Перагаворы з Прэзідэнтам Судана Амарам Хасанам Ахмедам аль-Башырам

  • 25

Судан стаў для Беларусі адным з важнейшых партнёраў на Афрыканскім кантыненце. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 студзеня на перагаворах у пашыраным складзе з Прэзідэнтам Судана Амарам Хасанам Ахмедам аль-Башырам.

"Прыемна, што за мінулыя гады адносіны паміж дзвюма дзяржавамі набылі новую якасць. Судан стаў для нас адным з важнейшых партнёраў на Афрыканскім кантыненце", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь планамерна рэалізуе ўласную знешнюю палітыку зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў, а не ўказанняў сусветных цэнтраў сілы. "Мы выступаем за развіццё адносін з усімі дзяржавамі ў духу ўзаемнай павагі, за неўмяшанне ва ўнутраныя справы і прызнанне разнастайнасці шляхоў развіцця", - сказаў ён.

Паводле слоў Прэзідэнта, мэта цяперашняга візіту ў Судан - замацаванне дасягнутых вынікаў і вызначэнне новых перспектыўных напрамкаў сумеснай дзейнасці.

У час перагавораў  Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што Беларусь гатова ўдзельнічаць у праектах развіцця прамысловасці і інфраструктуры Судана.

"У нас ужо ёсць надзейныя партнёры для экспарту сельскагаспадарчай і грузавой тэхнікі. Знойдзены агульныя інтарэсы ў аграрнай і абароннай сферах. Разам з тым яшчэ шмат што трэба будзе зрабіць. Наша задача - замацаваць высокі ўзровень палітычнага даверу эканамічнымі вынікамі. Як вы правільна сказалі, пара нам пад палітычнае супрацоўніцтва падводзіць эканамічную базу", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, беларускі бок разгледзіць любыя варыянты ўдзелу ў праектах развіцця прамысловасці і інфраструктуры Судана. У прыватнасці, ёсць магчымасць пастаўляць кар'ерныя самазвалы, дарожна-будаўнічую, камунальную і пагрузачную тэхніку, розныя мадыфікацыі трактароў, грузавікоў і аўтобусаў, тэхналагічнае прамысловае абсталяванне, электратэхнічную і оптыка-электронную прадукцыю. Пры гэтым прапануюцца розныя варыянты экспартнага крэдытавання.

"Беларусь зацікаўлена ў стварэнні сумесных прадпрыемстваў па выпуску сельскагаспадарчай і грузавой аўтатэхнікі на базе суданскіх заводаў. Першапраходцам гэтага напрамку мог бы стаць праект па зборцы трактароў. Аднак ён будзе канкурэнтным адносна схемы простага імпарту толькі пры падтрымцы кіраўніцтва Судана", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што Беларусь валодае рашэннямі і тэхналогіямі, якія могуць павысіць харчовую бяспеку Судана, умацаваць патэнцыял гэтай краіны ў раслінаводстве, жывёлагадоўлі, ірыгацыі і малочнатаварнай вытворчасці.

"Заслугоўвае ўвагі беларускі вопыт міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне падрыхтоўкі кадраў, навукі і тэхналогій, медыцыны і фармацэўтыкі. Формы работы тут могуць быць самымі разнастайнымі. Аж да рэалізацыі сумесных праектаў на суданскай зямлі для ўмацавання сацыяльна-эканамічнага патэнцыялу вашай дзяржавы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што пры высокай якасці беларускіх навукова-тэхнічных распрацовак, паслуг і тавараў яны больш даступныя, чым многія аналагі з іншых краін.

Прэзідэнт таксама лічыць перспектыўным магчымае ўзаемадзеянне ў сферах геолагаразведкі і эфектыўнага выкарыстання прыродных рэсурсаў. "Тут размова ідзе не толькі аб здабычы нафты і газу, але і аб даволі новых і актуальных для Афрыкі напрамках. Такіх як бурэнне артэзіянскіх свідравін і выкарыстанне найноўшых тэхналогій ачысткі вады", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Ва ўмовах істотнага дысбалансу паміж экспартам і імпартам ён прапанаваў прадметна прапрацаваць пытанні наладжвання паставак у Беларусь тавараў з Судана.

"Хоць нас і раздзяляе пэўная адлегласць, гэта не стане перашкодай для ўмацавання сувязей паміж нашымі дзяржавамі", - упэўнены беларускі лідар. 

"Мы дамовіліся, што міністры дзвюх краін, выпрацоўваючы дарожную карту нашага супрацоўніцтва, план нашых мерапрыемстваў, унясуць кожны не менш як 3-5 канкрэтных прапаноў, па якіх у бліжэйшы час будуць заключаны кантракты", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.

"Нам трэба стратэгічнае супрацоўніцтва зазямліць. Таму што ўсё гэта застанецца толькі размовамі, калі мы не падмацуем яго гандлёва-эканамічнымі праектамі. Павінен быць канкрэтны рэзультат", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пасля завяршэння афіцыйных перагавораў у Хартуме Беларусь і Судан заключылі дагавор аб дружалюбных адносінах і супрацоўніцтве. Подпісы пад дакументам паставілі лідары дзвюх краін Аляксандр Лукашэнка і Амар Хасан Ахмед аль-Башыр.

Кіраўнікі дзяржаў таксама падпісалі сумесную заяву. Яны пацвердзілі ўзаемнае імкненне да далейшага развіцця і паглыблення дружалюбных сувязей паміж дзвюма краінамі ў розных сферах.

Адзначаны канструктыўны характар развіцця двухбаковых адносін і пацверджана неабходнасць іх паглыблення. Асновай для гэтага стане падпісаны дагавор аб дружалюбных адносінах і супрацоўніцтве.

У сваёй заяве для СМІ па выніках перагавораў Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Судан з'яўляецца для Беларусі надзейным партнёрам у Афрыцы. "У нас з Прэзідэнтам Амарам аль-Башырам адбыліся плённыя перагаворы аб тым, што рабіць і куды рухацца далей, як вывесці наша супрацоўніцтва на новы, больш высокі стратэгічны ўзровень. Мы абмеркавалі перспектывы і асноўныя напрамкі развіцця беларуска-суданскіх адносін, вызначылі канкрэтныя далейшыя крокі па іх пашырэнні. Асаблівая ўвага была ўдзелена эканамічным пытанням", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Беларусь гатова стаць стратэгічным партнёрам па пашырэнні інтарэсаў суданскіх таваравытворцаў на вялікай тэрыторыі Еўропы і Азіі. На перагаворах падкрэслена важнасць паглыблення кантактаў у гуманітарнай сферы, уключаючы адукацыю, ахову здароўя, навуку. Абмяркоўваліся пытанні супрацоўніцтва на міжнароднай арэне.

"Нашы краіны збліжаюць імкненне да ўзаемнага паважання і раўнапраўнага супрацоўніцтва з усімі без выключэння партнёрамі, паслядоўная абарона права самастойна выбіраць мадэль развіцця", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

"Я ўдзячны за запрашэнне наведаць вашу цудоўную і мужную краіну, якая вытрымала такі націск з боку пэўных сіл. Не проста вытрымала, а выстаяла і развіваецца", - падкрэсліў беларускі лідар.