Перагаворы з Прэзідэнтам Кубы Мігелем Марыа Дыяс-Канелем Бермудэсам

  • 38

Беларусь для Кубы заўсёды будзе надзейным і верным сябрам. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 23 кастрычніка на афіцыйных перагаворах з Прэзідэнтам Кубы Мігелем Марыа Дыяс-Канелем Бермудэсам.

"Беларусь будзе заўсёды для вас надзейным, верным сябрам, і нашы дамоўленасці будуць заўсёды выконвацца", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Паважаны спадар Прэзідэнт, дарагі Мігель, мне прыемна вітаць Вас разам з Вашымі калегамі ў Беларусі. Гэта Ваш першы візіт у Беларусь у якасці прэзідэнта. Вы ўжо бывалі ў нас зусім нядаўна (у маі 2016 года ў якасці першага намесніка Старшыні Дзяржаўнага савета і Савета Міністраў Кубы. - Заўвага), і я меў гонар і магчымасць пазнаёміцца з Вамі", - такімі словамі ў пачатку перагавораў беларускі лідар вітаў свайго калегу.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што апошнія 25 гадоў гераічнай гісторыі Кубы разгортваліся на яго вачах. "Я добра быў знаёмы з Фідэлем Кастра. У мяне да гэтага часу прыемныя ўражанні ад сустрэч з ім, перагавораў. Я вельмі часта прыводжу гэтага чалавека ў прыклад многім іншым кіраўнікам дзяржаў. Гэта быў вялікі чалавек. Я вельмі блізка і добра знаёмы з Раулем (Кастра. - Заўвага), добра ведаю Вас", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі ўважліва назіраюць за тым, як у Кубе праводзіцца паглыбленае рэфармаванне эканомікі і палітычнай сістэмы. "Мы вельмі спадзяёмся, вельмі хочам, каб рэвалюцыйная, стойкая, мужная Куба была заўсёды паспяховай, а кубінцы былі багатымі людзьмі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца гісторыі беларуска-кубінскіх адносін, то яны маюць трывалы фундамент. "Нам пашанцавала, што не трэба нічога выдумляць. Трэба проста прадаўжаць нашы адносіны і выконваць дамоўленасці, - лічыць беларускі лідар. - Думаю, паглядзім на нашу дарожную карту, план дзеянняў. Калі нам нешта не падыходзіць з цягам часу, мы гэта выключым. Намецім новыя арыенціры".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што эканомікі дзвюх краін не канкурыруюць адна з адной і ёсць узаемная патрэбнасць у вырабляемых таварах. "Нам трэба сур'ёзна пагаварыць па гэтых пытаннях, намеціць арыенціры і рухацца наперад", - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт Кубы ў сваю чаргу канстатаваў, што выбар Беларусі ў якасці краіны для яго першага замежнага візіту сведчыць аб значнасці, прыярытэтнасці супрацоўніцтва з краінай.

"Беларусь - гэта адна з першых краін, якую я наведваю пасля майго выбрання Прэзідэнтам Рэспублікі Куба. Гэта сведчыць аб тым прыярытэце, які мы надаём адносінам з вашай краінай", - сказаў ён.

Візіт дасць магчымасць прадоўжыць абмеркаванне тых пытанняў, якія былі закрануты тры гады таму ў час прыезду Мігеля Марыа Дыяс-Канеля Бермудэса ў Беларусь. "У мяне вельмі цёплыя ўспаміны з таго візіту, калі я змог паглыбіць свае веды аб культуры, гісторыі гераічнага беларускага народа, - расказаў ён. - У час сустрэч з Вамі і іншых сустрэч з уладамі змог на свае вочы пераканацца, якая дружба аб'яноўвае нашы народы, якія пачуцці адчуваюць народы адзін да аднаго".

Кіраўнік кубінскай дзяржавы падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за віншаванне, якое яму накіраваў беларускі лідар у сувязі з выбраннем на пасаду Прэзідэнта. "Я таксама прывёз цёплыя і моцныя абдымкі ад генерала арміі Рауля Кастра", - дадаў ён.

На перагаворах у пашыраным складзе беларускі лідар запэўніў: "Усё, аб чым мы з Вамі сёння дамовімся, будзе няўхільна выконвацца".

У сваю чаргу Куба для Беларусі - надзейны саюзнік у рэгіёне Лацінскай Амерыкі. "Нашы краіны аб'ядноўваюць агульныя пункты гледжання па актуальных праблемах сучаснага свету і канструктыўная сумесная работа на розных міжнародных форумах", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Куба заўсёды была і застаецца для нас прыкладам мужнасці, стойкасці і вернасці сваім ідэалам", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь гэтак жа, як і Куба, прытрымліваецца меркавання аб недапушчальнасці выкарыстання аднабаковых абмежавальных мер у палітыцы і гандлі. "Лічым, што такія дзеянні ў корані супярэчаць нормам права, падрываюць давер і вядуць да росту напружанасці", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ў Мінску з вялікім інтарэсам назіраюць за сістэмнымі палітычнымі пераўтварэннямі, якія праводзяцца пры шырокай грамадскай падтрымцы. "Упэўнены, што новая Канстытуцыя, якая зафіксавала дасягненні Кубінскай рэвалюцыі, стане трывалай асновай устойлівага і дынамічнага развіцця на доўгія гады", - сказаў Прэзідэнт.

Традыцыйна важнай сферай узаемадзеяння дзвюх краін з'яўляецца сельская гаспадарка. "Кубінскія аграрыі - частыя і заўсёды жаданыя госці ў Беларусі. Мы гатовы дзяліцца сваім перадавым вопытам, ведамі і тэхналогіямі, якія ўяўляюць для вас інтарэс. Гэта ў роўнай ступені датычыцца і прадукцыі сельскагаспадарчага машынабудавання, якая яшчэ з савецкага часу добра вядома на Востраве свабоды", - заявіў беларускі лідар.

"Разумеючы важнасць беларускіх тавараў для Кубы, мы ў вельмі няпростых для нас умовах вырашылі пытанне аб прадастаўленні крэдытаў для фінансавання паставак на максімальна выгадных умовах. Гэта дало нам магчымасць рэалізаваць шэраг сумесных цікавых праектаў", - акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Ужо адпрацаваны чарговыя кантракты на суму больш як 30 млн еўра. Прычым не толькі ў галіне сельскай гаспадаркі. Падпісана пагадненне аб пастаўцы на Кубу беларускіх станкоў, абмяркоўваецца магчымасць стварэння сумеснай вытворчасці бытавой тэхнікі.

Ёсць перспектывы супрацоўніцтва і ў лічбавай сферы. "У нас створана прававая база на аснове лепшых сусветных практык, развіваецца лічбавая інфраструктура", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

У мэтах максімальнай інтэграцыі ведаў, перадавога вопыту і тэхналогій у эканоміку Беларусь удасканальвае сваю сістэму адукацыі і, як сказаў Прэзідэнт, прапануе Кубе рэалізаваць існуючы патэнцыял у гэтай галіне на прынцыпах узаемадапаўняльнасці.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што даныя эканамічнай статыстыкі сведчаць аб тым, што магчымасці гандлю Беларусі і Кубы выкарыстоўваюцца далёка не ў поўнай меры. "Таму мы з Вамі прынялі рашэнне, што на кароткую перспектыву да наступнага майго візіту ў Кубу нашы прадстаўнікі ўрадаў распрацуюць дарожную карту, план дзеянняў, выкананне якога мы можам пракантраляваць у час майго візіту", - сказаў Прэзідэнт.

"Упэўнены, што сёння мы вызначым шляхі пераадолення існуючых бар'ераў, і наша супрацоўніцтва ў эканамічнай сферы выйдзе на ўзровень стратэгічнага партнёрства", - заявіў ён.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што для далейшага руху наперад ёсць усё неабходнае: развітая вытворчая база, перадавы вопыт, тэхналогіі, а таксама палітычная воля, узаемаразуменне і падтрымка кіраўнікоў дзяржаў.

Ён таксама выказаў упэўненасць, што вынікі перагавораў у Мінску будуць садзейнічаць развіццю разнапланавага беларуска-кубінскага дыялогу, дадуць магчымасць дасягнуць прынцыповых дамоўленасцей аб далейшым супрацоўніцтве.

Па выніках перагавораў у Мінску Прэзідэнты Беларусі і Кубы падпісалі сумесную заяву, у якой пацвердзілі саюзніцкі характар адносін паміж краінамі.


Абодва лідары таксама пацвердзілі ўзаемнае імкненне да далейшага развіцця і паглыблення дружалюбных сувязей паміж Беларуссю і Кубай у розных галінах, уключаючы палітычную, гандлёвую, эканамічную, прамысловую, сельскагаспадарчую, адукацыйную і навукова-тэхнічную сферы.

Адзначана высокая ступень супадзення пазіцый дзвюх дзяржаў па большасці пытанняў глабальнага парадку дня, станоўча ацэнена актыўная работа ўрадаў па развіцці міждзяржаўных сувязей у ключавых сектарах эканомікі.

Выказана гатоўнасць і далей ствараць спрыяльныя ўмовы для эканамічнай, фінансавай і інвестыцыйнай дзейнасці, падтрымліваць развіццё прамых адносін паміж камерцыйнымі структурамі, галіновымі міністэрствамі, ведамствамі і арганізацыямі Беларусі і Кубы.

Бакі адзначылі важнасць далучэння Беларусі да Сусветнай гандлёвай арганізацыі ў кантэксце ўмацавання гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Куба выказала сваю падтрымку афармленню членства Беларусі ў СГА ў час XII Міністэрскай канферэнцыі СГА, якая пройдзе ў чэрвені 2020 года ў Нур-Султане.

Пасля завяршэння перагавораў Аляксандр Лукашэнка заявіў аб выразнай палітычнай волі Беларусі і Кубы прадаўжаць канструктыўнае і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва.

Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта першы ў гісторыі сучасных двухбаковых адносін візіт Кіраўніка кубінскай дзяржавы ў Беларусь. "Для нас гэта важны крок у далейшым паглыбленні стратэгічнага партнёрства паміж Мінскам і Гаванай. Пацвярджэнне таго, што вектар прыярытэтаў Кубы не зменіцца. Тры гады таму, калі Мігель Дыяс-Канель быў першым намеснікам Старшыні Дзяржаўнага савета і Савета Міністраў Кубы, мы ўжо сустракаліся на беларускай зямлі", - адзначыў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, тыя перагаворы далі магчымасць надаць адчувальны імпульс развіццю беларуска-кубінскіх адносін, якія і раней былі ўзорнымі з пункту гледжання ўзаемаразумення і ўзаемнага даверу.

"А сёння ўжо на вышэйшым узроўні мы абмеркавалі ўвесь комплекс нашага двухбаковага парадку дня і выпрацавалі адпаведныя рашэнні на перспектыву. Гэта сустрэча пацвердзіла: у нашых краін ёсць выразная палітычная воля прадаўжаць канструктыўнае і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва, ажыццяўляць новыя сумесныя праекты на карысць народаў", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"На гэтым этапе наша супрацоўніцтва ў камерцыйным напрамку абмяжоўваюць некаторыя часовыя фактары, якія мы дамовіліся пераадолець за кароткі прамежак часу, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы выпрацавалі таксама сумесныя рашэнні, якія дадуць магчымасць у бліжэйшай будучыні вывесці аб'ёмы двухбаковага гандлю на ўзровень, які адпавядае стратэгічным партнёрам".

"І мы гэта можам зрабіць. Толькі не трэба спасылацца на аб'ектыўныя і суб'ектыўныя цяжкасці. Яны былі, ёсць і будуць заўсёды і на Кубе, і ў Беларусі, і ў іншых дзяржавах. Мы для таго і існуём, каб пераадольваць гэтыя складанасці. Аб гэтым мы перш за ўсё дамовіліся з Прэзідэнтам Кубы", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў значны патэнцыял супрацоўніцтва і заявіў аб гатоўнасці ўсяляк садзейнічаць яго дынамічнай і поўнамаштабнай рэалізацыі. "Мы высока ацэньваем вынікі праведзеных перагавораў. Перакананы, дасягнутыя ў ходзе нашай размовы дамоўленасці істотна актывізуюць беларуска-кубінскае партнёрства, якое заўсёды развівалася ва ўзаемавыгадным і канструктыўным ключы", - сказаў ён.

Мігель Марыа Дыяс-Канель Бермудэс пацвердзіў запрашэнне Кіраўніку беларускай дзяржавы зрабіць візіт у Кубу, каб прадоўжыць работу над развіццём двухбаковых адносін. "Беларусь для Кубы - дружалюбная краіна, з якой мы заўсёды будзем гатовы мець адносіны братэрства і дружбы", - падкрэсліў Прэзідэнт Кубы.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў за запрашэнне наведаць Кубу з візітам. "Я з вялікім задавальненнем прымаю Ваша запрашэнне. І як толькі мы выпрацуем дарожную карту на кароткі прамежак часу, гэты план, і выконваць яго пачнём, я адразу ж прыеду ў Гавану, каб з Вамі намеціць далейшыя шляхі нашага супрацоўніцтва. А наогул вы можаце разлічваць на Беларусь. Мы надзейныя партнёры. Мы былі такімі і будзем для Кубы заўсёды", - рэзюмаваў беларускі лідар.

На завяршэнне перагавораў Аляксандр Лукашэнка падарыў Мігелю Дыяс-Канелю эксклюзіўны набор шакаладу і карціну - партрэт маладога Хасэ Марці, напісаны беларускай мастачкай Ганнай Конанавай у 2012 годзе спецыяльна для выставачнага праекта "Палымянае сэрца", прысвечанага памяці кубінскага паэта. Хасэ Марці (1853-1895) таксама вядомы як лідар вызваленчага руху за суверэнітэт Кубы.

Кубінскі лідар таксама пасадзіў дрэва на Алеі ганаровых гасцей на тэрыторыі Палаца Незалежнасці.