Бел
Галоўная   /  Падзеі

Перагаворы з Прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам

3 снежня 2019 года

Сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам прайшла 3 снежня ў Бялградзе.

Галоўнай тэмай афіцыйных перагавораў стала развіццё эканамічнага супрацоўніцтва, асаблівая ўвага была ўдзелена нарошчванню тавараабароту.

У час перагавораў у вузкім фармаце Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь і Сербія яшчэ паваююць і пазмагаюцца за развіццё эканамічных адносін. "Няважна, што ў нас крыху знізіўся тавараабарот. Мы з вамі разбяромся, чаму ўрады не разгортваюцца як мае быць. Вынікі ўчарашняга дня, пачатак сённяшняга сведчаць аб тым, што нашы міністры адрэагавалі на зніжэнне тавараабароту, заключылі вялікія кантракты, здзелкі, каб перасягнуць той тавараабарот, які ў нас некалі быў, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы яшчэ паваюем, пазмагаемся за нашы адносіны. Думаю, што мы выведзем іх на больш высокі ўзровень, у тым ліку ў гандлі".

Аляксандр Лукашэнка закрануў і ўчарашнюю сустрэчу з Прэзідэнтам Сербіі. Кіраўнікі дзяржаў правялі час за нефармальнай вячэрай, аднак амаль уся размова была прысвечана абмеркаванню палітычнай абстаноўкі, якая складваецца вакол дзяржаў.

Прэзідэнт Сербіі адзначыў, што паміж краінамі склаліся шчырыя і дружалюбныя палітычныя адносіны. Што датычыцца эканамічнага супрацоўніцтва, Аляксандр Вучыч упэўнены: Беларусі і Сербіі пад сілу дасягнуць тавараабароту ў памеры $500 млн (у мінулым годзе ён склаў $148 млн). "Я ніколі не забуду ваш візіт у 1999 годзе. Вы прыехалі, каб паказаць, наколькі любіце сербскі народ і краіну", - дадаў ён.

Кіраўнік беларускай дзяржавы ў адказ заўважыў, што вялікае бачыцца на адлегласці. "Тады ніхто не думаў аб тым, што мы здзяйсняем нейкі гераічны ўчынак: мы ехалі да сваіх братоў, сяброў. Калі-небудзь я ў дэталях раскажу, што гэтаму папярэднічала, што было потым, але так склалася, што мы не маглі кінуць у бядзе блізкіх нам людзей. Так, мы не гіганцкая імперыя, але мы вашы людзі, а вы - нашы, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - І вось праз 20 гадоў мы сустракаемся тут з вамі. Тады быў няпросты час. Сёння таксама час складаны".

Прэзідэнт растлумачыў: вялікія геапалітычныя ігракі, каб выжыць у канкурэнцыі, ствараюць напружаную абстаноўку ў свеце. "Па віне адной з імперый ідзе гандлёвая вайна, іншыя мераюцца сіламі ў Сірыі. Ад гэтага пакутуеце і вы, таму што велізарны паток, сотні тысяч бежанцаў хлынулі сюды. Пачалі ўжо сур'ёзна пагаворваць аб новым сусветным эканамічным крызісе. Нам гэтага не трэба. Мы, на жаль, удзельнікі ўсяго гэтага, але віна не ў нас. Прычыны і нават паўпрычыны, падставы мы не давалі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што Сербія нягледзячы на ўсе катаклізмы ніколі не будзе жыць бедна. Гэту краіну ён назваў балканскай жамчужынай. "Гэта цудоўная краіна, цудоўныя землі, якія могуць пракарміць значна больш насельніцтва, чым сёння жыве ў Сербіі. Гэта бліскучы, гераічны, патрыятычны народ. Таму Сербія заўсёды будзе працвітаючай. Праязджаючы сёння па Бялградзе, я параўноўваў са сваім наведваннем раней: я бачу, што Сербія і сталіца пачынаюць не проста ажываць - вы пачынаеце уставаць з каленяў. І мы гатовы ўдзельнічаць у гэтым, дапамагаць, наколькі можам", - адзначыў Прэзідэнт.


У час перагавораў у пашыраным складзе Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што асаблівасцю беларуска-сербскіх адносін з'яўляецца тое, што краіны ніколі не ставілі адзін аднаму папярэдніх умоў. "Мы сябры, мы проста родныя людзі. І гэта найвялікшая і сумленная аснова нашага супрацоўніцтва", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Сербія і Беларусь не гіганцкія дзяржавы і не маюць велізарных рэсурсаў, якімі валодаюць глабальныя ігракі, напрыклад, Расія або Злучаныя Штаты Амерыкі. Абедзве краіны зарабляюць даброты сваім потам, а часам і крывёй, падкрэсліў Прэзідэнт.

"Многія малыя, сярэднія дзяржавы (я гэта за сваё доўгае прэзідэнцкае жыццё бачыў не адзін раз) заўсёды арыентуюцца на гэтыя гіганцкія і багатыя дзяржавы, таму што яны валодаюць тымі рэсурсамі, якіх не хапае ў нас. Але мы не павінны забываць аб тым, што любыя імперыі і буйныя дзяржавы ніколі з намі не будуць супрацоўнічаць без папярэдніх умоў, яны абавязкова нешта папросяць узамен, нават яшчэ нічога для цябе не зрабіўшы", - канстатаваў беларускі лідар.

Аляксандр Вучыч у сваю чаргу адзначыў, што некалі ў Сербіі саромеліся дружбы з Беларуссю, а цяпер аб ёй гавораць з гордасцю. "Сербія заўсёды будзе вашым шчырым сябрам, мы ганарымся нашай дружбай. Былі часы, калі некаторыя не адважваліся сказаць, наколькі мы цэнім і любім беларускі народ. Сёння мы ўсюды гаворым аб гэтым з гордасцю і хочам, каб вы прыязджалі сюды як мага часцей", - заявіў Прэзідэнт Сербіі.

Ён упэўнены, што візіт беларускага лідара ў Сербію стане стымулам для развіцця двухбаковых адносін. "У нашым супрацоўніцтве ёсць патэнцыял не толькі для павелічэння тавараабароту, але і для супрацоўніцтва ва ўсіх галінах, - лічыць сербскі лідар. - Я ўчора і сёння ўжо многаму навучыўся ў Прэзідэнта Лукашэнкі, уключаючы пытанні абароны, бяспекі".

Па выніках перагавораў кіраўнікоў дзяржаў бакі падпісалі пакет дакументаў аб развіцці супрацоўніцтва ў розных галінах. Подпісы пастаўлены ў васьмі дакументах, чатыры з іх датычацца навуковай сферы. Гэта мемарандум аб узаемаразуменні пры ажыццяўленні супрацоўніцтва ў галіне інавацый і развіцця лічбавых тэхналогій, пагадненні аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з Сербскай акадэміяй навук і мастацтваў, Міністэрствам адукацыі, навукі і тэхналагічнага развіцця Сербіі. У гэты спіс трапіў і пратакол дзявятага пасяджэння беларуска-сербскай камісіі па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве.

Таксама падпісаны дагавор паміж Беларуссю і Сербіяй аб выдачы, міжурадавая праграма супрацоўніцтва ў сферы адукацыі да 2020 года, пагадненні паміж ААТ "Беларусбанк" і Паштовым ашчадным банкам Сербіі аб адкрыцці карэспандэнцкіх рахункаў у розных валютах.

Пасля падпісання дакументаў Аляксандр Лукашэнка і Аляксандр Вучыч зрабілі заяву прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі, а затым адказалі на пытанні журналістаў. Кіраўнік беларускай дзяржавы, у прыватнасці, прывітаў нядаўняе падпісанне Сербіяй пагаднення аб зоне свабоднага гандлю з ЕАЭС і падкрэсліў, што Беларусь для Сербіі - шчыры сябар у Еўразійскім эканамічным саюзе. "У той жа час мы з павагай ставімся да імкнення вашай краіны ўступіць у Еўрапейскі саюз і жадаем вам дастойна прайсці гэты шлях. Дай бог, каб у вас атрымалася тое, чаго вы хочаце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.


У канцы кастрычніка Сербія і ЕАЭС падпісалі пагадненне аб свабодным гандлі. У Еўрапейскім саюзе заявілі, што гэта рашэнне сербскага боку супярэчыць яго імкненню стаць членам ЕС. Кіраўнік беларускай дзяржавы лічыць, што Сербія разбярэцца з такімі ўльтыматумамі самастойна. "Вы разумныя, таленавітыя людзі. Вы зможаце ўсё ўзважыць. Калі вам будзе выгадна пры ўльтыматуме супрацоўнічаць з Еўрапейскім саюзам, вы будзеце супрацоўнічаць з ім. Калі для вас больш выгадна мець справу з Еўразійскім эканамічным саюзам, вы будзеце супрацоўнічаць з ім. Але, на жаль, вам, як і нам, наканавана ляцець на двух крылах. У вас, нікуды ад гэтага не дзецца, павінны быць добрыя адносіны перш за ўсё з суседзямі, якія б яны ні былі", - лічыць Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што ўсе імкнуцца развіваць добрыя адносіны з ЕС, у тым ліку Беларусь, Расія і Кітай. "Мы разумеем, у якой сітуацыі вы знаходзіцеся", - дадаў Аляксандр Лукашэнка. Значныя аб'ёмы гандлю ў Сербіі менавіта з краінамі Еўрапейскага саюза, гэты рынак практычна немагчыма замяніць, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

"У гэтым бурным свеце трэба быць шустрым, хуткім, арыентавацца, каб выжыць у барацьбе гігантаў. Таму мы нармальна ставімся да той сітуацыі, што Сербія сёння працуе і з Еўрапейскім саюзам, і з Еўразійскім эканамічным саюзам", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Не спяшайцеся, крыху пацярпіце - і Сербія будзе працвітаючай. Толькі старайцеся больш не пераварочваць краіну: на вуліцах шчасце не робіцца. Слухайце ўсіх, але жывіце сваім розумам. На жаль, у нашым цесным шалёным свеце сяброў вельмі мала, а можа, і няма. Таму трэба жыць сваім розумам, слухаючы ўсіх, і дзейнічаць зыходзячы з уласных інтарэсаў", - дадаў Прэзідэнт.

"Я заўзяты прыхільнік захавання Еўрапейскага саюза, які заўсёды санкцыі ўводзіў супраць Беларусі. Еўрапейскі саюз - гэта адна з наймагутнейшых апор нашай планеты. Калі яго вырваць з-пад гэтай сістэмы, яна не проста захістаецца, а можа абваліцца. Таму я прыхільнік захавання Еўрапейскага саюза", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Наконт жадання Сербіі стаць членам ЕС Прэзідэнт заявіў, што цяпер Еўропе не да гэтага. "Вы ж бачыце, якая сітуацыя ў самім Еўрапейскім саюзе. Ім не да прыёмаў новых членаў, хоць бы захаваць старых", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка перакананы, што Сербія "заўсёды знойдзе шчасце і ў ЕС, і ў ЕАЭС". "І тут мы гатовы з вамі працаваць", - запэўніў беларускі лідар.

Таксама Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь не мяняе сваю пазіцыю па пытаннях тэрытарыяльнай цэласнасці Сербіі. "Мы прытрымліваемся падобных поглядаў на сусветны парадак дня, актыўна ўзаемадзейнічаем у міжнародных арганізацыях. Не мяняецца пазіцыя Беларусі па пытанні тэрытарыяльнай цэласнасці вашай дзяржавы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што Мінск гатовы і ў далейшым аказваць Бялграду неабходнае садзейнічанне на розных міжнародных пляцоўках. "Калі мы ў нечым можам вам дапамагчы, вы скажыце - мы абавязкова гэта зробім. У сваю чаргу мы разлічваем на падтрымку з боку нашых сербскіх сяброў па прынцыповых для нас пытаннях", - сказаў Прэзідэнт.

Тэгі: Візіты
© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь