Пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы

  • 25

Беларусь і Расія маюць намер прадаўжаць канструктыўны дыялог па ўсіх напрамках супрацоўніцтва, а для ўстойлівага развіцця краін, павышэння ўзроўню дабрабыту іх народаў будзе задзейнічаны ўвесь патэнцыял Саюзнай дзяржавы. Адпаведныя пытанні абмяркоўваліся 19 чэрвеня ў Мінску на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы.

Прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін адзначылі вялікую карысць і канструктыўны характар праведзеных перагавораў. "Перакананы, што нам сёння ўдалося надаць значны імпульс далейшаму ўмацаванню брацкага партнёрства Беларусі і Расіі", - заявіў беларускі лідар.

Ён падкрэсліў асаблівы статус фармату ВДС: "Напэўна, нідзе ні ў якую краіну вось так усё кіраўніцтва Расіі не прыязджае, як у Беларусь. Мы гэта цэнім".

"Спрэчныя пытанні, якія часам узнікаюць у беларуска-расійскіх адносінах, традыцыйна будуць вырашацца ў духу ўзаемаразумення і кампрамісу. Што ўжо ў прынцыпе нашы ведамствы робяць. Гэта яшчэ раз было пацверджана і на маёй сустрэчы з Уладзімірам Уладзіміравічам, і непасрэдна ў ходзе праведзенага пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пасяджэнню Вышэйшага дзяржсавета папярэднічалі перагаворы ў вузкім складзе паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным, у час якіх лідары дзвюх краін дэталёва і грунтоўна разгледзелі розныя пытанні ў развіцці двухбаковых адносін. Сустрэча працягвалася больш за дзве гадзіны.

Парадак дня пасяджэння ВДС уключаў 9 пунктаў. Усе яны былі ўзгоднены бакамі загадзя, а таму было прынята рашэнне вынесці на абмеркаванне толькі тры асноўныя пытанні. Удзельнікі пасяджэння прынялі рашэнні адносна Праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі на 2018-2019 гады, Прыярытэтных напрамкаў і першачарговых задач далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы на 2018-2022 гады (у іх ліку правядзенне ўзгодненай макраэканамічнай, прамысловай, бюджэтнай палітыкі, паглыбленне гандлёва-эканамічных адносін, фарміраванне адзінай прававой прасторы і развіццё інстытуцыянальных асноў Саюзнай дзяржавы). Было таксама разгледжана пытанне аб ходзе выканання папярэдніх рашэнняў Вышэйшага дзяржсавета.

У цэлым у цэнтры ўвагі кіраўніцтва Беларусі і Расіі былі пытанні далейшага пашырэння двухбаковага супрацоўніцтва, развіцця інтэграцыйных працэсаў і нарошчвання ўзаемадзеяння ў эканамічнай сферы. "Наш праект з'яўляецца ўстойлівай платформай для ўмацавання беларуска-расійскіх адносін. Галоўная мэта застаецца нязменнай - паскарэнне тэмпаў сацыяльна-эканамічнага развіцця дзвюх дзяржаў і паляпшэнне жыцця нашых народаў", - заявіў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў 2017 годзе бакі пераадолелі працэс зніжэння ўзаемнага тавараабароту і выйшлі на яго рост. Таму на гэтым этапе вельмі важна замацаваць дадатныя тэндэнцыі і забяспечыць далейшае нарошчванне гандлёвых адносін, у тым ліку за кошт устаранення ўзаемных бар'ераў, выключэнняў, а таксама стварэння роўнага канкурэнтнага асяроддзя. "Апошнім часам вырашэнне актуальных пытанняў часта пераводзіцца з аднаго інтэграцыйнага фармату ў іншы. Напрыклад, на пляцоўку Еўразійскага эканамічнага саюза. Думаю, што нам не трэба гэтага ў далейшым  рабіць, таму што мы ў нашым саюзе можам вырашаць тыя пытанні, якія існуюць. Калі нейкія праблемы перашкаджаюць нашым адносінам, я думаю, што нам іх трэба вырашаць тут і цяпер. Для знаходжання кансэнсусу не трэба абмяркоўваць асобныя пытанні з краінамі, якія ў іх не задзейнічаны", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на каардынуючую ролю Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, якому трэба забяспечыць сістэмнае і рэгулярнае супрацоўніцтва профільных міністэрстваў і ведамстваў Беларусі і Расіі. Дзяржсакратару Саюзнай дзяржавы Рыгору Рапоту неабходна максімальна глыбока ўнікаць у сутнасць і выразна бачыць баланс інтарэсаў бакоў па пытаннях, якія абмяркоўваюцца на пляцоўцы Пасткама. "Тыдзень таму я аддаў распараджэнне Ураду, каб ні адны перагаворы не праходзілі без удзелу кіраўніка нашага апарату - Рыгора Рапоты - яны павінны быць у тэме, у курсе справы. І нядрэнна будзе, калі нашы спрэчныя пытанні будуць пераносіцца і на ўзровень Пастаяннага камітэта, там абмяркоўвацца са спецыялістамі", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што знешнепалітычнае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй мае сістэмны і шматпланавы характар. Беларусь і Расія выступаюць з адзіных або блізкіх пазіцый па асноўных праблемах сучаснага свету, падтрымліваюць адна адну ў міжнародных арганізацыях. Міністэрствы замежных спраў дзвюх дзяржаў, рэалізуючы ўзгодненыя праграмы, узаемадзейнічаюць вельмі канструктыўна, упэўнены беларускі лідар.

"Мы і далей будзем каардынаваць падыходы да праблем рэгіянальнай і агульнаеўрапейскай бяспекі, сумеснага процідзеяння новым выклікам і пагрозам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што асаблівая тэма ў саюзным будаўніцтве - гэта абарона інтарэсаў грамадзян абедзвюх краін. "Для іх ужо ў поўнай меры забяспечаны належны ўзровень розных правоў і свабод. Прынамсі, мы рушылі ў саюзе далей за любы інтэграцыйны праект. Узнікаюць асобныя пытанні, напрыклад, па парадку перасячэння беларуска-расійскай граніцы. Мы дамовіліся, што ў бліжэйшы час разбяромся з гэтай праблемай", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Добры прыклад - ва ўмовах неабходнасці забеспячэння бяспекі праводзімага ў Расіі чэмпіянату свету па футболе мы з разуменнем ставімся да пазіцыі расіян аб прымяненні элементаў пагранічнага кантролю. Але чакаем, што ўсе астатнія пытанні па перасячэнні беларуска-расійскай граніцы трэба ўрэгуляваць", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што міжрэгіянальныя сувязі застаюцца залогам поспеху беларуска-расійскай інтэграцыі. Гандлёва-эканамічныя адносіны з Беларуссю маюць 80 суб'ектаў Расіі. На ўзроўні рэгіёнаў і муніцыпальных утварэнняў заключана тры сотні дагавораў аб супрацоўніцтве. З 2014 года праводзяцца сумесныя форумы рэгіёнаў Беларусі і Расіі. І чарговы форум у кастрычніку гэтага года пройдзе ў Магілёве.

Аляксандр Лукашэнка аднавіў сваё запрашэнне Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну наведаць гэты форум.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што жыццё не стаіць на месцы і патрабуе пастаяннага руху наперад. Ён акцэнтаваў увагу на неабходнасці сумесных намаганняў, якія дапамогуць пераадолець выклікі, што дыктуюцца міжнароднай сітуацыяй.

На пасяджэнні ВДС быў таксама прыняты шэраг рашэнняў па бягучай дзейнасці інтэграцыйнага аб'яднання. Прынята пастанова аб прысуджэнні прэмій Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2017-2018 гады. Таксама заснавана Прэмія Саюзнай дзяржавы ў галіне навукі і тэхнікі. Яна будзе прысуджацца грамадзянам Беларусі і Расіі за выдатныя вынікі сумесных навуковых даследаванняў, адкрыцці і навуковыя дасягненні адзін раз у два гады, пачынаючы з 2019-га.

У час размовы аб супрацоўніцтве ў сферы АПК Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў і цікавы факт у статыстыцы двухбаковага гандлю ў гэтым сегменце. "Цікавы факт прагучаў, які не ўсе ведаюць, а можа, нехта і наогул упусціў. Уладзімір Уладзіміравіч, на душу насельніцтва Расія пастаўляе ў Беларусь сельгаспрадукцыі больш, чым мы ў Расію. Прынята гаварыць, вось беларусы пастаўляюць шмат. На душу насельніцтва вы больш нам пастаўляеце, чым мы вам. Лічбы не называю. Знойдзеце самі. Але значна больш. Расіяне нас кормяць больш, чым мы", - заявіў беларускі лідар.

Уладзімір Пуцін назваў змястоўнай і канструктыўнай двухбаковую сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам. "У традыцыйна дружалюбнай і канструктыўнай атмасферы мы абмеркавалі ўвесь комплекс актуальных пытанняў расійска-беларускага супрацоўніцтва, а таксама тэматыку міжнароднага супрацоўніцтва", - сказаў ён.

Прэзідэнт Расіі пацвердзіў зацікаўленасць у развіцці Саюзнай дзяржавы і нарошчванні палітычнай, эканамічнай інтэграцыі з Беларуссю. Уладзімір Пуцін канстатаваў, што ў мінулым годзе беларуска-расійскі тавараабарот павялічыўся амаль на чвэрць - плюс 23,5% - і дасягнуў $32,4 млрд. У гэтым годзе таксама назіраецца прырост гандлю паміж Беларуссю і Расіяй. "Нам цалкам пад сілу вывесці ўзаемны гандаль на ўзровень $50 млрд", - заявіў ён.

Кіраўнік расійскай дзяржавы лічыць важным паляпшаць дзелавы і інвестыцыйны клімат, праводзіць узгодненую фінансавую і крэдытную, падатковую палітыку, прадоўжыць гарманізацыю нарматыўнага рэгулявання, а таксама пашырэнне прамысловай кааперацыі паміж Беларуссю і Расіяй.

На думку Уладзіміра Пуціна, вялікія перспектывы далейшага супрацоўніцтва з Беларуссю ёсць у сферы энергетыкі. Ён звярнуў увагу на тое, што ў канцы наступнага года адбудзецца запуск першага энергаблока Беларускай атамнай электрастанцыі, а ў 2020-м - другога энергаблока. Беларусь і Расія таксама рэалізуюць сумесныя праекты па мадэрнізацыі газатранспартнай сістэмы.

Уладзімір Пуцін выказаў меркаванне, што абодвум бакам неабходна прыкласці больш намаганняў для таго, каб павялічыць выпуск навукаёмістай прадукцыі. "Важна стымуляваць расійскі і беларускі бізнес для больш энергічнага ўкаранення інавацый у рэальны сектар эканомікі, заахвочваць вучоных і спецыялістаў да ўкаранення новых тэхналогій", - заявіў ён.

Ад маючага адбыцца восенню V Форуму рэгіёнаў Прэзідэнт Расіі чакае запуску новых ініцыятыў.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін пасля завяршэння пасяджэння ВДС абмяняліся падарункамі. Прэзідэнт Беларусі падарыў свайму расійскаму калегу карціну, на якой адлюстраваны краявіды роднага для Уладзіміра Пуціна горада Санкт-Пецярбург. Прэзідэнт Расіі падарыў Кіраўніку беларускай дзяржавы сувенірны набор і самавар з сімволікай чэмпіянату свету па футболе. Тэму чэмпіянату ў ходзе двухбаковых перагавораў закрануў і беларускі лідар, пажадаўшы поспехаў расійскай зборнай у матчы ў Санкт-Пецярбургу. "Будзем спадзявацца, што ўсё пройдзе так, як расійскі бок жадае. І мы вас падтрымліваем у гэтым плане", - адзначыў ён.