Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Перагаворы з Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам

28 чэрвеня 2019 года

Адносіны Беларусі і Таджыкістана выходзяць на ўзровень стратэгічнага партнёрства. Такі вынік перагавораў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Прэзідэнта Таджыкістана Эмамалі Рахмона, якія адбыліся 28 чэрвеня ў Палацы Незалежнасці.

Па пратаколе перагаворам кіраўнікоў дзяржаў папярэднічала цырымонія афіцыйнай сустрэчы. Аляксандр Лукашэнка вітаў таджыкскага калегу ва ўнутраным двары Палаца Незалежнасці, пасля выканання гімнаў і фатаграфавання прэзідэнты накіраваліся на перагаворы ў вузкім фармаце. "Вельмі рады, што вы прыехалі. Вы сапраўдны не толькі мой сябар, але і сябар беларускага народа", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што візіт Прэзідэнта Таджыкістана ў Беларусь супаў з правядзеннем у Мінску II Еўрапейскіх гульняў. У сталіцу прыехалі тысячы замежных турыстаў, многія з якіх упершыню адкрываюць для сябе Беларусь. "У вас уяўленне аб Беларусі правільнае, і вельмі рады, што вы, прыехаўшы да нас, пабудзеце на закрыцці гэтых гульняў паслязаўтра. Але галоўнае - гэта нашы з вамі перагаворы, дзе мы падкарэкціруем нашу дарожную карту адносін у плане інтэнсіфікацыі, пагаворым пра больш цеснае супрацоўніцтва паміж Таджыкістанам, Беларуссю і трэцімі краінамі, асабліва з Афганістанам. Вы прапаноўвалі, што трэба падцягваць да гэтага супрацоўніцтва Афганістан", - сказаў беларускі лідар.

"Ёсць вельмі шмат пытанняў, якія мы з вамі можам абмеркаваць сёння. Думаю, падключыцца да гэтых перагавораў і Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін. Мы зможам пагаварыць утраіх. Думаю, вы не будзеце супраць, у нас таксама ёсць пытанні ў рамках СНД і АДКБ, нашага абароннага саюза. Словам, сумаваць мы вам не дадзім", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў Беларусі рэалізоўваецца ініцыятыва па закладцы двух садоў дружбы з Таджыкістанам. "Гэта спроба знайсці новыя культуры для вытворчасці тавараў сельскагаспадарчага прызначэння ў Беларусі - тых, якія мы раней не выраблялі. Аналагічным шляхам мы спрабуем супрацоўнічаць з Узбекістанам, там бахчавыя культуры. Іх спецыялісты гэтак жа, як вашы, прыязджалі сюды. Сёе-тое мы ўжо высадзілі ў гэтым годзе, атрымалі вельмі высокую ацэнку спецыялістаў Узбекістана. Таджыкскія спецыялісты тут даўно працуюць разам з намі і пашыраюць гэты напрамак", - расказаў Прэзідэнт.

Ён паведаміў таджыкскаму лідару, што перад сельскай гаспадаркай Беларусі стаіць задача выйсці на вытворчасць новых відаў прадукцыі, асабліва з улікам клімату, які мяняецца. "Мы асабліва гэта адчулі ў гэтым годзе, калі стаіць гарачыня. Дзякуй вам: вы ўчора прывезлі да нас добрае надвор'е, прайшлі дажджы, асабліва ў цэнтры Беларусі. Словам, няпросты год, але, думаю, ён будзе лепшы, чым мінулы, у сельскай гаспадарцы, і зразумела, па перапрацоўцы сельгаспрадукцыі, прадуктах харчавання", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу Эмамалі Рахмон падкрэсліў, што таджыкістанска-беларускія адносіны і супрацоўніцтва з'яўляюцца дружалюбнымі і маюць тэндэнцыю да паступальнага развіцця. "Што датычыцца выканання нашых дамоўленасцей пасля вашага афіцыйнага візіту ў Душанбэ (Прэзідэнт Беларусі наведваў Таджыкістан з афіцыйным візітам у маі 2018 года. - Заўвага), асноўнае выконваецца. Мы вельмі задаволены, але ёсць незадзейнічаныя механізмы і магчымасці як у аграрным сектары, асабліва ў раслінаводстве, жывёлагадоўлі, так і ў галіне машынабудавання. Тое, што мы з вамі запусцілі (сумесныя прадпрыемствы і зборачныя вытворчасці ў Таджыкістане. - Заўвага), паспяхова працуе. Ёсць вельмі добрая база ўзаемадзеяння і перспектывы супрацоўніцтва не толькі двухбаковага характару, але і з бліжэйшымі краінамі рэгіёна, такімі як Афганістан", - сказаў таджыкскі лідар.


Пасля перагавораў прэзідэнтаў у вузкім складзе сустрэча прадоўжылася ў пашыраным фармаце з удзелам членаў дэлегацый. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што бакі пераканаліся ў падабенстве падыходаў да ацэнкі рэгіянальнай і глабальнай сітуацыі. Ён канстатаваў, што Мінск і Душанбэ традыцыйна падтрымліваюць адзін аднаго на міжнародных пляцоўках, і выказаў упэўненасць, што так будзе і далей.

"Нам трэба будзе падпісаць знакавы дакумент - Дагавор аб стратэгічным партнёрстве. Ён з'яўляецца заканамерным вынікам выбудоўвання дружалюбных, па-сапраўднаму канструктыўных адносін. Яго ажыццяўленне надасць дынаміку далейшай рабоце па ўсіх напрамках", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заявіў, што паміж краінамі няма закрытых тэм для супрацоўніцтва, і адзначыў поўнае ўзаемаразуменне з таджыкскім калегам. "Калі мы дамовіліся - усё выконваецца ў тэрмін. Гэта пацвярджае рэалізацыя ініцыятывы па закладцы ў Беларусі садоў беларуска-таджыкскай дружбы", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь настроена на сістэмную і доўгачасовую работу з Таджыкістанам у эканамічнай сферы. Аднак, на яго думку, тавараабарот пад $40 млн, які дасягнуты па выніках 2018 года, абсалютна не адпавядае патэнцыялу беларуска-таджыкскага супрацоўніцтва. "Спадзяёмся, што тэндэнцыя падзення аб'ёмаў гандлю мае часовы характар. Прысутныя тут члены дэлегацыі абавязаны яе выправіць. Нядобра пры нашых такіх адносінах мець яшчэ і падзенне ў тавараабароце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прывёў некалькі напрамкаў, дзе, як ён лічыць, Беларусь і Таджыкістан павінны паглыбіць супрацоўніцтва.

Паводле яго слоў, падабенства поглядаў на развіццё рэальнага сектара заклала аснову для супрацоўніцтва ў галіне прамысловай кааперацыі. Ужо другі год у Гісары працуе сумесная зборачная вытворчасць трактароў МТЗ, пры гэтым беларускі бок гатовы да яшчэ больш актыўнага партнёрства, напрыклад, пашырэння наменклатуры выпускаемай тэхнікі, адаптаванай пад патрэбы аграрнай галіны Таджыкістана. "Гэтаму будзе садзейнічаць прыняцце рашэння аб вызваленні сумесна выпускаемай прадукцыі ад выплаты падатку на дабаўленую вартасць", - заўважыў Прэзідэнт.

Далейшыя перспектывы ён таксама бачыць у пастаўках беларускіх грузавых аўтамабіляў, дарожна-будаўнічай і пасажырскай тэхнікі, абнаўленні парку чыгуначных вагонаў, якія адпавядаюць таджыкскім кліматычным і эксплуатацыйным умовам. Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што жыхары Душанбэ змаглі па заслугах ацаніць беларускія тралейбусы. Аднак тут бакі маюць невялікія рознагалоссі: Таджыкістан прапануе знізіць кошт тэхнікі, што для беларускага прадпрыемства не вельмі выгадна. Прэзідэнт лічыць, што гэта пытанне можна ўрэгуляваць. "Гэта вельмі важна, гэта першыя крокі. Няхай паўтары сотні (тралейбусаў. - Заўвага), але гэта добры аб'ём. Трэба дамаўляцца і пастаўляць, калі ёсць попыт на нашу прадукцыю, асабліва тралейбусы ў Душанбэ", - сказаў ён.

"Цяпер крызісныя з'явы ў свеце ўносяць карэктывы ў развіццё эканамічных адносін. Таму важна шукаць новыя формы і метады работы, таксама з улікам існуючых у Беларусі інструментаў падтрымкі экспарту", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.


Паралельна з праектамі ў машынабудаванні неабходна пашыраць дыялог у сельскай гаспадарцы, уключаючы аграрную адукацыю, лічыць Кіраўнік дзяржавы. На яго думку, Беларусі і Таджыкістану трэба працаваць над павелічэннем узаемных закупак прадуктаў харчавання і прадукцыі лёгкай прамысловасці, развіваць супрацоўніцтва ў галіне племянной жывёлагадоўлі.

"Вітаем пачатак работы ў Душанбэ сумеснай кампаніі па вытворчасці малочных прадуктаў. Беларускі вопыт у гэтай галіне, а таксама тэхналогіі і сыравіна даюць магчымасць стварыць унікальныя для Таджыкістана прадпрыемствы. Яны будуць выпускаць экалагічную якасную прадукцыю, адкрыюць магчымасці для нарошчвання экспарту ў Кітай, Афганістан, іншыя краіны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што за кароткі перыяд Беларусь і Таджыкістан дасягнулі пэўных поспехаў у навукова-тэхнічнай сферы, дадатковы імпульс гэтаму надае дзейнасць сумеснай рабочай групы па супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналогій. Дынамічна развіваюцца і адносіны ў гуманітарнай сферы. Цяпер у беларускіх ВНУ навучаюцца больш за 500 таджыкскіх грамадзян, а дзякуючы стварэнню пяці сумесных факультэтаў сёння можна атрымліваць беларускую адукацыю і ў Таджыкістане.

У той жа час таджыкскае кіраўніцтва хоча пашырыць супрацоўніцтва з Беларуссю ў сферы адукацыі. Перспектыўным для яго бачыцца стварэнне ў Таджыкістане філіялаў беларускіх ВНУ, адкрыццё новых сумесных факультэтаў і нават устаноў вышэйшай адукацыі. "Трэба дапамагчы закласці аснову. Як сказаў Эмамалі Шарыпавіч, няхай адразу тысяча, паўтары тысячы будзе студэнтаў, з малога трэба пачынаць. Думаю, трэба вывучыць гэту тэму і падтрымаць нашых таджыкскіх сяброў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі бок таксама гатовы абменьвацца вопытам прафесійна-тэхнічнай падрыхтоўкі кадраў, стварэння сеткі неабходных цэнтраў, аказваць кансультацыйныя паслугі ў сферы развіцця адукацыйных праграм.

Асаблівае значэнне Беларусь надае развіццю адносін з Таджыкістанам у сферы культуры. "Мы чакаем таджыкскіх майстроў культуры і мастацтва ў сябе ў гэтым годзе ў рамках дзён культуры. Гэта ўжо існуючая традыцыя з'яўляецца важным фактарам умацавання дружалюбных адносін паміж народамі", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць таджыкскаму боку за дапамогу ў арганізацыі другога бізнес-форуму "Беларусь - Таджыкістан - Афганістан". Кіраўнік дзяржавы разлічвае, што практыка правядзення такіх мерапрыемстваў прадоўжыцца і з'явяцца новыя цікавыя прапановы па ўзаемадзеянні ў трохбаковым фармаце.

"Гэты фармат ні ў якім разе нельга выключаць, яго трэба пашыраць, як бы ні было складана, - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да міністра замежных спраў Уладзіміра Макея. - Афганістан - велізарная краіна, і Эмамалі Шарыпавіч гаворыць аб тым, што Афганістан мае патрэбу ў тых таварах, якія мы можам вырабіць у Душанбэ і іншых гарадах Таджыкістана, а можа быць, потым і ў Афганістане. Таму гэты напрамак трэба развіваць".

Кіраўнік Таджыкістана чарговы раз падкрэсліў, што высока цэніць адносіны дружбы і ўзаемнай падтрымкі, што склаліся паміж краінамі. "Мы надаём асаблівае значэнне развіццю шматпланавага супрацоўніцтва з Беларуссю. У нас склаліся цесныя адносіны ўзаемнай павагі, даверу і падтрымкі, якімі мы вельмі даражым, - прадоўжыў ён. - Таджыкістан пацвярджае сваю гатоўнасць і далей умацоўваць палітычны дыялог, пашыраць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва і культурна-гуманітарныя адносіны паміж нашымі краінамі. Мы таксама будзем усяляк садзейнічаць пашырэнню прамых сувязей паміж рэгіёнамі нашых краін і суб'ектамі гаспадарання".


Па выніках перагавораў прэзідэнты падпісалі Дагавор аб стратэгічным партнёрстве. "Гэта гістарычны момант, гэта выхад у космас, калі хочаце, у адносінах паміж дзвюма дзяржавамі, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - У ім мы замацавалі якасна новы статус двухбаковых адносін і пацвердзілі намер актыўна развіваць іх ва ўсіх галінах, якія ўяўляюць узаемны інтарэс. Гэта заканамерны вынік вялікага шляху, які прайшлі Беларусь і Таджыкістан у выбудоўванні міждзяржаўных сувязей".

Кіраўнікі дзяржаў таксама паставілі подпісы пад сумеснай заявай, у якой бакі пацвердзілі зацікаўленасць у развіцці ўсебаковага ўзаемадзеяння ў доўгатэрміновай перспектыве і падкрэслілі неабходнасць паглыблення міждзяржаўных адносін.

Аляксандр Лукашэнка і Эмамалі Рахмон канстатавалі падабенства пазіцый абедзвюх краін па ключавых пытаннях міжнароднай палітыкі і заявілі аб намеры актывізаваць супрацоўніцтва ў рамках міжнародных і рэгіянальных арганізацый. Яны таксама падкрэслілі неабходнасць далейшых сумесных намаганняў у барацьбе з тэрарызмам, экстрэмізмам, нелегальнай міграцыяй, іншымі выклікамі і пагрозамі.

У прысутнасці прэзідэнтаў прадстаўнікі абедзвюх дзяржаў падпісалі шэраг важных дакументаў аб супрацоўніцтве ў інфармацыйнай, адукацыйнай, навукова-тэхнічнай, праваахоўнай, фінансавай, спартыўнай, сельскагаспадарчай сферах.

У час сустрэчы з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі пасля перагавораў з таджыкскім лідарам Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Таджыкістан з'яўляецца верным сябрам і важным партнёрам Беларусі. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што паміж краінамі няма і не будзе закрытых тэм.

Беларускі лідар падзякаваў Эмамалі Рахмону за візіт у Беларусь у дні правядзення II Еўрапейскіх гульняў. Прэзідэнт таксама лічыць сімвалічным, што візіт праходзіць напярэдадні святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. "Мы свята захоўваем памяць аб воінах-вызваліцелях, у ліку якіх былі ўраджэнцы Таджыкістана", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Развіццё эфектыўнага гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння для Беларусі і Таджыкістана застаецца ў ліку прыярытэтных задач. "Упэўнены, сумеснымі намаганнямі мы зможам і павінны павялічыць двухбаковы гандаль. Гэта адпавядае інтарэсам і Беларусі, і Таджыкістана", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Таджыкістане ўжо другі год паспяхова функцыянуе сумесная зборачная вытворчасць беларускай сельгастэхнікі, пашыраецца пералік выпускаемай прадукцыі. Паводле яго слоў, гэты праект стаў зыходнай кропкай для нарошчвання доўгатэрміновага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і ў іншых сферах. "У пачатку гэтага года ў Душанбэ створана першае сумеснае прадпрыемства па перапрацоўцы малака. Прадукцыю будуць вырабляць з выкарыстаннем беларускай сыравіны і тэхналогій. Ёсць планы развіваць гэты напрамак, а таксама іншыя праекты ў галіне агракомплексу, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Прамая кааперацыя, сумесная вытворчасць якасных канкурэнтных тавараў павінны стаць рухаючай сілай далейшага развіцця эканамічнага супрацоўніцтва нашых краін".

Ён перакананы, што вынікі праведзеных перагавораў адкрыюць новыя гарызонты для развіцця ўсебаковага супрацоўніцтва, а падпісаныя дакументы ўмацуюць узаемадзеянне ў розных сферах.

Пасля завяршэння афіцыйных перагавораў у Палацы Незалежнасці прэзідэнты абмяняліся падарункамі. Аляксандр Лукашэнка падарыў Эмамалі Рахмону створаную па старадаўняй тэхналогіі копію слуцкага пояса, а таксама сувеніры II Еўрапейскіх гульняў - пано з моранага дуба з замацаванымі на ім медальёнамі, якія сімвалізуюць 15 відаў спорту, прадстаўленых на форуме, эксклюзіўны набор шакаладу і талісман II Еўрапейскіх гульняў - лісяня Лесіка.

У сваю чаргу Эмамалі Рахмон падарыў кіраўніку беларускай дзяржавы нацыянальны таджыкскі кінжал Ханджар ручной работы, выраблены з выкарыстаннем косці аленя, з роспісам і гравюрай. Яшчэ адзін падарунак - карціна на палатне, на якой намаляваны Палац Наўруз. Гэты этнакультурны комплекс уключаны ў пералік васьмі дзівосаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

Тэгі: Візіты
© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь