Перагаворы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным

  • 6

Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін 25 снежня на сустрэчы ў Крамлі заявілі аб магчымасці дасягнення дамоўленасцей па праблемных пытаннях у беларуска-расійскіх адносінах. 

Кіраўнік беларускай дзяржавы пагадзіўся са словамі расійскага лідара аб тым, што, улічваючы вялікі аб'ём рознабаковага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі, непазбежна ўзнікаюць і праблемныя моманты. "Шчыра кажучы, ні ў каго няма такіх блізкіх і цесных адносін, як у беларусаў і расіян. Зразумела, мы рухаемся наперад, і на гэтым шляху ўзнікаюць пэўныя праблемы. Але яны не супараўнальны з тымі дасягненнямі, якія вы пералічылі ў лічбах", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

"Мы сапраўды можам дамовіцца, таму што каманды, якія з намі тут знаходзяцца, правялі шэраг раўндаў перагавораў. Яны ведаюць праблемы, ды і мы з вамі ўжо глыбока ведаем тыя пытанні, якія трэба сёння вырашыць. Хацелася б, каб мы вырашылі гэтыя пытанні і ў новы год не цягнулі старыя праблемы", - сказаў Прэзідэнт. 

У цэлым ён выказаў упэўненасць, што бакі знойдуць рашэнні ў імя беларусаў і расіян. 

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў нядаўнюю прэс-канферэнцыю Уладзіміра Пуціна, назваўшы яе добрай размовай з расіянамі. Ён падкрэсліў, што абазначаныя на мерапрыемстве тэмы важныя і для Беларусі, паколькі краіны ўключаны ў агульныя сусветныя праблемы. "Калі ў нас ёсць нейкія праблемы - давайце будзем шчырыя, што яны часам спараджаюцца не тут, не намі, мы ўцягнуты ў гэты глабальны працэс. Таму праблемы, якія складваюцца ў сусветным гандлі, эканоміцы, палітыцы, ваенных пытаннях, так ці інакш яны датычацца нас. І мы, хочам ці не, уцягнуты ў гэтыя праблемы. Але іх трэба вырашаць", - адзначыў беларускі лідар. 

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін лічыць, што беларуска-расійскія адносіны развіваюцца вельмі паспяхова. Паводле яго слоў, у мінулым годзе двухбаковы тавараабарот вырас больш як на 23 працэнты і перасягнуў $32 млрд. У бягучым годзе адзначаецца яшчэ рост у памеры 12 працэнтаў да базы мінулага года. "У Беларусі накоплена значная колькасць прамых расійскіх інвестыцый. Што асабліва прыемна - адносіны ў нас вельмі дыверсіфікаваны. Гэта і прамысловасць, і сельская гаспадарка, і ўсё на ўздыме. Зразумела, ёсць і пытанні. Пры такім вялікім аб'ёме ўзаемадзеяння заўсёды пытанні ўзнікаюць. Яны знаходзяцца, як правіла, у сферы энергетыкі, хоць і тут вельмі шмат зроблена", - сказаў Прэзідэнт Расіі. 

"У нас ёсць усе падставы быць задаволенымі тым, што ў нас адбываецца ў двухбаковых адносінах, і неабходна зрабіць усё для таго, каб ніякіх не было складанасцей на будучае. Нягледзячы на пытанні, якія ўзнікаюць у гэтых сферах, нам заўсёды з вамі ўдавалася знаходзіць рашэнні", - дадаў Уладзімір Пуцін.

Спачатку бакі абмеркавалі пытанні беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў прысутнасці членаў урадаў, а затым у фармаце "сам-насам". 

Праведзеныя перагаворы, безумоўна, мы можам назваць канструктыўнымі. Прэзідэнты абмеркавалі ўвесь спектр пытанняў агульнага парадку дня. Ацэньваючы ў цэлым гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, у першую чаргу як адназначна пазітыўны момант быў заўважаны рост тавараабароту. Сярод іншых найбольш актуальных тэм, якія абмяркоўваліся на перагаворах у Маскве, былі і цэнаўтварэнне на газ, работа беларускага нафтаперапрацоўчага сектара ва ўмовах праводзімага Расіяй падатковага манеўру, пастаўкі нашых прадуктаў харчавання на расійскі рынак. Як вынік - пазіцыі збліжаны па ўсіх пытаннях. 

Акрамя таго, прэзідэнты, асабліва ў час сустрэчы сам-насам, правялі сур'ёзны аналіз дамоўленасцей у рамках Саюзнай дзяржавы, іх рэалізацыі. "Было адзначана адставанне па некаторых пазіцыях і абазначаны намер гэтыя працэсы актывізаваць. Гэта датычыцца, напрыклад, правядзення адзінай узгодненай прамысловай палітыкі. 

"У выніку кіраўнікі дзяржаў дамовіліся да Новага года правесці яшчэ адну сустрэчу для прыняцця рашэнняў, якія адкладваць нельга. У першую чаргу гэта звязана з жаданнем Прэзідэнта Расіі глыбей унікнуць у сутнасць праблем, каб знайсці шляхі іх вырашэння. Дата гэтай сустрэчы будзе ўзгоднена дадаткова з улікам графікаў кіраўнікоў дзяржаў.