Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Прэс-канферэнцыя для прадстаўнікоў расійскіх рэгіянальных СМІ

17 лістапада 2016 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў расійскіх рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі - удзельнікаў традыцыйнага прэс-туру ў Беларусь. Мерапрыемства праводзілася ўжо трынаццаты раз. У цяперашняй прэс-канферэнцыі прынялі ўдзел амаль 100 прадстаўнікоў СМІ і блогасферы з 46 рэгіёнаў Расіі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што такі абсалютна даверны дыялог з прадстаўнікамі рэгіянальных СМІ Расіі стаў добрай традыцыяй. "Галоўная мэта такіх сустрэч - збліжэнне нашых народаў, магчымасць данесці аб'ектыўную інфармацыю аб самай блізкай і, спадзяюся, самай роднай для вас зямлі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Расійская Федэрацыя для нас таксама была і застаецца не проста стратэгічным партнёрам і саюзнікам, а блізкай і брацкай дзяржавай".

Прэзідэнт адзначыў, што важнейшым напрамкам інтэграцыі Беларусі і Расіі з'яўляецца рэгіянальнае супрацоўніцтва. "У гэтым мы чарговы раз пераканаліся ў час форуму ў Мінску, куды ў чэрвені гэтага года з'ехаліся прадстаўнікі рэгіёнаў дзвюх краін. Тады на спецыяльнай выстаўцы, як і раней у Сочы, былі ярка прадэманстраваны практычныя вынікі нашай сумеснай работы, - звярнуў увагу беларускі лідар. - Калі б не рэгіянальнае супрацоўніцтва, мы сёння тут з вамі не знаходзіліся б і не гаварылі б аб тым, што мы брацкія народы. Менавіта рэгіёны Расійскай Федэрацыі выратавалі брацтва дзвюх славянскіх дзяржаў".

"Вось чаму мы пастаянна запрашаем вас, супрацоўнікаў рэгіянальных СМІ Расіі, у Беларусь. Нам неабыякава, якой паўстае наша дзяржава ў вачах жыхароў Паволжа, Урала, Сібіры, Далёкага Усходу, Кубані - усіх краёў і абласцей вашай неабсяжнай краіны. Ад таго, што вы ўбачыце тут і як гэта паднесяце потым, у многім залежыць развіццё рэгіянальнага супрацоўніцтва, - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. - Сёння яно мае нядрэнную дынаміку. Штогод дзясяткі дэлегацый расійскіх рэгіёнаў на чале з кіраўнікамі наведваюць Беларусь. Не менш і візітаў у адказ".

Беларуска-расійскія адносіны маюць магчымасць выйсці на якасна новы ўзровень, адзначыў Кіраўнік дзяржавы. "Хачу адзначыць, што мы выконваем усе дамоўленасці з Расіяй у рамках Саюзнай дзяржавы, АДКБ, ЕАЭС. Адстойваем эканамічныя інтарэсы, спыняючы спробы ўвозу заходніх тавараў, што падпалі пад эмбарга. Адначасова праводзім работу па іх замяшчэнні нашай прадукцыяй. У сувязі з няпростай сітуацыяй на гандлёвых рынках прапануем унесці ў прававую базу паняцце "Тавар Саюзнай дзяржавы". Гэта забяспечыла б аднолькавы доступ нашых і вашых вырабаў да нацыянальных і рэгіянальных праграм падтрымкі айчынных вытворцаў", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

"Ужо цяпер беларуска-расійскія адносіны маюць магчымасць выйсці на якасна новы ўзровень і даць чарговы штуршок хутчэйшаму станаўленню Еўразійскага эканамічнага саюза, - заявіў Прэзідэнт. - Падкрэслю, што асновай для яго стварэння стала менавіта Саюзная дзяржава. Пры ўсім маштабе мэт і задач, якія адлюстраваны ў Дагаворы аб стварэнні ЕАЭС, гэтаму інтэграцыйнаму аб'яднанню па шэрагу напрамкаў яшчэ трэба будзе падняцца да ўзроўню нашага з вамі саюза".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што грамадзяне абедзвюх краін прывыклі ўжо да адсутнасці граніц паміж дзвюма дзяржавамі, аднолькавага доступу да адукацыі, паслуг аховы здароўя, адзіных падыходаў да сістэмы сацыяльных гарантый, бесперашкоднага працаўладкавання, свабоды перамяшчэння і выбару месца жыхарства. Нашы моцныя саюзніцкія адносіны нязменна праяўляюцца і на міжнароднай арэне, дзе мы сутыкаемся з новымі пагрозамі і выклікамі. Сёння планету трасе ад міжусобіц, тэрарызму і ваенных канфліктаў.

"Не раз абмяркоўваючы гэтыя пытанні з Прэзідэнтам Расіі, мы дэманстравалі ў іх ацэнцы поўную згоду. Разыходжання па міжнародным парадку дня ў дзвюх дзяржаў няма. І не выпадкова, калі размова ідзе аб ключавых пытаннях міжнароднай палітыкі, Беларусь і Расія выступаюць адзіным фронтам", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У гэты няпросты час, выказаў упэўненасць Прэзідэнт, беларусам і расіянам трэба трымацца разам. Быць моцнымі, умець прымусіць лічыцца з сабой, разам адстойваць свае інтарэсы. "У нас ёсць ні з чым не параўнальная каштоўнасць - мір і згода ў доме. Усімі сіламі мы абавязаны берагчы гэты здабытак. Каб за спакойнае жыццё людзей не давялося плаціць крывёй, як гэта адбываецца ў многіх мясцінах. На вялікі жаль, і ў вельмі блізкай і роднай нам Украіне. У нас з вамі агульны боль, агульная слава, агульная будучыня. І вы ніколі не будзеце ў Беларусі чужымі", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Бягучы 2016 год не з'яўляецца лепшым у развіцці беларуска-расійскага супрацоўніцтва. "Ні па дасягненнях, ні ў нашых адносінах гэты год не з'яўляецца лепшым", - сказаў Прэзідэнт. "Што датычыцца эканомікі, вы цудоўна разумееце, што адбылося. Мы вельмі залежым ад расійскага рынку, асабліва па пастаўках сыравіны і энергарэсурсаў", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. На расійскім рынку здарыўся сур'ёзны абвал, была дэвальвавана нацыянальная валюта, у сувязі з чым за апошні час абодва бакі панеслі сур'ёзныя страты, значна знізіўся тавараабарот. "Адзіная светлая пляма ва ўсім гэтым - тое, што фізічныя аб'ёмы тавараабароту і паставак Беларусі ў Расію не зменшыліся, у фізічных аб'ёмах мы прырастаем, але тавараабарот мы лічым у доларавым эквіваленце. Тут у нас асабліва хваліцца няма чым", - канстатаваў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, сустракаючыся ў гэтым годзе з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным і ў рамках Саюзнай дзяржавы, і ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, кіраўнікі дзяржаў неаднаразова абмяркоўвалі гэту тэму, і яна ўжо стала выклікаць не тое што нейкую насцярожанасць, але нават раздражняльнасць з-за таго, што "мы не можам ужо які год выйсці з гэтага піке і аднавіць нашу эканоміку". "Як у вас, так і ў нас у гэтым годзе валавы ўнутраны прадукт падае. Зноў жа, у грашовым выражэнні, - таму што Беларусь вырабляць менш не стала, але, на жаль, і багацей мы ад гэтага не сталі. Вось такі фон, і ён яшчэ пагаршаецца сітуацыяй, якая складваецца ў свеце, яна няпростая. На гэтым фоне мы ў гэтым годзе спрацавалі не лепш, чым у мінулым, і тым больш - у папярэднія гады, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Паглядзім, як будзе складвацца сітуацыя, таму што, калі абсалютна сумленна, нам вельмі шмат трэба будзе зрабіць, каб працаваць нармальна".

Гаворачы аб недахопах у эканамічным супрацоўніцтве, у тым ліку ў інтэграцыйных аб'яднаннях, удзельнікамі якіх з'яўляюцца Расія і Беларусь, Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў асноўным краіны-партнёры, калі сутыкаюцца з цяжкасцямі, пачынаюць абараняцца, замест таго, каб шукаць выхад з сітуацыі ў сумесных дзеяннях. "Пачынаем адасабляцца, замыкацца ў сваіх нацыянальных рамках, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Думаю, гэта няправільна, асабліва для Беларусі і Расіі. У нас узаемадапаўняльныя эканомікі, яны не канкурыруюць па многіх напрамках адна з адной, і нам няма чаго адзін ад аднаго абараняцца".

У тым ліку Кіраўнік дзяржавы расказаў, што нядаўна з Уладзімірам Пуціным абмяркоўваў праблему, якая ўзнікла з пастаўкамі лякарстваў. "Як бы ні спрабавалі гэта вуаліраваць, закрываць, але праскаквае думка, што ў Расіі лякарстваў не хапае і яны дарагія. Апошнім часам, гадоў пяць, Беларусь прыняла вельмі сур'ёзную праграму развіцця фармацэўтычнай прамысловасці. Гэта не зусім добра, калі ў краіне 25% сваіх лякарстваў. Мы паставілі ў праграме такую мэту - дасягнуць 50% і больш па забеспячэнні ўласнымі лякарствамі, каб асноўныя вырабляліся ў Беларусі. Мы гэту праграму выканалі з нейкім павелічэннем, каб можна было прадаваць зручныя, танныя лякарствы штодзённага попыту", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Беларускі бок пры гэтым разлічваў, што і расійскі рынак, дзе іх недастаткова, будзе адкрыты для паставак. "І што вы думаеце? Прабіцца туды аказалася немагчыма", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Між тым Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з расійскім калегам узняў гэту тэму, а Уладзімір Пуцін у сваю чаргу даў указанне вырашыць пытанне ў кароткія тэрміны. "Вось нядаўна я літаральна са СМІ пачуў, што мы з расіянамі падпісалі пагадненне аб адзіным лекавым рынку, - сказаў беларускі лідар. - Дык што, трэба было ўмяшанне двух прэзідэнтаў, каб вырашыць гэту праблему? І так па многіх пытаннях". "Нам яшчэ трэба пераадолець гэтыя негатыўныя тэндэнцыі і з'явы, якія адбываюцца ў свеце наогул і на прасторы былога Саюза (Савецкага), асабліва паміж дзвюма краінамі. І выбудоўваць адзіную палітыку", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

"У нас яшчэ вельмі шмат праблем, якіх не павінна быць, якія засмучаюць часам нашы адносіны. Таму я таксама часта думаю, што добрага мы зрабілі, новага (у Саюзнай дзяржаве). На жаль, нічога добрага не зрабілі. Больш у нас негатыву, таму мы дамовіліся з Прэзідэнтам Расіі, што, напэўна, 22 лістапада мы сустрэнемся. Сядзем удваіх і абмяркуем некаторыя прынцыповыя пытанні", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што размова не ідзе аб канцэптуальных пытаннях. "Мы ўжо вызначыліся па ўсіх пытаннях, трэба проста выконваць нашы дамоўленасці. Прэтэнзіі і да нас, і да Расійскай Федэрацыі. Але мы сядзем і сам-насам абмяркуем гэтыя пытанні. І дамовімся, пастараемся надаць новы імпульс нашым адносінам", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Для мяне, як і для любога беларуса, Масква чужой ніколі не была і не будзе", - сказаў беларускі лідар. Прэзідэнт падкрэсліў, што для стварэння Саюзнай дзяржавы зроблена ўжо шмат. "Вось вы да нас прыехалі, просты прыклад, і вас ніхто на граніцы не спыніў, пашпарт не патрабаваў, візу вы не афармлялі. У нас рух людзей, рабочай сілы, ды і капіталу абсалютна свабодны. Любы расіянін можа прыехаць у любую кропку Беларусі, а любы беларус - у любую кропку Расіі і быць як дома", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў ходзе будаўніцтва Саюзнай дзяржавы ў свядомасці практычна кожнага расіяніна, які зацікаўлены ў наведванні Беларусі, а беларуса - у наведванні Расіі, укаранілася тое, што яны жывуць на адной зямлі, агульнай зямлі. "І гэта дарагога каштуе", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

У развіцці Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі зроблена нямала, але ёсць пэўнае тармажэнне. "Зроблена нямала, але ёсць пэўнае тармажэнне, і за гэта мы атрымліваем з вашага боку крытыку, але гэтаму ёсць і аб'ектыўныя прычыны. Вельмі рамантычныя мы, напэўна, былі 20 гадоў таму, а калі пачалі прапрацоўку канкрэтных пытанняў, то аказалася - усё не так проста. З'явілася шмат груп уплыву, ды і ў дзяржаў з'явіліся нейкія розначытанні. Спадзяюся, што нам удасца, можа, не ў бліжэйшы час, а ў сярэднетэрміновай перспектыве, у гэтым напрамку зрабіць дадатковыя крокі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, адказваючы на пытанне, што было зроблена ў Саюзнай дзяржаве за 20 гадоў.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь і Расія прайшлі пэўны шлях, але многага зрабіць так і не ўдалося. "Калі мы не стварылі адзіны парламент, адзіны ўрад, да чаго некалі імкнуліся, і гэта прапісана ў дагаворы, не прынялі на рэферэндуме адзіную Канстытуцыю, а мы павінны былі гэта зрабіць, то Беларусь не з'яўляецца прычынай гэтага", - растлумачыў ён.

Пры гэтым беларускі лідар нагадаў аб поспехах у беларуска-расійскіх адносінах, у прыватнасці, аб свабодным перамяшчэнні людзей і капіталу, аб узгодненай знешняй палітыцы, аб стварэнні адзінай эканамічнай прасторы. "У большасці выпадкаў мы працуем па адзіных нормах, правілах і законах. Акрамя таго, мы навучыліся абараняць сваю Айчыну, як мы часта гаворым, у Беларусі мы толькі так гэта разумеем, адзінымі ўзброенымі сіламі. Вы ведаеце, што ў рамках Дагавора аб калектыўнай бяспецы, а яшчэ раней - па дагаворах і пагадненнях з Расіяй, мы тут, на заходнім напрамку, у альтэрнатыву НАТА стварылі адзіную беларуска-расійскую групоўку, аснову якой складае 70-тысячная армія Узброеных Сіл Беларусі. Гэта, па прызнанні натаўцаў, лепшая ў СНД абучаная і добра ўзброеная армія, якая сёння знаходзіцца наперадзе, на перадавым фронце, як раней гаварылі, і абараняе нашы сумесныя рубяжы", - расказаў Прэзідэнт.

Гаворачы аб ахове здароўя і адукацыі, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў дзвюх краінах практычна адзіныя стандарты. "Няма ніякіх праблем, вы можаце прыязджаць да нас на лячэнне, мы можам ехаць у Маскву, Санкт-Пецярбург або любы іншы горад. Папросту можам атрымліваць адукацыю, у нас створана некалькі сумесных універсітэтаў. У нас амаль аднолькавыя праграмы сярэдняй школы, ды і ў ВНУ таксама, асабліва па гуманітарных дысцыплінах. А дзе-нідзе мы нават апярэджваем вас у плане патрыятычнага выкладання таго ці іншага матэрыялу, у нас не было такіх "шараханняў", як мы назіралі ў Расіі ў плане вывучэння айчыннай гісторыі. Мы ніколі пад ногі не кідалі гісторыю, не знішчалі помнікі, не перайменавалі вуліцы - так было ў гісторыі нашай краіны, значыць, так павінна застацца. Жыццё з цягам часу ўсё расставіць на свае месцы", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Расказваючы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што планавалася прыцягнуць у саюз і Украіну. "Мыслілася на траіх. Тады. Але атрымалася, як атрымалася", - растлумачыў ён.

Прэзідэнт адзначае няроўныя ўмовы для суб'ектаў гаспадарання ў Беларусі і Расіі. Аляксандр Лукашэнка ў якасці прыкладу прывёў расклад па сабекошце прадукцыі беларускага і расійскага прадпрыемстваў МАЗ і КамАЗ. Так, КамАЗ спажывае прыродны газ па цане $65 за 1 тыс. куб.м, МАЗ - па $278, электраэнергію - 2,8 цэнта і 12 цэнтаў адпаведна. "Як канкурыраваць, калі для суб'ектаў гаспадарання апошнім часам створаны няроўныя ўмовы? Перакос вельмі вялікі, - сказаў беларускі лідар. - Каб канкурыраваць на вашым рынку, на нашым агульным рынку, нам даводзіцца скарачацца па ўсіх напрамках, у тым ліку па заработнай плаце. Адсюль і падаткі меншыя, і ваенныя атрымліваюць менш, якія павінны абараняць адзіную прастору, і г.д.".

"Хоць мы дэкларавалі выхад на роўныя ўмовы, але пакуль гэтага няма, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - І мы людзям тлумачым, што не можам проста падняць заработную плату нават пры нашых жорсткіх эканамічных разліках".

Адказваючы на пытанне, што перашкаджае Беларусі вярнуцца да нафтараспрацовак на тэрыторыі Расіі, як гэта было ў гады СССР, Аляксандр Лукашэнка растлумачыў: "Пазіцыя расійскага кіраўніцтва". "А як потым уплываць на Беларусь, калі яна сама будзе нафту здабываць, а потым яшчэ і прыродны газ? Калі быць шчырым, то вы амаль паўтарылі ў нейкай ступені мае словы: калі ў нас ідуць спрэчкі па нафце, па газе, я нагадваю расійскім кіраўнікам і аб Лангепасе таксама, я там быў, на радовішчах, дзе працавалі беларусы, украінцы, рускія. Мы тады не дзялілі нічога", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Час нафты і газу адыходзіць, будучыня - за найноўшымі тэхналогіямі. Менавіта найноўшыя тэхналогіі стануць крыніцай багацця ў далейшым, упэўнены Прэзідэнт. Беларусь, як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, укараняе высокія тэхналогіі ва ўсе сферы жыцця, развіваючы атамную энергетыку, касмічныя тэхналогіі. "Яны ў нас і ў ахове здароўя, і ў адукацыі - усюды", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка прапаноўваў Расіі ўдзел у прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў у абмен на акцыі "Башнафты". "Расіяне часта крытыкуюць нас: "Лукашэнка не хоча прыватызаваць чатыры прадпрыемствы", - расказаў Прэзідэнт. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, гэта буйныя прадпрыемствы, і Расія хацела б іх прыватызаваць. Напрыклад, вытворца трэйлераў і машын для перавозкі "Таполяў", ядзерных боегаловак, ракет. "Гэта толькі Беларусь вырабляе. У СССР гэта было магутнае прадпрыемства, мы яго захавалі і мадэрнізавалі. Таксама ў касмічнай галіне прадпрыемствы расіяне хочуць. "Інтэграл" ёсць - вылічальная тэхніка, інтэгральныя схемы - таксама хочуць прыватызаваць", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што і ў Беларусі ёсць свае інтарэсы. "У вас ёсць інтарэс да гэтых прадпрыемстваў, вы хочаце іх выкупіць. У мяне ёсць інтарэс да здабычы нафты: каб не 25 млн т, якія мы перапрацоўваем у Беларусі, але 7-8 млн т мы маглі здабываць самі і пастаўляць у краіну. І калі была прыватызацыя "Башнафты", я накіраваў прапановы вашаму ўраду і кіраўніцтву. Давайце, беларусы зразумеюць, калі мы гэтыя прадпрыемствы з умовай, што яны будуць працаваць лепш, чым сёння, абмяняем на акцыі "Башнафты", якія вы "Раснафце" перадалі або прадалі. Да гэтага часу адказу няма, значыць, не хочуць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка апасаецца дэзынтэграцыі на прасторы Еўразійскага эканамічнага саюза, чаго дапусціць ні ў якім разе нельга. "Спад тавараабароту на 30-40% у Еўразійскім эканамічным саюзе - гэты факт гаворыць сам за сябе: значыць, тут нямала праблем. І аб гэтым гавораць усе прэзідэнты. І калі ў бліжэйшы час мы не выпрацуем нармальны план выхаду з гэтай сітуацыі, баюся, пачнецца нейкая дэзынтэграцыя, чаго дапусціць ні ў якім разе нельга", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы па многіх напрамках рушылі быццам бы наперад, але арганізацыя (Еўразійскі эканамічны саюз) яшчэ не ўстаялася, не прыстасавалася да гэтага жыцця, і, напэўна, калі мы бачым нейкія недахопы, нам трэба іх своечасова пераадольваць натуральным шляхам, а ні ў якім разе не разгортваць гандлёвыя войны, якія паміж намі пастаянна ўспыхваюць. Ёсць яшчэ шмат белых плям, якія трэба запаўняць, але з-за розных інтарэсаў нашых дзяржаў не ўдаецца. Мы ўсё гэта можам пераадолець пры жаданні", - упэўнены Прэзідэнт.

Беларусь гатова пастаўляць неабходныя аб'ёмы прадуктаў харчавання ў Расію па выгадных цэнах, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Для нас расійскі рынак цяпер, можна сказаць, прэміяльны. Кіраўніцтва Расіі, асабліва ў гэты час, асенне-зімовы перыяд, просіць паставіць пэўныя аб'ёмы. Мы нават здымаем з іншых рынкаў, каб забяспечыць прадуктамі сельскай гаспадаркі расіян", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што беларуская прадукцыя запатрабавана, прадстаўлена ў розных рэгіёнах свету, у тым ліку ёсць зацікаўленасць з боку Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Прадстаўнікі расійскіх рэгіёнаў могуць звярнуцца да любога вытворцы. "Галоўнае, без пасрэднікаў, як у вас прынята. Пяць жулікаў да пастаўшчыка - якая цана будзе? Але гэта вашы справы, як вы там гандлюеце", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка, падкрэсліўшы, што калі ёсць жаданне закупляць беларускія тавары, канкурэнтныя па якасці і цане, то Беларусь гатова задаволіць попыт на іх.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь прыкладае шмат намаганняў для таго, каб еўрапейскі кантынент спакойна жыў і развіваўся. "Гэта работа становіцца яшчэ больш эфектыўнай, калі мы робім яе разам як брацкія народы Саюзнай дзяржавы", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

"Нашы дзверы заўсёды шырока расчынены для добрых людзей. Да разумення гэтага паступова прыходзяць і ў Старым, і ў Новым Свеце. Беларусь ніколі не была парушальнікам спакою ў Еўропе. Больш таго, сёння яна з'яўляецца адным з самых стабільных куткоў планеты", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь прыкладае шмат намаганняў для таго, каб еўрапейскі кантынент спакойна жыў і развіваўся. "Гэта работа становіцца яшчэ больш эфектыўнай, калі мы робім яе разам як брацкія народы Саюзнай дзяржавы", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

"Апошнім часам мы тут часта гаворым аб тым, што трэба па-новаму адкрываць Беларусь. Не ў тым сэнсе, што мы нейкая закрытая тэрыторыя - не. Мы адкрытыя ўсяму свету, амаль 70 працэнтаў таго, што вырабляем, ідзе на экспарт. Па гэтых прычынах мы не можам быць закрытай краінай, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Што такое Беларусь для тых, хто тут не бываў, якія выклікае асацыяцыі? Дранікі, Белавежская пушча, добрыя дарогі, зубры, гіганцкія самазвалы, шматфункцыянальныя трактары, якасныя прадукты... Але на самай справе Беларусь значна больш цікавая і багатая".

"Можна шмат расказаць пра яе прыроду, мастацтва, традыцыі, знакамітых беларусаў, новыя прадпрыемствы і сучасныя тэхналогіі. Аб тым, як мы захоўваем гістарычную памяць і чаму навучаем сваіх дзяцей. Мы хочам, каб вы ўсё гэта бачылі на ўласныя вочы, - адзначыў Прэзідэнт. - Мне прыемна, што на гэты раз удзельнікі вялікага расійскага прэс-туру наведалі, як прынята казаць, маю малую радзіму, азнаёміліся з Магілёўскай вобласцю - там пачыналася мая працоўная біяграфія".

Кіраўнік дзяржавы прывёў статыстычныя даныя па сярэдняй заработнай плаце ў Расіі і Беларусі і суаднёс гэтыя паказчыкі з коштам паслуг. Так, цяпер зарплата работнікаў у Беларусі набліжаецца да $400, у Расіі яна ў паўтара раза большая. Але пры гэтым за жыллёва-камунальныя паслугі насельніцтва Беларусі плаціць значна менш, чым у Расіі, Украіне, еўрапейскіх краінах. У прыватнасці, аплата за кубаметр вады ў Мінску - 15 цэнтаў (у рэгіёнах рэспублікі - яшчэ ніжэй), а ў Маскве - 53 цэнты, у Санкт-Пецярбургу - 41 цэнт, у Смаленску - 36 цэнтаў, у Кіеве - 27 цэнтаў, у Берліне - $2,5. Прыблізна такая ж карціна і з коштам для насельніцтва іншых ЖКП (па каналізацыі, гарачым водазабеспячэнні, цеплазабеспячэнні, тэхнічным абслугоўванні, за карыстанне ліфтам). Акрамя таго, у Беларусі захоўваецца бясплатная адукацыя (амаль 90 працэнтаў студэнтаў ВНУ навучаюцца за кошт бюджэту), ахова здароўя.

"Можна чалавеку даць двайную зарплату, але забраць праз пэўныя паслугі. І што чалавек за гэту зарплату зможа купіць - пытанне", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што і прадукты ў Беларусі былі б значна таннейшыя, "калі б не падганяў расійскі рынак".

Пры нармальных умовах жыцця ніякіх каляровых рэвалюцый не будзе, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. "Нам трэба цяпер паглядзець на вельмі важныя пытанні, якія патрэбны для нармальнага жыцця чалавека, тады ён будзе патрыётам, і ніякія каляровыя рэвалюцыі нас не перавернуць. Але калі мы не будзем гэтым займацца, нас без каляровых рэвалюцый народ скіне пры той шалёнай дэмакратыі, якая сёння ў свеце", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў пра складаныя часы, калі ў Савецкім Саюзе былі недаступны многія тавары, напрыклад, пральны парашок. "Трэба займацца жыццёвымі пытаннямі і, выправіўшы памылку Савецкага Саюза, забяспечыць насельніцтва ўсім неабходным", - падкрэсліў беларускі лідар.

Беларусь сёння поўнасцю забяспечыла харчовую бяспеку, хоць яшчэ гадоў 20 таму з гэтым былі праблемы, адзначыў Прэзідэнт. "Помню, даклад мне: у Мінску засталося на 3 дні мукі, хлеба не будзе. Гэта была першая задача, якую мне давялося вырашаць у Мінску. Тады я даў сабе слова: я ўсё зраблю, каб накарміць беларускі народ, каб людзі не цялёпкаліся з гэтымі талончыкамі, каб, як жабракі, купіць кавалак масла або булку хлеба", - сказаў беларускі лідар.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь гатова кааперавацца з расійскімі рэгіёнамі ў плане вытворчасці, каб не дапусціць дэфіцыту якіх-небудзь тавараў. "Калі вы хочаце штосьці зрабіць, прыязджайце, мы гатовы разам з вамі рабіць, прытым па цане ніжэйшай, чым вы самі для сябе гэта зробіце. Мы гэта прадэманстравалі ўжо, не трэба ніякім жулікам нічога плаціць - мы вам зробім гэта за паўцаны. Мы хочам, каб вы атрымлівалі дастаткова прадуктаў харчавання і каб мы канчаткова не загубілі вытворчасць адзення, абутку", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Беларусь у наступным годзе дасягне ўзроўню сярэдняй зарплаты $500, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "У будучым годзе мы наблізімся да гэтай лічбы або выйдзем на $500. Я буду рабіць усё для таго, каб мы выйшлі на $500", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аднак для павышэння заработнай платы неабходны рост прадукцыйнасці працы. "Прадукцыйнасць працы перш за ўсё, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Няма прадукцыйнасці працы - якая зарплата? Але трэба і прыватныя, і дзяржаўныя бізнес і кампаніі падштурхоўваць, каб яны займаліся гэтым пытаннем".

Закранаючы тэму абароны правоў чалавека, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Ніколі нікому не дазволю несправядліва паступіць з чалавекам. Для ўсёй вертыкалі ўлады гэта галоўны прыярытэт".

Прэзідэнт выступае супраць бяздумных рэформ у сельскай гаспадарцы. "Мы штучна, агулам, як вы зрабілі некалі, не разбураем ні сельскую гаспадарку, ні прамысловыя прадпрыемствы, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Калі, дапусцім, ёсць добры прыватнік, які гатовы ўзяць калгас, саўгас па-старому, калі ласка. І ў нас ужо амаль чвэрць сельскай гаспадаркі прыватная. Але мы яе на кускі не парэзалі, як у вас у некаторых месцах".

Трэба прыкладна 15 тыс. га, каб прымяніць энерганасычаную тэхніку, атрымліваць нармальны прыбытак і ўпэўнена адчуваць сябе на рынку. "Якая будзе акупнасць, рэнтабельнасць на 10 гектарах? Ніякай!" - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - І калі б мы падзялілі на кускі гэту зямлю, мы проста яе загубілі б, яна зарасла б бур'яном. А мы цалкам, калі ёсць жадаючыя, прадавалі гэты калгас. Прытым за малыя грошы. Дарэчы, расіяне многія купілі латыфундыі ў Беларусі".

"І калі заходнікі да нас прыехалі, я іх прымаў, фермеры і іншыя, немцы толькі захапляліся: вось бы нам такое! Я гавару: бог з вамі, вы ж нас вучыце, як працаваць у вёсцы. А яны: не зрабіце так, як у нас. Ну хіба на 30-50 гектарах можна працаваць? Вось яны і ходзяць, просяць датацыі пастаянна. Гавораць: нам бы такія масівы, была б высокарэнтабельная сельская гаспадарка", - прывёў прыклад Прэзідэнт.

"Таму нельга тут бяздумна ажыццяўляць гэтыя рэформы і праводзіць агулам. Трэба гэта рабіць акуратна, разумна, і на пульсе трымаць руку, каб не было карупцыі і несправядлівасці", - яшчэ раз падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Гэтак жа мы рабілі і ў прамысловасці, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Калі кульгае нейкае прадпрыемства і ёсць добры інвестар, які гатовы выканаць нашы ўмовы, калі ласка. Прыходзь, працуй. Але мы перад табой ставім умовы. Першая ўмова - людзей на вуліцу не выганяць, зарплата вось такая, падаткі вось такія. Дамовіліся? Ідзі працуй. І ён ведае, што ён пад кантролем".

Кіраўнік дзяржавы абяцае ў бліжэйшы час навесці жалезны парадак у пытанні даходаў банкіраў. "У краіне крызіс, у Расіі крызіс. Давайце паглядзім, як жывуць банкіры. Нядрэнна жывуць, лепш, чым у мінулыя гады, нягледзячы на крызіс. У тым ліку па зарплаце, крэдыты самі сабе выдаюць. У бліжэйшы час мы навядзём там жалезны парадак", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"У нас чвэрць гандлю дзяржаўная. Я павінен бачыць, як фарміруецца цана", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, наяўнасць долі дзяржаўнага гандлю з'яўляецца стрымальным фактарам для прыватнага бізнесу ў гэтай сферы. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Мінгандаль зрабілі Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю. "Няхай кантралююць цэнаўтварэнне", - дадаў ён.

Разважаючы на тэму карупцыі, Кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што гэту негатыўную з'яву наўрад ці можна выкараніць поўнасцю, аднак неабходна трымаць яе на прымальным узроўні. "Такое ў нас жыццё цяпер, мы павінны гэта кантраляваць, і ўсе грамадзяне той ці іншай краіны павінны разумець, што ёсць парадак. Хоць не без недахопаў, хапае іх і ў нас", - лічыць ён.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, "калі ўлада з галавы пачала падгніваць і там нядобрыя працэсы, ты нічога ў краіне не зробіш, каб не было карупцыі". "Я не хачу сказаць, што ў нас улада белая і пушыстая. Але няма ў нас сярод чыноўнікаў, каб дзесьці, ведаеце, казырнуць - палац, - адзначыў беларускі лідар. - Гэтыя дзеткі ў вас у Маскве на "Гелендвагене"... У нас адзін раз праехаў бы вось такім чынам, і больш тысячам не захацелася б ездзіць. А вы з імі там важдаецеся - то туды, то сюды, ён (ці яна) зноў садзіцца ў гэты аўтамабіль і стварае праблемы, а яшчэ задушыць дзясятак чалавек. Адкупіцца, пасадзяць, заўтра выпусцяць і гэтак далей. А павінна быць сумленна і справядліва. Ёсць парадак у краіне, і яго трэба прытрымлівацца, і закон павінен быць для ўсіх аднолькавы".

"У нас на кіраўнікоў праваахоўных органаў, пракурораў часта наскокі, што бізнесу не даюць развівацца - таго схапілі, гэтага схапілі. Па-першае, ніхто нікога не хапае. Я па сваёй першай адукацыі гісторык і ўмею рабіць высновы з гісторыі нашай краіны, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але ёсць правілы. Хапаюць і саджаюць толькі тых, хто гуляе недастойна ў гульні з дзяржавай, не плаціць падаткі. Падаткі - гэта святое. У Амерыцы самае жорсткае пакаранне за гэта - да 15 гадоў турмы, калі ты не плаціш нейкі дробны падатак. А ў нас гэта норма. Чаму так павінна быць?"

"Мы ўжо што толькі ні робім вакол гэтых бізнесменаў, на руках іх носім - ну дык вы ж плаціце падаткі за гэта", - дадаў Прэзідэнт.

Гаворачы пра сферу ЖКГ, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яе нельга падзяліць на кускі і прыватызаваць. "Лічу, што нельга гэту сферу, прынамсі цяпер і ў бліжэйшым будучым, падзяліць на кускі і прыватызаваць. Там бізнес не атрымае жаданых вынікаў, калі працаваць сумленна і пад кантролем, а тое, што трэба пад кантролем трымаць усе гэтыя праблемы, вы добра разумееце, таму што гэта датычыцца кожнага - і журналіста, і настаўніка, і ўрача", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў, што Беларусь не пайшла па шляху прыватызацыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, а пачала ўдасканальваць сістэму. Была створана рабочая група, якая пачала займацца разлікам кошту паслуг. "Мы вылічылі сярэднюю цану, і я ўказам зацвердзіў кошт паслуг. І ніхто, акрамя Прэзідэнта, гэта змяніць не можа. Аказалася, што калі раней людзі пакрывалі 30% кошту паслуг ЖКГ, а 70 % кампенсаваў бюджэт, то адразу пасля гэтых разлікаў аказалася, што насельніцтва пакрывае 52%. Амаль у два разы. А ўявіце, што ў вашых прыватнікаў творыцца, хто іх кантралюе?" - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка не выключыў змянення зацверджанага кошту, але калі гэта і будзе зроблена, то на падставе дакладных разлікаў з улікам сітуацыі.

"МВФ патрабуе - сёння 75%, а заўтра 100% павінна насельніцтва плаціць за паслугі ЖКГ, тады яны дадуць крэдыт. Добра, сёння 100% зробім, а заўтра будуць дзікія неплацяжы, людзі проста не змогуць заплаціць. І гэтым самым пачнём знішчаць тых, хто аказвае паслугі. Таму тут трэба ісці вельмі акуратна", - лічыць Прэзідэнт.

Ён нагадаў аб рашэнні кожны год паднімаць кошт ЖКП не больш як на $5 у эквіваленце. "У будучым годзе я дакладна ведаю, і народ ведае, што жыллёва-камунальныя паслугі падаражэюць на $5. Тады будзе не 52%, а, можа, 58% пакрыццё. І вось так павольна мы будзем ісці. І калі раптам адбудзецца нейкі нечаканы абвал, інфляцыя вырасце і іншае, мы палічым, і Прэзідэнт указам зацвердзіць. І ніякага шарлатанства тут быць не павінна і не будзе", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Таксама Кіраўнік дзяржавы расказаў, што на прыкладзе Мінска адпрацоўваецца новая сістэма жыллёва-камунальнай гаспадаркі. "Мы ў немцаў нешта падгледзелі, у іншых. Бачым, што ў немцаў паслугі па некалькіх дамах аказвае хаус-майстар - адзін прафесійны чалавек, кожны чалавек у доме ведае, у каго запытаць. Ён адказвае за гэты дом. Цяпер мы вядзём гэту рэформу, паглядзім, што атрымаецца, і распаўсюдзім некаторыя элементы на ўсю краіну. Трэба выпрацаваць сістэму і парадак", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Разважаючы пра канфлікт ва Украіне, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пераможцаў у гэтай бойні не будзе. "Я сказаў нядаўна Уладзіміру Уладзіміравічу, што, чаго б ні каштавала, трэба цяпер штосьці прыдумаць такое, каб пачаўся адваротны працэс, аднаўленне адносін. Пераможцаў у гэтай бойні не будзе, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Трэба сёння выходзіць з гэтай сітуацыі. Мы гатовы любую ролю адыграць толькі дзеля таго, каб там быў мір".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што, чым даўжэй будзе працягвацца канфлікт, тым горш будзе і для Украіны, і для Расіі. "Я ўжо не гавару аб тых, хто там (у зоне канфлікту) застаўся. У чым вінаватыя людзі, якія там жывуць? - задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт. - Так, страшна, калі чакаеш, што зверху штосьці ўпадзе і разарвецца. Але яшчэ горш няпэўнасць. Яны не ведаюць, што будзе заўтра, паслязаўтра, як ім быць".

Беларусь гатова садзейнічаць міру ва Украіне аж да арганізацыі мясцовых выбараў. "Калі два бакі дамовяцца і ўбачаць ролю Беларусі, мы гатовы любую ролю адыграць толькі дзеля таго, каб там быў мір. Калі вы хочаце, каб мы правялі мясцовыя выбары (прытым сумленна, абсалютна сумленна), пра якія столькі гавораць, - мы гатовы гэта арганізаваць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Калі вы хочаце навесці парадак на 400 км граніцы паміж Украінай і Расіяй, калі ласка, мы гэта зробім. Калі вы гэтага хочаце - самі мы не палезем туды".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што не трэба лічыць беларусаў пабочнымі людзьмі, якія проста павінны назіраць за канфліктам. "Гэта ж не Сірыя. Мы сёння на граніцы ловім адмарозкаў з боепрыпасамі. Больш таго, з Беларусі, няхай мізэрная колькасць, але хтосьці ваюе на баку апалчэнцаў, хтосьці ваюе на баку ўкраінцаў. А яны куды вяртаюцца? У Беларусь. Так, мы іх кантралюем, але гэта грошай каштуе. Нам гэта трэба? Нам гэта не трэба", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз звярнуў увагу: "Мы гатовы працаваць толькі для таго, каб гэта сітуацыя ўстаканілася і ўціхамірылася. Там патрэбны мір. Мы свае прапановы і Захаду ўносілі: яны ў нас пыталіся. Уладзімір Уладзіміравіч ведае нашы прапановы. Маўчаць. Значыць, ім не хочацца, каб у гэтым рэчышчы развіваліся падзеі. Асабліва Захад. Мы ім яшчэ ў пачатку канфлікту гэтыя прапановы ўнеслі - цішыня. Значыць, ім не патрэбны мір ва Украіне. Мы гатовы ўключацца і вырашаць задачу ва Украіне, нават калі з першага погляду яна нам не патрэбна і не выгадна. Потым усё роўна гэта і нас закране. Яшчэ раз падкрэсліваю: гэта не Сірыя, якая знаходзіцца за некалькі тысяч кіламетраў. Гэта ля нашага парога".

Прэзідэнт адзначыў, што беларусы, расіяне, украінцы - родныя адзін аднаму людзі. "Ці ж нам сёння біцца? Гэта ж трэба было колькі грошай затраціць, гэта трэба было як марыць, каб сутыкнуць нашы народы! Вядома, ніхто не хоча ўплыву Расіі - трэба яе прыцягнуць недзе да канфліктаў, перш за ўсё ва Украіне. І ніякае кіраўніцтва ЗША, Еўрасаюза ад гэтага не адыдзе. Ім не патрэбна моцная ні Расія, ні Беларусь. Украіна таксама. Вось і выкарыстоўваюць. Але ж нам трэба галаву на плячах мець і рабіць нейкія крокі. Мне здаецца, мы можам штосьці прыдумаць, каб там пачаўся адваротны працэс", - упэўнены беларускі лідар.

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы асабліва падкрэсліў: "Мы не рвёмся ў нейкія міратворцы або пасрэднікі. Я гэтага цярпець не магу. Я не цярплю пасрэдніцтва, а па-чалавечы, па-мужчынску, па-братэрску мы гатовы падключыцца там, дзе трэба".

Прэзідэнт таксама выказаўся і на тэму выбараў у ЗША. "Цяпер усе ахаюць-вохкаюць - маўляў, не той чалавек прыйшоў у ЗША. Ды нармальны прыйшоў чалавек, той! І яшчэ якая будзе праамерыканская палітыка. Гэта жорсткі праамерыканскі грамадзянін, які будзе бачыць Амерыку перш за ўсё, і мы павінны падумаць, дзе будзе наша месца ў гэтай палітыцы. Гэта новы чалавек, у яго няма ніякіх абавязацельстваў ні да вас, ні да нас, ён нічога не абяцаў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, Амерыка прагаласавала за Дональда Трампа таму, што назбіралася мноства ўнутраных праблем. "Калі сярэдні клас адхіляе ўсё і галасуе за такога чалавека, трэба рабіць высновы. На гэтыя граблі нам наступаць нельга. Нам трэба звярнуцца да вырашэння праблем унутранага характару - расійскіх, беларускіх, у Казахстане. Іх мора, і калі нашы ведамствы сур'ёзна зоймуцца вырашэннем гэтых праблем, мы значна можам умацаваць унутрыэканамічны стан нашых дзяржаў, што абавязкова ў добрым сэнсе паўплывае на стан у знешняй палітыцы. Трэба ўмацоўваць свой фундамент, і потым будзе лягчэй размаўляць і з Амерыкай, і з іншымі дзяржавамі", - упэўнены Прэзідэнт.

Адказваючы на пытанні пра спорт, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што неабходна больш адкрытае расследаванне допінгавых скандалаў. Прэзідэнт звярнуў увагу, што націск у плане допінгу аказваецца не толькі на Расію, але і Беларусь, Казахстан. "Прэтэнзій да нас дастаткова, але яшчэ больш іх да нашых сапернікаў, якія быццам бы чыстыя", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, нагадаўшы аб уцечках даных Сусветнага допінгавага агенцтва.

"Спартсменам трэба быць сапраўднымі спартсменамі. Мы можам перамагаць без усялякіх допінгавых, фармацэўтычных прэпаратаў, але трэба, каб мы знаходзіліся ў роўных умовах. Трэба, каб гэта было больш адкрыта ўсё. А не тое што там нейкія тры чыноўнікі вырашылі - ідзіце ў суд. А суддзі хто?" - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.

Вяртаючыся да сітуацыі з расійскімі спартсменамі, беларускі лідар падкрэсліў, што "нельга агулам абвінавачваць спартсменаў, каманду, тым больш дзяржаву, і заяўляць аб тым, што ледзь не вышэйшае кіраўніцтва краіны да гэтага мае дачыненне". "Калі мае дачыненне - выкладвайце факты на стол", - дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што вынас сцяга на цырымоніі адкрыцця Паралімпіяды, што адбылася на стадыёне "Маракана" ў Рыа-дэ-Жанэйра, быў "дэманстрацыяй нашага адзінства". "Мы гэтым хацелі паказаць, што абсалютна салідарныя з расіянамі ў плане незаконнага і няправільнага націску з боку пэўных сіл на Расійскую Федэрацыю", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.

У Беларусі, дадаў Прэзідэнт, бачылі несправядлівасць у адносінах да паралімпійскай зборнай Расіі і не маглі спакойна паставіцца да гэтай сітуацыі. "Мы зрабілі, як і павінен быў у гэтай сітуацыі зрабіць любы блізкі чалавек, калі крыўдзяць яго брата", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адказаў і на пытанні, якія датычацца яго асабістых спартыўных, літаратурных і мастацкіх схільнасцей, стаўлення да малой радзімы, адпачынку.

Напрыканцы сустрэчы Аляксандр Лукашэнка падзякаваў прадстаўнікам расійскіх рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі за прыезд і даверны дыялог, які атрымаўся паміж імі.


© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь