Бел
Галоўная   /  Падзеі

Пленарнае пасяджэнне I Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны

26 кастрычніка 2018 года
Удзел у I Форуме рэгіёнаў Беларусі і Украіны ў Гомелі
глядзіце таксама: фота
26 кастрычніка 2018 года
Удзел у I Форуме рэгіёнаў Беларусі і Украіны ў Гомелі
22 фота

У Беларусі і Украіне ёсць каласальнае запатрабаванне грамадства на ўмацаванне дружбы і добрасуседства. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 26 кастрычніка на пленарным пасяджэнні I Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны.

"Высокі ўзровень прадстаўніцтва рэгіёнаў абедзвюх дзяржаў сведчыць аб тым, што і ў Беларусі, і ва Украіне ёсць каласальнае запатрабаванне грамадства на далейшае развіццё адносін і ўмацаванне традыцый дружбы і добрасуседства. У іх аснове агульныя духоўныя і маральныя каштоўнасці, падабенства менталітэту нашых братэрскіх народаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што паміж краінамі не існуе невырашальных праблем - Мінск і Кіеў заўсёды знаходзілі ўзаемапрымальныя рашэнні.

"Разам з маім украінскім калегам мы абмеркавалі ўсе актуальныя напрамкі супрацоўніцтва, якія патрабуюць нашай увагі. Не засталося ніводнага пытання, па якім мы не пагаварылі б. Думаю, што па выніках перагавораў будуць расстаўлены неабходныя акцэнты па ўсіх пытаннях, якія нас цікавяць. Падкрэслю, што беларуска-ўкраінскі дыялог на вышэйшым узроўні мае адкрыты і даверны характар. Мы можам у канструктыўнай атмасферы абмяркоўваць любыя, часам вельмі складаныя тэмы", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсе дасягнутыя з украінскім бокам дамоўленасці і рашэнні выконваюцца. Для гэтага задзейнічаны ўвесь інструментарый, уключаючы работу на ўзроўні віцэ-прэм'ераў - міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.

"Разам з тым перакананы, што змястоўнасць беларуска-ўкраінскіх адносін шмат у чым залежыць непасрэдна ад вынікаў узаемадзеяння на міжрэгіянальным узроўні. Менавіта таму гэты форум стане зручнай пляцоўкай для эфектыўнага абмеркавання ўсіх без выключэння актуальных напрамкаў супрацоўніцтва", - дадаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што Беларусь развівае міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне са многімі краінамі, у тым ліку Расіяй і Кітаем. "Ніколі не памрэ супрацоўніцтва паміж дзяржавамі і народамі, калі яно завязана непасрэдна на рэгіёны. Таму гэта вялікая справа, якую мы пачалі, - фундамент для таго, каб нашы адносіны існавалі вечна", - заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Украіна з'яўляецца для Беларусі не толькі добрым сябрам і краінай-суседкай, але таксама адным з важнейшых палітычных і гандлёва-эканамічных партнёраў.

Апошнія гады адзначаецца дадатная дынаміка росту ўзаемнага тавараабароту. Па выніках 2017 года аб'ёмы двухбаковага гандлю павялічыліся ў параўнанні з 2016 годам больш як на 20% і склалі звыш $4,5 млрд. У бягучым годзе расце не толькі беларускі экспарт, але і імпарт прадукцыі з Украіны.



"Аднак упэўнены, што мы здольныя зрабіць значна больш. Патэнцыял Беларусі і Украіны дае магчымасць рэалізаваць складаныя і значныя па сваім маштабе праекты ў розных галінах эканомікі. Мы дамовіліся з Прэзідэнтам сур'ёзна папрацаваць, каб ужо цяпер, не марудзячы, кардынальна змяніць сітуацыю і выйсці на намечаны рубеж у памеры восем, а потым і на дзесяць мільярдаў долараў", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, найбольш перспектыўнымі напрамкамі міждзяржаўнага супрацоўніцтва Беларусі і Украіны з'яўляюцца сельская гаспадарка, нафтахімічны і машынабудаўнічы комплексы, гуманітарная і навукова-тэхнічная сферы.

"Беларусь гатова падзяліцца з Украінай сваім вопытам у інфраструктурнай мадэрнізацыі - ва ўдасканаленні камунальнай гаспадаркі, абнаўленні парку пасажырскай і спецыяльнай тэхнікі, дарожным будаўніцтве - ва ўсіх тых сферах, у якіх мае патрэбу Украіна, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Такое ж запэўненне я атрымаў ад свайго калегі. Мы гатовы вучыцца таму, што ўмееце рабіць вы, і таму, што нам вельмі неабходна".

Паводле яго слоў, у Гомелі ўкраінскія партнёры змогуць на канкрэтных прыкладах азнаёміцца з вынікамі работы беларускіх спецыялістаў і перспектывамі ўзаемнага супрацоўніцтва.

Прэзідэнт падкрэсліў, што беларускі бок, як і раней, гатовы да цеснай кааперацыі з украінскім горна-металургічным комплексам. "Не сакрэт, што яго тэхналагічны парк шмат у чым забяспечваецца надзейнай, праверанай гадамі кар'ернай тэхнікай БелАЗ. Нам неабходна прадаўжаць стратэгічнае ўзаемадзеянне ў гэтай сферы", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

Значны патэнцыял мае супрацоўніцтва ў транспартнай лагістыцы, лічыць Аляксандр Лукашэнка. "Больш эфектыўнае выкарыстанне нашымі краінамі геаграфічных пераваг будзе садзейнічаць паспяховай рэалізацыі розных праектаў у рамках мультымадальнага транспартнага калідора Балтыйскае мора - Чорнае мора", - звярнуў ён увагу.

На думку Прэзідэнта, важна задзейнічаць чыгуначны складнік, рачное суднаходства і інтэграваць марскія парты Украіны ў лагістычныя ланцужкі.

У гандлёва-эканамічныя сувязі паміж дзвюма краінамі ўключана вялікая колькасць суб'ектаў гаспадарання. У Беларусі налічваецца каля 300 сумесных кампаній з украінскім капіталам. Ва Украіне дзейнічае прыкладна 100 прадпрыемстваў з беларускім удзелам.

"Агульны аб'ём інвестыцый, укладзеных у праекты, што рэалізуюцца нашай краінай на тэрыторыі Беларусі і Украіны, у 2017 годзе перасягнуў $1,2 млрд", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. Толькі за мінулы год ва Украіне на сумесных зборачных вытворчасцях выпушчана больш за 2 тыс. трактароў, 90 камбайнаў і 500 ліфтаў, дадаў ён.



У сваю чаргу Беларусь традыцыйна закупляе ва Украіне метал і ў шырокім асартыменце камплектуючыя для машынабудаўнічага комплексу, а таксама сельскагаспадарчую сыравіну і прадукцыю для развіцця жывёлагадоўлі і іншых галін сельскай гаспадаркі і харчовай прамысловасці.

"Без удзелу рэгіёнаў нашых краін праекты ў галіне кааперацыі былі б пазбаўлены практычнага сэнсу. Аднак мы можам працаваць не толькі на рынкі сваіх дзяржаў. Напэўна, такі падыход быў бы занадта простым для нашых эканомік, якія знаходзяцца ў самым сэрцы Еўропы, на скрыжаванні асноўных гандлёвых шляхоў і ўдзельнічаюць у буйных праектах рэгіянальнай інтэграцыі. Акцэнт трэба рабіць на стварэнні сумесных прадпрыемстваў, якія выпускаюць прадукцыю для рынкаў трэціх краін", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Украінскаму бізнесу, лічыць Прэзідэнт, будуць цікавы такія перспектыўныя пляцоўкі, як беларускі Парк высокіх тэхналогій і Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень". "Прэферэнцыі і спрыяльны інвестыцыйны клімат у рамках гэтых ініцыятыў даюць магчымасць рэалізаваць маштабныя задачы ў інавацыйнай сферы", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

"Акрамя таго, аграрыяў вашай краіны напэўна зацікавіць магчымасць глыбокай перапрацоўкі збожжа ў Беларусі для атрымання незаменных амінакіслот і выпуску высокатэхналагічных камбікармоў для жывёлагадоўлі. Гэты праект, у рамках якога будзе пабудавана 14 заводаў, рэалізуецца ў супрацоўніцтве з нашымі кітайскімі партнёрамі. Стварэнне вытворчасці разлічана на перыяд да 2030 года і прадугледжвае інвестыцыі ў памеры больш як $700 млн", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што такіх праектаў можа быць шмат, і заклікаў украінскіх прадпрымальнікаў і прамыслоўцаў уважліва ацаніць патэнцыял супрацоўніцтва з Беларуссю і яе рэгіёнамі.

"Беларусь настроена на прадметны і канструктыўны дыялог са сваімі ўкраінскімі сябрамі на любым напрамку - няма забароненых тэм. Наша краіна імкнецца да шырокафарматнага супрацоўніцтва з Украінай ва ўсіх сферах у духу даверу і ўзаемнай падтрымкі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што не толькі эканоміка, але і цесныя гуманітарныя сувязі аб'ядноўваюць дзве краіны і яе народы. Актыўна развіваецца двухбаковае ўзаемадзеянне ў сферах спорту, навукі і адукацыі.

"У абедзвюх дзяржавах створаны ўсе неабходныя ўмовы для захавання ідэнтычнасці нацыянальных дыяспар. Дні культуры Украіны ў Беларусі, якія з поспехам прайшлі гэтым летам у Мінску і рэгіёнах, сталі незабыўнай падзеяй", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што ў 2019 годзе ў Мінску адбудуцца ІІ Еўрапейскія гульні. У Беларусі, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, будуць рады бачыць на іх украінскіх спартсменаў і будуць балець за іх паспяховае выступленне гэтак жа, як і за беларускіх атлетаў. "Спорт і наогул мерапрыемствы такога ўзроўню з'яўляюцца магутным аб'яднальным фактарам", - упэўнены Прэзідэнт.



Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што пасля І Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны міжрэгіянальнае супрацоўніцтва дзвюх краін набудзе новае дыханне. "Ён стане важным імпульсам для выхаду на новыя сумесныя ініцыятывы ў галіне эканомікі, культуры, спорту, турызму, адукацыі і навукі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў у сваім выступленні вострае для Украіны і яе суседзяў, у тым ліку для Беларусі, пытанне. "Яно вельмі важнае для мяне асабіста", адзначыў Прэзідэнт, растлумачыўшы, што яго карані ва Украіне, таму гэта краіна для яго не чужая. "Гэта пытанне вайны і міру. Я яго закранаю, таму што яно апошнім часам вельмі палітызаванае. Беларусь знаходзіцца не за тысячы кіламетраў ад канфлікту, ад гэтай вайны, дзе гінуць ні ў чым не вінаватыя людзі. Гэта зусім побач, ля нашага парога, у нашых братоў, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Мэта адна (я гэта ведаю па Прэзідэнце Украіны і, скажу шчыра, па многіх уцягнутых у гэты канфлікт) - спыніць гэту вайну, захаваць адзінай і непадзельнай Украіну".

"І тут мала дамовіцца, будзем шчырымі, Расіі і Украіне. Можна дамовіцца, але гэтага мала. Будзем таксама шчырымі: страчаны давер адзін да аднаго. У сувязі з гэтым, каб быць абсалютна адназначным і пазіцыю Беларусі разумелі нашы браты-ўкраінцы і тыя, хто нас пачуе, каб не было рознай балбатні вакол гэтага, я хачу адкрыта заявіць: мы гатовы ўключыцца ў гэты канфлікт там, дзе складана і дзе няма таго даверу, які павінен быць. Мы гатовы зрабіць гэта, але толькі дзеля аднаго - дзеля міру. Гэту праблему - гэта мой пункт гледжання - павінны вырашыць мы, тры славянскія народы. Гэта наша бяда. Ні еўрапейцы, ні амерыканцы, ні нехта іншы - мы павінны вырашыць гэту праблему, каб яна не была замарожана па прыкладзе іншых некалі гарачых кропак на постсавецкай прасторы", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.

"Рэспубліка Беларусь гатова працаваць толькі ў рамках дамоўленасцей Украіны і Расіі, двух прэзідэнтаў. Запомніце: мы не напрошваемся на ролю міратворца або пасрэдніка. Я гэтага цярпець не магу. Калі былі ўведзены санкцыі Захаду супраць Беларусі, была вялікая колькасць прапаноў па пасрэдніцтве - усе былі гатовы быць пасрэднікам паміж Беларуссю і Захадам. Ад тых пасрэднікаў я адмовіўся, таму не прымаю ніякага пасрэдніцтва. Ніякай міратворчасці з боку Беларусі без жадання двух прэзідэнтаў быць не можа і не будзе", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз звярнуў увагу, што калі трэба ўключыць Беларусь ва ўрэгуляванне канфлікту, то яна будзе дзейнічаць, толькі зыходзячы з дамоўленасцей украінскага і расійскага бакоў. "Расіяне і ўкраінцы нам не чужыя. Гэта нашы родныя людзі", - сказаў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы дадаў, што канфлікт ва Украіне ні ў якім разе не павінен быць пакінуты наступным пакаленням. "Гэта будзе злачынства нашага пакалення перад тымі, хто прыйдзе пасля нас", - падкрэсліў ён.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, на Форуме рэгіёнаў у Гомелі ўкраінскі бок прымаюць вельмі цёпла, і гэта не створыш штучна. "Гэта стаўленне і маё, і мясцовых улад, і, галоўнае, беларусаў, да вас. Мы за вас вельмі перажываем, - звярнуўся да ўкраінскіх гасцей Прэзідэнт. - Мы хочам, каб гэта цудоўная зямля, багацейшая па сваіх рэсурсах і з суперпрацавітымі людзьмі, была працвітаючай. Яна такой і будзе".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што войны заўсёды заканчваюцца - аб гэтым сведчыць гісторыя. "Але чаму нам гэтыя канфлікты не скончыць хутчэй, як мага раней? - спытаў ён. - Я не мог не закрануць гэту тэму з прычыны таго, што Беларусь з усіх бакоў уцягнулі ў гэту праблему. І я хачу, каб вы ведалі нашу пазіцыю: мы калі і прыйдзем з поўначы да вас (я хачу, каб гэта некаторыя ваенныя ва Украіне пачулі), то на камбайнах, трактарах, тралейбусах і аўтобусах. Мы ніколі не прыйдзем да вас на танках".

"Мы не просімся ні пасрэднікамі, ні міратворцамі. Мы проста за вас перажываем. І калі мы нешта зможам і можам для вас зрабіць, мы гатовы. Я наогул не прымаю, калі ўкраінскую зямлю некаторыя спрабуюць выкарыстоўваць як разменную манету. Украіна заўсёды будзе магутнай, працвітаючай і адзінай, але трэба ўмець дамаўляцца. Сёння трэба спыніць братазабойчую вайну - мы да вашых паслуг", - рэзюмаваў беларускі лідар.


© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь