Прадстаўленне на пасадзе старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Паўла Калаура

  • 7
Нацыянальнаму банку прадастаўляюцца самыя сур'ёзныя паўнамоцтвы для наладжвання нармальна функцыянуючай сістэмы банкаўскай справы ў краіне. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 30 снежня пры прадстаўленні на пасадзе старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Паўла Калаура.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Нацыянальны банк больш не будзе "рэгулятарам невядома чаго, таму што камерцыйныя банкі ні ад каго не залежаць, яны самастойныя, ім нельга ўказаць, ім нельга даручыць што-небудзь". "Вы павінны кіраваць усімі банкамі ў краіне так, як вы лічыце трэба ў імя вырашэння тых задач, якія стаяць перад Нацыянальным банкам", - заявіў Прэзідэнт, звяртаючыся да прысутных.

"Хопіць балавацца, жартаваць і гуляць у дэмакратыю. Новых узрушэнняў краіна атрымаць не павiнна. Дзяржаўныя інтарэсы павінны быць вышэйшымі за карпаратыўныя, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - А калі хто-небудзь з банкаў не згодны працаваць па гэтых правілах - прымайце меры. У вас усё ў руках - дзейнічайце! Значыць, з такімі кіраўнікамі вам не трэба працаваць".

Паводле слоў Прэзідэнта, паўторная дэстабілізацыя эканамічнай і фінансавай сітуацыі ў краіне недапушчальна. "Гэтага ў краіне больш быць не можа. Нават з самых неймаверна складаных сітуацый мы павінны выходзіць дастойна. Запомніце, гэта перш за ўсё ваша зона адказнасці, ваша задача, - сказаў беларускі лідар. - Не дай бог гэта паўторыцца. І меры адносна вас будуць прыняты самыя строгія".

"Уся банкаўская сістэма - гэта ваша сістэма, - адзначыў Прэзідэнт. - Калі вам не хапае нейкіх паўнамоцтваў - уносьце прапановы. Вы іх можаце атрымаць нават заўтра, у апошні дзень гэтага года".

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка ўскладае на Нацбанк поўную адказнасць за функцыянаванне інстытутаў банкаўскай сістэмы. Павел Калаур, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, цяпер будзе асабіста адказваць, напрыклад, за эфектыўнасць крэдытаў, што прадастаўляюцца банкамі. "Трэба даваць крэдыты толькі пад акупныя, жыццёва важныя для краіны праекты, пад рэальныя бізнес-планы. Калі гэта не выконваецца, значыць, банк бярэ на сябе залішнія рызыкі. Так быць не павінна! Таму ўзмацніце банкаўскі кантроль", - запатрабаваў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка дадаў, што адказнасць за сродкі, якія неэфектыўна выкарыстоўваюцца, будзе несці не толькі той, хто гэтыя грошы "закапаў у зямлю", але і той, хто бачыў, што іх не вернуць, але ўсё роўна прадаставіў.

Кіраўнік дзяржавы абазначыў прыярытэтныя напрамкі ў рабоце Нацбанка. Сярод няпростых задач, якія стаяць сёння перад беларускім Цэнтрабанкам, - забеспячэнне стабільнасці нацыянальнай валюты. "Перад вамі стаіць стратэгічная задача: умацаваць давер насельніцтва, прадпрыемстваў да нацыянальнай грашовай адзінкі - беларускага рубля", - сказаў Прэзідэнт.

"Гэта азначае скарачэнне даларызацыі эканомікі. Але не шляхам штучных забарон. Патрэбны рэальныя дзейсныя меры, якія дадуць канкрэтныя вынікі ў выглядзе прыросту дэпазітаў і крэдытаў у нацыянальнай валюце", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў насельніцтва павінна быць магчымасць паўнацэнна захоўваць свае зберажэнні ў беларускіх рублях, а не ў замежнай валюце: "Людзі, атрымаўшы зарплату, не павінны кідацца ў абменнікі і магазіны, пазбаўляючыся ад рублёў".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ўклады насельніцтва знаходзяцца пад абаронай дзяржавы - "так заўсёды было і так павінна быць". Прэзідэнт канстатаваў, што Нацыянальнаму банку на гэты момант удалося крыху стабілізаваць сітуацыю. Але Кіраўнік дзяржавы патрабуе працаваць на апярэджанне, умець прадбачыць падзеі, перш за ўсё ў пытаннях курсаўтварэння. Устойлівасць валютнага курса да знешніх узрушэнняў - важны фактар, заўважыў Прэзідэнт. "Каб наша валюта менш залежала ад іншых, яна павінна забяспечвацца нацыянальным багаццем, золатавалютнымі рэзервамі. Наша задача, а перш за ўсё ваша, - не проста захаваць, а прымножыць рэзервы краіны. Для гэтага нам трэба палепшыць сальда плацежнага балансу", - сказаў Прэзідэнт.

Прэзідэнт паставіў задачу навесці парадак на фінансавым рынку Беларусі. "Наш фінансавы рынак - гэта нешта эфемернае. Навядзіце, калі ласка, тут парадак. Чалавек можа ўкласці грошы ў тавар, валюту, а можа - у акцыі, аблігацыі прадпрыемстваў дзяржавы, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта ж адзін са шляхоў звязвання грошай насельніцтва. І прадпрыемствам, і дзяржаве гэта будзе выгадна. Замест таго каб за банкамі бегаць, прадпрыемствы выпусцяць каштоўныя паперы, збяруць грошы і накіруюць іх на ўласнае развіццё".

Пры гэтым, паводле слоў Прэзідэнта, важна, каб у гэтай сферы не было махлярства. Для гэтага неабходны, з аднаго боку, строгі кантроль, з іншага - фінансавая дасведчанасць насельніцтва і прадпрыемстваў, лічыць Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы прапанаваў кіраўніцтву Нацбанка ўнесці, калі патрабуецца, заканадаўчыя ініцыятывы па развіцці фінансавага рынку, магчыма, сумесна з урадам.

Прэзідэнт звярнуў увагу кіраўніцтва Нацбанка на неабходнасць пашыраць выкарыстанне безнаяўных разлікаў, паколькі гэта дасць магчымасць палепшыць кантроль за фінансавымі патокамі ў краіне. "Безнаяўныя разлікі павінны быць зручнымі і зразумелымі як людзям, так і бізнесу. Вось тады гэта сістэма стане дзейснай і запатрабаванай", - упэўнены беларускі лідар.

У перспектыве будзе створана агульная плацежная сістэма ў ЕАЭС, у сувязі з чым Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Нацбанку "павінны ўжо цяпер рыхтавацца да гэтага: удасканальваць сістэму ўзаемаразлікаў, знаходзіць выгадныя для Беларусі схемы".

Аляксандр Лукашэнка таксама паставіў перад кіраўніцтвам Нацбанка шэраг задач па павышэнні эфектыўнасці банкаўскай сістэмы. Адна з іх, паводле слоў Прэзідэнта, у тым, каб прыцягваць дадатковыя фінансавыя рэсурсы ў банкаўскую сістэму, каб банкі маглі крэдытаваць рэальны сектар эканомікі. "Банкі павінны больш актыўна працаваць на міжнародных рынках, прыцягваць пазыковы капітал. Нават калі гэта цяжка, а часам немагчыма", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт дадаў, што банкам неабходна шукаць грошы гэтак жа, як экспарцёры шукаюць новыя рынкі збыту. Беларускія банкі з замежным капіталам павінны самі выходзіць на знешнія рынкі, а не чакаць, калі ім пералічаць грошы іх мацярынскія банкі, удакладніў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт лічыць, што лепш за ўсё, каб у банкаўскую сістэму прыходзілі прамыя інвестыцыі: адкрываліся новыя банкі як з беларускім, так і з замежным капіталам. "Няхай канкурыруюць, прадастаўляюць лепшыя ўмовы крэдытавання. Але і гэта пытанне павінна быць пад вашым кантролем, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Усё павінна быць у полі зроку Нацыянальнага банка. У нас не такая вялікая краіна, каб мы, выпрацаваўшы агульныя ўмовы функцыянавання банкаў, маглі аб гэтым назаўтра забыць".

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што нельга забываць аб дзяржаўных банках. "Праўда, яны ў нас "ручныя" і прадаўжаюць працаваць з надзеяй на атрыманне дзяржпадтрымкі. Тут у мяне пазіцыя больш строгая: асабліва сёння банкі павінны падтрымліваць дзяржаву, а не дзяржава іх. Таму ў дзяржбанках трэба навесці парадак і палепшыць іх работу", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

Нацбанку неабходна звярнуць увагу на маржу і сабекошт банкаўскіх паслуг, зарплаты, фінансаванне няпрофільных актываў, дадаў Прэзідэнт. "Няхай банкі перастануць жыраваць. Вядома, нашы банкіры жывуць больш сціпла, чым у суседніх дзяржавах. Але ў параўнанні з іншымі галінамі беларускай эканомікі банкаўская сфера мае больш высокія даходы. Такога расслаення не павінна быць. Банкаўская сфера не вырабляе матэрыяльныя каштоўнасці, толькі абслугоўвае рэальную эканоміку", - сказаў Аляксандр Лукашэнка і даручыў кіраўніцтву Нацбанка знайсці шляхі вырашэння гэтай праблемы.

Прэзідэнт чакае ад Нацыянальнага банка і яго новага кіраўніка ініцыятывы, новых канкрэтных прапаноў, якія дадуць практычны вынік.

Кіраўнік дзяржавы выказаў удзячнасць за няпростую працу былому старшыні Нацбанка Надзеі Ермаковай. Прэзідэнт адзначыў, што банкаўскую сістэму яна не пакідае, яе веды і вопыт застануцца запатрабаванымі і ў далейшым.