Перагаворы з замежнымі калегамі на палях саміту Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва

  • 20

Беларусь мае намер актывізаваць гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне з партнёрамі ў розных рэгіёнах свету. Адпаведныя дамоўленасці дасягнуты 14 красавіка ў Стамбуле на перагаворах Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з лідарамі замежных краін у час правядзення саміту Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва.

Усяго Кіраўнік беларускай дзяржавы на палях саміту правёў больш за дзясятак сустрэч і перагавораў з замежнымі калегамі.

Аляксандр Лукашэнка і Эмір Дзяржавы Катар шэйх Тамім бен Хамад аль-Тані абмеркавалі розныя аспекты беларуска-катарскага супрацоўніцтва, у тым ліку перспектыўныя напрамкі развіцця ўзаемадзеяння ў сферы эканомікі. "Спадзяёмся, што адносіны паміж Беларуссю і Катарам будуць развівацца, і Катар зможа разглядаць Беларусь у якасці доўгатэрміновага партнёра", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Тамім бен Хамад аль-Тані адзначыў, што для Катара адносіны з Беларуссю вельмі важныя і маюць стратэгічны характар. Ён заявіў аб гатоўнасці катарскага боку выбудоўваць узаемадзеянне з Беларуссю па ўсіх напрамках.

На сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым бакі абмеркавалі маючыя адбыцца візіты на вышэйшым узроўні, якія дадуць магчымасць сур'ёзна прааналізаваць праблемныя моманты, што ўзнікаюць пад уплывам сусветнага эканамічнага крызісу. "Сённяшняя сустрэча - гэта крок да таго, каб абмяркоўваць гэтыя пытанні і праблемы", - адзначыў беларускі лідар.

У сваю чаргу Нурсултан Назарбаеў выказаў задавальненне магчымасцю сустрэцца. Паводле яго слоў, развіццё эканамічных адносін паміж краінамі ідзе добрымі тэмпамі. Больш таго, Беларусь і Казахстан з'яўляюцца членамі Еўразійскага эканамічнага саюза і АДКБ. "Таму любая сустрэча для нас карысна", - сказаў Прэзідэнт Казахстана.

Асобна Нурсултан Назарбаеў акцэнтаваў увагу на добрых перспектывах для Беларусі па выкарыстанні транспартнай інфраструктуры Казахстана для развіцця гандлёвых адносін з Кітаем. Ён растлумачыў, што за апошні час многае зроблена для развіцця гэтай сферы, што значна паскарае дастаўку грузаў.

Таксама Беларусь гатова прыняць самы актыўны ўдзел у аднаўленні эканомікі Афганістана, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прэм'ер-міністрам гэтай краіны Абдулой Абдулой.

"Мы гатовы да супрацоўніцтва з Афганістанам па ўсіх напрамках. Забароненых тэм абсалютна няма", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.

Ён прапанаваў Афганістану стварыць неабходную для развіцця супрацоўніцтва нарматыўна-прававую базу, заключыўшы класічныя пагадненні, напрыклад, аб узаемнай падтрымцы і абароне інвестыцый, а таксама вызначыць 3-4 фундаментальныя праекты. "Будзем рухацца ў такім напрамку, а пасля гэтых праектаў з'явяцца дзясяткі іншых. Упэўнены, што вы будзеце супрацоўнічаць з намі з вялікім інтарэсам, - сказаў Прэзідэнт. - Аднаўленне вашай краіны, развіццё Афганістана запатрабуе ўсяго таго, што ёсць у Беларусі. І мы гатовы да супрацоўніцтва, стварэння сумесных вытворчасцей, у тым ліку на тэрыторыі Афганістана, той тэхнікі, якая вам будзе патрэбна".

У сваю чаргу Абдула Абдула выказаў надзею, што бакі змогуць паспяхова працаваць разам і пашыраць узаемавыгаднае партнёрства. "Згодны, што паміж нашымі краінамі існуюць цудоўныя магчымасці для гандлю і інвестыцый", - сказаў ён.

Беларусь таксама разлічвае на ўзмацненне гандлёва-эканамічных адносін з Інданезіяй і дасягненне тавараабароту на ўзроўні больш як $1 млрд. Аб гэтым размова ішла на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з віцэ-прэзідэнтам Інданезіі Юсуфам Калам.

Асаблівы акцэнт быў зроблены на перспектывах узаемадзеяння ў прамысловасці. Беларусь у гэтым напрамку гатова ствараць сумесныя прадпрыемствы на тэрыторыі Інданезіі, улічваючы вялікую неабходнасць гэтай краіны ў грузавіках і іншай тэхніцы, вытворчасць якой асвоена ў Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускі бок таксама чакае візіту кіраўніцтва Інданезіі ў Мінск. "Мы маглі б у выніку гэтага візіту выйсці не толькі на аб'ёмы тавараабароту, але і пашырыць наменклатуру тавараў, якімі гандлююць нашы краіны", - сказаў беларускі лідар.

На думку Прэзідэнта, дадатковы імпульс развіццю двухбаковых адносін надало б адкрыццё пасольства Інданезіі ў Беларусі.

На перагаворах Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Пакістана Мамнунам Хусэйнам бакі канстатавалі добрую дынаміку ў развіцці беларуска-пакістанскага ўзаемадзеяння. "Мы вельмі аператыўна рушылі наперад на многіх напрамках нашага супрацоўніцтва. Наша задача - паскорыцца, і мы да гэтага гатовы па ўсіх напрамках", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Па выніках многіх перагавораў дасягнуты дамоўленасці аб хуткім абмене візітамі на вышэйшым узроўні, што павінна надаць яшчэ большую дынаміку развіццю двухбаковых адносін.