Бел
Галоўная   /  Падзеі

Перагаворы з Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам

15 мая 2018 года
Афіцыйны візіт у Рэспубліку Таджыкістан
глядзіце таксама: фота
14 мая 2018 года
Афіцыйны візіт у Рэспубліку Таджыкістан
33 фота

Беларусь рада поспехам Таджыкістана і гатова развіваць супрацоўніцтва. Аб гэтым 15 мая заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на перагаворах з Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам.

"Дзякую вам за запрашэнне прыехаць у гэты цудоўны горад, у гэту працавітую краіну, да гэтага цудоўнага народа. Мы вельмі ўважліва сочым за развіццём Таджыкістана. Мяне асабліва радуюць тэмпы, з якімі развіваецца краіна. Я заўсёды з задавальненнем адзначаю, што па тэмпах развіцця вы пераўзыходзіце Кітайскую Народную Рэспубліку. Гэта здорава. Мы бачым простым вокам, як мяняецца сталіца. Нават прыляцеўшы ноччу, я гэта заўважыў. І сёння яшчэ раз пераканаўся ў тым, што вы на правільным шляху. І, паверце, мы за вас вельмі рады", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Я асабіста вельмі хачу, каб Таджыкістан стаў у шэраг самых развітых і перадавых краін, таму што гэты старажытны вялікі народ гэтага заслугоўвае. Вельмі шмат вы для гэтага зрабілі. А я тут для таго, каб умацаваць нашы сувязі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі таксама звярнуў увагу на паспяховую рэалізацыю задумы па правядзенні ў Душанбэ бізнес-форуму з удзелам не толькі дзелавых колаў Беларусі і Таджыкістана, але і прадстаўнікоў іншых краін рэгіёна. "Мы суседзяў падцягнем у Таджыкістан і пакажам нашы магчымасці. Разам з вамі будзем далей рухацца ў іншыя краіны, развіваючы гандлёва-эканамічныя адносіны", - заявіў ён.

У сваю чаргу Эмамалі Рахмон падкрэсліў, што Беларусь з'яўляецца адным з ключавых партнёраў Таджыкістана. "Мы надаём вялікае значэнне вашаму афіцыйнаму візіту. Упэўнены, што яго вынікі дадуць новы імпульс нашым адносінам цеснай дружбы і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва", - дадаў Прэзідэнт Таджыкістана.

На перагаворах у пашыраным складзе Беларусь і Таджыкістан дамовіліся вывесці адносіны на ўзровень стратэгічнага партнёрства. "Нашы краіны звязваюць дружалюбныя, блізкія адносіны, падмацаваныя ўзаемным даверам і павагай. Сёння мы абмяркоўвалі праблему двухбаковых адносін і дамовіліся з Эмамалі Шарыпавічам - ён прапанаваў - выйсці на ўзровень стратэгічнага партнёрства паміж нашымі краінамі. Думаю, гэта будзе добрая аснова для развіцця нашых адносін па ўсіх напрамках, пачынаючы ад эканомікі і заканчваючы культурай", - заявіў Кіраўнік беларускай дзяржавы.


"Мы гатовы сур'ёзна працаваць у Таджыкістане, ствараць з вамі сумесныя вытворчасці на ўвесь рэгіён. Мы яшчэ шмат знойдзем напрамкаў для нашага супрацоўніцтва. Галоўнае, што ў нас ёсць давер адзін да аднаго. І гэта тая аснова, на якой мы можам будаваць адносіны", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт Таджыкістана адзначыў: "Рэгулярныя кантакты на вышэйшым узроўні з'яўляюцца важным фактарам фарміравання пазітыўнага вектара ў адносінах дзвюх краін. Мы вельмі высока цэнім дасягнуты ўзровень шматпланавага супрацоўніцтва з Беларуссю. Таджыкістан быў і застаецца паслядоўным прыхільнікам далейшага ўмацавання ўзаемаадносін з Беларуссю. Перакананы, што і нашы беларускія сябры прытрымліваюцца такой жа пазіцыі".

Паводле яго слоў, такі сумесны падыход і высокая ступень узаемнага даверу ствараюць трывалую аснову для вываду двухбаковага партнёрства на новы ўзровень.

Па выніках перагавораў з Эмамалі Рахмонам Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь гатова да актыўнай работы з Таджыкістанам па ўсіх напрамках. "Мы гатовы да самай актыўнай работы па ўсіх без выключэння напрамках, якія ўяўляюць узаемны інтарэс, на карысць нашых працавітых і дружалюбных народаў Беларусі і Таджыкістана", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Гэта сустрэча яшчэ раз пацвердзіла даўно замацаваны дружалюбны статус нашых адносін, заснаваных на прынцыпах павагі і даверу. Мы маем намер і ў далейшым падтрымліваць дыялог на самым высокім узроўні", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, на перагаворах былі дэталёва разгледжаны пытанні двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, адзначаны добрыя перспектывы для нарошчвання прамысловай кааперацыі і ўзаемадзеяння ў сельскай гаспадарцы.

Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу, што гандаль з Таджыкістанам дынамічна развіваецца. У мінулым годзе тавараабарот павялічыўся больш як у два разы і прадаўжае расці. У спісе беларускага экспарту - трактары, спецыялізаваная аўтамабільная тэхніка, прадукты харчавання. "Нашы гіганты - БелАЗ, МАЗ, "Гомсельмаш" - прадстаўлены ў вашай краіне сеткай таваравытворчых філіялаў. З мінулага года тут працуе першая зборачная вытворчасць беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі. Мяркую, што гэты праект стане зыходнай кропкай для выбудоўвання доўгатэрміновых кааперацыйных сувязей у розных сферах - прамысловасці, АПК, фармацэўтыцы і іншых. Менавіта сумесная вытворчасць якасных канкурэнтаздольных тавараў зробіць эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і Таджыкістана эфектыўным і ўзаемавыгадным", - упэўнены Прэзідэнт.


Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь і Таджыкістан аб'ядноўвае імкненне знайсці надзейных дзелавых партнёраў і выбудаваць доўгатэрміновыя адносіны.

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў таджыкскаму боку ў цэлым і асабіста Эмамалі Рахмону за арганізацыю другога Міжнароднага бізнес-форуму "Беларусь - Таджыкістан - Афганістан" і Нацыянальнай выстаўкі Беларусі. Ён таксама вітаў прадстаўнікоў бізнесу іншых краін рэгіёна, якія прыехалі на форум. "Вельмі хацелася б, каб гэты бізнес-форум паслужыў асновай стварэння трывалых гандлёва-эканамічных адносін не толькі з Таджыкістанам, але і з краінамі ўсяго рэгіёна", - адзначыў беларускі лідар.

Актыўна развіваецца двухбаковае ўзаемадзеянне і ў гуманітарнай сферы. Стартавалі Дні беларускай культуры і кіно ў Таджыкістане, а ў наступным годзе творчыя калектывы Таджыкістана наведаюць Беларусь.

Прэзідэнт адзначыў, што на працягу апошніх гадоў расце колькасць таджыкскіх грамадзян, якія навучаюцца ў Беларусі. Ужо створаны чатыры сумесныя факультэты на базе вядучых беларускіх ВНУ. Будзе таксама адкрыты цэнтр беларускай адукацыі, навукі і культуры на базе Таджыкскага тэхнічнага ўніверсітэта. "Трактары, аўтамабілі і іншае жалеза - гэта добра. Гэта гандлёвы абарот, гэта грошы. Але ёсць рэчы больш важныя. Гэта людзі, кадры. Калі не будзе падрыхтаваных спецыялістаў, ніякае жалеза нам не дапаможа. І жалеза гэтага не будзе", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Ён дадаў, што ў Беларусі навучаюцца многія грамадзяне Таджыкістана, але неабходна выкарыстоўваць і іншую форму - навучаць спецыялістаў непасрэдна на месцы. "Калі мы заўтра адкрываем, напрыклад, сумесную вытворчасць трактароў, то там трэба і навучаць спецыялістаў. Хутка яны стануць інжынерамі і будуць вучыць іншых у Таджыкістане", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт упэўнены, што далейшаму дынамічнаму развіццю адносін паслужыць падпісаная дарожная карта супрацоўніцтва Беларусі і Таджыкістана на 2019-2020 гады, у якой закладзены шырокі спектр напрамкаў узаемадзеяння. "Эмамалі Шарыпавіч сёння ўнёс прапанову аб наданні нашым адносінам узроўню стратэгічнага партнёрства. Думаю, што гэта двухгадовая дарожная карта паслужыць добрым фундаментам для таго стратэгічнага партнёрства, якое намі будзе зацверджана. І ўрад у самы кароткі тэрмін падрыхтуе адпаведную прапанову", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Эмамалі Рахмон па выніках перагавораў таксама пацвердзіў, што Беларусь была і застаецца важным партнёрам для Таджыкістана. "Адносіны дзвюх краін развіваюцца па нарастаючай", - адзначыў Прэзідэнт Таджыкістана.


Паводле яго слоў, асаблівы акцэнт у ходзе перагавораў быў зроблены на пытаннях развіцця гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Размова ішла аб павелічэнні аб'ёмаў і дыверсіфікацыі структуры двухбаковага тавараабароту. "Тэндэнцыя яго росту за апошнія гады сведчыць аб вялікім патэнцыяле нашых краін", - адзначыў Эмамалі Рахмон.

"Мы дамовіліся ўсямерна падтрымліваць інвестыцыйную дзейнасць па стварэнні эфектыўных сумесных вытворчасцей, у тым ліку ў нашых свабодных эканамічных зонах, прадоўжыць работу па фарміраванні спрыяльных умоў для работы таджыкскіх і беларускіх інвестараў. Развіццё прамысловай кааперацыі паміж Таджыкістанам і Беларуссю адпавядае інтарэсам бакоў і з'яўляецца фактарам напаўнення нашых эканамічных адносін практычным зместам", - сказаў Прэзідэнт Таджыкістана.

Шырокія магчымасці для вытворчай кааперацыі ёсць у сферы АПК, лесапапяровай і нафтахімічнай прамысловасці, а таксама ў шэрагу іншых сфер. "У гэтым кантэксце АПК, галіны машынабудавання, вытворчасці лекавых прэпаратаў, лёгкай і харчовай прамысловасці былі вызначаны намі як перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва", - заявіў Эмамалі Рахмон.

Па выніках афіцыйных перагавораў у Душанбэ прэзідэнты Беларусі і Таджыкістана прынялі сумесную заяву.

У дакуменце адзначаецца, што перагаворы прайшлі ў традыцыйна дружалюбнай, давернай і канструктыўнай атмасферы. Бакі пацвердзілі гатоўнасць да ўмацавання палітычнага дыялогу, намецілі шляхі далейшага развіцця беларуска-таджыкскіх адносін і ўзаемадзеяння па важнейшых пытаннях міжнароднага парадку дня.

Вялікая ўвага ў сумеснай заяве ўдзяляецца тэматыцы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Прэзідэнты падкрэслілі прыярытэтнае значэнне ўзаемадзеяння ў гэтай сферы і выказалі імкненне да яго пашырэння з улікам інтарэсаў бакоў. Абазначана ўзаемная зацікаўленасць у павелічэнні аб'ёмаў двухбаковага гандлю, развіцці доўгатэрміновых форм эканамічнага супрацоўніцтва, паглыбленні інвестыцыйнага ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Таджыкістанам.

Бакі таксама дамовіліся падтрымліваць інвестыцыйную дзейнасць па стварэнні сумесных вытворчасцей, прадаўжаць удасканальваць умовы для работы беларускіх і таджыкскіх інвестараў, прымаць практычныя меры па рэалізацыі праектаў у горна-металургічнай і будаўнічай галінах, у лёгкай і харчовай прамысловасці, у сферах сельскагаспадарчай кааперацыі і лагістыкі. Выказана ўзаемная зацікаўленасць у пашырэнні ўзаемадзеяння паміж рэгіёнамі як эфектыўнай формы ўмацавання ўзаемаадносін, у стварэнні неабходных умоў для развіцця прамых сувязей паміж суб'ектамі гаспадарання.

Пацверджана таксама зацікаўленасць у далейшым развіцці ўзаемадзеяння ў сферах адукацыі, навукі і тэхнікі, культуры і мастацтва, аховы здароўя, спорту і турызму.

У сумеснай заяве таксама гаворыцца аб узаемадзеянні на міжнародных пляцоўках, падкрэслена ўзаемнае імкненне да садзейнічання ўмацаванню міру, бяспекі і стабільнасці ў рэгіянальным і міжнародным маштабах. Адзначана рашучасць умацоўваць супрацоўніцтва ў сферы барацьбы з тэрарызмам, экстрэмізмам, наркатрафікам, незаконным гандлем зброяй.

У прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў таксама былі падпісаны 14 двухбаковых дакументаў аб развіцці супрацоўніцтва ў розных сферах.

Пасля афіцыйных перагавораў з Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам у Душанбэ Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўсклаў вянок да помніка Ісмаілу Самані.


© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь