонку з дружалюбным Эквадорам, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Пасол гэтай краіны ўпершыню ў гісторыі двухбаковых адносін уручае даверчыя граматы".

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што работа кіраўніка дыпмісіі дасць магчымасць істотна актывізаваць міждзяржаўнае ўзаемадзеянне ў рэалізацыі сумесных праектаў, абазначаных у ходзе візіту Прэзідэнта Эквадора ў Мінск у 2013 годзе.

Прымаючы даверчыя граматы пасла Сірыі ў Беларусі, Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў: "Беларусь уважліва сочыць за развіццём падзей у Сірыі. На міжнароднай арэне мы прадоўжым выступаць за вяртанне міру і згоды на сірыйскую зямлю".

Прэзідэнт Беларусі таксама адзначыў: "Спадзяёмся на хуткае пераадоленне крызісу ў традыцыйна дружалюбнай нам краіне і аднаўленне ранейшага ўзроўню двухбаковага супрацоўніцтва".

Прымаючы даверчыя граматы паслоў Балгарыі, Эстоніі, Партугаліі ў Беларусі, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Беларусь і еўрапейскія краіны звязаны духоўнай агульнасцю, гісторыяй, культурай, і гэта з'яўляецца надзейным фундаментам для развіцця адносін паміж краінамі ў духу ўзаемнай павагі.

"Мы разлічваем на канструктыўны падыход прысутных прадстаўнікоў еўрапейскіх краін да ацэнкі сітуацыі ў Беларусі. Гэта паслужыць далейшай нармалізацыі адносін нашай краіны з Еўрапейскім саюзам", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь гатова нарошчваць аб'ёмы супрацоўніцтва з Балгарыяй у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, навукова-тэхнічнай і інвестыцыйнай галінах, умацоўваць рэгіянальныя і гуманітарныя сувязі.

Звяртаючыся да пасла Эстоніі ў Беларусі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь разглядае Эстонію як важнага партнёра ў Балтыйскім рэгіёне. На думку беларускага лідара, неабходна максімальна поўна рэалізаваць існуючыя магчымасці ў традыцыйных для двухбаковых адносін сферах, такіх як транспарт, транзіт.

"Калі ў нас, у адрозненне ад іншых дзвюх балтыйскіх дзяржаў, няма агульных граніц - гэта не значыць, што ў нас няма агульных інтарэсаў. Мы добра ведаем адзін аднаго. І думаю, сумленна адкрыем вочы: вы на нас, мы на вас, і знойдзем агульныя падыходы. Вельмі хацелася б на гэта разлічваць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы больш чым суседзі. Мы жылі ў адной дзяржаве, - дрэннай, добрай - гэта справа густу, розныя людзі па-рознаму ацэньваюць. Але ж мы жылі разам у адной кватэры, у адной сям'і. І не думаю, што ў эстонцаў і беларусаў былі ў гэтай кватэры нейкія супярэчнасці", - адзначыў Прэзідэнт. Ён дадаў, што Эстонія заўсёды была аб'ектыўнай краінай і ніколі не мела ніякіх прэтэнзій да Беларусі.

Гаворачы аб адносінах Беларусі і Партугаліі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў патэнцыял гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва дзвюх краін. На думку беларускага лідара, на цяперашнім этапе трэба вылучыць сферы, якія ўяўляюць найбольшы ўзаемны інтарэс, і прадметна па іх працаваць.

Прымаючы даверчыя граматы паслоў Егіпта, Конга, Мазамбіка ў Беларусі, Прэзідэнт пацвердзіў зацікаўленасць Беларусі ў актывізацыі ўзаемадзеяння з дзяржавамі Афрыкі, значнасць якой у сусветнай палітыцы і эканоміцы пастаянна ўзрастае.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што многія афрыканскія краіны дэманструюць уражальныя тэмпы эканамічнага развіцця.

"Мы павінны зрабіць усё неабходнае, каб аднавіць поўнафарматнае супрацоўніцтва з Арабскай Рэспублікай Егіпет. Гэта не толькі эканамічны і палітычны партнёр Беларусі, але і адзін з нашых важнейшых "пунктаў апоры" на ўсім Афрыканскім кантыненце", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да пасла Егіпта ў Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўручэнне грамат паслом Конга Беларусь разглядае як добрую магчымасць для ўстанаўлення і развіцця супрацоўніцтва па цэлым спектры запатрабаваных напрамкаў.

Прэзідэнт адзначыў, што перспектыўным уяўляецца развіццё ўзаемадзеяння з Мазамбікам. "Гэты год даў старт нашаму двухбаковаму дыялогу. Важна рэалізаваць намечаныя праекты ў галіне прамысловасці і сельскай гаспадаркі, каб вывесці адносіны на новы істотны ўзровень", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы, звяртаючыся да пасла Мазамбіка ў Беларусі.

Беларусь гатова развіваць супрацоўніцтва з Пакістанам і Афганістанам, падкрэсліў Прэзідэнт, прымаючы даверчыя граматы паслоў гэтых дзяржаў у Беларусі.

"Мы не ставім ніякіх умоў. Які ёсць Пакістан, а гэта магутная краіна, які ёсць Афганістан - мы гатовы з вамі супрацоўнічаць з такімі, якімі вы з'яўляецеся", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь гатова прапанаваць цэлы спектр паслуг. "Думаю, што і свой інтарэс вы знойдзеце ў нас у Беларусі", - адзначыў ён.

Што датычыцца Пакістана, то Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь сёння надае вялікае значэнне развіццю двухбаковых адносін з гэтай краінай, якая адыгрывае важкую ролю ў мусульманскім свеце. Паводле яго слоў, канкрэтным крокам па паглыбленні супрацоўніцтва стала рашэнне аб адкрыцці пасольства Беларусі ў Ісламабадзе. "Мы гатовы падтрымаць сустрэчную прапанову аб стварэнні дыппрадстаўніцтва Пакістана ў нашай краіне", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Мы шчыра спадзяёмся на стабілізацыю сітуацыі ў Афганістане, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да пасла Афганістана ў Беларусі. - Пазіцыя беларускага боку грунтуецца на неабходнасці кансалідацыі афганскага грамадства, нацыянальным прымірэнні і забеспячэнні тэрытарыяльнай цэласнасці краіны". Ён таксама дадаў, што Беларусь адкрыта да дыялогу па развіцці двухбаковага супрацоўніцтва.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь гатова забяспечыць усе неабходныя ўмовы для эфектыўнай работы дыпламатычных прадстаўніцтваў. "Вы зможаце ўбачыць, што адбываецца ў нашай краіне, як жывуць і да чаго імкнуцца беларусы. Мы прапануем весці шчыры дыялог па самых розных пытаннях і знаходзіць узаемавыгадныя рашэнні", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён таксама адзначыў, што разлічвае на ініцыятыву, нацэленасць на ўмацаванне супрацоўніцтва, аб'ектыўны погляд дыпламатаў. Іх прафесіяналізм і мэтанакіраванасць паглыбяць адносіны паміж дзяржавамі і прывядуць да рэалізацыі новых сумесных праектаў, упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы павіншаваў кіраўнікоў дыпламатычных місій з надыходзячымі навагоднімі святамі.