Прэс-канферэнцыя расійскім рэгіянальным СМІ

  • 9
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 17 кастрычніка даў прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў расійскіх рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі.

Сустрэча Кіраўніка дзяржавы прадаўжалася больш як пяць з палавінай гадзін. Было зададзена каля 30 пытанняў, якія датычыліся сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, беларуска-расійскага ўзаемадзеяння па розных напрамках, інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве, дамоўленасцей у рамках ЕАЭС, украінскай тэматыкі і іншых важных тэм.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што такія прэс-туры журналістаў расійскіх СМІ па Беларусі праводзяцца ўжо 12 гадоў. Прэзідэнт адзначыў іх станоўчы эфект у збліжэнні народаў дзвюх дзяржаў, развіцці ўсебаковага супрацоўніцтва, узаемаразумення і добрасуседства.

"Упэўнены, што кожны раз Беларусь адкрываецца вам як брацкая, блізкая па духу краіна, здольная, магчыма, некага і здзіўляць у добрым сэнсе слова, - сказаў беларускі лідар. - І вы, вядома, пераканаліся, што расіяне ніколі не будуць і не павінны адчуваць сябе ў Беларусі чужымі людзьмі".

"Вы цудоўна бачыце, што сёння адбываецца на планеце. Яе літаральна трасе ад міжусобіц і ўзброеных канфліктаў. Гэта вынікі рэалізацыі той "стратэгіі кіруемага хаосу", што наносяць значны ўрон многім дзяржавам розных кантынентаў, на жаль, уключаючы сёння і Еўропу. Мы таксама ведаем, хто кіруе гэтым хаосам, хто стварае, хто вырашае такім чынам свае праблемы за кошт дэстабілізацыі вялікіх рэгіёнаў і нацкоўвання адных народаў на іншыя", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"У гэты няпросты час, я ўпэўнены, беларусам і расіянам трэба быць разам. Перад тварам новых пагроз мы павінны быць з'яднанымі як ніколі, мы павінны быць гатовы падставіць адзін аднаму плячо, па-партнёрску вырашаць усе ўзнікаючыя рознагалоссі. Нам трэба быць абавязкова моцнымі, не саромецца адстойваць свае інтарэсы разам - як эканамічныя, так і палітычныя. Нашы народы павінны жыць у згодзе", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што заўсёды стараецца адказваць на ўсе пытанні шчыра і адкрыта. "Гэта галоўны прынцып нашай прэс-канферэнцыі. Так будзе і сёння". Ён таксама папрасіў журналістаў паказаць Беларусь аб'ектыўна: не прыхарошваючы рэчаіснасць, але і не прыніжаючы дасягненняў.

У прэс-канферэнцыі прынялі ўдзел больш як 100 прадстаўнікоў СМІ з 50 суб'ектаў Расійскай Федэрацыі.