Перагаворы з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым

  • 21

Беларусь і Узбекістан з'яўляюцца стратэгічнымі партнёрамі і маюць намер прадаўжаць курс на ўмацаванне супрацоўніцтва. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на перагаворах з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым, якія прайшлі 1 жніўня ў Палацы Незалежнасці.

"Няма неабходнасці гаварыць аб тым, як мы чакалі вас, як вітаем тут, у Беларусі. Літаральна за апошнія два гады мы з вамі поўнасцю перавярнулі нашы адносіны. Наогул пераварочваць асабліва не было чаго, трэба было проста нанава іх ствараць. І за два гады мы зрабілі, на шчасце, значна больш, чым за папярэднія дваццаць пяць гадоў нашых адносін", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час Прэзідэнт падкрэсліў, што тавараабарот паміж краінамі (амаль $160 млн за 2018 год) не адпавядае існуючаму патэнцыялу. Беларусь і Узбекістан, упэўнены ён, маюць значна большыя магчымасці.

Кіраўнікі дзяржаў напярэдадні правялі сустрэчу ў дзяржаўнай рэзідэнцыі "Заслаўе". Аляксандр Лукашэнка крыху прыадкрыў заслону гэтых нефармальных перагавораў: "Мы з вамі планавалі ўчора ў мяне дома павячэраць, а атрымалася так, што больш як палову часу ўдзялілі нашым адносінам і асабліва таму, як пазіцыянуюцца ў сучасным свеце Узбекістан і Беларусь, што адбываецца вакол нашых дзяржаў. На наша здзіўленне, выявілі абсалютна падобныя тэндэнцыі: вы знаходзіцеся ў цэнтры Цэнтральнай Азіі, мы знаходзімся ў цэнтры Еўропы. З гэтым звязаны нашы перавагі і нашы праблемы. Гэтаму мы ўчора ўдзялілі вялікую ўвагу ў нашых перагаворах".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што фішкай візіту Прэзідэнта Узбекістана ў Беларусь стала развіццё міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Бакі ажыццявілі шмат узаемных візітаў на рэгіянальным узроўні, арганізавалі форум, выстаўку ўзбекскай прадукцыі, Дні культуры Узбекістана. Акрамя таго, перад візітам узбекскага лідара ў Мінск быў устаноўлены бюст паэта, дзяржаўнага дзеяча і мысліцеля Алішэра Наваі.

"Усё гэта надае вельмі сур'ёзныя грані вашаму візіту ў Беларусь. Тое, што губернатары сам-насам перагаварылі і ўжо заключылі вялікую колькасць дагавораў, - гэта галоўнае. Наша справа - адкрыць дарогу. Мы яе адкрылі. Па гэтай дарозе павінны пайсці тыя, хто павінен выконваць нашы рашэнні і рэалізоўваць дарожную карту, якую зацвердзілі ўрады Узбекістана і Беларусі", - дадаў Прэзідэнт.

У час сустрэчы кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі не толькі поспехі ў развіцці двухбаковага супрацоўніцтва, але і існуючыя недахопы. "Няма закрытых тэм у Беларусі, няма тых пытанняў, якія мы маглі б не вырашыць. Мы можам вырашыць любыя пытанні ўзаемна. Нашы эканомікі не перасякаюцца, мы ўзаемадапаўняльныя. Усё, што мы вырабляем, патрэбна ва Узбекістане. Усё, што вы вырабляеце, неабходна нам. У той прамысловай і сельскагаспадарчай рэвалюцыі, якую вы пачалі ва Узбекістане, мы, я думаю, будзем не лішнімі і сваё месца знойдзем", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Шаўкат Мірзіёеў у сваю чаргу адзначыў, што гэта першы ў гісторыі двухбаковых адносін візіт Прэзідэнта Узбекістана ў Беларусь і падрыхтоўка да яго была дасканалай з боку абедзвюх краін. "Ва ўсіх службах ёсць узаемнае вельмі сур'ёзнае жаданне супрацоўнічаць, - канстатаваў ён. - Цяпер трэба прайсці па тых кропках росту, дзе можам узаемадзейнічаць на перспектыву. У нас такіх вельмі шмат".

Паводле слоў Прэзідэнта Узбекістана, перагаворы з беларускім лідарам, якія прайшлі 31 ліпеня, былі вельмі змястоўнымі, давернымі. "Мы вельмі падрабязна абмеркавалі выклікі і ўсё, што адбываецца ў свеце", - сказаў ён. На яго думку, рашэнні і дамоўленасці, дасягнутыя за 25 гадоў двухбаковых адносін, выконваюцца і даюць пазітыўны вынік. Разам з тым патэнцыял рэалізаваны не ў поўнай меры. "Той тавараабарот, які існуе, мы павінны нарасціць у разы, таму што для гэтага ёсць усе падставы", - упэўнены Прэзідэнт.

Адным з важных вынікаў візіту ён назваў актывізацыю прамых кантактаў паміж рэгіёнамі. "Самае галоўнае, што пачалі сустракацца нашы рэгіёны. Ім не трэба перашкаджаць, трэба дапамагаць рэгіёнам, адкрыць дарогу. Мы стварылі ім добрую базу для ўзаемных зносін", - сказаў Шаўкат Мірзіёеў.

Прэзідэнт падкрэсліў зацікаўленасць Узбекістана ў наладжванні кантактаў з беларускімі прадпрыемствамі. "Нам вельмі патрэбна кааперацыя. Беларусь у многіх галінах за гады незалежнасці дасягнула вялікіх поспехаў. Я заўсёды гавару членам Урада, міжурадавай камісіі, што трэба часцей сустракацца, каб было менш папер, а больш выніку", - дадаў ён.

Сёння ў лідараў дзвюх краін ёсць добрая магчымасць абмяняцца меркаваннямі па шырокім коле пытанняў, у тым ліку і міжнародным парадку дня, адзначыў Шаўкат Мірзіёеў. Гэта мае важнае значэнне, паколькі Узбекістан знаходзіцца ў Цэнтральнай Азіі, а Беларусь размяшчаецца ў цэнтры Еўропы. "Праблемы, якія існуюць, вельмі падобныя", - лічыць узбекістанскі лідар.

На перагаворах з Шаўкатам Мірзіёевым у пашыраным складзе Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі і Узбекістана ёсць узаемнае імкненне да рознабаковага развіцця дыялогу.

"Беларусь і Узбекістан заўсёды звязвала нешта большае, чым проста дружалюбныя адносіны. Гэта сімпатыя, заснаваная на ўласцівых нашым народам працавітасці, любові да зямлі, імкненні да міру і стварэння, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - У нас насычаны парадак дня, шмат спадарожных мерапрыемстваў, звязаных з цяперашнім візітам: першы ў гісторыі Форум рэгіёнаў па прапанове Прэзідэнта Узбекістана, Дні ўзбекскай культуры, нацыянальная выстаўка вашай краіны. Такая разнапланавая праграма з'яўляецца яркім пацвярджэннем узаемнага імкнення да рознабаковага развіцця дыялогу".

Прэзідэнт падкрэсліў, што пашырэнне прамых эканамічных і гуманітарных кантактаў паміж абласцямі, прадпрыемствамі, грамадзянамі забяспечыць якаснае ўмацаванне міждзяржаўных сувязей. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што па выніках яго мінулагодняга візіту ў Ташкент была зацверджана дарожная карта па развіцці супрацоўніцтва паміж краінамі. У гэты дакумент увайшло больш за 150 мерапрыемстваў, якія закранаюць сферы прамысловасці, сельскай гаспадаркі, фармацэўтыкі, будаўніцтва, транспарту, адукацыі. Паводле яго слоў, падпісаныя тады ў час візіту пагадненні (усяго 19 дакументаў) уступілі ў сілу і выконваюцца.

"Упэўнены, сённяшняя сустрэча надасць дадатковы імпульс двухбаковым адносінам, напоўніць іх новым практычным зместам", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Беларускі лідар адзначыў, што ўмацаванне гандлёва-эканамічных сувязей з'яўляецца галоўным пытаннем у беларуска-ўзбекістанскіх адносінах. "За гады незалежнасці Узбекістан зрабіў якасны прарыў у дыверсіфікацыі нацыянальнай эканомікі, створаны новыя галіны: аўтамабілебудаванне, нафтагазахімія, вытворчасць сельгастэхнікі. Беларусь гатова пашыраць супрацоўніцтва з Узбекістанам на эканамічным напрамку, у тым ліку шляхам рэалізацыі сумесных інвестыцыйных праектаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што апошнія гады тавараабарот паміж краінамі значна расце, але ўсё яшчэ не адпавядае існуючаму патэнцыялу. "Мы можам істотна павялічыць аб'ём гандлю. Больш таго, мы лічым тавараабарот пад $200 млн, а на самай справе ён, калі ўлічыць пасрэднікаў, аж паўмільярда - розніца ў два з лішнім разы. Трэба навесці парадак, - падкрэсліў ён. - Гэта датычыцца не толькі беларускага экспарту, але і імпартных паставак з вашай краіны. Попыт на ўзбекскія бавоўнавае валакно, пражу, фрукты і іншыя тавары ў нашай краіне вельмі высокі".

У мінулым годзе ў час візіту Прэзідэнта Беларусі ва Узбекістан бакі дамовіліся стварыць некалькі малочнатаварных комплексаў з прыцягненнем беларускіх праектных і будаўнічых арганізацый. Планавалася ўкамплектаваць іх беларускай тэхнікай. Цяпер удалося стварыць толькі адно сумеснае прадпрыемства ў Ташкенцкай вобласці, яго сузаснавальнікам выступіла ААТ "Здравушка-мілк".

"Трэба гэтыя тры праекты завяршыць і пабудаваць малочныя перапрацоўчыя прадпрыемствы, каб мы маглі гандляваць не толькі ва Узбекістане, але і ў суседзяў, у прыватнасці ў Афганістане, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Напэўна, у нас ёсць невялікія праблемы з фінансаваннем гэтых праектаў. Тут і мы павінны паглядзець на гэтыя аб'екты, і, я думаю, Шаўкат Мірамонавіч, вы пасля гэтага візіту таксама абмяркуеце гэтыя пытанні. Мы падрыхтавалі ўжо план-графік паставак ва Узбекістан 1,5 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы ў 2019-2020 гадах. Мы ні на Венгрыю, ні на Еўропу не арыентуемся. Мы пабудуем комплексы і паставім сваю жывёлу, каб у вас было потым з каго спытаць за вынік".

Прэзідэнт з задавальненнем адзначыў інтэнсіўнае супрацоўніцтва ў галіне фармацэўтыкі. Бакі рэалізуюць тры сумесныя праекты на тэрыторыі Узбекістана: вытворчасць камплектаў дыялізатараў і дыялізных магістралей для хворых, якія пакутуюць на нырачную недастатковасць, выпуск антыбіётыкаў, а таксама антысептычных і дэзынфіцыруючых сродкаў. Прапрацоўваецца пытанне стварэння адзінай вытворчай пляцоўкі холдынга "Белфармпрам" ва Узбекістане.

Яшчэ адной перспектыўнай сферай узаемадзеяння, на думку беларускага боку, з'яўляецца лёгкая прамысловасць. Беларусь традыцыйна закупляе ва Узбекістане значныя аб'ёмы баваўнянай пражы, трыкатажнага палатна, адзення. "Аднак і беларускія прадпрыемствы могуць экспартаваць штучныя тканіны, трыкатаж, гарсэтныя, панчошна-шкарпэтачныя вырабы. Нашы фабрыкі пастаўляюць тканіны і тэкстыльную галантарэю для сілавых структур дзяржаў СНД. Мы зацікаўлены наладзіць больш цеснае ўзаемадзеянне з Узбекістанам", - заявіў Прэзідэнт. У прыклад ён прывёў работа па арганізацыі на ўзбекістанскай тэрыторыі выпуску абутку і футры з аўчыны холдынга "Марко".

Перспектыўным напрамкам супрацоўніцтва Аляксандр Лукашэнка таксама назваў ІТ-сектар. Ён адзначыў, што ў Беларусі паспяхова ствараюцца інфармацыйныя сістэмы ў сферах дзяржаўнага кіравання, транспарту, фінансава-крэдытнай дзейнасці, айчынныя кампаніі даказалі сваю канкурэнтаздольнасць на сусветным рынку. "Мы прапануем рэалізаваць ва Узбекістане праекты па ўкараненні аўтаматызаванай сістэмы ўліку прыроднага газу з выкарыстаннем беларускага праграмнага забеспячэння і лічыльнікаў газу, па мадэрнізацыі і аўтаматызацыі газаразмеркавальнай і газатранспартнай сетак. Калі будзе падтрымка гэтым праектам, мы гатовы пачаць іх практычную прапрацоўку", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Прапануем рэалізаваць ва Узбекістане маштабны праект з высокай ступенню лакалізацыі па стварэнні комплексу для выпуску грузавой, спецыяльнай і прычапной тэхнікі, аўтобусаў на газаматорным паліве. МАЗ гатовы ўдзельнічаць у гэтым праекце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што ў Беларусі паспяхова апрабаваны камбайны на газаматорным паліве. Гэта тэхніка мае вялікія перавагі: затраты на яе эксплуатацыю ніжэйшыя на 40%. "Мы ў Беларусі будзем гэтым займацца. Хацелася б, каб гэты вопыт быў і ў нашых сяброў ва Узбекістане", - дадаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, прынцыпова важным застаецца пытанне эфектыўнай рэалізацыі беларуска-ўзбекскіх праектаў, паколькі не атрымалася пакуль што ажыццявіць усе прапановы, якія абмяркоўваліся раней. "Можа быць, гэта і нармальна. Таму мы і праводзім перагаворы па чарзе кожны год", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Напрыклад, у мінулым годзе ў Ташкенце адкрылі завод па вытворчасці дарожна-будаўнічай тэхнікі "Амкадор-Агратэхмаш". Аднак работа прадпрыемства паказала, што ёсць праблемы з рэалізацыяй прадукцыі і ўключэннем яе ў праграмы дзяржаўнай падтрымкі. Гэта пытанне прэзідэнты абмеркавалі ў час перагавораў у вузкім складзе. "Нам трэба разам знайсці рашэнні, якія выведуць гэты завод на поўную моц. У гэтым зацікаўлены абедзве дзяржавы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

З улікам вытворчасці трактароў МТЗ на Ташкенцкім заводзе сельскагаспадарчай тэхнікі беларускі бок лічыць магчымым распрацаваць доўгатэрміновую праграму супрацоўніцтва і стварыць сумеснае прадпрыемства. "Мы прасілі б, каб быў выдзелены зямельны ўчастак у Зангіяцінскім раёне Ташкенцкай вобласці ў мэтах арганізацыі сэрвіснага цэнтра па абслугоўванні трактароў для дылера ААТ "МТЗ" ва Узбекістане", - сказаў Прэзідэнт.

Пачаў работу па адкрыцці ва Узбекістане зборачных вытворчасцей і Мінскі аўтамабільны завод, ён супрацоўнічае з дзвюма ўзбекскімі прыватнымі кампаніямі. "Хацелася б, каб і па сертыфікацыі нашых шасі пытанне таксама было вырашана. Думаю, што вялікіх праблем не будзе", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Шаўкат Мірзіёеў адзначыў, што адносіны паміж краінамі асабліва дынамічна развіваюцца ў апошнія гады. "Безумоўна, вырашальную ролю ў гэтым адыгрывае рэгулярны дыялог на вышэйшым узроўні і наша цвёрдая палітычная воля. Вынікі вашага, Аляксандр Рыгоравіч, мінулагодняга візіту ва Узбекістан сталі сапраўды прарыўнымі ва ўсіх напрамках. Зададзены новыя арыенціры далейшага практычнага супрацоўніцтва. Галоўнае - удалося стварыць спрыяльную атмасферу для ўсебаковага пашырэння даверных і ўзаемавыгадных адносін, - сказаў ён. - Мы многае зрабілі за апошнія некалькі гадоў, аднак патэнцыял і магчымасці для нашай будучай работы велізарныя".

Прэзідэнт Узбекістана запэўніў, што ў бліжэйшы час будзе абноўлена дарожная карта супрацоўніцтва дзвюх краін, каб замацаваць у ёй канкрэтныя даручэнні па вырашэнні праблемных пытанняў, якія абмяркоўваліся ў час яго візіту. У прыватнасці, гэта датычыцца выдзялення зямельнага ўчастка для арганізацыі сэрвіснага цэнтра абслугоўвання трактароў МТЗ, своечасовых разлікаў і фінансавання сумесных праектаў.

Паводле яго слоў, прадукцыю прамысловых гігантаў Беларусі, такіх як БелАЗ, МАЗ, МТЗ, ва Узбекістане добра ведаюць, яна з'яўляецца высакаякаснай і запатрабаванай. "Нам таксама ёсць што прапанаваць вам. Міжурадавай камісіі неабходна глыбока прааналізаваць гандлёвыя патокі і падрыхтаваць канкрэтныя прапановы, за кошт чаго мы можам у бліжэйшыя гады павялічыць тавараабарот у разы, - падкрэсліў Шаўкат Мірзіёеў. - За два гады аб'ём тавараабароту вырас амаль у 4 разы. Тэмпы, вядома, уражваюць. Разам з тым важна задзейнічаць усе рэзервы і дасягнуць збалансаванасці ўзаемнага гандлю".

У ліку прыярытэтаў супрацоўніцтва на бліжэйшую перспектыву ўзбекістанскі лідар назваў захаванне і нарошчванне дынамікі тавараабароту і прывядзення да адзіных стандартаў вядзення падлікаў аб'ёмаў узаемнага гандлю. Ёсць зацікаўленасць у стварэнні сумесных кластараў у сельскай гаспадарцы і тэкстыльнай галіне для сумеснага асваення рынкаў трэціх краін.

У час перагавораў прэзідэнты абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва ў рамках ЕАЭС, прамысловай кааперацыі, абмену тэхналогіямі. "Мы можам прапанаваць ёмісты ўнутраны рынак, а таксама найкарацейшы выхад на выключна перспектыўны рынак Афганістана, - прадоўжыў Шаўкат Мірзіёеў. - Аб'яднаўшы намаганні, Беларусь і Узбекістан маглі б унесці дастойны ўклад у аднаўленне гэтай шматпакутнай краіны".

Па выніках перагавораў у прысутнасці прэзідэнтаў бакі падпісалі пакет міжнародных дакументаў аб развіцці ўзаемадзеяння ў розных сферах. Кіраўнікі дзяржаў падпісалі таксама сумесную заяву, у якой дамовіліся ўсямерна садзейнічаць далейшаму росту ўзроўню двухбаковых адносін.

Аляксандр Лукашэнка і Шаўкат Мірзіёеў канстатавалі, што абедзве краіны развіваюць шматпланавае ўзаемадзеянне на аснове доўгатэрміновага партнёрства, узаемнай выгады і ўліку інтарэсаў адзін аднаго. Яны дамовіліся, што прадоўжаць выкарыстоўваць механізм рэгулярных сустрэч на вышэйшым і высокім узроўнях, пастаянна абменьваючыся думкамі і ўзгадняючы пазіцыі па ключавых пытаннях рэгіянальнага і міжнароднага парадку дня. Плануецца замацаваць практыку ўзаемнай падтрымкі ініцыятыў і кандыдатур у рамках ААН і іншых арганізацый, прадоўжыць удасканаленне дзейнасці ў рамках СНД і ШАС.

Прэзідэнты пазітыўна ацанілі актыўны дыялог паміж парламентамі дзвюх краін, назвалі плённай дзейнасць сумеснай міжурадавай камісіі, а таксама адзначылі дадатную дынаміку ва ўзаемным гандлі, існуючы патэнцыял для павелічэння тавараабароту. Бакі выказалі зацікаўленасць у пашырэнні прамых міжрэгіянальных сувязей і дамовіліся нарошчваць супрацоўніцтва ў розных сферах.

У час сустрэчы з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі пасля перагавораў з узбекістанскім лідарам Аляксандр Лукашэнка заявіў, што прыярытэтнымі напрамкамі беларуска-ўзбекскага ўзаемадзеяння павінны стаць паглыбленне вытворчай кааперацыі і стварэнне сумесных прадпрыемстваў. "У нашых краін добрыя перспектывы для нарошчвання супрацоўніцтва ў машынабудаванні, сельскай гаспадарцы, фармацэўтыцы, транспартнай галіне, сферы інфармацыйных тэхналогій. Прыярытэтнымі напрамкамі эканамічнага ўзаемадзеяння павінны стаць паглыбленне вытворчай кааперацыі, стварэнне сумесных прадпрыемстваў, забеспячэнне максімальна спрыяльных умоў для абмену таварамі і паслугамі", - сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, у час перагавораў з Шаўкатам Мірзіёевым былі абмеркаваны існуючыя дамоўленасці і намечаны перспектывы далейшага супрацоўніцтва. "За той няпоўны год, які прайшоў з моманту майго візіту ва Узбекістан, дасягнуты значны прагрэс ва ўмацаванні адносін паміж нашымі краінамі. Гэтаму садзейнічаў сістэмны міждзяржаўны дыялог, у тым ліку на вышэйшым узроўні, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Як выказаўся мой калега, перагаворы і сустрэчы на рэгіянальным узроўні значна ажывяць наш гандаль, і яго аб'ём павялічыцца ў разы".

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што I Форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана, які адбыўся ў Мінску, стане эфектыўнай пляцоўкай не толькі для нарошчвання гандлёвага супрацоўніцтва, але і ў сферы інвестыцый.

"Я вельмі радуюся поспехам Узбекістана. Мне абсалютна блізкія і зразумелыя тыя дзеянні Прэзідэнта, якія ён робіць, каб падняць краіну. Цяперашняя ўлада Узбекістана ажыццяўляе рэвалюцыю ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы. Яна не проста мадэрнізуе краіну і галіны эканомікі - яна стварае прынцыпова новыя напрамкі жыцця ўзбекістанскага грамадства. Вядома, для гэтага патрэбны тэхналогіі", - канстатаваў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што тэхналогіі, прапанаваныя беларускім бокам, ёсць і ў іншых краінах, але важны таксама іх якасць і кошт, адказнасць інвестараў. Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў беларускую дэлегацыю: "Я паабяцаў Прэзідэнту (ён спыніўся не на амерыканцах, не на немцах, расіянах або кітайцах, а на Беларусі), што мы ніколі яго не падвядзём і ён ніколі не пашкадуе, што звязаўся з беларусамі. Каб сёння мадэрнізаваць і стварыць фундамент развіцця Узбекістана, беларускіх тэхналогій дастаткова. Яны ёсць і ў іншых краінах, але мы прапанавалі "цану-якасць" і найвышэйшую адказнасць за гэта супрацоўніцтва. І мы гэта павінны зрабіць".

"Мы абмеркавалі актуальныя пытанні рэгіянальнага і глабальнага характару. Акрэслілі перспектывы сумеснай работы ў рамках Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Мы пацвердзілі гатоўнасць умацоўваць партнёрства ў барацьбе з тэрарызмам, экстрэмізмам, кантрабандай наркотыкаў, іншымі выклікамі і пагрозамі сучаснасці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паступальна, паводле яго слоў, развіваецца дыялог паміж краінамі і ў гуманітарнай галіне. У мінулым годзе з поспехам прайшлі Дні Беларусі ва Узбекістане, а напярэдадні візіту Шаўката Мірзіёева сваю творчасць у Мінску прадставілі ўзбекскія майстры мастацтваў. "У галіне навукі і адукацыі ёсць значны патэнцыял для абмену вопытам, навучання, стажыровак спецыялістаў, рэалізацыі сумесных праектаў", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што падпісаны па выніках перагавораў унушальны пакет дакументаў павінен істотна ўмацаваць супрацоўніцтва паміж краінамі, перш за ўсё дзелавое і рэгіянальнае, а таксама пашырыць магчымасці ўзаемадзеяння ў сферах інвестыцый, інфармацыі, адукацыі і аховы навакольнага асяроддзя.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Прэзідэнту Узбекістана за яго асабісты ўклад у развіццё двухбаковых адносін. "Не было б вашай волі, мы цялёпкаліся б на тым жа ўзроўні, што і дваццаць пяць гадоў таму. Ваша воля, рашучасць зрабіць Узбекістан працвітаючай краінай не толькі ў Цэнтральнай Азіі, але і ў свеце далі нам надзеі на гэта супрацоўніцтва", - заявіў беларускі лідар.

Кіраўнікі дзвюх дзяржаў пасля перагавораў у вузкім і пашыраным фарматах, цырымоніі падпісання міжнародных дакументаў, сумеснай заявы для прэсы і пасадкі дрэва на Алеі ганаровых гасцей наведалі выстаўку нацыянальнай прадукцыі "Зроблена ва Узбекістане".

Аляксандр Лукашэнка падрабязна азнаёміўся з прадстаўленымі экспазіцыямі і запрасіў узбекістанскія прадпрыемствы больш актыўна працаваць на беларускім рынку. Шаўкат Мірзіёеў расказаў беларускаму лідару аб прадукцыі, якую прывезлі на выстаўку каля 80 прадпрыемстваў з Узбекістана. У сваю чаргу ўзбекістанскія вытворцы ў час размовы з лідарамі дзвюх дзяржаў адзначылі, што I Форум рэгіёнаў, які адбыўся напярэдадні, надаў імпульс наладжванню двухбаковых кантактаў, дапамог у пошуку партнёраў.

Аб супрацоўніцтве з Беларуссю расказалі прадстаўнікі ІТ-сферы. Яны звярнулі ўвагу, што ва Узбекістане створаны ІТ-парк, прэферэнцыі ў якім аналагічныя тым, што створаны ў беларускім ПВТ. Гэта дае магчымасць спрасціць узаемадзеянне дзвюх краін у ІТ-сферы.

Нацыянальная выстаўка ўзбекскіх тавараў стала яшчэ адной пляцоўкай для прадаўжэння размовы паміж кіраўнікамі дзвюх дзяржаў аб развіцці супрацоўніцтва і прамысловай кааперацыі.