Выступленне на рэспубліканскім семінары на тэму "Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны"

  • 12

Тэма нашага сённяшняга семінара мае асаблівую значнасць. Жыллёва-камунальнымі паслугамі штодзень карыстаецца ўсё насельніцтва краіны. Задаволенасць людзей узроўнем, якасцю, даступнасцю жыллёва-камунальных паслуг непасрэдна ўплывае на сацыяльна-палітычную абстаноўку і настроі ў грамадстве. Гэта вельмі важна, але яшчэ адна важнейшая рэч: мы ж даплачваем, датуем жыллёва-камунальныя паслугі - 100% у нас ніхто не аплачвае. Таму лічу, што жыллёва-камунальная сфера - прыярытэт нумар адзін для кіраўнікоў рэгіёнаў.

Сёння ў галіне, як мне дакладваюць, зроблена многае ў плане зніжэння сабекошту, павышэння якасці паслуг і развіцця тэхналогій. "Тое, што 66% насельніцтва рэспублікі станоўча ацэньвае работу жыллёва-камунальных службаў у сваім раёне, горадзе, - гэта ўжо нядрэнна. Праўда, я сумняваюся, што амаль 70% так задаволены або хоць крыху задаволены развіццём ЖКГ. Дай бог, каб гэта было так, але давайце лепш ставіць пад сумненне, каб лепш працаваць. Не трэба забываць, што амаль трэць апытаных дае ёй негатыўную ацэнку. Па значнасці для насельніцтва гэтыя пытанні займаюць другое месца пасля занятасці. І пакуль у краіне чуваць крытыку адносна сістэмы, супакойвацца рана.

Найбольшую занепакоенасць у людзей выклікае кошт паслуг. Сярод недахопаў у рабоце галіны таксама называюцца тэрміны капітальнага рамонту дамоў, якасць пітной вады, нездавальняючы стан дарог, дрэннае асвятленне вуліц, утрыманне пад'ездаў і дваровых тэрыторый і іншыя.

Нягледзячы на мае патрабаванні, праблемы галіны да канца не вырашаны. І сёння мы павінны дэталёва і аб'ектыўна іх абмеркаваць.

Самае галоўнае пытанне - кошт паслуг. З 1 студзеня задача ўрада, Камітэта дзяржкантролю і губернатараў - вызначыць усе паслугі, якія мы аказваем насельніцтву, і далажыць мне кошт канчаткова. Ён будзе канчатковы і беспаваротны ва ўмовах вельмі нізкай інфляцыі ў краіне.

Што датычыцца скаргаў, што недзе не адрамантавалі, недзе не пафарбавалі, дах не зрабілі, балкон абваліўся, я ўжо некалькі разоў гаварыў: нам трэба данесці, паколькі жыллё практычна ўсё прыватызавана, што павінна рабіць насельніцтва (і няхай не разлічваюць на жыллёва-камунальныя службы), а што павінны мы.

Напрыклад, не будзе ж насельніцтва рамантаваць непасрэдна трубы, па якіх падаецца газ у дамы. Гэта - клопат дзяржавы. Не будзе ў дамах агульнага карыстання насельніцтва рамантаваць дах. Яно можа паўдзельнічаць нейкім чынам, але гэта агульная гаспадарка. Напэўна, у фарбаванні фасадаў дома насельніцтва можа паўдзельнічаць, але гэта наш клопат. У нас першыя паверхі аддадзены багатым людзям або людзям, якія не бедныя сёння, яны там маюць магазіны і іншыя кропкі. У даўнія часы мною была пастаўлена задача (яшчэ перад былым старшынёй Мінгарвыканкама, і Ладуцька гэта нармальна рэалізоўваў), калі мы дамаўляліся з гэтымі людзьмі і за іх кошт прыводзілі фасады ў парадак, асабліва на галоўных цэнтральных вуліцах.

Нам трэба разабрацца і адкрыта сказаць людзям, што будзем рабіць мы, а што павінны рабіць самі людзі, гэта іх кватэры. Прытым трэба мець на ўвазе, што не кожны чалавек, нават калі ён прыватызаваў жыллё, можа справіцца з работамі. Розныя людзі ёсць: старыя, інваліды, нядужыя. Мы ім таксама павінны ў чым-небудзь дапамагчы.

Мы не раз дамаўляліся аб тым, што тарыфы павышаем толькі на $5 у год і індэксуем іх ва ўвязцы з ростам даходаў насельніцтва. Наколькі мне вядома, такое павышэнне ўжо адбылося ў студзені 2017 года. Разам з тым урад, вядучае міністэрства, Міністэрства гандлю ў верасні павысілі тарыфы на 8% і пачынаеце далей палохаць людзей тым, што ў снежні яшчэ павялічыце на 10%. І гэта прытым, што з лістапада ўсе аб'ектыўна будуць плаціць больш у сувязі з уключэннем ацяплення. Гэта антынародны падыход да справы. Так быць не павінна! Гэта прывядзе да значнага росту плацяжоў, што безумоўна, выкліча негатыўны грамадскі рэзананс. І нездарма будзе гэты рэзананс.

Чаму нельга індэксаваць тарыфы, скажам так, калі няма ацяплення, жыроўкі лягчэйшыя? Хоць і гэта мы ўжо зрабілі. Не разумею, вы, губернатары, разам з урадам каму хочаце дагадзіць - сваім людзям або нейкім міжнародным арганізацыям?

Стаўлю задачу для ўсіх: з 2018 года праводзім разавае павышэнне тарыфаў толькі на $5 і ў далейшым - ніякага росту без майго ведама. Тарыфы павінны быць пад'ёмнымі для народа. У сувязі з гэтым, як я ужо сказаў, ураду, Камітэту дзяржаўнага кантролю даручаю дэталёва праверыць. І 1 студзеня 2018 года зацвердзім тарыфы рашэннем Прэзідэнта.

Асабліва хачу падкрэсліць: не трэба бударажыць насельніцтва размовамі аб стапрацэнтным пакрыцці кошту паслуг літаральна з заўтрашняга дня. Гэта пытанне ў тым ліку і палітычнае. Спешка тут недапушчальна. Мы палічым спачатку тарыфы дакладна, каб энергетыкі, тыя, хто ваду падае, не "жыравалі" і не вырашалі свае праблемы за кошт насельніцтва. І тады прымем рашэнне, калі будзем выходзіць і як будзем выходзіць на стапрацэнтную аплату. Я ўпэўнены: калі мы вельмі дакладна палічым (ужо з трэцяга заходу) гэтыя тарыфы, то працэнт пакрыцця будзе вельмі высокім. Можа, і 90%.

Мы ні пад каго не павінны падладжвацца. Не забывайце, што галоўны прыярытэт нашай сацыяльнай палітыкі - гэта інтарэсы людзей, а не ведамстваў і розных міжнародных структур.

Мы пастараемся да 2020 года адысці ад перакрыжаванага субсідзіравання. Гэтага вельмі хоча Сямашка і прамысловы сектар краіны. Калі ласка, мы не супраць. Але вам давядзецца падняць зарплату, прытым істотна. Зможаце яшчэ напалову падняць заработную плату да таго, што ёсць, - калі ласка, мы людзям скажам: вось вам дабаўка да заработнай платы і стапрацэнтная аплата. Гульні ў адны вароты быць не павінна.

Зрабіць гэта мы павінны толькі за кошт павышэння эфектыўнасці работы галіны, далейшага зніжэння затрат, удасканалення нарматываў, дыферэнцыяцыі тарыфаў, мадэрнізацыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Вось шляхі вырашэння гэтай праблемы. У нас ёсць дзяржаўная праграма, і яе трэба выконваць.

У бюджэце павінен застацца адзін радок - безнаяўныя жыллёвыя субсідыі. І ўсё!

Ні адзін чалавек, ні адна сям'я, якія не маюць магчымасці аплаціць ЖКП, не павінны заставацца без дапамогі дзяржавы. Мы абавязаны гарантаваць падтрымку любому, хто апынецца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Менавіта з гэтай мэтай былі ўкаранёны безнаяўныя жыллёвыя субсідыі.

Аднак мяне інфармуюць аб тым, што сістэма налічэння субсідый недапрацавана, з-за чаго не ўсе маючыя патрэбу ў дзяржаўнай падтрымцы ўлічаны. З рэгіёнаў, ад прадпрыемстваў ЖКГ і грамадзян паступаюць шматлікія скаргі.

Таму Нацыянальнаму банку трэба звярнуць пільную ўвагу на работу створанай вамі арганізацыі "Нябанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя "Адзіная разліковая і інфармацыйная прастора". Недапушчальна, каб гэта структура стала яшчэ адным нахлебнікам, пасрэднікам паміж дзяржавай і людзьмі і "жыравала" за іх кошт. А ўраду трэба яшчэ раз вывучыць, як дзейнічае сістэма безнаяўных жыллёвых субсідый, і ў выпадку неабходнасці прыняць дадатковыя меры па яе ўдасканаленні.

Па-другое, рамонт жылля. У нас штогод капітальна рамантуецца больш за 2% жыллёвага фонду, не за гарамі дасягненне жаданых 3%. Нібыта нядрэнна. Аднак прыкрывацца статыстыкай не трэба, таму што асобныя негатыўныя моманты могуць звесці на нішто ўсе заслугі. Яшчэ раз паўтаруся: людзі павінны ведаць, што яны абавязаны рабіць сваімі рукамі і што яны павінны рабіць разам з прадстаўнікамі ЖКП і дзяржавай, і што яны не будуць рабіць наогул.

На якасць і тэрміны правядзення капрамонту па-ранейшаму паступае вялікая колькасць скаргаў. А ад прынятых рашэнняў па такіх патэнцыяльна небяспечных рэчах, як ліфты, наогул залежыць жыццё людзей.

Трэцяя частка эксплуатуемых ліфтаў выпрацавала свой тэрмін. Дзяржаўны сакратарыят Савета Бяспекі з году ў год інфармуе аб тым, што расце рызыка ўзнікнення аварый і няшчасных выпадкаў. І чаго чакаем? Пакуль ліфты пачнуць падаць, як у нас некаторыя балконы? Думаю, вы пачулі, што я сказаў, і не дай бог недзе ўпадзе ліфт!

З гэтым таксама калісьці цягнулі, адкладвалі да лепшых часоў, а ў выніку - судовыя расследаванні і крымінальныя справы. Я маю на ўвазе балконы, што абваліліся. Кожны кіраўнік павінен разумець сваю персанальную адказнасць за бяспеку грамадзян.

Патрабую, каб да 2020 года ўвесь ліфтавы фонд быў прыведзены ў належны тэхнічны стан. Спасылкі на недахоп сродкаў не прымаюцца. Наш завод у Магілёве вырабляе выдатныя сучасныя ліфты. Дамаўляйцеся.

З іншага боку, і прамыслоўцы павінны паклапаціцца аб якасці сваёй прадукцыі. Тэхналогіі ўдасканальваюцца з кожным днём, а тэрміны, напрыклад, эксплуатацыі па-ранейшаму 25 гадоў. Можа, пара падумаць над іх павелічэннем, над павышэннем эксплуатацыйных характарыстык? Бо размова ідзе аб даволі дарагім абсталяванні, якое павінна апраўдваць сваю цану. Вы не толькі пра ўласны прыбытак павінны думаць, але і пра вырашэнне дзяржаўных задач, пра бяспеку грамадзян.

Міністэрству прамысловасці і Міністэрству па надзвычайных сітуацыях даручаю заняцца гэтым пытаннем і разам унесці рацыянальныя прапановы.

Асабліва падкрэсліваю: бяспека нашых людзей вышэй за ўсё. І для прамыслоўцаў, і для камунальнікаў гэта задача нумар адзін. Работа камунальнай гаспадаркі арыентавана не толькі на стварэнне камфорту, але і на бяспеку нашых людзей. Недагледзеў, не прадухіліў - вінаваты павінен адказваць.

Па-трэцяе, цеплазабеспячэнне. Гэта не толькі адна з найбольш важных жыллёва-камунальных паслуг, але і самая дарагая. Больш як 30% ад сумы жыроўкі зімой - на ацяпленне і падаграванне вады.

Тут ёсць велізарныя рэзервы для эканоміі. Зніжэнне долі імпартуемых газу і энерганосьбітаў, за якія мы расплачваемся валютай, прымушае нас больш актыўна выкарыстоўваць мясцовыя віды паліва, а ў перспектыве электрычную энергію астравецкай АЭС.

Ужо нікому цяпер не трэба даказваць, што вытворчасць цеплавой энергіі на мясцовых відах паліва сябе апраўдала. Яе сабекошт значна ніжэйшы за аналагічны паказчык на прыродным газе пры іншых роўных умовах.

Як прыклад - Віцебск, дзе гэтаму ўдзяляецца вялікая ўвага. Там бачаць эканамічны эфект. У горадзе працавала кацельня на газе, сабекошт цяпла быў каля Br100. Зрабілі рэканструкцыю, перавялі на шчэпкі - стала менш як Br65. Хоць і там безгаспадарчасці хапае. Калі яе ліквідаваць, то наогул на Br50 выйдзем.

А вось у Брэсцкай вобласці працуюць на газе, маюць сабекошт Br100 і лічаць гэта нармальным. Там што, няма драўніны? Або яны газ недзе таннейшы бяруць?

Аднак з выкарыстаннем мясцовых рэсурсаў не ўсё паспяхова. Праверкамі сістэматычна ўстанаўліваюцца факты выкарыстання пераўвільготненага драўнянага паліва. Гэта прыводзіць да павышэння яго ўдзельных расходаў да 65% і зніжэння каэфіцыента карыснага дзеяння катлоў да 30%.

Не тэма сённяшняй размовы, да гэтага мы вернемся - пасрэдніцкія структуры пры закупках сыравіны і пры рэалізацыі гатовай прадукцыі, асабліва дзяржпрадпрыемствы. Гэтаму будзе ўдзелена асаблівая ўвага. Там уся карупцыя. Усіх, каго мы пасадзілі апошнім часам, амаль усе "заляцелі" менавіта на гэтых праблемах. Як толькі вы пачынаеце выкарыстоўваць пасрэднікаў, да вас адразу прыйдуць праваахоўнікі і кантралёры. Гэта я вам цвёрда абяцаю.

Закупка паліва ў пасрэдніцкіх структур і без правядзення адпаведных канкурэнтных працэдур таксама вядзе да завышэння сабекошту цеплавой энергіі.

Такія факты былі выяўлены ў Полацку, Брэсце, Скідзелі. Устаноўлены выпадкі значнай розніцы ў кошце (часам да двух разоў) драўнянага паліва, што набываецца органамі ЖКГ у межах аднаго раёна. І там таксама цяпер працуюць праваахоўнікі.

Тут варта згадаць аб стане самой кацельнай гаспадаркі. Многія кацельні будаваліся даўно, з савецкім размахам і імкненнем да гігантызму. А мы сёння пажынаем плады, калі часта магутны кацёл працуе на ацяпленне толькі аднаго-двух дамоў.

Толькі ў Гомельскай вобласці на балансе арганізацый ЖКГ ёсць 114 кацельняў, магутнасць якіх значна перасягае далучаную нагрузку. Часам ад кацельні да дома кіламетровая сетка пракладзена, там цяпла больш страчваецца, чым ідзе на яго ацяпленне. Можа, лепш закрыць такую кацельню, а людзям індывідуальныя катлы паставіць?

Такіх аб'ектаў у нас нямала, і над гэтым ураду сумесна з губернатарамі трэба працаваць. Цяпло сёння каштуе вельмі дорага (і заўтра будзе яшчэ даражэйшым), і любая аптымізацыя кацельнай гаспадаркі паварочваецца выгадай і для спажыўца, і для дзяржавы.

Акрамя таго, не трэба забываць аб планавай замене зношаных цепласетак. Калі не выконваць яе ў неабходных аб'ёмах, у агляднай будучыні атрымаеце вялікія праблемы, з якімі рэгулярна сутыкаюцца нашы суседзі.

У Расіі і Украіне з-за гэтага зімой замярзаюць не толькі кварталы, але і цэлыя гарады. У нас недапушчальна, каб замёрз нават адзін асобна ўзяты дом. Спадзяюся, вы мяне пачулі!

Асабліва востра праблема абслугоўвання камунальнай інфраструктуры стаіць у сельскай мясцовасці.

І яшчэ, вы, Леанід Васільевіч (Анфімаў), выявілі ў камунальнікаў рэзервы зніжэння затрат па жыллёва-камунальных паслугах. Але вялікі ўплыў на іх кошт аказваюць энергетыкі. Вы глядзелі, як яны фарміруюць свае тарыфы, колькі прыбытку закладваюць? Разбярыцеся, якія ўстаноўлены ім зарплаты, за што яны ўтрымліваюць свае "крутыя" санаторыі, базы і іншае. "Жыраваць" за кошт грошай людзей недапушчальна ні для каго! І калі такія факты будуць выяўлены да наступнага вашага ўдакладнення тарыфаў, міністру трэба шукаць іншую работу. Ён быў туды назначаны, каб без ведамаснага падыходу вырашыць гэтыя пытанні, раскласці затраты свайго ведамства і зняць усё лішняе. Пакуль гэтага не адбываецца.

Акрамя таго, не вырашана пытанне заключэння прамых дагавораў на цеплазабеспячэнне і гарачае водазабеспячэнне паміж пастаўшчыкамі (энергетыкамі) і спажыўцамі гэтых паслуг (перш за ўсё насельніцтвам).

Міністэрства энергетыкі настойвае на заключэнні дагавораў паміж энергазабеспячальнымі арганізацыямі і арганізацыямі ЖКГ раёнаў, не жадаючы працаваць з насельніцтвам з-за магчымага зніжэння эканамічных паказчыкаў. Відавочны канфлікт інтарэсаў двух міністэрстваў з-за вузкаведамаснага падыходу. Кабякову і Анфімаву - вырашыць гэта пытанне неадкладна, адназначна, без ведамаснага падыходу.

Таксама міністэрству трэба вырашыць пытанне цеплавой мадэрнізацыі жылых дамоў. У мэтах эканоміі вы змянілі падыходы да гэтага пытання. Народ гэта ацаніў неадназначна.

Калі людзі хочуць зрабіць уцяпленне большым па аб'ёме, чым належыць, то палічыце і зрабіце за іх жа грошы. Каб не было дорага, дамоўцеся з будаўнікамі, вытворцамі ўцяпляльніка і дайце растэрміноўку. Гэта таксама значная эканомія. Але не мне Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі вучыць, як гэта рабіць.

Па-чацвёртае, водазабеспячэнне і водаадвядзенне. У нас у рэспубліцы забяспечана стапрацэнтная даступнасць насельніцтва да пітной вады. У той жа час захоўваецца праблема яе якасці.

26% проб вады ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях не адпавядаюць патрабаванням нарматываў па колькасці жалеза. Забяспечанасць станцыямі ачысткі вады ад прымесей жалеза - 42%. Гэта пытанне неабходна вырашыць да 2025 года.

І зусім недапушчальна тое, што некаторыя рэгіёны не маюць ачышчальных збудаванняў і да гэтага часу адходы збіраюцца на палях фільтрацыі.  Не буду доўга гаварыць па гэтым пытанні. Ёсць самыя сучасныя формы ачысткі. Укараняйце. Гэту праблему трэба было вырашаць учора. Таму сёння неадкладна трэба вырашыць гэтыя пытанні. Выкарыстоўвайце перадавы сусветны вопыт, навуку прыцягвайце, шукайце крыніцы фінансавання і дзейнічайце.

Таксама актуальная ў гэтай сферы праблема замены зношаных сетак. Ад гэтага і звышнарматыўныя страты вады. Некаторыя разумнікі ў рэгіёнах спрабуюць гэтыя страты ўключыць у сабекошт, беручы грошы і з насельніцтва, і з бюджэту. Аб гэтага ж церпіць якасць самой вады. Таму гэту праблему таксама стаўце сабе як прыярытэтную. І калі будзе Анфімаў з групай разлічваць чарговы раз кошт паслуг, тут трэба абразаць.

Пятае - абыходжанне з адходамі. Штогод у краіне ўтвараецца 4 млн т цвёрдых камунальных адходаў. З іх па выніках 2016 года накіраваны на пахаванне 84%, а на перапрацоўку - толькі 16%.

Так, нібыта на фоне суседзяў мы выглядаем дастойна: апярэдзілі ўсе краіны СНД, Латвію, Славакію, зраўнаваліся з Іспаніяй, Партугаліяй, Фінляндыяй. Але праблема гэта сур'ёзная.

Для пахавання ўсяго аб'ёму камунальных адходаў у рэспубліцы выкарыстоўваецца 168 палігонаў і 1,5 тыс. міні-палігонаў у сельскай мясцовасці. Больш як 90% з іх пабудаваны ў часы СССР.

Мы ведаем, што гэта за палігоны і міні-палігоны. Лятаючы над краінай, я гэта вельмі добра бачу. Новаму Міністру прыродных рэсурсаў пастаўлена жалезная задача разабрацца з тымі, хто адказвае за гэтыя палігоны, і асабліва з тымі, хто гэтыя палігоны стварае дзе папала. Гэта значыць засмечваюць лясы, дарогі, прыдарожныя палосы і гэтак далей. Вы ведаеце, пра што ідзе размова. Дзейнічайце!

Магутнасці гэтых палігонаў цяпер практычна вычарпаны, а эксплуатацыя не забяспечвае бяспечнага ўтрымання адходаў. Найбольш востра гэта праблема стаіць для нашай сталіцы. На палігоне "Паўночны" за перыяд яго эксплуатацыі з 1981 года пахавана 25 млн т адходаў, што больш як у 7 разоў перавышае праектныя нагрузкі. І гару адходаў ужо відаць пры пад'ездзе да горада за некалькі дзясяткаў кіламетраў. І з космасу вельмі добра відаць.

Такі стан спраў патрабуе распрацоўкі доўгатэрміновай праграмы па рэкультывацыі і закрыцці палігонаў, а таксама ўкараненні новых падыходаў да абыходжання з адходамі. У нас не так шмат свабоднай зямлі, каб будаваць палігоны і складзіраваць на іх смецце. Тым больш вам, як дакладваў Прэм'ер, паказалі самыя сучасныя ўзоры і падыходы да гэтай справы. Рэнтабельныя для тых, хто гэтага хоча. Нават на мяне выходзілі канкрэтныя бізнесмены і прасілі дазволіць перапрацоўваць адходы каля той звалкі, што мяне вельмі здзівіла. Я іх, праўда, адправіў да Шорца. Думаю, яны вырашылі гэта пытанне.

Навука павінна падключыцца і сказаць, што найбольш мэтазгодна: спальваць смецце і атрымліваць ад гэтага энергію або большую яго частку перапрацоўваць.

Шостае. Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на далейшае ўдасканаленне існуючай сёння структуры жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Па маім глыбокім перакананні, тут неабходна разумная цэнтралізацыя пры дастатковай свабодзе дзеянняў на месцах.

Трэба ісці ад жыцця, а не так, як гэта спрабуюць рабіць у Віцебскай вобласці. Там у сферы водазабеспячэння ствараюць залішнія структуры, нягледзячы на супраціўленне на месцах. Наколькі гэта будзе эфектыўна, ці атрымае развіццё сфера водазабеспячэння? Кожнае рашэнне павінна быць узважана і эканамічна мэтазгодна.

Міністэрству ЖКГ быць, развівацца, станавіцца цэнтрам прыняцця рашэнняў і несці адказнасць за якасць, паўнату і даступнасць усяго спектра жыллёва-камунальных паслуг, якія аказваюцца насельніцтву. Усялякія размовы аб тым, будзе - не будзе гэта Міністэрства, што мы яго скарачаем, пераносім, пераводзім, трэба спыніць. Гэта рашэнне - кампетэнцыя Прэзідэнта. Сёння Міністэрства працуе і будзе працаваць заўтра.

І ў сферы адказнасці Міністэрства, перш за ўсё, забеспячэнне рэалізацыі дзяржаўнай праграмы "Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе", навуковае суправаджэнне галіны, распрацоўка методык, норм і нарматываў, іх укараненне ў практыку; суправаджэнне сістэмы безнаяўных жыллёвых субсідый; планаванне ўсяго галіновага фінансавання, як інвестыцыйнага, так і бягучага, і шэраг іншых пытанняў.

Аблвыканкамы павінны вырашаць пытанні своечасовага, рытмічнага пералічэння бюджэтных субсідый, кантролю за іх рацыянальным і мэтавым выкарыстаннем, парадку і якаснага абслугоўвання насельніцтва ў рэгіёнах і іншыя канкрэтныя пытанні, якія ставіць перад намі народ.

Структуру работы галіны і механізмы ўзаемадзеяння неабходна ўніфікаваць у залежнасці ад колькасці насельніцтва ў населеных пунктах.

Магчыма, нешта можна ўзяць з вопыту Мінска. Пра гэта ўчора вам расказвалі. Але, падкрэсліваю, прадпрыемствы ЖКГ, у якія прыходзяць людзі за вырашэннем сваіх праблем, павінны застацца ў кожным раённым цэнтры і горадзе. Людзі павінны ведаць, куды ісці для вырашэння тых ці іншых пытанняў. І гэта павінна быць у рамках даступнасці кожнага чалавека.

Па сутнасці, Брэст або любы іншы абласны цэнтр - гэта адзін раён Мінска, і для яго сталічны падыход можа быць не зусім прымянімы. Аб гэтым я хачу пачуць ад удзельнікаў семінара.

Маё асноўнае патрабаванне - структура павінна быць адзіная і кіруемая. За вашы паслугі плацяць людзі, вы атрымліваеце бюджэтнае фінансаванне.

Неабходна прадоўжыць забеспячэнне строгага нарміравання матэрыяльных і энергетычных рэсурсаў. Па-іншаму ў цяперашніх эканамічных умовах быць не можа.

Яшчэ пару гадоў таму бюджэтнаму фінансаванню падлягалі ўсе фактычныя затраты арганізацый ЖКГ, а сёння мы прыйшлі да іх строга нарматыўнага планавання і пакрыцця. Гэта было маё даручэнне. Сістэма ЖКГ ужо некалькі гадоў працуе ў рэжыме фінансавай "дыеты".

Вядома, гэта не самы лёгкі спосаб аздараўлення. Але для насельніцтва важна, каб максімальная эканомія затрат не паўплывала на якасць і аб'ём аказваемых паслуг. У адваротным выпадку грамадзяне, "галасуючы рублём", проста адмовяцца плаціць. Пакуль, як мне дакладваюць, у нас з гэтым нядрэнна - узровень плацяжоў 98%.

Строгае нарміраванне затрат станоўча ўплывае на фінансавую ўстойліваць ЖКГ. Аднак, улічваючы, што арганізацыі абмежаваны ў расходах, недафінансаванне гэтай сферы наогул непрымальна. Акрамя таго, усё, што сэканомлена ў галіне, павінна ў ёй застацца. Гэта будзе стымулам эфектыўнай работы. Вырашэнне іншых праблем за кошт гэтых сродкаў недапушчальна. Арганізацыі ЖКГ - яны ж суб'екты гаспадарання. Зарабляйце грошы.

У першую чаргу губернатарам, выканкамам на месцах, а таксама ўраду трэба гэта пытанне трымаць на асаблівым кантролі.

Пры гэтым папярэджваю ўсіх - ад структурных змяненняў не павінен пацярпець ніводны спажывец. Нікому не патрэбна такая рэформа, дзе будуць цярпець людзі. Ім няважна, калі ў вашай сістэме нешта мяняецца. Для чалавека галоўнае, каб у доме было суха, светла і цёпла. І ад ЖКГ чалавек чакае якасную паслугу па справядлівай цане. Толькі тады пераўтварэнне мае значэнне, будзе прынята і мною падтрымана.

Змяненне структуры непазбежна прывядзе і да аптымізацыі колькасці на прадпрыемствах. Тут формула адна, я ўжо вам гаварыў. Хутка мы зноў зоймемся пытаннямі занятасці, цэн і заработных плат па выніках года. Формула адна: звольніць можна толькі тады (асабліва там, дзе цяжка знайсці новую работу), калі ты ўзгодніш гэта са старшынёй гар-, райвыканкама. Таму што ім перш за ўсё адказваць па ўсіх гэтых напрамках, у тым ліку і занятасці людзей. Выкідваць на вуліцу людзей забаронена!

У прадпрыемстваў ЖКГ дастаткова магчымасцей для пашырэння рынку паслуг і ёсць пэўныя перавагі перад канкурэнтамі. Матэрыяльна-тэхнічная база стваралася гадамі, і цяпер адмаўляцца ад якіх-небудзь аб'ектаў, "замарожваць" тэхніку і абсталяванне будзе верхам недальнабачнасці.

Так, ёсць асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі, якія не заўсёды рэнтабельныя. Але за кошт дадатковай дзейнасці можна забяспечыць фінансавы дабрабыт прадпрыемства і пры гэтым эфектыўна выконваць сацыяльную місію. Некаторыя кампаніі так і працуюць.

Добры гаспадар заўсёды знойдзе, як арганізаваць справу, каб і людзям даць магчымасць зарабіць, і прадпрыемству было выгадна. Прастора для творчасці тут неабмежаваная. Не лянуйся.

Сёмае - без навукі нельга абысціся ні ў адной галіне, і ЖКГ у гэтым плане не выключэнне. Але рэальнасць такая, што навука не ўдзельнічае ў гэтым працэсе ўжо многія гады. Гэта адзіная сфера, у якой склаўся такі стан спраў. Фактычна спецыялісты ЖКГ вырашаюць праблемы навобмацак, выкарыстоўваючы свой асабісты вопыт работы. Гэта нядрэнна, але навука павінна штурхаць нас наперад, падказваць шляхі, па якіх мы павінны ісці.

Можа, і многія існуючыя пытанні ўзніклі менавіта з-за гэтага.

Працэсы, якія адбываюцца сёння ў галіне ЖКГ, не павінны ініцыіравацца спантанна. Кожны крок неабходна дэталёва падлічваць загадзя. Мы не можам сабе дазволіць выкідваць грошы на сумніўныя эксперыменты. Кіраўнікам трэба ўсведамляць, што за кожны ўкладзены ў вытворчасць дзяржаўны рубель давядзецца даць справаздачу.

Наша багацце - людзі, кваліфікаваныя кадры. І я не магу зразумець, чаму сёння лепшыя з іх - я маю на ўвазе вучоных - не задзейнічаны ў развіцці ЖКГ. Думаю, і кіраўніцтву нашай Акадэміі навук трэба заняцца гэтым пытаннем. Гэта датычыцца ўсіх праблем: і тарыфнай палітыкі, і фінансавання, і тэхнічных мерапрыемстваў. Чаму б не ініцыіраваць сумесныя праекты, не выкарыстоўваць асобныя прадпрыемствы ў якасці эксперыментальных навуковых пляцовак? Прыдумалі больш эканамічны кацёл - праверце яго на практыцы, вынайшлі новы матэрыял - прапануйце апрабаваць і гэтак далей.

Восьмае. Мне дакладваюць, што многія рашэнні, прынятыя на дзяржаўным узроўні, часта ігнаруюцца на месцах. Так, перадача няпрофільных аб'ектаў без забеспячэння іх фінансавання заканадаўча забаронена, але такія факты да гэтага часу маюць месца. Трэба разабрацца і даць сур'ёзна па руках такім дзеячам! Мне далажыце аб гэтай рабоце, Леанід Васільевіч (Афнімаў).

Некаторыя кіраўнікі раёнаў бачаць у ЖКГ палачку-выручалачку, якая дапаможа ўтаіць любую безгаспадарчасць. Закрылася прадпрыемства - яго памяшканні аддаюць на баланс камунальнікам. Папярэджваю: гэтыя рэчы будуць разглядацца як сур'ёзныя правапарушэнні.

Любы аб'ект можна зрабіць патрэбным для раёна і прыбытковым, але для гэтага неабходны капіталаўкладанні. Таму спачатку падумайце, адкуль узяць сродкі, і прымайце ўзважанае рашэнне, а не перакладвайце адказнасць на камунальнікаў. Камунальным службам катэгарычна забараняецца браць на баланс такія прадпрыемствы.

На жаль, негатыўных прыкладаў дастаткова. Вазьміце Салігорск, дзе мала таго што прадпрыемства ЖКГ нясе страты ад утрымання няпрофільных аб'ектаў, дык яшчэ і выконвае неўласцівыя функцыі. Чаго ў гэтым Салігорску толькі няма на балансе ЖКГ: і база адпачынку, і клубы, і іншае.

Нядаўна назначаны новы старшыня Салігорскага райвыканкама, былы намеснік Міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Я думаю, што ён ужо разабраўся з гэтымі праблемамі і, магчыма, аб гэтым скажа.

Часта даводзіцца чуць, што даўгі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг перашкаджаюць стабільнай рабоце прадпрыемстваў. Як я ўжо гаварыў, да насельніцтва сёння асаблівых прэтэнзій няма: людзі свае абавязацельствы выконваюць спраўна. А вось пратэрмінаваная запазычанасць юрыдычных асоб за камунальныя паслугі, якая ў 4,5 раза вышэйшая, чым па насельніцтве, - гэта не проста праблема, гэта тормаз развіцця галіны. Прыміце адпаведныя меры.

Нясвоечасовыя плацяжы не даюць магчымасці арганізацыям ЖКГ функцыянаваць і выконваць тыя задачы, якія толькі што абазначаны. Патрабую ад старшынь гар-, райвыканкамаў узяць гэта пытанне пад асабісты кантроль. Дысцыпліна, асабліва фінансавая, - гэта абавязковая ўмова паспяховай работы.

Нельга дапускаць безадказнасці і пры навядзенні парадку ў населеных пунктах. Работа па добраўпарадкаванні нашых гарадоў і вёсак - гэта задача не толькі камунальнікаў. І гэтаму ўжо з бягучай восені я асабіста ўдзяляю самую пільную ўвагу. На кальцавой дарозе ў Мінску, паглядзім, як у іншых гарадах, нарэшце пачалі варушыцца і хаця б дрэвы высаджваць там, дзе яны павінны расці.

Трэба да зімы пазнімаць усе агароджы вакол будоўляў. Неадкладна пазнімаць і добраўпарадкаваць гэтыя будоўлі там, дзе ўжо будаўнічыя работы скончаны, дзе можна ўнутры будынка весці работы. Гэта датычыцца перш за ўсё Мінска.

Хачу пачуць, як мясцовыя органы ўлады выконваюць даручэнне па замацаванні тэрыторый за суб'ектамі гаспадарання. У нас школы, заводы, фабрыкі, проста прыватныя прадпрыемствы размешчаны на канкрэтным участку зямлі, у канкрэтным гарадскім квартале. Дык замацуйце за імі гэтыя тэрыторыі, і няхай яны там пастаянна наводзяць парадак, а вы кантралюйце. Нельга бюджэтныя грошы траціць на навядзенне парадку ў гарадах і вёсках, гэта павінна рабіць само насельніцтва. І тут я патрабую ад вас прыняцця самых строгіх мер уздзеяння.

Але вы павінны арганізаваць, дапамагчы, падказаць, завесці. Як вы гэта будзеце рабіць, гэта вашы праблемы і вашы пытанні. Але я ўпэўнены, што вы ведаеце не горш за мяне, як гэта зрабіць больш эфектыўна. Праверым, асабліва ў будучым годзе.

Хачу звярнуць увагу на інфармацыйную работу з насельніцтвам. Пачуццё ўласніка не нараджаецца само па сабе, яно выхоўваецца гадамі, у тым ліку эканомія, беражлівае стаўленне да маёмасці. І тут трэба далучыцца сродкам масавай інфармацыі, і не толькі да семінара рыхтаваць вычарпальныя матэрыялы, але паказваць факты і добрай работы, і безгаспадарчага стаўлення да праблем, якія хвалююць людзей.

Жыллёва-камунальная гаспадарка - сфера няпростая, патрабуе пастаяннай увагі ўсіх органаў улады і пошуку эфектыўных рашэнняў. У прадпрыемстваў ЖКГ заўсёды быў, ёсць і будзе свой спажывец, і пры гаспадарчым падыходзе акупнасць усіх мерапрыемстваў гарантавана.

Цяпер шмат гаворыцца аб развіцці канкурэнцыі, прыходзе на рынак прыватных кампаній. Я буду толькі за, калі гэта спрыяльна паўплывае на якасць паслуг і людзі станоўча адрэагуюць на перамены. Але прыватнікі павінны разумець, што (няхай на мяне не пакрыўдзяцца суседзі) так, як у Расіі, не будзе: прыйшлі, цэны, тарыфы ўзнялі.

Няхай прыходзіць прыватнік - тарыфы будуць абазначаны. І няхай працуе ў гэтай сітуацыі. Застанецца пракантраляваць толькі якасць іх работы.

Але вы ведаеце, што любы прыватнік, прыйшоўшы ў гэту сферу, будзе глядзець перш за ўсё ў сваю кішэнь: як даражэй узяць, што недарабіць, што не зрабіць, дзе няякасна абысці, а грошы ў кішэнь пакласці. Таму вы не спяшайцеся разбураць цяпер дзеючую структуру на карысць нейкім сумніўным кампаніям і мерапрыемствам.

Сістэма ЖКГ - гэта не тая сфера, дзе можна мець завоблачную рэнтабельнасць. Таму любы, хто прыйдзе туды аказваць паслугі, павінен гэта дакладна ўяўляць і разумець: за кошт некага грошай тут зарабіць не атрымаецца. Таму думайце, ніхто не забараняе аддаць прыватніку якую-небудзь вуліцу, або які-небудзь аб'ём паслуг, або які-небудзь аб'ём работ. Танней прапануецца забяспечыць гэтыя работы, няхай ідзе працаваць, вы кантралюйце. І вы потым будзеце несці адказнасць. Вы - старшыні гар-, райвыканкамаў і аблвыканкамаў.

Практыка паказвае, што многія з гэтых наваствораных арганізацый ліквідуюцца, а дамы пераходзяць на абслугоўванне мясцовых прадпрыемстваў ЖКГ. Гэта сведчыць аб тым, што ўласнікі жылля не гатовы браць на сябе калектыўную адказнасць за агульную маёмасць, не могуць навесці ў сябе парадак без умяшання звонку. Відавочна, што гэтыя пытанні таксама патрабуюць неадкладнага ўрэгулявання.

Я асабіста правяраў гэтыя пытанні, калі нейкія жыльцы нейкага дома, нібыта сабраўшыся разам, стварылі нейкае таварыства і назначылі начальнікаў. А потым гэтыя начальнікі... І людзі потым адмаўляюцца ад гэтых таварыстваў і наогул здзіўляюцца: "Дык мы ж за іх не галасавалі!" Мала таго, што яны шкуру дзяруць з жыльцоў у гэтых таварыствах для таго, каб нябедна існаваць, дык яны яшчэ і слухаць не хочуць тых, хто плаціць грошы. За гэта вы адкажаце, усё павінна быць у вас пад кантролем.

Ураду, мясцовым уладам неабходна добра падумаць і ўзважыць, што канкрэтна трэба зрабіць для аптымальнага вырашэння абазначаных праблем. Я не магу дапусціць бескантрольнага стану спраў у жыццёва важнай галіне. Такія сферы, як цеплазабеспячэнне, водазабеспячэнне, капітальны рамонт дамоў, у любым выпадку павінны заставацца пад кантролем дзяржавы.

Патрабаванні людзей з кожным годам будуць толькі ўзрастаць. Гэта нармальна, так і павінна быць, час не стаіць на месцы. І тым больш вы ж прапануеце 100% аплату ЖКП. Дык насельніцтва скажа: "Мы ж цяпер плацім 80% або 90%, а якія ж гэта паслугі?"

Паважаныя ўдзельнікі семінара, я заклікаю вас да актыўнага абмеркавання праблем сёння і вашага не менш актыўнага дзеяння заўтрашняга дня па навядзенні парадку ў гэтай сферы. Трэба мець канкрэтны план па нармалізацыі работы - і ў кампаніях, якія на месцах аказваюць паслугі ў сферы ЖКГ, і вам асабіста. Вы, прысутныя ў гэтай зале, з'яўляецеся прадстаўнікамі ўлады ў цэнтры і на месцах. Улада даецца законам, каб энергічна дзейнічаць у інтарэсах дзяржавы, грамадства, асобы, прымаць правільныя кіраўніцкія рашэнні.

Усё, аб чым мы будзем сёння гаварыць, неабходна давесці да ведама кожнага работніка галіны, каб кожны разумеў важнасць працэсаў, што адбываюцца ў сістэме. З гэтага пачынаецца карпаратыўны дух і гатоўнасць да выканання пастаўленых задач. Бо толькі ад нас саміх залежыць узровень нашага дабрабыту і ўпэўненая будучыня краіны.

У мерапрыемстве ў Палацы Незалежнасці прынялі ўдзел амаль 250 чалавек, у тым ліку вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі дзяржорганаў і арганізацый, прадстаўнікі мясцовых органаў дзяржкіравання. Напярэдадні, у першы дзень семінара, прайшлі практычныя заняткі, у ходзе якіх яго ўдзельнікі азнаёміліся з вопытам арганізацыі работы па розных напрамках у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

На пасяджэнні з удзелам Кіраўніка дзяржавы ўсебакова разгледжаны пытанні ўдасканалення і развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны. Фактычна адбылася эфектыўная і вельмі канкрэтная размова, якую сам Прэзідэнт назваў своеасаблівым мазгавым штурмам.

У прыватнасці, Міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Церахаў далажыў аб стане спраў у цэлым у галіне, агучыў перспектыўныя напрамкі работы. Падкрэслена, што зніжэнне затрат - стратэгічны напрамак работы, яно датычыцца кожнага рабочага месца, тэхналагічнага ўчастка, арганізацыі і рэгіёна.

Старшыня Мінскага гарвыканкама Андрэй Шорац падрабязна расказаў аб вопыце Мінска ў рэфармаванні сістэмы ЖКГ. Асноўнымі рэформамі сталі раздзяленне функцыі заказчыка і падрадчыка, размежаванне функцый рабочых па тэхабслугоўванні, бягучым рамонце, уборцы тэрыторыі і аказанні насельніцтву платных паслуг, стварэнне кантакт-цэнтра 115, забеспячэнне кругласутачнага абслугоўвання жыллёвага фонду сіламі Гарадской аварыйнай службы, стварэнне Адзінага разлікова-даведачнага цэнтра. Акрамя гэтага, усе няпрофільныя сеткі і актывы перададзены ў гаспадарчае веданне спецыялізаваных арганізацый.

Адпаведны вопыт Мінска ў цэлым быў ацэнены станоўча, аднак адзначана, што ў рэгіёнах па аб'ектыўных прычынах немагчыма ў тых ці іншых пытаннях "пад капірку" выкарыстоўваць вопыт сталіцы. Пры гэтым Прэзідэнт падтрымаў стварэнне па прыкладзе Мінска адзінага кантакт-цэнтра, куды людзі змогуць звяртацца па любых пытаннях, звязаных з ЖКГ. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка лічыць станоўчым вопыт сталіцы ў частцы работы хаус-майстроў. Ён адзначыў мэтазгоднасць яго распаўсюджвання ў іншых населеных пунктах краіны.

Кіраўнік дзяржавы таксама лічыць важным менавіта на падставе тэндара выбіраць арганізацыі, якія будуць выконваць пэўныя віды работ у сферы ЖКГ. "Тое, што прапануюць спаборніцкі прынцып выканаўцы, - гэта абавязкова. Усюды павінен быць конкурс і тэндар для таго, каб вызначыць, хто танней", - сказаў ён.

Прадстаўнікі сферы ЖКГ з розных рэгіёнаў краіны падзяліліся сваім вопытам работы, унеслі шэраг канкрэтных прапаноў.

Аб дзяржаўнай палітыцы па ўдасканаленні прававых, арганізацыйных і эканамічных асноў развіцця і дзейнасці жыллёва-камунальнай гаспадаркі па стварэнні спрыяльных умоў жыццезабеспячэння насельніцтва праінфармаваў Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч.

У час семінара таксама выступіў выканаўчы дырэктар Міжнароднай асацыяцыі менеджменту нерухомай маёмасці Генадзь Калёнаў. Ён расказаў аб сусветнай практыцы арганізацыі кіравання жыллёвым фондам. У прыватнасці, грамадзяне шэрага еўрапейскіх краін з-за вялікіх цэн на паслугі і развітой сістэмы арэнднай нерухомай маёмасці не імкнуцца стаць уласнікамі кватэр. А калі грамадзянін не плаціць за камунальныя паслугі, яго ў хуткім часе высяляюць без прадастаўлення іншага памяшкання. "Тым і адрозніваецца наша мадэль ад замежных. Я часта гавару па-народнаму, што бурчаць умеюць усе: ах, мы мала зарабляем і іншае. Калі ласка, табе не $500, а $1000, але заплаці за ўсё, пачынаючы ад дзіцячага сада, школы, адукацыі, да 100% камунальных паслуг. І тады паглядзім, хто выйграе", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Старшыня Жодзінскага гарвыканкама Юрый Шарый расказаў аб практыцы замацавання тэрыторый за суб'ектамі гаспадарання ў горадзе, што дае магчымасць значна эканоміць бюджэтныя сродкі. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў 2018 годзе асаблівая ўвага будзе ўдзелена навядзенню парадку ў населеных пунктах. "Трэба намеціць два-тры дзясяткі такіх гарадоў, каб я мог асабіста паглядзець. І не толькі я, усе мы павінны пабываць там, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. -  Абавязкова трэба добраўпарадкаваць гарады, вёскі. Там жа вы жывяце, вашы людзі і вашы дзеці".

Прэзідэнт растлумачыў свае патрабаванні да добраўпарадкавання і, у прыватнасці, высаджвання дрэў уздоўж дарог. Паводле яго слоў, гэта неабходна рабіць не столькі для навядзення прыгажосці, хоць і гэта вельмі важна, а для больш рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў. Напрыклад, адкосы і абочыны даводзіцца пастаянна даглядаць, каб утрымліваць іх у чысціні і парадку, што патрабуе вялікіх затрат. "Давайце пасадзім там дрэвы - праз пяць гадоў мы забудзем аб тым, што там трэба касіць, - прапанаваў Кіраўнік дзяржавы. - І прыгожа, і грошы не трэба траціць. Я ўжо не гавару аб тым, што апоўзні, калі добрыя дажджы прайшлі, усё разбураецца..."

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што добраўпарадкоўваць тэрыторыі неабходна і для таго, каб краіна мела свой твар. "Чысціня і парадак - пытанне нумар адзін. Я вас не буду больш пераконваць, я проста патрабую неадкладна пачаць гэту работу", - падкрэсліў ён.

На завяршэнне мерапрыемства Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што мэтай семінара была задача падштурхнуць мясцовую ўладу да вырашэння праблем, якія сёння існуюць у ЖКГ. "Як вы іх будзеце вырашаць, гэта ваша права. За вамі - формы і нават змест вашых дзеянняў. Мы прапанавалі розныя формы, зыходзячы з нашага жыцця", - сказаў ён.

Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што не трэба чакаць, пакуль зверху усё распішуць і давядуць. "На тое мы вас і сабралі. Я патрабаваў, каб тут была ўся вертыкаль улады, якая павінна прымаць рашэнні. Дзейнічайце. Хочаце з губернатарам параіцца - райцеся, калі трэба. Хто не хоча - не трэба, дзейнічайце ў плане прынятых сёння рашэнняў і той размовы, якая ў нас адбылася", - паставіў задачу Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз акцэнтаваў увагу, што Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі прадоўжыць сваю работу. "Гэта невялікія затраты. Калі там сканцэнтраваны лепшыя спецыялісты і мы праз гэта Міністэрства можам вырашаць вельмі важныя пытанні, навошта яго ліквідаваць?" - задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.

Ён даручыў Міністэрству ўнесці прапановы аб ролі і месцы ведамства ў сістэме дзяржаўнага кіравання. "А мы паглядзім ужо, каб вы не залезлі на чужую тэрыторыю, не забралі лішнія функцыі. Ды і не думаю, што яны вам патрэбны. Прапрацоўвайце прапановы ва ўрадзе і ўносьце", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Частку з агучаных на мерапрыемстве прапаноў Аляксандр Лукашэнка даручыў аператыўна рэалізаваць на практыцы, у тым ліку зняць некаторыя праблемныя моманты юрыдычнага і заканадаўчага характару. У цэлым ён падкрэсліў, што ўсе прапановы павінны быць абагульнены і дэталёва разгледжаны на прадмет магчымасці іх укаранення. "Калі трэба нешта фармалізаваць, давайце да канца года прымем рашэнне: указ Прэзідэнта, значыць, указ; рашэнне ўрада - значыць, трэба прыняць рашэнне ўрада; калі гэта кампетэнцыя мясцовых органаў улады - значыць, яны павінны прыняць рашэнне", - адзначыў беларускі лідар.

"Наперадзе ў нас мазгавы штурм па многіх напрамках. Нам трэба вярнуцца да пытанняў вёскі, не толькі сельскай гаспадаркі, хоць гэта матэрыяльная аснова. Нам трэба вярнуцца да пытанняў будаўніцтва і паглядзець на гэтым этапе, што нам яшчэ трэба рэалізаваць", - дадаў Прэзідэнт.