Бел
Галоўная   /  Падзеі

Прадстаўленне на пасадзе Міністра ўнутраных спраў і начальніка ГУУС Мінска

30 кастрычніка 2020 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 30 кастрычніка прадставіў калектыву Міністэрства ўнутраных спраў новага Міністра Івана Кубракова і начальніка ГУУС Мінска Міхаіла Грыба.

"Тут сабралося кіраўніцтва сілавых структур, ад эфектыўнасці работы якіх сёння як ніколі залежаць і стабільнасць, і дабрабыт нашых людзей, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Я рады менавіта ў гэтым складзе прадставіць новых Міністра ўнутраных спраў і начальніка ГУУС Мінска, а таксама падзякаваць ранейшым кіраўнікам, якія прадоўжаць службу на карысць нашай Беларусі і народа".

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што Іван Кубракоў прайшоў шлях ад міліцыянера-вадзіцеля аднаго з Мінскіх райаддзелаў да начальніка галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама. Працаваў непасрэдна з людзьмі на пасадзе ўчастковага міліцыянера, таксама ён узначальваў Заслаўскі РАУС, УУС Віцебскага аблвыканкама. "Менавіта дзякуючы арганізацыі аператыўна-службовай дзейнасці, таму, як дакладна размеркаваны сілы і сродкі, была забяспечана бяспека жыхароў і гасцей сталіцы, у тым ліку ўдзельнікаў несанкцыянаваных мерапрыемстваў", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што пры выбары новага Міністра абмяркоўвалася каля дзясятка кандыдатур. "За апошні час вырасла новае пакаленне прадстаўнікоў сілавога блока, дастойных займаць высокія дзяржаўныя пасады", - звярнуў увагу Прэзідэнт. Ён выказаў упэўненасць, што Іван Кубракоў зможа перадаць свае вопыт і добрае веданне сітуацыі ў Мінску новаму начальніку ГУУС Мінгарвыканкама Міхаілу Грыбу. "Ён займаў пасаду начальніка міліцыі грамадскай бяспекі ў гэтай жа структуры, добра яе ведае, нядрэнна сябе зарэкамендаваў, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Тым не менш, падтрымка яму не перашкодзіць. Вы ведаеце, што мной было прынята рашэнне з цёплага ўтульнага Мінска накіраваць яго ў Віцебскую вобласць. Я не чуў ні адной заўвагі ад тых, хто з ім сутыкаўся, што ён нешта рабіў не так, што ён паводзіў сябе непрафесійна".

Юрыя Караева Прэзідэнт ахарактарызаваў як чалавека адданага і шчырага ў служэнні дзяржаве і народу, які ўнёс каласальны ўклад у рэарганізацыю і ўзмацненне баявой гатоўнасці ўнутраных войскаў і органаў унутраных спраў, у поўным аб'ёме выканаў задачы па забеспячэнні грамадскай бяспекі і правапарадку ў краіне. Акрамя таго, яго вызначае ўменне ўсебакова аналізаваць абстаноўку.

"Ён адданы дзяржаўным інтарэсам, адказна падыходзіць да вырашэння пастаўленых задач, прыслухоўваецца да меркавання спецыялістаў. Ён ніколі не самаўхіляўся ад вырашэння праблем, не баяўся браць адказнасць на сябе, пры гэтым нават празмерна, - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. - Ён мае высокую ступень арганізаванасці і працаздольнасці".

Што датычыцца Аляксандра Барсукова, то ён, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, усёй сваёй службай паказаў наглядны прыклад падрыхтоўкі кіруючых кадраў у краіне, прайшоў шлях ад простага міліцыянера, следчага, начальніка ГУУС Мінгарвыканкама да Намесніка Міністра ўнутраных спраў. "У тым ліку дзякуючы вашай працы органы ўнутраных спраў упэўнена кантралююць абстаноўку, здольныя апярэдзіць яе абвастрэнне, абараніць грамадства, кожнага грамадзяніна ад любых замахаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што новы Міністр Іван Кубракоў даўно знаёмы з Аляксандрам Барсуковым, назначаным памочнікам Прэзідэнта па Мінску. "У Аляксандра Пятровіча задача працаваць у кантакце, не перашкаджаючы нікому. Ён вопытны і адданы справе чалавек", - ахарактарызаваў беларускі лідар.

"Складзецца моцны тандэм людзей, якія добра разумеюць адзін аднаго", - дадаў Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што Юрый Караеў, Аляксандр Барсукоў і Валерый Вакульчык, назначаныя памочнікамі Прэзідэнта, накіроўваюцца на важныя ўчасткі работы. "Мне вельмі важна, каб яны, памочнікі Прэзідэнта - інспектары, забяспечылі парадак і дысцыпліну ў Беларусі. Без яе - ніяк", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. "Паколькі сітуацыя няпростая, мною было прынята рашэнне аб перафармаціраванні ў нейкай ступені кіравання дзяржавай, - растлумачыў Прэзідэнт кадравыя перастаноўкі, зробленыя напярэдадні. - Таму і ўзнікла задума ўзмацніць сплаў вопыту, адданасці, патрыятызму, таленту для папярэджання такіх памкненняў - я маю на ўвазе для тых, хто перайшоў чырвоную лінію".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу: пасля прыняцця кадравых рашэнняў пайшлі чуткі, што нібыта Прэзідэнт такім чынам выказаў недавер'е тым, каго накіраваў працаваць у рэгіён. "Тут некаторыя пішуць ужо, што Прэзідэнт камусьці не давярае. Паверце мне, вы мяне ведаеце не адзін год. Не давяраю я толькі здраднікам. З усімі, з кім можна працаваць, я гатовы працаваць. Пераконваць, калі хочаце, па-мужчынску пераломліваць, ставіць на нармальныя рэйкі, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - У мяне ніколі не было ніякай "фанабэрыстасцi". Я ведаю, што я сам быў не падарункам для многіх у жыцці. Менавіта таму Юрый Хаджымуратавіч (Караеў. - Заўвага), як і Аляксандр Пятровіч (Барсукоў. - Заўвага) накіроўваюцца на важныя ўчасткі работы ў краіне. У іх ліку і Валерый Паўлавіч (Вакульчык. - Заўвага). Я яму ўдзячны. Ён, увогуле, мог сказаць: "Ведаеш, я ўжо адслужыў сваё верай і праўдай, пайду на адпачынак". Не. "Я паеду на сваю радзіму і буду яе абараняць, пакуль жывы!" - гэта сапраўды дастойна афіцэра і генерала".

"Вы можаце спытаць: чаму ваенныя? На гэтым не спыніцца такая работа. Мы падбіраем і на іншыя вобласці ваенных людзей. Нам не толькі трэба стабілізаваць абстаноўку ў краіне. Мы яе стабілізуем. Гэта не праблема. Проста трэба гэта рабіць прыгожа і цярпліва. Мне вельмі важна, каб памочнікі Прэзідэнта, яны ж інспектары, забяспечылі парадак і дысцыпліну ў Беларусі. Без яе ніяк", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Ён расказаў, што ўнесены шэраг прапаноў па ўдасканаленні нарматыўна-прававой базы па ахове грамадскага парадку. "Мы ўбачылі на практыцы", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што неабходна правесці работу, каб у парламенце аператыўна ўнесці змяненні ў адпаведнае заканадаўства. "А хлопцам у МУС і ў горадзе (Мінску. - Заўвага) хутчэй паглядзець, ці ўсё ўлічана, што яны прапанавалі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адзін напрамак, па якім неабходна хутка ўнесці неабходныя змяненні ў нарматыўна-прававыя дакументы - гэта работа і паўнамоцтвы памочнікаў Прэзідэнта - інспектараў па рэгіёнах і горадзе Мінску. "Для таго, каб гэтым людзям надаць большыя паўнамоцтвы, мы сёння працуем над удасканаленнем нарматыўна-прававой базы. Я папрашу дзяржаўны сакратарыят, Адміністрацыю Прэзідэнта і Вас, Наталля Іванаўна (Качанава. - Заўвага), як кіраўніка верхняй палаты, якая мае адносіны да назначэння кадраў, далучыцца да гэтай работы і ўдасканаліць", - даручыў беларускі лідар.

"Вось гэтыя дзве работы нам трэба выканаць хутка", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

"Адна з асноў новых паўнамоцтваў гэтых людзей, генералаў - падбор кадраў і кантроль. Мы павінны кантраляваць і бачыць усё, што адбываецца ў нашай краіне. Нельга больш расслабляцца, як гэта было да гэтага мяцяжу. Ні ў якім разе, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Занадта расслабіліся. Думалі, што будзе ўсё добра. Трэба зрабіць высновы, трэба атрымаць урокі. Я абсалютна перакананы, што новыя кіраўнікі, я адкрыта вам расказаў пра іх і пра свае задумы ў гэтым плане, змогуць дасягнуць пастаўленых мэт".

"Яшчэ раз падкрэсліваю: галоўны напрамак - гродзенскі, брэсцкі - павінен быць закрыты ад граніцы (у добрым сэнсе слова, каб камар носа не падтачыў) да Мінска. І тут у Мінску ў тым ліку. Мы не будзем цырымоніцца ні са студэнтамі, ні з рабочымі якіх-небудзь прадпрыемстваў", - заявіў Прэзідэнт.

"Я гавару гэта адкрыта, таму што ну не было ніякіх падстаў для таго, каб ламаць краіну, акрамя жадання звонку. Пройдзе час, вы яшчэ ўбачыце, хто гэта рабіў. Яшчэ не ўсё відаць, і нават для вас, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - І яны чакаюць. Нездарма ж там Лапо (Старшыня Дзяржпагранкамітэта Анатоль Лапо. - Заўвага) злавіў 700 чалавек за тыдзень. Малайцы! " - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым выказаўся і пра падзеі ў некаторых суседніх краінах, прадстаўнікі якіх выступалі з крытыкай у адрас Беларусі. "Як я гаварыў, Гасподзь нам дапамог. Тое, што хацелі яны ў нас зрабіць, і сёе-тое зрабілі... Бачыце, што адбываецца. Яны супраць жанчын вывелі армію. Але гэта не супраць жанчын. Гэта дэманстрацыя перад нядзеляй, калі будзе марш на Варшаву, каб патрэсці ўсім: глядзіце, армію вывелі, мала не падасца. А нас жа як папракалі!" - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

"Гэтыя ў Літве нават трох працэнтаў не набралі. Нам тры працэнты давалі, а там нават трох працэнтаў не набралі, - сказаў Прэзідэнт. - Гэта за Беларусь".

"І вазьміце на поўдні: яму ж чаго не хапала? Я ўжо яго падтрымліваў ва ўсіх пачынаннях, стараўся гэту Украіну, як толькі мог... Падтрымліваў, абараняў і іншае. Грымнуўся: 37% прыйшло, і нідзе не перамог", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы не шкодныя. Але гэта ўрок многім, і ім у тым ліку", - дадаў ён.

Рэзюмуючы, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў неабходнасць вярнуць людзям спакойны і ўтульны Мінск, які быў да выбараў. "Мінск быў спакойным і будзе заўсёды. Дайце нам час. Мы заўсёды адрэагуем на любую рэакцыю з іх боку. І мы захаваем мір і спакой", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу, што, забяспечваючы бяспеку ў гарадах на фоне пратэсных акцый, важна памятаць і пра іншыя задачы, якія стаяць перад сілавым блокам. "Нам не трэба забываць і пра тое, што ў міліцыі шмат функцый і паўнамоцтваў. У нас, акрамя барацьбы з гэтымі правапарушэннямі ў гарадах і Мінску, ёсць злачынцы і па іншых напрамках", - сказаў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым параўнаў дзейнасць органаў аховы правапарадку з сістэмай аховы здароўя. "Мы не можам захапіцца толькі кавідам і забыць, што ў нас ёсць анкалогія, астма і гэтак далей і да таго падобнае. Дакладна гэтак і тут. Гэта трэба памятаць і ў Міністэрстве ўнутраных спраў размеркаваць абавязкі", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама ўказаў на праблему з'яўлення ў краіне арганізаваных злачынных груп з прыкметамі тэрарыстычных і падкрэсліў важнасць барацьбы з імі. "У гэтай сітуацыі праяўленне самазаспакоенасці і інертнасці недапушчальна. Гэта непазбежна прывядзе да зніжэння эфектыўнасці работы міліцэйскага ведамства і ўзнікнення новых праблем", - сказаў Прэзідэнт.

"Што датычыцца маёй падтрымкі органаў унутраных спраў у гэтай рабоце, яна заўсёды была і застанецца вельмі высокай, - запэўніў Аляксандр Лукашэнка. - Скажу шчыра: відаць, я таксама недаацэньваў тую ролю, якую павінна адыграць наша міліцыя. Хоць я заўсёды гаварыў: калі вы хочаце нешта вырашыць, без участковага не атрымаецца. Участковы - гэта той чалавек, які ведае ўсё. Я з імі працаваў у сваім жыцці. У мяне шмат было сяброў і знаёмых участковых, калі я працаваў кіраўніком. Я клікаў да сябе ўчастковых, садзіліся ў машыну і на працягу адной ночы мы наводзілі парадак у палове раёна. Таму падтрымка будзе яшчэ большая".



У час сустрэчы з калектывам МУС Кіраўнік дзяржавы заклікаў грамадзян адстаяць незалежнасць і суверэнітэт краіны, забяспечыць дастойнае жыццё будучым пакаленням.

"Я нікога не прымушаю, гэта не мой прынцып. Ні студэнтаў, якія сёння там бастуюць нібы, ні рабочых, ні сялян, ні дзяржапарат, ні ваенных. Нікога не цягну ў свой бок. Хочаце - станавіцеся побач. Я нават за спіны вам хавацца не буду. Пайду туды, куды трэба, куды скажаце, для таго, каб вы не баяліся нікога і адстаялі гэту краіну", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Хто не хоча - гасподзь з вамі. Магу паўтарыць, што гаварыў напярэдадні выбараў: толькі ніколі не здраджвайце! Здраднікаў не толькі гасподзь не любіць, але і тыя, якія сёння клічуць вас: "Кідайце, прыходзьце!" Праўда, невядома, куды ісці. Таму глядзіце самі. Гэта прынцыпова. Таму што тое, што адбываецца, гэта дэталі. Галоўнае - суверэнітэт, незалежнасць нашай краіны, дзе будзем мы, нашы дзеці і ўнукі заўтра", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт звярнуў увагу на той факт, што ўся гісторыя Беларусі была саткана з падобных падзей, і нават больш жорсткіх: "Атрымлівалася, што нас ірвалі і дзялілі на кавалкі, на шматкі. Дзякуючы нашым у асноўным нацменам. А тыя не сарыентаваліся. То адных прасілі, каб ім падарылі суверэнітэт і незалежнасць... Дайшло да таго, што пад бчб-сцягамі ў апошнюю вайну яны сталі на бок крывавага фашызму і сёння апраўдваюцца, што яны такім чынам хацелі атрымаць незалежнасць. Атрымалі? Атрымалі кожнага трэцяга загінулага, скалечанага і памерлага потым".

"Краіна ператварылася ў руіны. І яны сёння ўзнімаюць гэты сцяг над галавой. Хто яны? - задаў рытарычнае пытанне Кіраўнік дзяржавы. - Сцяг ні ў чым не вінаваты, я ўжо аб гэтым гаварыў. А справа ў тым, што ў людзей асацыіруецца з гэтым сцягам. Таму мы з вамі не супраць сцягоў ваюем. Мы ваюем супраць тых чужых ідэй і тых людзей, у галовах якіх гэтыя ідэі".

"Мы ж з вамі цудоўна разумеем, чаму стварылася гэта сітуацыя. Гэта ж не толькі таму, што аднекуль там пазванілі, нейкія Nexta і саплякі ўсякія. Мы з вамі вельмі супакоіліся, жывучы ў ціхай, спакойнай, чыстай краіне. Мы думалі, што так будзе і далей. Вы думалі. Скажу шчыра, я ніколі так не думаў. І я напярэдадні выбараў парламенцкіх вас папярэджваў: нам спакойна жыць не дадуць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Вы бачыце нават цяпер. Камусьці не падабаецца наша шматвектарная палітыка. Нават цяпер мяне там падкрытыкоўваюць", - заўважыў беларускі лідар.

"Так, у нас была і будзе шматвектарная знешняя палітыка. Таму што немагчыма ці то жураўлю, ці то вераб'ю (як хочаце называйце) ляцець на адным крыле. Мы - геаграфічны цэнтр Еўропы. Куды нам дзявацца? Расія цудоўна павінна нас разумець. Таму што ў іх арол аж двухгаловы, а нам тады трэба чытырохгаловага парадзіць", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь ніколі не адварочвалася ад Расіі і ніколі не адвернецца ад яе. "Гэта я гавару і цяпер кіраўніцтву Расіі. Калі ў нас будуць бачыць сапраўднага брата, малодшага брата, і будуць да нас ставіцца, як да малодшага брата, абараняючы, падтрымліваючы (так, як зрабіў Пуцін у гэты складаны час), мы ніколі не тое што не кінем камень у бок Усходу і Расіі... Нашай Расіі. Я не ведаю, як вы яе ўспрымаеце... Гэта мая Расія. Мы ніколі так не зробім", - адзначыў беларускі лідар.

Кіраўнік беларускай дзяржавы яшчэ раз падкрэсліў асаблівы характар адносін і агульнасць народаў Беларусі і Расіі. "Расія - гэта наша, рускія людзі - гэта наша. Мы абсалютна ад іх нічым не адрозніваемся. Так, гэта дзве краіны. Гэта дзве кватэры (адна велізарная, другая менш), дзе жывуць самастойна дзве сям'і, але бяруць пачатак з аднаго кораня. Вось уся палітыка. Мы будзем рабіць усё, што выгадна для нашага народа, не ствараючы нікому ніякіх праблем. Вось і ўся шматвектарнасць", - сказаў Прэзідэнт.

Наконт адносін Беларусі з краінамі Захаду або блока НАТА Прэзідэнт заявіў: "Калі нас нехта ў Расіі ў гэтым папракае, што мы з імі супрацоўнічаем, я задаю простае пытанне: "А што, Расія з НАТА не супрацоўнічае? А што, Расія са Злучанымі Штатамі не супрацоўнічае, з Еўрасаюзам?" Супрацоўнічае. Ва ўласных інтарэсах. Што, гэта не так? Гэта так. І мы з Прэзідэнтам Расіі, бачачы гэта, дакладна дамовіліся, што мы заўсёды будзем адзін аднаму надзейнымі сябрамі і апорай. Мы канстатавалі бясспрэчны факт, што сёння ў нас - у Расіі і Беларусі, у Пуціна і Лукашэнкі - іншых сяброў няма. Вы помніце, даўным-даўно я сказаў (хіхікалі СМІ Расіі), што настане час, калі мы з Прэзідэнтам Расіі плячо ў плячо будзем стаяць і адстрэльвацца. Усё адбылося".

"Што датычыцца Захаду... Слухайце, тэхналагічны Захад - вось ён у нас за агароджай. Але мы прадэманстравалі, што мы самастойная, самадастатковая нацыя, мы нікому не дазволім не тое што нам пальцам указваць, мы не дазволім нават скоса глядзець у наш бок. Мы гэта прадэманстравалі. На ўсіх узроўнях. Я ўжо нават (можа, не зусім правільна) рассакрэціў учора частку маёй размовы з Дзяржсакратаром ЗША", - прадоўжыў беларускі лідар.

"Я ўсім гавару: нават калі мы застанёмся ў адзіночку, у акружэнні ўсіх ворагаў і непрыяцеляў, мы будзем змагацца за сваю зямлю да апошняга. Я хачу, каб гэта пачулі тыя, хто сёння спрабуе аналізаваць абстаноўку ў краіне", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў асаблівасці вядзення сучаснай вайны, якая, як правіла, пачынаецца не са знешняй агрэсіі, а з расхіствання дзяржавы знутры.

"Я хачу, каб не толькі прысутныя сёння супрацоўнікі ўнутраных спраў, але і армія зразумела, што вайна - гэта не тая вайна, якая была, што яна пачыналася са знешняй агрэсіі. Любая вайна пачнецца знутры. Яе так і рыхтавалі ў нас. Таму ўсе павінны разумець, што мы мабілізуем усё, што ў нас ёсць для таго, каб абараніць сваю краіну, сваю зямлю і свае сем'і, сваіх дзяцей. Я хачу, каб вы гэта разумелі", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым нагадаў аб сітуацыі на заходніх рубяжах, калі давялося прымаць рашэнне аб дадатковай перакідцы туды войскаў. "У нас неспакойна на захадзе. Тое, што мне Майкл Пампеа (Дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа, які ў час нядаўняй тэлефоннай размовы запэўніў Прэзідэнта Беларусі, што ні ад НАТА, ні ад Польшчы і Літвы не варта апасацца ваеннай пагрозы. - Заўвага) сказаў, гэта добра, я прыняў да ведама", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Але яны ж варушацца там. Вы ж паглядзіце: як толькі пачалася ў нас заваруха... Віктар Хрэнін (Міністр абароны Беларусі. - Заўвага) больш гэта ведае. Я яму кажу: неадкладна прыводзь армію да прытомнасці, неадкладна трэба падняць тыя часці, якія ў нас сёння боегатовы і якія сёння разгорнуты па поўнай праграме. І мы вымушаны былі вывесці палову арміі на заходнім напрамку. Уціхамірыліся, зразумелі, што мы жартаваць з імі не маем намеру", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў удзельнікаў беспарадкаў і тых, хто спрабуе дэстабілізаваць інфраструктуру дзяржавы: "Мы цярпелі. Я адразу акрэсліў: ёсць чырвоныя лініі. І не дай бог нехта іх пераступіць. Яны іх пераступілі па многіх напрамках, я аб гэтым гаварыў. Таму тыя, хто сёння выходзіць на чыгунку, тыя, хто вешае фашысцкія сцягі на лініі электраперадачы, словам, тыя, хто сёння спрабуе разбурыць, дэстабілізаваць інфраструктуру дзяржавы, павінны ведаць: з сённяшняга дня, асабліва ў кватэрах грамадзян, куды яны хаваюцца, мы ў палон нікога не бяром. Калі нехта дакранецца да ваеннаслужачага (я ўжо заўвагу рабіў генералам), ён павінен пайсці адтуль як мінімум без рук. Я гавару гэта публічна, каб усе разумелі нашу далейшую рашучасць. Далей - усё. Нам адступаць няма куды, і мы адступаць не збіраемся. Хто гатовы, будзем дзейнічаць".

Прэзідэнт адзначыў, што арганізатары і ўдзельнікі беспарадкаў і несанкцыянаваных акцый ужо прайшлі па метадычцы каляровых рэвалюцый сем або восем розных этапаў, падышоўшы да апошніх, якія характарызуюцца радыкалізацыяй. Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым адзначыў: "Мы сёння жывём не ў вакууме. Гэта не сярэдзіна мінулага стагоддзя. Час змяніўся, і вы гэта цудоўна бачыце і ведаеце. І толькі той пераможа, хто мае жалезную волю і цярплівасць".

"Прэзідэнт ніколі не бег і бегчы не збіраецца. Я пражыў дастаткова ў гэтым жыцці", - адрэагаваў беларускі лідар на некаторыя разважанні аб канцы палітычнай кар'еры Прэзідэнта.

"Ды не дачакаецеся! Гэта не значыць, што я буду пасінелымі пальцамі трымацца за гэта крэсла. Не. Палітыка - гэта не толькі Прэзідэнт. Мы з вамі рана ці позна пойдзем з гэтых пасад, але мы не адыдзем ад захавання таго, што мы цяпер збераглі, - сказаў ён. - Таму калі вы паклічаце мяне да сябе, калі мы нібыта з вамі будзем на пенсіі, мы яшчэ паслужым гэтай дзяржаве і народу. І калі новы прэзідэнт, генералы, прыйшоўшы пасля нас, захочуць парады і дапамогі, падтрымкі, мы ім акажам. Вось і ўся мая палітыка".

"Але калі нехта думае, што я цяпер сабраўся і збег... Слухайце, былі сітуацыі, можа, калі нехта і дрыжаў. Але вось генералы сядзяць, якія пастаянна са мной сутыкаліся, бачылі, што ў мяне нават волас не задрыжаў. Слухайце, у нас было і паскладаней, у нас палілі на вуліцах аўтамабілі, анархісты і падонкі з усяго свету прыязджалі ў сярэдзіне 90-х, гэтыя кадры ёсць. Штурмам спрабавалі ўзяць Дом Урада, разбівалі палаткі на Кастрычніцкай плошчы. Да гэтага часу помню, як было. Мы гэта ўсё перажылі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Параўноўваючы сітуацыю тады і цяпер, Прэзідэнт звярнуў увагу: "Розніца цяперашняга моманту з тым толькі ў тым, што ёсць шалёная знешняя падтрымка. Тады яна таксама была, але толькі штуршок давалі. А цяпер яны кормяць, кормяць, кормяць гэтых ... і ўчынілі нам каляровую рэвалюцыю, з'явіліся гэтыя Telegram-каналы, таму яна расцягнулася".

"Вы павінны разумець, што сітуацыя ў нас была няпростая: парламенцкія выбары, праз кавід мы перайшлі ў прэзідэнцкія выбары. Гэта наогул была шалёная абстаноўка, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - У лячэнні кавіду мы ўзялі асаблівы курс, які цяпер ва ўсім свеце падтрымліваецца. Але мы ж аб гэтым не ведалі (тады. - Заўвага). Усё было сканцэнтравана на лячэнні людзей". У такой абстаноўцы, як прызнаў Прэзідэнт, магчыма, былі ўпушчаны асобныя аспекты развіцця грамадска-палітычнай сітуацыі. "Мы былі адцягнуты на гэта і ўпусцілі. А потым і мяне падкасіла ў прэзідэнцкія выбары. Вядома, мы сёе-тое ўпусцілі. Але гэта нас не апраўдвае. Таму сёння даводзіцца рабіць высновы і атрымліваць урокі з дапушчаных памылак", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

У час мерапрыемства Прэзідэнт таксама ўручыў генеральскія пагоны: Івану Кубракову, Юрыю Караеву і Аляксандру Барсукову - генерал-лейтэнанта міліцыі, Міхаілу Грыбу - генерал-маёра міліцыі.


© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь