Пяты Усебеларускі народны сход

  • 14

Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады стане асновай для прыняцця рашэнняў у далейшым. Аб гэтым 23 чэрвеня ў заключным слове на V Усебеларускім народным сходзе заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што праграмай толькі намечаны шляхі, па якіх краіна зможа рухацца да пастаўленых мэт. "Паколькі жыццё вельмі разнастайнае, узнікне яшчэ мноства іншых пытанняў. Нам давядзецца прымаць шмат рашэнняў за межамі гэтай праграмы, вядома, грунтуючыся на яе палажэннях", - падкрэсліў Прэзідэнт і запатрабаваў мець на ўвазе і глядзець шырэй на пастаўленыя задачы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Усебеларускі сход адбыўся ў адказны перыяд - напярэдадні парламенцкіх выбараў, якія таксама акажуць значны ўплыў на далейшы лёс краіны."Хачу цвёрда заявіць: ніхто, акрамя беларускага народа, не можа вырашаць, як яму жыць, як развівацца, якім законам быць на нашай зямлі і якім будзе парламент і іншыя органы ўлады. Толькі беларускі народ будзе гэта вызначаць", - нагадаў Кіраўнік дзяржавы.

Другі дзень форуму пачаўся з выступленняў дэлегатаў і запрошаных, яны закранулі шырокае кола тэм сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Каменціруючы некаторыя выступленні, Прэзідэнт падкрэсліў галоўную ролю Нацыянальнай акадэміі навук ва ўкараненні інавацый у вытворчасць, закрануў перспектывы развіцця вёскі, выказаў свой пункт гледжання наконт аптымізацыі дзяржаўнага апарату, зрабіўшы акцэнт у гэтым працэсе на ўзмацненні выканальніцкай дысцыпліны. Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў максімальна ўзмацніць у Беларусі імпартазамяшчэнне.

Падводзячы вынікі пятага Усебеларускага сходу, Прэзідэнт адзначыў, што форум з усёй відавочнасцю паказаў, што народаўладдзе з'яўляецца важнейшым інструментам прыняцця лёсавызначальных рашэнняў у Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць усім адказным за арганізацыю і правядзенне Усебеларускага сходу, а таксама дэлегатам - за падтрымку, разуменне, актыўны ўдзел у распрацоўцы і прыняцці праграмных дакументаў. На форуме была зацверджана доўгатэрміновая стратэгія развіцця краіны, выпрацаваны асноўныя напрамкі інавацыйнага абнаўлення, мадэрнізацыі эканомікі з улікам новых сусветных тэндэнцый. Дэлегаты аднагалосна прынялі рэзалюцыю пятага Усебеларускага народнага сходу і зварот яго ўдзельнікаў да суайчыннікаў.

Праблематыка і дух Усебеларускага сходу, як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, павінны стаць прадметам абмеркавання ва ўсіх рэгіёнах, калектывах, каб уся краіна мабілізавала матэрыяльныя і інтэлектуальныя сілы на вырашэнне пастаўленых задач. Прэзідэнт папрасіў дэлегатаў разам з дэпутатамі, кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый належным чынам правесці гэту работу на месцах. Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу пракантраляваць выкананне прынятых на Усебеларускім сходзе рашэнняў, акцэнтаваў увагу на тым, што грамадзяне, якія звярнуліся на гарачую лінію форуму, павінны атрымаць адказы на свае пытанні.

Завяршаючы сваё выступленне, Прэзідэнт пажадаў усім удзельнікам форуму шчасця, поспехаў, дабрабыту і працвітання.